2. Абагульняльныя працы па гісторыі Беларусі.
Ужо на пачатковым этапе развіцця гістарычнай навукі БССР прадпрымаліся спробы напісання першых абагульняльных (сінтэтычных) працаў па гісторыі Беларусі У.М.Ігнатоўскім, М.В.Доўнар-Запольскім, В.К.Шчарбаковым, У.І.Пічэтай і інш.
Ужо на пачатковым этапе развіцця гістарычнай навукі БССР прадпрымаліся спробы напісання першых абагульняльных (сінтэтычных) працаў па гісторыі Беларусі У.М.Ігнатоўскім, М.В.Доўнар-Запольскім, В.К.Шчарбаковым, У.І.Пічэтай і інш.
Самай вядомай працай па гісторыі Беларусі, якая з'яўлялася падручнікам у навучальных установах рэспублікі, быў «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У.М.Ігнатоўскага, выдадзены ў Мінску ў 1919 г. Кніга мела ў 20-я гг. чатыры выданні.
У.М.Ігнатоўскі прадставіў нацыянальную канцэпцыю айчыннай гісторыі, перыядызацыя якой грунтавалася на дзяржаўніцкім крытэрыі. Аўтар вызначыў пяць перыядаў: полацкі (ІХ – ХІІ стст.), літоўска-беларускі (ХІІІ – першая палова ХVІ ст.), польскі (другая палова ХVІ – канец ХVІІІ ст.), расійскі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ ст.), Беларусь пасля звяржэння царызму. Відавочна, што большая частка тэксту адносіцца да эпохі феадалізму.
Ва «Уводзінах» аўтар падкрэсліў, што БССР не ўключае ўсёй тэрыторыі этнаграфічнай Беларусі. Ён падзяляў думку Доўнар-Запольскага аб расавай чысціні беларусаў – лічыў, што рускія і ўкраінцы доўгі час жылі «пад турка-мангольскім прыгнётам» і не здолелі захаваць этнічнай чысціні, а беларусы «не спазналі ўплыву мангольскай расы».
У сваёй гістарычнай канцэпцыі У.М.Ігнатоўскі зыходзіў з самастойнасці і незалежнасці Полацкага княства, якое на роўных вяло барацьбу з Кіевам за «ўплыў на Ноўгарад і першынство ва ўсходнеславянскім свеце». Асобная ўвага надавалася дзейнасці Усяслава Брачыславіча і ўплыву хрысціянства (Прадслава, Кірыла Тураўскі, Аўраамій Смаленскі). Гісторык упершыню выкарыстаў тэрмін «літоўска-беларуская дзяржава». Ён лічыў, што Полацкае княства перадала ВКЛ свае парадкі, дзяржаўныя ўстановы, мову і культуру. Таму тэрмін «рускі» раўназначны слову «беларускі».
Пасля Люблінскай уніі 1569 г. Літва і Беларусь былі інкарпараваны Польшчай і страцілі сваю палітычную і культурную незалежнасць. Польскія мова, культура, сацыяльны і палітычны лад, каталіцкая царква занялі пануючае становішча. Ігнатоўскі памылкова лічыў Рэч Паспалітую адзінай і непадзельнай дзяржавай.
Гісторыку належыць права першай распрацоўкі новага сюжэту ў гісторыі Беларусі – ролі казацтва. Аўтар бачыў у казацкім руху ХVІІ ст. шырокае антыфеадальнае паўстанне казакоў і мужыкоў. Гэтая пазіцыя была ў далейшым распрацавана В.К.Шчарбаковым, І.Ф.Лочмелем, Л.С.Абецэдарскім.
Тры падзелы Рэчы Паспалітай сталі вынікам унутранага разлажэння дзяржавы: сацыяльных антаганізмаў, палітычнай анархіі, нацыянальных і рэлігійных спрэчак. Затым адбылася інкарпарацыя Беларусі Расіяй.
Канспектыўна, на некалькіх старонках, даследчык раскрыў чацвёрты перыяд айчыннай гісторыі. На думку У.М.Ігнатоўскага, эканамічны і палітычны стан «гнілога вялікага арганізму» прадвызначыў русіфікацыю, асабліва пасля паўстання 1830 – 1831 гг. Беларускі нацыянальны рух за адраджэнне мовы, культуры, самасвядомасці і дзяржаўнасці, адпаведна, мае сацыяльныя карані і палітычна абгрунтаваны. Аўтар адзначыў, што Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. вырашыла сацыяльнае пытанне і сутыкнулася з пытаннем нацыянальным. Таму партыя бальшавікоў вымушана была абвясціць БССР.
Да першых абагульных працаў па гісторыі Беларусі адносіцца курс лекцыяў У.І.Пічэты «История белорусского народа», які ўпершыню быў апублікаваны ў дапаможніку «Курс белорусоведения. Лекции, читанные в Белорусском народном университете в Москве летом 1918 г.» (1920 г.). Аўтар прасачыў лінію еўрапейскай традыцыі ў гісторыі Беларусі. Ён прытрымліваўся каланізацыйнай тэорыі – лічыў, што славяне каланізавалі тэрыторыю Беларусі.
З пазіцыяў дзяржаўнай школы Пічэта прааналізаваў працэс утварэння ВКЛ, яго палітычную пабудову, уніі з Польшчай, узаемаадносіны з Маскоўскай дзяржавай. Аўтар лічыў, што беларускія землі ўвайшлі ў склад новай краіны добраахвотна, хаця ў канцы 30-х гг. адмовіцца ад гэтай пазіцыі. Па прыкладзе М.К.Любаўскага ён назваў ВКЛ «Літоўска-Рускай дзяржавай» з федэратыўнай пабудовай і аўтаноміяй беларускіх зямель. Той жа характар мела Рэч Паспалітая, але Польшча ў ёй займала дамінуючае становішча.
Асобную ўвагу Пічэта прысвяціў рэлігійнаму пытанню на Беларусі, вызначыў становішча сялян, шляхты, раскрыў русіфікатарскую палітыку царызму, рэформу 1861 г., дзейнасць земстваў, стан гаспадарчага жыцця ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.
У 1924 г. выйшла «Гісторыя Беларусі» У.І.Пічэты. Кніга ахоплівае перыяд ад старажытнасці да Люблінскай уніі (1569 г.). Перыядызацыя, якую прапанаваў аўтар, заснавана на прынцыпе дзяржаўнай прыналежнасці Беларусі. Ён вылучыў пяць перыядаў: 1) дагістарычнае мінулае; 2) гісторыя беларускага народа да другой паловы XI ст.; 3) беларускія землі ў XI – XIII стст.; 4) Беларусь у складзе ВКЛ; 5) шляхецкая феадальная дзяржава.
Першы і другі перыяды асвятляюцца ў першым раздзеле працы «Тэрыторыя і яе мінулае». У гэтым раздзеле аўтар разглядзеў рэльеф, рэкі Беларусі, глебы, клімат, раслінны і жывёльны свет, бо гэта, як лічыў У.I.Пічэта, мае самы непасярэдны «ўплыў на гістарычнае жыццё народа». Гісторык упершыню ўключыў у гісторыю Беларусі археалагічную перыядызацыю. Пры гэтым ён разглядзеў археалагічныя знаходкі ў Мінскай, Віцебскай і заходніх паветах Смаленскай губерняў, што супадала з этнічнай тэрыторыяй Беларусі.
Асаблівасцю працы з’яўляецца тое, што гісторыю Беларусі Пічэта прасачыў у кантэксце агульнай славянскай гісторыі. Ён пачаў з прарадзімы славян і з іх суседзей – готаў, іранскіх плямёнаў, скіфаў і сарматаў і інш. Аўтар неаднаразова падкрэсліваў, што ў выніку «Вялікага перасялення народаў» славяне пачалі засяляць новыя землі. Гэты працэс у аўтара атрымаў назву «ўсходнеславянскай каланізацыі», якая была выкарыстана пад уплывам М.К.Любаўскага.
Большая частка першага раздзела прысвечана гісторыі «беларускага племені» да першай паловы XI ст.: паслядоўна разглядаецца гісторыя племянных саюзаў, утварэнне дынастычнай дзяржавы, гандлёвыя сувязі, грамадства, дзяржаўны лад, хрысціянізацыя Беларусі і прававыя нормы.
Раннюю гісторыю Полацкай зямлі Пічэта разглядаў як барацьбу «поўначы» і «поўдня» – варажскіх княстваў і Ноўгарадскага і Кіеўскага княстваў за гандлёвыя шляхі. Паміж гэтымі княствамі апынуліся полацкія крывічы, дрыгавічы, драўляне і інш. Вынікам была перамога «поўначы». Утворанае дзяржаўнае аб’яднанне аўтар назваў Кіеўскай дзяржавай. Прычыны паходаў славян на Візантыю, Камскую Булгарыю, Хазарыю і г.д. Пічэта абгрунтаваў «неабходнасцю наладзіць гандлёвыя справы», «гандлёвымі інтарэсамі». Пры гэтым ён ужыў тэрміны-мадэрнізмы «прамысловая Візантыя», «прадметы індустрыі і ўсходняй прадукцыі», «супольны капітал».
Менш увагі аўтар надаў праблемам грамадскага і дзяржаўнага ладу, культуры перыяду IX – XI стст. Пры гэтым Пічэта асабліва падкрэсліў значную ролю веча пры «пэўнай слабасці княжай улады і пры нязначным аб’яднанні ў палітычных адносінах паасобных краін з Кіевам».
Утварэнню і гісторыі самастойных Полацкай, Тураўскай і Смаленскай «земляў-краінаў» прысвечаныя другі і трэці раздзелы кнігі. Даследчык меркаваў, што пачатак умацавання палітычнай самастойнасці Полацкага княства прыпадае на княжанне Брачыслава Ізяславіча, бо «Полацкая зямля не ўвайшла ў склад Кіеўскай дзяржавы». Прычыну феадальных усобіцаў гісторык бачыў у парушэнні спадчыннага права Яраславічамі. Аўтар выказаў меркаванне, што падзел Кіеўскай дзяржавы «бярэ пачатак у нормах агульнаславянскага сямейнага права». Аднак першаснымі ён лічыў эканамічныя адносіны: «Кіеўская дзяржава, зложаная з паасобных зямель-краін, звязаных з Кіевам толькі эканамічнымі адносінамі, была ўнутры вельмі слабай», і «шэраг з’яў эканамічнага характару ў выглядзе скарачэння дняпроўска-візантыйскага гандлю прыспяшылі працэс распаду».
Пічэта вызначыў акалічнасці і асаблівасці палітычнага развіцця Полацкай, Турава-Пінскай, Смаленскай земляў, прысвяціўшы апошняй вялікі раздзел кнігі. Адзначым, што гісторыя Смаленскага княства гэтага перыяду недастаткова вывучаецца ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі.
Як і яго сучаснікі (У.М.Ігнатоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі), Пічэта зрабіў грунтоўны агляд культурнага развіцця беларускіх зямель у XI – XIII стст. Пры гэтым ён лічыў, што «галоўным асяродкам беларускай асветы быў Смаленск». Гэтая думка супярэчыць яго выказванням аб тым, што Полацкая дзяржава стала незалежнай ужо ў XIст., а Смаленская – толькі ў XIIст. Яна адрозніваецца ад меркаванняў Ігнатоўскага, які лічыў калыскай беларускай культуры Полаччыну, і Доўнар-Запольскага, які вылучаў тры цэнтры: Тураў, Смаленск, Полацк. Цікава, што з’яўленне моўных адметнасцяў на беларускіх землях У.I.Пічэта аднёс да XIII ст. (1229 г.), называючы іх «смаленска-полацкай гутаркай».
Вельмі нязвыклым для тагачаснай гістарыяграфіі з’яўляецца раздзел, прысвечаны палітычнай думцы XI – XIII стст. Гэтага няма ні ў папярэднікаў Пічэты, ні ў далейшых навуковых распрацоўках.
Канцэпцыя У.I.Пічэты аб генезісе ВКЛ не вызначаецца арыгінальнасцю. Відавочна, што гісторык пайшоў следам за сваім настаўнікам М.К.Любаўскім. Пэўнае адрозненне ёсць толькі ў тым, што Пічэта акцэнтаваў увагу на тэрытарыяльна-этнічным характары гістарычнай Літвы. Аўтар падкрэсліваў літоўска-беларускі характар дзяржавы, у прыватнасці, звязваў працэс станаўлення дзяржавы з князямі Войшалкам і Віценем. На думку даследчыка, ВКЛ уяўляла сабой «федэрацыю краін, звязаных з цэнтрам вельмі нетрывалымі вузламі». У.I.Пічэта прывёў дэталёвы агляд падзей другой палавіны XIV ст. Асабліва падрабязна ён раскрыў характар узаемаадносін з Масквой, пачынаючы ад часоў Казіміра Ягелончыка.
Вельмі важным з’яўляецца раздзел, у якім разглядаецца развіццё гаспадаркі ў XV – першай палове XVI ст. Аўтар прааналізаваў прычыны слабасці дзяржаўнага скарбу і малую эфектыўнасць гаспадарчай дзейнасці ўвогуле. Гэта вызначала малыя выдаткі на войска, залежнасць гаспадара ад магнатаў.
У пятым раздзеле кнігі разглядаецца ўтварэнне Рэчы Паспалітай. Унутрыпалітычныя адносіны і Лівонская вайна пададзены Пічэтам канспектыўна. Значна больш гаворыцца аб захадах, якія рабіў урад ВКЛ для павышэння абароназдольнасці краіны.
Уважліва падыйшоў Пічэта да асвятлення беларускага Адраджэння XVIст. Тут ён зрабіў значны крок наперад у тагачаснай беларускай гістарыяграфіі. Пачатак беларускага Адраджэння даследчык звязаў з ростам гандлёвых адносін з Заходняй Еўропай, павелічэннем тавараабмену, са з’яўленнем багатага мяшчанства і багатых землеўладальнікаў (г.зн. з узнікненнем сацыяльных слаёў, падрыхтаваных да ўспрыняцця культуры новага ўзроўню), бо менавіта «гандлёвыя сувязі з Захадам пазнаёмілі літоўска-беларускіх землеўласнікаў з еўрапейскай культурай». Гуманізм на Беларусі Пічэта ўпершыню падзяліў на дзве плыні: гарадскую і шляхецкую. Пры гэтым аўтар сцвярджаў, што «гарадскі гуманістычны рух меў замкнёны характар і не выходзіў за межы горада».
Да асаблівасцяў кнігі можна аднесці ўжыванне аўтарам разнастайных тэрмінаў-мадэрнізмаў, напрыклад, «абрабляючая прамысловасць», «здабываючая прамысловасць», «банкроцтва», «партыя», «інтэлігенцыя». Характарызуючы эканамічныя і грамадскія стасункі XIII – ХIV і XV – XVI стст., ён ужывае такія паняцці, як «еўрапейскі капітал», «рабочы клас», «каланіяльныя прадукты», «буржуазія».
Варта адзначыць, што Пічэта размяшчаў цэнтр беларускай цывілізацыі на Смаленшчыне. Беларусь ён бачыў на землях Полаччыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Міншчыны. Магчыма, гэта тлумачыцца настроямі ў тагачасным беларускім грамадстве. У гэты час адбываліся «ўзбуйненні» БССР, што патрабавала пэўнага ідэалагічнага абгрунтавання.
Самай аб’ёмнай сярод напісаных у 20-я гг. сінтэтычных працаў па гісторыі Беларусі лічыцца «История Белоруссии» М.В.Доўнар-Запольскага. Кніга не была надрукавана пры жыцці аўтара з палітычных прычынаў. Аўтар працаваў над рукапісам, які задумываўся як вучэбны дапаможнік для тэхнікумаў і вышэйшай школы, з 1918 па 1926 г.
Доўнар-Запольскі прапанаваў сваю ўласную перыядызацыю гісторыі Беларусі. Першы перыяд – «старажытны» (VІІ – ІХ ст.), другі – «княжаскі (Х – ХІІІ ст.), трэці – «Вялікае княства Літоўскае» (ХІІІ – першая палова ХVІ ст.), чацвёрты – «эпоха ўніі з Польшчай» (другая палова ХVІ – канец ХVІІІ ст.), пяты – «перыяд падзелаў» (канец ХVІІІ – першая трэць ХІХ ст.), шосты – «эпоха рускага панавання» (другая трэць ХІХ – канец ХІХ ст.), сёмы – «эпоха нацыянальнага адраджэння» (мяжа ХІХ – ХХ ст.), восьмы – «барацьба за дзяржаўнасць» (1915 – 1919 гг.). Перыядызацыя сведчыць, што галоўнай праблемай, якую даследаваў аўтар, была праблема дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі.
Канцэпцыя айчыннай гісторыі Доўнар-Запольскага грунтуецца на палажэннях яго першых працаў канца ХІХ ст. і апублікаваных працаў дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Яна вызначаецца наступнымі тэзісамі: паходжанне беларусаў з крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў («пачатак развіцця беларускай нацыі»); «расавая чысціня» беларусаў і палякаў; «каланізацыйная тэорыя» (славянская каланізацыя тэрыторыі Беларусі); Ноўгарад – калонія Полацка; ідэя Літоўска-Рускай дзяржавы; прыярытэт сацыяльна-эканамічнай гісторыі; дамінаванне нацыянальнага руху над сацыяльным; непрызнанне Кастрычніцкай рэвалюцыі (нават не ўзгадваецца ў тэксце); вядучая роля БНР у фармаванні беларускай дзяржаўнасці.
Рукапіс кнігі Доўнар-Запольскага быў разгледжаны намеснікам загадчыка аддзела друку пры ЦК КП(б)Б В.А.Сербентам (1895 – 1980 гг.), які наклаў рэзалюцыю: «рукапіс нельга дазволіць друкаваць» за нераскрытую ролю рабочага класа, завышаную ацэнку БНР і БСГ. 28 студзеня 1926 г. адбылося закрытае пасяджэнне Бюро ЦК КП(б)Б па гэтым пытанні. У пастанове адзначалася: «1. Признать, что книгу Довнар-Запольского издавать нельзя как выражающую позицию белорусского национального демократизма и в корне искажающую историю Беларуси. 2. Рукопись взять в собственость БелГИЗа… для использования в порядке секретного материала… 3. Считать необходимым подвергнуть широкой критике книгу… в целях развёртывания идеологической борьбы против национального демократизма». На новым пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б, якое адбылося 4 лютага 1926 г., Сербента атрымаў даручэнне напісаць у газету «Савецкая Беларусь» шэраг артыкулаў з крытыкай Доўнар-Запольскага.
Не заладзіліся асабістыя адносіны Доўнар-Запольскага з рэктарам БДУ У.І.Пічэтам, які садзейнічаў ад’езду даследчыка з БССР. У верасні 1926 г. М.В.Доўнар-Запольскі пад прымусам ЦК КП(б)Б і органаў НКУС назаўсёды пакідае Беларусь. Сям’я пераязджае ў Маскву, дзе вучоны працуе прафесарам Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі, выкладчыкам у Інстытуце народнай гаспадаркі імя Г.В.Пляханава, правадзейным членам Інстытута гісторыі АН СССР.
Вельмі цяжкім быў для Доўнар-Запольскага перыяд з другой паловы 1920-х гадоў. У 1927 г. яму споўнілася 60 гадоў. У Беларусі ўсё шырэй разгортваецца барацьба супраць нацдэмаў. 14 чэрвеня 1929 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне «Паведаміць ЦК ВКП(б) аб тым, што ЦК КП(б)Б катэгарычна супраць кандыдатуры Доўнар-Запольскага ў Акадэмію Навук СССР». У 1930 – 1934 гг. практычна ўсе працы Доўнар-Запольскага жорстка крытыкуюцца. Сам ён абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме, неанародніцтве і нават фашызме. Асабліва стараецца яго былы вучань А.Аглоблін, які абвяшчае барацьбу супраць буржуазнай гістарычнай школы Доўнар-Запольскага адной з найважнейшых задачаў савецкай гістарычнай навукі. Не абыйшоў яго сваёй увагай і акадэмік Шчарбакоў. У сваёй працы «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі: Гістарыяграфічныя нарысы» (1934 г.) ён назваў Доўнар-Запольскага «ідэёлагам і правадыром наццэмаў на Беларусі». 30 верасня 1934 г. Доўнар-Запольскі памёр.
Да абагульняльных працаў па гісторыі Беларусі адносіцца кніга В.К.Шчарбакова «Нарыс гісторыі Беларусі», першая частка якой была выдадзена ў 1934 г. Даследчык на падставе прынцыпу партыйнасці прааналізаваў гістарычнае развіццё Беларусі са старажытных часоў па ХVІІІ ст. Перыядызацыя аўтарам пабудавана на марксісцкім фармацыйным падыходзе: вызначаюцца «першабытна-камуністычнае грамадства і яго разлажэнне», «развіццё феадалізма і класавая барацьба да сярэдзіны ХV ст.», «далейшае развіццё феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі і рост эксплуатацыі сялянства», «сялянскі рух у ХVІ і ХVІІ ст.», «феадальна-прыгонніцкія адносіны і барацьба сялянства ў другой палове ХVІІ і ў ХVІІІ ст» .
У цэнтры ўвагі В.К.Шчарбакова – эканамічныя працэсы і класавая барацьба ў Беларусі. Пры гэтым адчуваецца мадэрнізацыя гістарычнага мінулага. Напрыклад, прычынамі ўтварэння ВКЛ аўтар лічыць аб’яднанне кіруючых колаў супраць абшчыннага сялянства з мэтай захопу яго земляў і пераўтварэння ў прыгнечаны клас, знешняя небяспека ад мангола-татараў і крыжакоў. Праўда, даследчык вызначыў ВКЛ як «Літоўска-Беларускую дзяржаву».
Падзеі палітычнага жыцця падаваліся з прыярытэту класавай барацьбы. Нават Люблінская унія, згодна з Шчарбаковым, была вынікам сялянскага руху. Аўтар адмаўляў магчымасць культурнага развіцця ў эпоху феадалізму, таму не раскрыў дзейнасць Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, С.Буднага. Дарэчы, ён увёў паняцце «феадальная культура»: «У феадальным, а таксама і капіталістычным грамадстве ўласна культурай лічылася культура панавальных класаў». Царква абвінавачвалася ў тым, што яна падтрымлівала толькі вузкую грамадскую праслойку, а гісторыкі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку не далі «выразна класавай ацэнкі ўсіх гэтых з’яў феадальнай культуры».
Пад кіраўніцтвам У.І.Пічэты ў чэрвені 1941 г. выйшлі «Нарысы па гісторыі Беларусі». У гэтай калектыўнай працы гістарычнае мінулае Беларусі разглядалася са старажытных часоў да падзелаў Рэчы Паспалітай. Але ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі амаль увесь тыраж кнігі загінуў і не дайшоў да чытача.