ПРАДМОВА
^ Вверх

Прадмова

 

Дапаможнік “Беларуская мова: прафесійная лексіка” (практыкум для курсантаў ваенных спецыяльнасцяў) складзены на аснове тыпавой праграмы “Беларуская мова (прафесійная лексіка). Тыпавая вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў” (Мінск, 2008). Яго асноўная мэта --  замацаваць тэарэтычныя веды студэнтаў па беларускай мове, павысіць іх пісьменнасць і культуру маўлення, развіць здольнасць самастойна даследаваць моўныя з’явы, а таксама навыкі лагічнага мыслення.

Падабраныя практычныя заданні маюць рознабаковы характар. Частка іх дазваляе разабрацца ў канцэпцыях паходжання мовы як грамадскай з’явы, у гістарычных этапах развіцця беларускай мовы. Такія заданні  выхоўваюць любоў і павагу да роднага слова, да духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны беларускага народа, пачуццё нацыянальнай самапавагі і самаідэнтыфікацыі, імкненне да далейшага ўзбагачэння мовы. Некаторыя заданні закранаюць праблемы беларуска-рускай інтэрферэнцыі, накіраваны на замацаванне лексічных, арфаэпічных, словаўтваральных, граматычных, акцэнтных нормаў. Частка заданняў мае на мэце  ўзбагачэнне і ўдасканаленне прафесійнага лексічнага запасу будучых спецыялістаў у ваеннай справе, выпрацоўку ўменняў практычнага карыстання ваеннай тэрміналогіяй, а таксама  ўкараненне атрыманых ведаў у прафесійнай дзейнасці. Заданні па функцыянальнай стылістыцы накіраваны на выпрацоўку уменняў і навыкаў правільнага карыстання сродкамі ўсіх стыляў у розных сферах дзейнасці, у тым ліку навуковай і афіцыйна-справавой.

Прапанаваны тэставы кантроль па ўсіх тэмах дапаможа засвоіць неабходныя тэарэтычныя палажэнні,  ацаніць узровень сваіх ведаў.

У дапаможніку прапаноўваюцца тэксты для аналізу і тэксты для перакладу. Гэта будзе спрыяць засваенню беларускай ваеннай тэрміналогіі, а таксама выпрацоўцы навыкаў перакладу прафесійна арыентаваных тэкстаў.

З мэтай арганізацыі самастойнай працы студэнтаў прапаноўваецца спіс рэфератаў і вусных паведамленняў рознай тэматыкі. Пры складанні рэфератаў студэнты вучацца шукаць  і вылучаць асноўную і дадатковую літаратуру, авалодваць прынцыпамі разгортвання і кампрэсіі інфармацыі ў навуковым тэксце, правільна афармляць даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры.