Навуковы стыль
^ Вверх

Навуковы стыль

 

1.  Дапоўніце наступныя сказы.

1. Навуковы стыль абслугоўвае сферу … . 2. У межах навуковага стылю выдзяляюцца такія падстылі, як … . 3. Асноўнымі стылёвымі рысамі навуковага стылю з’яўляюцца … . 4. Сістэму моўных сродкаў навуковага стылю складаюць … . 5. У навуковым стылі выкарыстоўваюцца фразеалагізмы … . 6. Для навуковага выкладу характэрны назоўнікі … . 7. Прыметнікі ў навуковых тэкстах … . 8. Дзеясловы ў навуковым стылі ўжываюцца пераважна ў форме … . 9. Па мэце выказвання  ў навуковым стылі пераважаюць … . 10. Сказы ў навуковым тэксце ўскладняюцца такімі канструкцыямі, як … . 11. Звязнасць і цэласнасць навуковага тэксту – гэта  … . 12. Навуковаму тэксту ўласцівы такія спосабы выкладу інфармацыі, як … . 13. Асноўнымі спосабамі кампрэсіі навуковага матэрыялу з’яўляюцца … . 14. Па паўнаце выкладу інфармацыі рэфераты дзеляцца на … . 15. Анатацыя – гэта … . 16. У навуковых тэкстах цытата можа афармляцца як … .

 

2. Прачытайце тэксты. Які стыль і тып выкладу матэрыялу характэрны для іх?


Аўтаматычны гранатамёт станкавы (АГС -17)

У пачатку сямідзесятых гадоў у Савецкім Саюзе быў распрацаваны і прыняты на ўзбраенне 30-мм станкавы аўтаматычны гранатамёт АГС-17. Гранатамёт ствараўся як проціпяхотная зброя, якая знішчае жывую сілу праціўніка, размешчаную па-за ўкрыццямі, у адкрытых акопах, у лагчынах, ярах, на схілах вышынь. Стрэлы з гранатамёта вядуцца кароткімі (да 5 стрэлаў), доўгімі (да 10 стрэлаў) чэргамі і бесперапынна. Аўтаматыка гранатамёта дзейнічае за кошт аддачы масіўнай вольнай засаўкі. Стварыць простую схему аўтаматыкі дазволілі параўнальна слабы кідальны зарад, невысокае значэнне дульнай энергіі гранаты і малая даўжыня ствала.

Станок гранатамёта складаецца з падстаўкі, вяртлюга, ніжняй і верхняй калысак і механізму вертыкальнай наводкі. Прыцэл складаецца з корпуса і галоўкі з аптычнай сістэмай. У камплект гранатамёта ўваходзяць: тры скрынкі для патронаў з дзевяццю стужкамі па 10 звёнаў кожная, чахол для пераноскі гранатамёта, дзве шлейкі для пераноскі станка, камплет запасных частак. Акрамя таго, на шэсць гранатамётаў прадугледжана адна трубка халоднай прыстрэлкі (Балоцін Д.Н).


У пошуках ідэальнай зброі

Пытанне аб стварэнні ідэальнай зброі з даўніх часоў хвалюе людзей. У часы арабскай экспансіі гэта быў невядомы ў Еўропе порах. Потым, па меры развіцця навуковых ведаў і тэхнічных магчымасцей, з’явіліся фрэгаты, узброеныя гарматамі, на змену якім прыйшлі больш магутныя сталёвыя крэйсеры. А дырыжаблі і аэрапланы сталі наводзіць жах на войскі непрыяцеля. І калі для бронецягнікоў патрабаваліся яшчэ чыгункі, то для танка было ўжо ўсё роўна, дзе праехаць: па шашы або па балоце.

Калі з’явілася атамная, а затым вадародная зброя, якую можна было даставіць у любую частку зямнога шара, людзі, якія валодалі ёю, думалі, што гэта і ёсць самая дасканалая зброя.

Але нават ядзерны шчыт не гарантаваў абсалютнай бяспекі ад нападу, ні магчымасці абсалютнага выйгрышу нават у тым выпадку, калі нападаеш першым. Да таго ж доля пераможца зводзілася б да абрання  адной з дзвюх жудасных смерцяў: або памерці ў бункеры ад недахопу ежы, вады, паветра і сонечнага святла, або памерці ад радыеактыўнага апраменьвання.

Хімічная і біялагічная зброя таксама не з’яўляецца ідэальнай, пра што сведчыць вайна ў В’етнаме, ды і захоўваць гэтую “смерць у прабірцы” складаней, чым ядзерную.

Па гэтых і іншых прычынах у цяперашні час узмоцненыя і актыўныя пошукі ідэальнай зброі ідуць у іншых абласцях.

Так, напрыклад, у дэльфінарыі ВМФ, які знаходзіцца ў Казачай бухце мыса Херсанэс, праводзяцца паглыбленыя даследаванні па “мабілізацыі” дэльфінаў на ваенную службу. Іх вучаць тром рэчам: пошуку патопленых  прадметаў (напрыклад, тарпед); дапамагаць вадалазам у час разнастайных падводных прац;  ахове ваенна-марскіх баз.

Іншым перспектыўным накірункам у пошуках ідэальнай зброі з’яўляецца стварэнне нябачных самалётаў. Першы выпрабавальны палёт такога знішчальніка адбыўся ў чэрвені 1981 года. Сканструяваны гэты самалёт так, што ўсе ўчасткі яго паверхні “гасяць” сігналы радараў. Першы самалёт такога тыпу быў выраблены фірмай “Локхід” і атрымаў назву F – 117А.

Праграма па вытворчасці такіх самалётаў носіць назву “Стэлс”. Была створана яшчэ адна мадэль фірмы “Нортроп” В-2. Але хоць гэтыя мадэлі могуць і добра абараняцца, і нападаць, яны з’яўляюцца днём сённяшнім, а можа нават і ўчарашнім.

Канструкцыяй заўтрашняга дня, створанай па тэхналогіі “Стэлс”, з’яўляецца так званы “трохвугольнік”. Калі для F-117А актуальны лозунг: хутчэй, вышэй, мацней, то для “трохвугольніка”: ніжэй, цішэй, непрыкметней (па старонках часопіса “Вакол свету”).

 

 

3. Прачытайце наступныя фразеалагізмы. Якое значэнне яны маюць? Што вы можаце сказаць аб спецыфіцы выкарыстання фразеалагізмаў у навуковым стылі?

Баявое хрышчэнне, біць у набат, разведка боем, цяжкая артылерыя, выклікаць агонь на сябе, выбываць са строю, не з палахлівага дзесятка, у абозе, здаваць пазіцыі, браць на мушку, браць на ўзбраенне, камандаваць парадам.

 

4. Сродкамі арганізацыі навуковага тэксту з’яўляюцца наступныя элементы: выкарыстанне разнастайных шрыфтоў; функцыянаванне ўмоўна-выніковага злучніка калі – то; галоўныя часткі складаназалежных сказаў тыпу вядома, што …, дапусцім, што…, зразумела, што …, заўважым, што …; нумарацыя; спасылкі. Выкарыстоўваючы гэтыя і іншыя сродкі, стварыце навуковы тэкст па вашай спецыяльнасці, ужываючы ваенную тэрміналогію.

 

5. Прачытайце тэксты. Вызначце сістэму моўных сродкаў, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці.


Ваенная служба

Ваенная служба – гэта від службы, які заключаецца ў выкананні грамадзянамі вызначанага законам дзяржавы воінскага абавязку (воінскай павіннасці) ва ўзброеных сілах на працягу пэўнага тэрміну. У розных формах ажыццяўляецца ў большасці дзяржаў. Выконваецца грамадзянамі ў абавязковым парадку, добраахвотна або па найме. Уключае абавязковую службу ў мірны час і непасрэдны ўдзел у ваенных дзеяннях у час вайны. У Рэспубліцы Беларусь ваенная служба лічыцца асобным відам дзяржаўнай службы, якая заключаецца ў выкананні яе грамадзянамі канстытуцыйнага абавязку ў складзе Узброеных Сіл  і іншых вайсковых фарміраванняў. Паводле закону “Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе” (1992) устаноўлены наступныя віды ваеннай службы: тэрміновая салдат, матросаў, сяржантаў і старшын; курсантаў ваенна-навучальных устаноў (сярэднія і вышэйшыя ваенныя вучылішчы, ваенныя інстытуты, ваенныя факультэты пры цывільных ВНУ, ваенныя акадэміі); паводле кантракту  прапаршчыкаў і мічманаў; афіцэраў паводле прызыву і кантракту. Зыходзячы з важнасці ваеннай службы, устанаўліваецца яе прыярытэт перад іншымі відамі дзяржаўнай службы і прац дзейнасці; пры прызыве або добраахвотным паступленні на ваенную службу работа, вучоба і іншая дзейнасць грамадзян на прадпремствах, у арганізацыях і ўстановах (незалежна ад формаў уласнасці і ўмоў гаспадарання) спыняецца. Парадак праходжання ваеннай службы для кожнай катэгорыі ваеннаслужачых рэгламентуецца законамі, воінскімі статутамі, палажэннем аб праходжанні ваеннай службы і іншымі нарматыўна-прававымі актамі (Беларуская энцыклапедыя).  

 

Ваеннае майстэрства

Ваеннае майстэрства ўключае ў сябе тэорыю і практыку падрыхтоўкі і вядзення ваенных дзеянняў на сушы, моры і ў паветры. Ваеннае майстэрства – гэта і асноўная частка ваеннай навукі, у склад якой уваходзіць стратэгія ваенная, аператыўнае майстэрства, тактыка. Стратэгія ўключае тэорыю і практыку падрыхтоўкі ўзброеных сіл да ваенных дзеянняў, планаванне і вядзенне вайны, стратэгію аперацый, выкарыстанне відаў узброеных сіл і кіраванне імі. Яна абумоўлена палітыкай дзяржавы і падпарадкоўваецца ёй. Аператыўнае майстэрства вырашае пытанні падрыхтоўкі і правядзення аперацый. Тактыка – гэта тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою, яго сутнасць і характар, спосабы арганізацыі і вядзення розных яго відаў: наступлення, абароны, сустрэчнага бою. У залежнасці ад відаў узброеных сіл вылучаюць ваеннае майстэрства сухапутных войскаў, ракетных войскаў ППА (войскі проціпаветранай абароны), ВПС (ваенна-паветраныя сілы), ВМС (ваенна-марскія сілы). Ваеннае майстэрства некалькіх родаў войск, якія ўваходзяць у некалькі відаў узброеных сіл, аб’ядноўваюць агульным паняццем, напрыклад, ваенна-інжынернае майстэрства.

Ваеннае майстэрства зарадзілася разам з узнікненнем войнаў і армій, развівалася ў залежнасці ад узроўню вытворчасці, эканомікі і характару грамадскага ладу. На яго ўплываюць таксама асаблівасці гістарычнага развіцця краіны, геаграфічныя ўмовы, нацыянальныя традыцыі і іншыя фактары. Важнымі этапамі развіцця ваеннага майстэрства былі войны, асабліва 1-я і 2-я сусветныя.

Ваеннае майстэрства ў сучасных умовах развіваецца ў кірунку павелічэння ролі стратэгіі, якая пры наяўнасці ядзерных сіл можа ўплываць на ход і вынік вайны. У аператыўным майстэрстве асноўная ўвага аддаецца распрацоўцы эфектыўных спосабаў падрыхтоўкі і ажыццяўлення сумесных аперацый і баявых дзеянняў усіх відаў узброеных сіл. У тактыцы распрацоўваюцца спосабы вядзення агульнавайсковага бою з максімальным выкарыстаннем новых сродкаў узброенай барацьбы. У ваеннай тэорыі многіх краін ваеннае майстэрства складаецца са стратэгіі і тактыкі; тэрмін “аператыўнае майстэрства” замяняюць тэрмінамі “вялікая тактыка” або “малая стратэгія” (А.Я. Сукала). 

 

6. Перакладзіце прапанаваныя ніжэй словы на беларускую мову. Ці ёсць адметнасць ва ўжыванні  дзеепрыметнікаў у рускай і беларускай мовах?

Атакующий, уничтожающий, плавающий бронетранспортер, дымообразующее вещество, легковоспламеняющиеся  предметы, дезинформирующий, допрашивающий, отравляющее вещество, изолирующий, комплектующий, движущаяся машина, пикирующий самолёт,  рассекающий удар, погибающий боец,  приближающийся бой, отступающий противник.

 

7. Вызначце спецыфіку ўжывання ўласных імёнаў у наступных словазлучэннях.

Аўтамат Калашнікава, пісталет Макарава, снайперская вінтоўка Драгунова, кулямёт Уладзімірава, аўтамат Томсана, вінтоўка Мосіна, карабін Сіманава, кулямёт Дзегцярова.

 

8. Прачытайце тэкст. Знайдзіце ў ім аднародныя члены сказа, адасобленыя і ўстаўныя канструкцыі, вызначце асаблівасці іх ужывання ў навуковым стылі.

Узброеныя Сілы – структурны элемент ваеннай арганізацыі дзяржавы, прызначаны для забеспячэння ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці. У склад Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь уваходзяць цэнтральныя органы ваеннага кіраўніцтва, віды Узброеных Сіл (Сухапутныя войскі, Ваенна-паветраныя сілы  і войскі супрацьпаветранай абароны), роды войск, спецыяльныя войскі, ваенныя навучальныя ўстановы і арганізацыі Міністэрства абароны.

У ваенны час з мэтай забеспячэння ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці на аснове адзінага стратэгічнага планавання ажыццяўляецца цэнтралізаванае выкарыстанне Узброеных Сіл сумесна з іншымі войскамі і воінскімі фарміраваннямі, якія ўваходзяць у ваенную арганізацыю дзяржавы ў адпаведнасці з іх функцыямі, вызначанымі заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У мірны час задачамі Узброеных сіл з’яўляюцца: падтрымка баявога патэнцыялу, баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войск (сіл) на ўзроўні, які забяспечвае адбіццё ўзброенага нападу  (агрэсіі) лакальнага маштабу; забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі; папераджальнае раскрыццё падрыхтоўкі агрэсіі (узброенага нападу) супраць Рэспублікі Беларусь; надзейная (гарантаваная)  ахова Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы; стварэнне шматфункцыянальных сістэм з мэтай комплекснага рашэння задач забеспячэння ўзброенай абароны дзяржавы; усебаковая падрыхтоўка да правядзення войскавай мабілізацыі; гатоўнасць да стратэгічнага разгортвання  ў рамках пераводу краіны на ўмовы ваеннага часу; поўнае выкананне праграм і планаў аператыўнай, баявой і мабілізацыйнай падрыхтоўкі, укараненне ў навучальна-баявую практыку войск новых формаў і метадаў вядзення баявых дзеянняў, новых ваенных тэхналогій (Баявы Устаў).

 

9. Перакладзіце наступныя словы і словазлучэнні на беларускую мову. У чым спецыфіка ўжывання пабочных канструкцый у навуковым стылі?

Например,  другими словами, если можно так сказать, по существу, одним словом, бесспорно, во-первых, как известно, таким образом, с одной стороны, представьте себе, несомненно, очевидно, возможно, на самом деле, признаться, между прочим, по-моему, на наш взгляд.

 

10. Пазнаёмцеся са змешчанай ніжэй анатацыяй. Перакладзіце яе на беларускую мову і зрабіце структурна-семантычны аналіз.  Падрыхтуйце рэцэнзію на гэтае выданне.

Мальцев Л.С.

Вооруженные силы Республики Беларусь: История и современность / Л.С. Мальцев. – Мн.: Асобны Дах, 2003. – 245 с.

В книге кандидата социологических наук Леонида Семеновича Мальцева в исторической ретроспективе рассматривается война как сложное общественно-политическое явление, анализируются глубокие изменения, произошедшие в сущности войны и вооруженной борьбы в современных условиях, раскрываются объективные предпосылки, обуславливающие необходимость фундаментальных преобразований военной организации государства, Вооруженных Сил Республики Беларусь.

Книга предназначена для использования в системе командирской подготовки генералов и офицеров Вооруженных Сил, в профессиональной подготовке профессорско-преподавательского состава военно-учебных заведений, в процессе обучения слушателей военных академий.

 

Тэставы кантроль

 

1. Уласна навуковаму падстылю ўласцівы:

1) эмацыянальнасць;                 

2) акадэмізм;

3) сухасць;

3) сухасць;

4) вобразнасць;

5) суб’ектыўнасць.


2. Сістэму моўных сродкаў навуковага стылю складаюць:

1) дыялектныя словы;

2) стылістычна нейтральныя словы;

3) словы агульнанавуковага выкарыстання;

4) прафесіяналізмы;

5) тэрміны.

 

3. У навуковым выкладзе выкарыстоўваюцца:

1) назвы родавых абагульняючых паняццяў;

2) назоўнікі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі;

3) прыметнікі з інфармацыйнай і класіфікацыйнай функцыяй;

4) вобразныя фразеалагізмы;

5) дзеясловы ў форме 3-й асобы цяперашняга часу.

 

4. У навуковых тэкстах аднародныя члены сказа служаць для:

1) класіфікацыі;

2) узмацнення эмацыянальнасці;              

3) стварэння рытмічнасці;

4) сістэматызацыі;

5) павелічэння вобразнасці.


5. Пабочныя канструкцыі ў навуковым тэксце выражаюць:

1) парадак думак;

2) эмацыянальныя адносіны да рэчаіснасці;

3) крыніцу аўтарства;

4) упэўненасць;

5) спосаб афармлення думак.

 

6. Устанавіце адпаведнасць:

А. Тэрміны.

Б. Наменклатура.                                                                                                       

В. Прафесіяналізмы. 

1. Устойлівыя, узнаўляльныя, не менш як двухкампанентныя моўныя адзінкі, якія спалучаюцца са словамі свабоднага ўжывання і маюць цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў іх кампанентаў (калі іх разглядаць на ўзроўні слоў).

2. Словы або словазлучэнні, якія ўваходзяць у тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, абазначаюць спецыяльныя паняцці і маюць дакладнае лагічнае азначэнне.

3. Сукупнасць уласных назваў канкрэтных аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, якія вывучаюцца рознымі навукамі, ужываюцца ў тэхніцы, вытворчасці.

4. Словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці.


7. Да запазычаных тэрмінаў адносяцца:

1) аташэ;

2) выбух;

3) канстытуцыя;               

4) дыслакацыя;

5) стрэльба.



8. Да жанраў навуковага маўлення адносяцца:

1) даверанасць;

2) рэферат; 

3) манаграфія;                

4) нататка;

5) дысертацыя.


9. Па паўнаце выкладу зместу рэфераты дзеляцца на:

1) класіфікацыйныя;      

2) спецыяльныя;

3) інфарматыўныя;        

4) манаграфічныя.

5) індыкатыўныя;

 

10. Устанавіце адпаведнасць:

А. Рэферат

Б. Анатацыя                                                                   

В. Цытата                     

1. Даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту ці літаральна перакладзеныя чые-небудзь словы; выкарыстоўваюцца для пацвярджэння або тлумачэння аўтарскай думкі.

2. Кароткае паведамленне зместу навуковай працы, артыкула кнігі і пад.; даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг і пад.

3. Кароткая характарыстыка арыгінала, якая перадае змест у выглядзе пераліку асноўных пытанняў, а часам дае і крытычную ацэнку.

4. Навуковы твор, які ставіць сваёй мэтай глыбока даследаваць якое-небудзь пытанне або тэму.