Функцыянальныя стылі маўлення
1. Дапоўніце наступныя сказы.
1. Слова “стыль” паходзіць ад … . 2. Традыцыйна выдзяляюцца такія стылі, як … . 3. Межы паміж стылямі … . 4. Функцыянальныя стылі – гэта … . 5. Публіцыстычны стыль абслугоўвае сферу … . 6. Важнейшыя асаблівасці публіцыстычнага стылю -- … . 7. Асноўная задача публіцыстычнага стылю -- … . 8. Жанрамі гутарковага стылю з’яўляюцца … . 9. Асноўныя рысы гутарковага стылю – гэта … . 10. Гутарковы стыль абслугоўвае сферу … . 11. Асноўнымі функцыямі мастацкага стылю з’яўляюцца … . 12. Мастацкі стыль рэалізуецца ў такіх жанрах, як … . 13. Для мастацкага стылю характэрны такія рысы, як … . 14. Доказнасць, дакладнасць, лагічнасць, аб’ектыўнасць уласцівы такому стылю, як… . 15. Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў сферы … . 16. Асноўнымі якасцямі афіцыйна-справавога стылю з’яўляюцца … .
2. Прачытайце тэксты. Да якога стылю яны адносяцца? На аснове тэкстаў адзначце адметныя асаблівасці кожнага стылю.
а) Тады, як загрымела, як ад грукату захадзіла дзіўна падатная зямля, Юрый нібы ўступіў у незвычайны свет.
Ціснучыся ў траншэйцы, на самым перадзе нашых пазіцый, перад самым грукатам, ад якога моцна, балюча біла ў вушы, ён доўгі час не думаў, не разважаў. Аглушаны, ачмурэлы ад грукату, доўгі час ён толькі хваравіта сачыў, з нейкай няцямнай цікаўнасцю міжвольна, падсвядома адзначаў усё. Ён раптам нібы страціў здольнасць разумець. Усё, што адбывалася навокал, было такім незвычайным, агромністым, што здавалася нібы нерэальным, недасяжным для звычайнага разумення.
Ён толькі сачыў, адзначаў усё: і тое, што снарады выбухаюць вельмі блізка, і тое, што ад іх выбухаў паходзяць тугія, гарачыя хвалі, і тое, што ўвесь час не спыняецца, цурчыць з краю траншэйкі пясок, і нават тое, што дзень па-ранейшаму хмурны, што пачынае церушыць дождж. Сярод усяго незвычайнага, што спляталася ў яго ўвазе, і дождж гэты, які нейкі час ішоў вельмі спорна, адзначаўся як штосьці незвычайнае.
З тым, што ўбіраў увагаю, жыло ў Юрыю, таміла яго неспадзяванае і непрыемнае адчуванне нязвыклай сваёй кволасці, дробнасці, асабліва вострае ў параўнанні з усім агромістым, што грымела, раўло, прымушала паслухмяна хадзіць зямлю. У тым, незнаёмым, недасяжным разуменню сэрца, што было навокал, незнаёмым заўсёднаму, звыкламу быў ён і самому сабе. Быццам і сачыў за ўсім, і гнуўся трывожна, і стрымліваў недарэчныя дрыжыкі пад прамоклай ад кароткага дажджу гімнасцёркай не сам, не той, які быў заўсёды, а хтосьці другі.
Потым, калі выбухі пайшлі далей, калі шчуплы, з дзіўным бляскам у вачах камандзір узвода знакамі паказаў, што хутка ўставаць, ісці ў атаку, хоць Юрый кінуў як мог бадзёра, што помніць, не падвядзе, -- ён адчуў, як у душы яго, гэтага нязвыклага, дробнага чалавечка, штосьці трывожна, самотна сціснулася. Быццам павінен быў хутка страціць штосьці дарагое, якое дасюль не толькі не цаніў, а нібы і не заўважаў і значэнне якога зразумеў толькі цяпер, так позна (І. Мележ ).
б) Важнейшай задачай Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных ваенных спецыялістаў, якія маюць грунтоўныя веды. Але не менш важна валодаць навыкамі і ўменнямі – для выканання сваіх функцыянальных абавязкаў як пры навучанні і выхаванні падначаленых, так і пры рабоце на ваеннай тэхніцы. Менавіта таму вайскавыя практыкі і стажыроўкі так неабходны для забеспячэння паўнацэннага вучэбнага працэсу.
Першакурснікі Ваеннай акадэміі праходзяць падрыхтоўку па праграме малодшых спецыялістаў у воінскіх часцях і злучэннях Узброеных Сіл. У аснове практыкі – палявая вывучка і прывіццё навыкаў у выкананні функцыянальных абавязкаў салдата. Пасля яе завяршэння курсанты здадуць залік, па выніках якога кожнаму будзе прысвоена кваліфікацыя спецыяліста 3-га класа.
– Агульны курс праграмы засвойваецца на працягу двух месяцаў – расказвае выкладчык-метадыст 1-га вучэбна-метадычнага аддзела падпалкоўнік Сяргей Зізюк. – Асноўная задача – практычная падрыхтоўка. Пры гэтым курсанты, зыходзячы са сваёй спецыялізацыі, атрымліваюць адпаведную класную кваліфікацыю ў адпаведнасці з пералікам ваенна-ўліковых спецыяльнасцей, пасад сяржантаў і салдат.
Напрыклад, курсанты агульнавайсковага факультэта са спецыялізацыяй “кіраванне мотастралковымі падраздзяленнямі” атрымліваюць кваліфікацыю “наводчык-аператар БМП-2”, а са спецыялізацыяй “кіраванне падраздзяленнямі сіл спецыяльных аперацый” – “воін-разведчык 3-га класа”. Акрамя вывучэння будовы асноўных тыпаў узбраення, яны атрымліваюць усе неабходныя навыкі для іх правільнай эксплуатацыі.
У час практыкі першакурснікі ў пагонах паўнацэнна адчуюць на сябе ўсе рэальныя нюансы і тонкасці ваеннай службы. Як лічаць выкладчыкі ваеннай вну і курсавыя афіцэры, непасрэдны ўдзел у паўсядзённай дзейнасці войскаў будзе садзейнічаць фарміраванню ў курсантаў станоўчай матывацыі да воінскай дзейнасці і дапаможа ім у далейшым эфектыўна арганізоўваць сваю службу (Беларуская ваенная газета).
в) – Міхась! Міхась! Хадзі сюды! – паклікаў да сябе Пятрусь Міхася.
Два браты, самыя меншыя Тарасавы сыны, выбіралі цёмны куток і пачыналі весці гутарку.
– Ну, дзе, ты думаеш, цяпер каляды? – пытаўся Пятрусь.
– Дзе ж? – адказаў, не думаючы, Міхась.– У Мінску. За гадзіну і да нас прыйдуць.
– Ото дурань! Ці ж можна за гадзіну прыйсці з Мінска.
– Дык яны на машыне прыедуць,– не здаваўся Міхась.
– Дурны ты! Каляды ж нежывыя. Дзень такі – каляды, свята,– тлумачыў Пятрусь Міхасю.
Тут гутарка на хвіліну абрывалася.
– Зараз прыедзе тата з Паўлюком,– пачынаў Міхась, як бы гаворачы сам з сабою, і яго круглыя цёмныя вочкі былі поўныя ціхіх думак.
Усе ў хаце чакалі Паўлюка і аб ім толькі і думалі. Дзядзька Андрэй зрабіў яму прыгожую шафку для кніг і прыбіў яе каля сцяны, дзе спаў Паўлюк. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Старэйшы сын, Алесь, расстараўся другую стрэльбу, каб пайсці з Паўлюком на зайца. А Пятрусь і Міхась вывучылі ўвесь буквар, бо Паўлюк дакляраваў ім за гэта кніжак з малюнкамі.
Міхась з Петрусём тым часам гаварылі зноў. Цяпер размова ішла аб вячэры.
– Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду,– асцерагаў Міхася Пятрусь: – бо мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Я летась падашукаўся. Паставілі верашчаку, дык я давай хлыстаць. Потым даюць квас, ды такі смачны. Я – за квас. Далей, смажаная рыба... Вячэра яшчэ ў палавіне, а мяне ўжо хоць на пупе круці.
– А заўтра мы будзем шукаць на стале зерняты?
– А як жа? I якіх зернят больш будзе, тое збожжа налета лепш уродзіцца.
– Алесь елку нясе! – крыкнуу Міхась. Харошанькую, зялёную, купчастую елачку паставілі каля стала.
– А ёй тут добранька: цёпла! – гаварыў ён і заліваўся вясёлым смехам (Я. Колас).
г) На аснове Палажэння аб камандаванні Сухапутных войск Узброеных Сіл, зацверджанага загадам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 2003 г. № 1042,
ЗАГАДВАЮ:
1. Зацвердзіць прыкладзены Баявы устаў Сухапутных войск. Частка 11. Батальён, рота.
2. Лічыць страчаным сілу загад камандуючага Сухапутнымі войскамі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ад 28 мая 2003 года № 101 “Аб зацвярджэнні Часовага Баявога Устава Сухапутных войск Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, частка 2 (батальён, рота)”.
3. Дадзены загад разаслаць да кожнай воінскай часці.
Камандуючы Сухапутнымі войскамі генерал-маёр |
С.С. Смольскі |
д) 10 (22) чэрвеня Францыя аб’явіла Расіі вайну і 12 (24) чэрвеня галоўныя сілы “Вялікай арміі” пачалі пераправу цераз Нёман у раёне Коўна. На працягу тыдня ў межы Расійскай імперыі ўступіла 448 тыс. чалавек (з 647 тыс.) пры 1372 гарматах. Астатнія войскі ўступілі на тэрыторыю Беларусі летам і восенню 1812 года ў якасці падмацаванняў.
1-я і 2-я Заходнія рускія арміі пачалі адыход з мэтай злучэння, ушчыльную за імі рухаліся напалеонаўскія войскі. Беларусь стала арэнай жорсткіх ваенных дзеянняў. Да пачатку жніўня пераважная частка Беларусі была занята французскімі войскамі, акрамя поўдня (Мінская губерня), поўначы (Віцебская губерня) і Бабруйскай цытадэлі, абаронцы якой вытрымалі ўсе прыступы праціўніка.
Насельніцтва Беларусі да напалеонаўскай арміі аднеслася неадназначна. Гараджане з надзвычайнай помпай наладжвалі ўрачыстыя сустрэчы. Дэпутацыі віталі войскі яшчэ за гарадской заставай, падносілі хлеб-соль. Пры ўваходзе ў горад французаў сустракала большасць насельніцтва, якое ў “вялікай арміі” бачыла вызваліцеляў.
У той самы час у мясцовасцях, дзе адбываліся непасрэдныя баявыя дзеянні, беларускае насельніцтва імкнулася схавацца, кідала свае дамы, уцякала ў лес. Расійскія чыноўнікі адыходзілі разам з арміяй, а памешчыкі самастойна эвакуіраваліся ў глыб краіны.
Для кіравання беларуска-літоўскімі губерніямі 19 чэрвеня (1 ліпеня) Напалеон утварыў у Вільні Камісію Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага. Яе паўнамоцтвы распаўсюджваліся на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць. У склад Камісіі ўвайшлі мясцовыя землеўладальнікі, палітычныя дзеячы і вучоныя. У кампетэнцыю Камісіі ўваходзіла спагнанне падаткаў і размеркаванне бюджэтных сум, арганізацыя ўзброеных сіл і адміністрацыі на месцах, фарміраванне жандармерыі, стварэнне сістэмы адукацыі і судовых устаноў (В. Антонаў).
е) Ён замкнуў гумно і ўжо сабраўся ісці ў хату, калі яго гукнулі. Васіль спыніўся: на прыгуменне ішоў дробны, кульгавы Грыбок Ахрэм.
– Жыто малаціў? – сказаў ён.
– Жыто…
– Добрае? Да каляд на хлеб і аладкі будзе?
– Ат… -- паморшчыўся Васіль. – Няма нічога…
– Зямля… Пясок адзін…
– У Карча, братко, урадзіло…
– Каля цагельні?
– Аге. Зерне, братко, як боб. Што сноп, то мех.
– Дзіво… (І. Мележ).
ж) Сасна – вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах, вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай. Вучоныя выдзяляюць наступныя падвіды сасны: кручкаватая, лясная, стэпная, лапландская, кедр сібірскі. Сасна шырока выкарыстоўваецца ў народнай гаспадарцы. Яе драўніна карыстаецца попытам у прамысловым, жыллёвым, сельскагаспадарчым і чыгуначным будаўніцтве, у каменнавугольнай, нафтавай прамысловасці. З сасны атрымліваюць шматлікія прадукты, якія з’яўляюцца сыравінай для вытворчасці шматлікіх лекаў, парфумерных вырабаў (Паводле В.І. Муроха).
з) На самай вяршыні стромы, чапляючыся за неба, незвычайна выразна акрэсліваліся сосны. Такія, можа, як і тут, унізе, і – не такія, дзівосныя, недасяжныя, як легенды. Адсюль яны выглядалі лёгкімі, і здавалася, што трымаюцца лёгка, і толькі з таго, як пакрывіліся яны, іх галлё, можна было думаць, як нялёгка бывае ім там, пад шалам горных вятроў.
На чым яны трымаліся? Пад імі былі скалы, не падобныя нічому жывому, – як яны змаглі ўчапіцца ў іх карэннямі, уплесціся, знітавацца так, каб не паддацца ні сцюжам, ні навальніцам? Як яны наогул маглі ўрасці ў гэты мёртвы, не здатны для жыцця камень? І колькі іх, такіх, і тых, што на самай высі, і тых, што на строме, на гэтай дзікай абломнай, у трэшчынах сцяне. Па ўсёй строме, па ўсіх стромах – бліжэйшых і тых, што далей і далёка – сосны, сосны, адна над адной, цягнуцца ўгару, нібы хочуць выйсці туды, на грэбень, на вятры (В. Быкаў).
Тэставы кантроль
1. Вызначыце стыль і тып тэксту:
У Італіі, у адным з найстарэйшых у свеце Падуанскім універсітэце ёсць славутая “Зала сарака”. На покуці стаіць зробленая з тоўстых дошак, сёння паточаная ўжо шашалем трыбуна-кафедра. Яна памятае, як некалі тут чытаў лекцыі Галілей. Цяпер на гэтым месцы стаіць бюст геніяльнага вучонага. На сценах універсітэта скрозь памятныя знакі – эмблемы, гербы славутых родаў. Падуанскі ўніверсітэт з гонарам ушаноўвае тых вялікіх, хто вучыўся альбо вучыў тут.
1) мастацкі, апісанне;
2) мастацкі, апавяданне;
3) навуковы, разважанне;
4) публіцыстычны, апавяданне;
5) публіцыстычны, апісанне.
2. Устанавіце адпаведнасць:
А. Дачушка Б. Апераджальнымі тэмпамі В. Вышэйназваны; Г. Лінгвістыка. |
1. Навуковы. 2. Гутарковы. 3. Мастацкі. 4. Публіцыстычны. 5. Афіцыйна-справавы |
3. Публіцыстычны стыль абслугоўвае сферу:
1) сямейных і сяброўскіх адносін;
2) навукі і тэхнікі;
3) палітыкі і грамадскага жыцця;
4) афіцыйных адносін;
5) мастацкай літаратуры.
4. Асноўнымі рысамі мастацкага стылю з’яўляюцца:
1) вобразнасць;
2) лагічная паслядоўнасць;
3) наяўнасць экспрэсіўна-эмацыянальнай лексікі;
4) стандартызаванасць;
5) суб’ектыўнасць.
5. Адзначце словазлучэнні, уласцівыя публіцыстычнаму стылю:
1) працоўны фронт;
2) закон Архімеда;
3) апераджальнымі тэмпамі;
4) тэмпература кіпення;
5) рытм працы.
6. Жанрамі афіцыйна-справавога стылю з’яўляюцца:
1) даверанасць;
2) манаграфія;
3) загад;
4) анатацыя;
5) распараджэнне.
7. У навуковым стылі не выкарыстоўваюцца:
1) дыялектныя словы;
2) тэрміны;
3) наменклатуры;
4) прафесіяналізмы;
5) агульнаўжывальныя словы.
8. Навуковаму тэксту ўласцівы:
1) суб’ектыўнасць;
2) звязнасць;
3) цэласнасць;
4) эмацыянальнасць;
5) стандартызаванасць.
9. Аснову ўсіх стыляў складаюць:
1) тэрміны;
2) стылістычна нейтральныя словы;
3) фразеалагізмы;
4) гістарызмы і архаізмы;
5) неалагізмы.
10. Асноўнымі функцыямі навуковага стылю з’яўляюцца:
1) тлумачальная;
2) эстэтычная;
3) рэгулятыўная;
4) камунікатыўная;
5) агітацыйная.