7. «Манархічная» школа А.Нарушэвіча.
^ Вверх
7. «Манархічная» школа А.Нарушэвіча.  

Дакуметамі, сабранымі Догелем, карыстаўся вядомы польскі паэт, асветнік і гісторык Адам Нарушэвіч.
Адам Нарушэвіч (1733 – 1790 гг.) нарадзіўся ў Пінскім павеце ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў Пінскай і Ліёнскай (Францыя) калегіях езуітаў. Выкладаў паэтыку і рыторыку ў Віленскай акадэміі, затым у Варшаўскай калегіі. Для завяршэння адукацыі на сродкі канцлера ВКЛ Міхала Чартарыйскага здзейсніў другую замежную вандроўку ў Францыю, Італію, Германію. У 1762 – 1773 гг. зноў выкладчык Варшаўскай калегіі. У гэты час ён вядомы і папулярны паэт. Ствараў панегірычныя оды, вершы, пераклаў оды Гарацыя, рэдагаваў штотыднёвік «Забавы пшыемне і пожытэчне».
З 70-х гг. Нарушэвіч пачынае цікавіцца праблемамі ўсеагульнай і айчыннай гісторыі. Ён прыняў удзел у напісанні калектыўнай працы «Палітычная гісторыя старажытных дзяржаў» (1772 г.), дзе прадэманстраваў крытычны падыход да гістарычных легендаў і паданняў. Аўтары працы ставілі галоўнай задачай раскрыць прычыны развіцця і заняпаду старажытных дзяржаваў. Ужо тады А.Нарушэвіч прадэманстраваў сваю схільнасць да манархічнага ладу, вызначыўшы свой ідэал у форме асветнай манархіі.
Забарона на дзейнасць ордэна езуітаў і матэрыяльныя цяжкасці заставілі  Нарушэвіча прыняць сан каталіцкага святара. Пры дапамозе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ён атрымаў парафію ў Немянчыне пад Вільняй. Пазней  становіцца біскупам смаленскім, затым луцкім. Гэты перыяд жыцця быў найбольш плённым для Нарушэвіча як гісторыка. Ён працягваў працу над перакладам і выданнем твораў старажытнарымскага гісторыка Тацыта, але ў цэнтры ўвагі была гісторыя Рэчы Паспалітай.
На аснове архіваў Сапег і Хадкевічаў у 1773 – 1776 гг. Нарушэвіч напісаў сваю першую буйную гістарычную працу «Жыццё Яна Караля Хадкевіча, віленскага ваяводы, вялікага гетмана ВКЛ» (1781 г.). Таксама рыхтаваў кнігу пра Льва Сапегу, але яе не завяршыў.
Паводле прапановы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага Нарушэвіч пачаў працаваць над «Гісторыяй польскага народа». Яе стварэнню папярэднічала вялізарная праца па зборы і сістэматызацыі гістарычных крыніцаў. Для іх перапіскі ён прапанаваў каралю арганізаваць групу капіравальшчыкаў. На сродкі Панятоўскага ў 1781 г. у Германію, Італію, Швейцарыю былі накіраваны адпаведныя спецыялісты. Падобную работу правялі і ў Рэчы Паспалітай. У выніку гісторык сабраў 231 том матэрыялаў, якія ўвайшлі ў т.зв. «папку Нарушэвіча» (захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Кракава).
З другога па сёмы тамы «Гісторыі польскага народа» былі выдадзены ў 1780 – 1786 гг., а першы том выйшаў пасмяротна – у 1824 г. Выданне ахоплівае перыяд са старажытных часоў да 1836 г. Пад польскім народам Нарушэвіч разумеў шляхту і гараджан. Даволі грунтоўна і падрабязна адлюстравана гісторыя Беларусі і Літвы. Аўтар абгрунтоўваў сваю цікавасць да Беларусі тым, што «значная частка краю ўвайшла ў склад польскага краю», а «русакі пераўтварыліся ў палякаў».
Даследчык вызначыў тры праблемы ў гісторыі Рэчы Паспалітай: узаемаадносіны царквы і дзяржавы, паходжанне прыгоннага права, заняпад Рэчы Паспалітай і шляхі яго пераадолення.
Паколькі Нарушэвіч у свой час быў езуітам, то не ўтойваў сваё негатыўнае стаўленне да «дысідэнтаў», г.зн. іншаверцаў. Гэта асабліва адчувальна пры аналізе аўтарам рэфармацыйнага руху.
 У другой палове ХVIII ст. разгарнулася вострая дыскусія аб рэформе палітычнага ладу Рэчы Паспалітай. Нарушэвіч падзяляў папулярную ў той час тэорыю «знешняга заваявання»: славяне-сарматы заваявалі тубыльцаў, разбурылі ранейшыя грамадскія ўстоі, заснаваныя на «гмінаўладдзе», г.зн. роўнасці і свабодзе. Ад заваёўнікаў паходзіць шляхта, а ад заваяваных – прыгоннае сялянства.
Нарушэвіч у «Гісторыі польскага народа» неаднаразова адзначаў цяжкія падаткі і павіннасці простых людзей, выказваў спачуванне сялянам. Прычыны цяжкага становішча сялянства ён бачыў у сквапнасці паноў і шматлікіх войнах. Але гісторык не падзяляў асветніцкую ідэю ліквідацыі саслоўяў. Ён лічыў, што кожнае саслоўе павінна быць карысным сваёй краіне. Таксама была абмежаванай яго пазіцыя па сялянскім пытанні. Зямля, на яго думку, павінна заўсёды заставацца ўласнасцю шляхты. Няроўнасць паміж людзьмі абумоўлена самой прыродай чалавека. Прыгнёт з’яўляецца вынікам праяўлення дрэнных чалавечых якасцяў, якія прыйшлі да славян ад германцаў.
Гістарычныя творы Нарушэвіча, блізкага да караля і яго акружэння, былі прасякнуты манархічным духам і ўяўлялі сабой апалагетыку моцнай каралеўскай уладзе. Росквіт Польшчы ён адносіў да часоў Пястаў і звязваў яго з самадзяржаўнай уладай караля. Але далейшае аслабленне краіны адбылося ў выніку перахода ад польскага да нямецкага права, якое было больш карысна буйным землеўласнікам і прывяло да абмежавання ўлады караля. Прычыны заняпаду непасрэдна Рэчы Паспалітай гісторык бачыў у сквапнасці магнатаў і эгаізме шляхты, слабасці цэнтральнай улады з прычыны магнацкай анархіі. Ён прапагандаваў ідэю асветнага абсалютызму. Манархічнае кіраванне  супрацьпаставіў арыстакратычнаму, услаўляў тых каралёў, якія адстойвалі адзінства дзяржавы.
У рабоце «Мемарыял адносна напісання народнай гісторыі», якую Нарушэвіч накіраваў каралю ў 1775 г., аўтар прадэманстраваў свае погляды на гістарычны працэс, прадмет і метад гістарычнай навукі. Упершыню ў гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы даследчык супрацьпаставіў тэалагічнай гістарыяграфіі асветніцкае разуменне гісторыі як свецкай навукі. Нарушэвіч адмаўляў умяшальніцтва Бога ў гістарычны працэс, лічыў, што гісторыя – вынік узаемадзеяння прыродных прычынаў, уласцівых чалавечаму грамадству. Праўда, з’яўляючыся каталіцкім святаром, ён абвяшчаў Бога найвышэйшай інстанцыяй у гісторыі чалавецтва.
Нарушэвіч пашырыў прадмет гістарычнай навукі. На яго думку, яе прадметам павінна быць жыццё ўсяго «народа», а не дзеянні асобных ваенаначальнікаў і кіраўнікоў дзяржаваў. Галоўным рухавіком гістарычнага працэсу гісторык лічыў чалавечы розум. Асабліва пашырылася роля асветніцтва і мудрасці, як адзначаў аўтар, у ХVIII ст.
У некаторай ступені Нарушэвічу характэрна ідэя прагрэсу. У адным са сваіх лістоў ён прызнаваў рух чалавецтва наперад і нават супрацьпастаўляў у гісторыі Польшчы сучасны яму перыяд з эпохай Пястаў.
Нарушэвіч лічыў гісторыю навукай, якая мае не толькі пазнавальныя, але і маральна-палітычныя мэты. Паводле яго словаў, гісторыя павінна вучыць, што неабходна рабіць, каб пазбегнуць памылак продкаў, каб выправіць звычаі і норавы, каб зрабіць людзей шчаслівымі. Гэтыя палажэнні адпавядалі характэрнаму асветніцкай ідэалогіі погляду на гісторыю як навуку, якая павінна садзейнічаць радыкальным сацыяльным пераўтварэнням у грамадстве.
Праўда, поўнасцю рэалізаваць праграму, вызначаную ў «Мемарыяле адносна напісання народнай гісторыі», Нарушэвіч не здолеў. Шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў садзейнічалі разрыву паміж метадалагічнай канцэпцыяй аўтара і яго навуковай дзейнасцю. Па-першае, гісторык не валодаў у дастатковым аб’ёме гістарычным матэрыялам. Узровень навукі ў той час быў нізкім – практычна адсутнічалі навуковыя даследаванні па важнейшых перыядах гісторыі Рэчы Паспалітай. Група капіравальшчыкаў пачала працу, калі «Гісторыя польскага народа» была ўжо практычна завершана. Па-другое, Нарушэвіч не здолеў радыкальна пераадолець каноны папярэдняй гістарыяграфіі. Па традыцыі ён раскрыў гістарычныя падзеі на аснове храналагічнага прынцыпа. У цэнтры ўвагі – каралі, князі і інш. знакамітыя асобы. Звесткі аб эканамічным, палітычным і культурным жыцці грамадства размясціў у шматлікіх заўвагах. Дарэчы, у адным з лістоў ён пісаў, што не можа ўключыць у «цела гісторыі» пытанні палітычнага ладу і эканамічнага развіцця краіны. Гэта тлумачыцца тым, што Нарушэвіч разглядаў гісторыю як вынік творчай дзейнасці асобаў, якія займалі дзяржаўныя пасады. Ён хацеў напісаць гісторыю народа, але пад уплывам старой гістарыяграфіі напісаў гісторыю каралёў.
Навуковая дзейнасць А.Нарушэвіча паклала пачатак новай гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы, хаця ён не здолеў пераадолець старыя традыцыі і праяўляў непаслядоўнасць пры аналізе гісторыі Рэчы Паспалітай.
Да прадстаўнікоў «школы Нарушэвіча» адносяць Тадэвуша Чацкага, Самуэля Ліндэ, Ежы Бандтке і іншых даследчыкаў. Яны гуртаваліся ў Таварыстве сяброў навук, якое было заснавана ў Варшаве ў 1800 г.
Актыўным членам таварыства з’яўляўся Юльян Марцэлевіч Нямцэвіч, якога паляк Б.Ліманоўскі назваў «ліцвінам рускага паходжання». Нямцэвіч не лічыў сябе палякам і ніколі не звязываў свой родны край з Польшчай.
Ю.Нямцэвіч шмат зрабіў для вывучэння і прапаганды помнікаў мінулага. Хаця ён сам спецыяльна не займаўся археалагічнымі даследаваннямі, але сваімі выступленнямі на пасяджэннях таварыства ён абуджаў іншых да гэтай дзейнасці. Нямцэвіч таксама праводзіў ідэю аховы помнікаў старажытнасці.
Падарожжы 1809, 1816, 1819 гг. па Беларусі дазволілі аўтару скласці «Збор гістарычных помнікаў пра даўнюю Польшчу» (1822 – 1833 гг.), у якім даецца апісанне Брэста, Нясвіжа, Мінска, Магілёва і іншых гарадоў.
Тадэвуш Чацкі (1765 – 1813 гг.) нарадзіўся ва Украіне. Атрымаў дасканалую хатнюю адукацыю. З 1781 г. практыкант каралеўскага суда ў Варшаве. Член Скарбавай камісіі. Заснаваў у 1800 г. Таварыства аматараў навук (Варшава). Садзейнічаў адкрыццю Крамянецкага юрыдычнага ліцэя.
Чацкі належаў да прыхільнікаў Нарушэвіча, ведаў яго асабіста. Гістарычная спадчына прадстаўлена шэрагам твораў, прысвечаных палітычнай гісторыі ВКЛ, гісторыі права, культуры і манетнай справы: «Карціна панавання Жыгімонта Аўгуста» (1835 г.), «Аб яўрэях» (1807 г.), «Аб камісіі і адукацыі ў Літве» (1807 г.), «Аб манетнай справе ў Польшчы і Літве» (1810 г.). Аўтар разглядаў культурную спадчыну беларускага і ўкраінскага народаў як частку польскай культуры. Кніга «Аб літоўскіх і польскіх законах…» (1800 – 1801 гг.) стала першай спробай інтэрпрэтацыі права ў польскай гістарыяграфіі. У ёй Чацкі крытыкаваў сцвярджэнне, што прававыя нормы ВКЛ грунтуюцца на рымскім праве.
Самуэль Багуміл Ліндэ (1771 – 1847 гг.) – знакаміты польскі лексікограф. Працаваў у Лейпцыгскім універсітэце. З 1804 г. займаў пасаду дырэктара Варшаўскага ліцэя, а ў перыяд герцагства Варшаўскага – дырэктара народнай адукацыі.
Галоўная праца Ліндэ «Слоўнік польскай мовы» выйшла ў у 6-ці тамах з 1807 па 1814 гг. Таксама даследчык адным з першых у польскай гістарыяграфіі звярнуўся да Статута ВКЛ 1529 г., аналіз якога прадставіў у кнізе «Пра Статут літоўскі…» (1816 г.).
Ежы Самуэль Бандтке (1768 – 1835 гг.) вучыўся ў Гальскім і Іенскім універсітэтах. Доктар філасофіі. З 1811 г. прафесар бібліяграфіі Кракаўскага універсітэта, дырэктар Ягелонскай бібліятэкі.
У кнізе «Гісторыя Каралеўства Польскага» (1810 – 1835 гг.) зрабіў сціплы агляд гісторыі ВКЛ да Люблінскай уніі. Аўтар канцэптуальна поўнасцю паўтарыў пазіцыю Нарушэвіча. Бандтке напісаў шэраг працаў, прысвечаных гісторыі кнігадрукавання ў Польшчы і ВКЛ. Ён прывёў шмат цікавай інфармацыі пра старажытнабеларускія кірылічныя кнігі, дзейнасць першадрукароў і кнігавыдаўцоў у Вільні, Заблудаве, Супраслі, Нясвіжы і іншых гарадах. Даследчык пакінуў нашчадкам кніжны каталог (каля 15 тыс. тамоў) у Ягелонскай бібліятэцы.