4. Мацей Стрыйкоўскі...
^ Вверх
4. Мацей Стрыйкоўскі – першы гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага.

У 20 – 90-я гг. Х
VІ ст. на гістарычнае развіццё ВКЛ і Рэчы Паспалітай значны ўплыў аказалі Адраджэнне і Рэфармацыя. Яны прадвызначылі ўключэнне беларускіх земляў у сферу ўплыву заходнееўрапейскай культурнай традыцыі. Прафесар Д.У.Караў назваў гэты працэс «вестэрнізацыяй» беларускай культуры». На яго думку, новая тэндэнцыя ў духоўным жыцці беларускага грамадства суправаджалася этнакультурнай дэзінтэграцыяй, кардынальнай зменай релігійнай і моўнай сітуацыі, што прывяло да з'яўлення публіцыстыкі (творы П.Скаргі, І.Пацея, М.Літвіна і інш.).
Інтэнсіўная палеміка паміж прыхільнікамі «традыцыйнай» і «заходняй» арыентацыі садзейнічала росту грамадскай цікавасці да гісторыі як асобнай галіны ведаў. Таму ў гістарыяграфіі зацвярджаецца жанр хранографаў, які звязваў гісторыю беларускага народа з сусветнай. Першай працай падобнага тыпу ў ВКЛ стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, якая ўключыла гісторыю ВКЛ у арбіту заходнееўрапейскай гістарыяграфічнай традыцыі.
Мацей Стрыйкоўскі (1547 – 1590 (1593) гг.) нарадзіўся ў м.Стрыйкаў каля Лэнчыц (сучаснае Лодзінскае ваяводства Польшчы) у сям’і судовага вознага. Па жаночай лініі ён паходзіў са знакамітага роду Лелі́ва, а па мужчынскай – Асостаў. Па маці ягоным продкам быў мазавецкі ваявода  Хры́сцін, які вызначыўся ў бітве пры Захвосце (1205 г.).
У сем гадоў Стрыйкоўскі пайшоў вучыцца ў парафіяльную граматычную школу ў Бжэзінах. Сам ён назваў яе «Падуяй і Балоньяй», бо атрымаў там грунтоўную адукацыю. Далейшы лёс Стрыйкоўскага супярэчлівы. Беларуская даследчыца А.А.Семянчук называе яго «геніяльным саманавукам» і лічыць, што ён не атрымаў вышэйшай адукацыі. Расійскі гісторык А.І.Рогаў сцвярджае пра вучобу Стрыйкоўскага ў Кракаўскай акадэміі (універсітэце): у 1564 г. атрымаў ступень бакалаўра. Вучоба перапынялася вандроўкай ў ВКЛ. Ёсць гіпотэза, што Стрыйкоўскі падчас Лівонскай вайны быў «рыскуном» (шпіёнам).
У 1567 – 1569 гг. яго імя зноў значыцца ў спісах студэнтаў Кракаўскай акадэміі. Там Стрыйкоўскі добра авалодаў лацінскай мовай і антычнай літаратурай. Таксама ён ведаў нямецкую мову, інжынернае мастацтва. Магчыма, гэтая акалічнасць заставіла яго вярнуцца ў ВКЛ на ваенную службу ў Віцебскі гарнізон (1572 – 1574 гг.).
У 1574 г. М.Стрыйкоўскі выдаў у Кракаве вершаваную кнігу «Ганец цноты» (дабрадзейнасці). Аўтар услаўляў шляхту, якую лічыў крыніцай дабрачыннасці. Ён пісаў пра сармацкае паходжанне шляхецкага саслоўя, што прадвызначала іх больш шырокія правы, чым у караля Рэчы Паспалітай. Пад уплывам Адраджэння Стрыйкоўскі звяртаецца з заклікам вывучаць навукі, найперш гісторыю. Ужо ў гэтай працы аўтар зрабіў кароткі агляд гісторыі Літвы.
У тым жа годзе Стрыйкоўскі напісаў паэму «Праваслаўнага ўезду да Кракава і памяці годнай каранацыі Генрыха Валуа апісанне». Магчыма, гэтым творам ён шукаў каралеўскай службы, што дало плён. У верасні 1574 г. яго накіравалі ў складзе пасольства Рэчы Паспалітай у Канстанцінопаль. Там Стрыйкоўскі склаў дзесяць карт Турцыі, план г.Канстанцінопаля, а па вяртанні напісаў кнігу «Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага»
У гэтым творы супрацьпастаўляюцца «залатыя» шляхецкія вольнасці як своеасаблівы палітычны лад становішчу славянскіх народаў, якія знаходзіліся пад прыгнётам Асманскай імперыі. Пры гэтым аўтар раскрыў гісторыю Турцыі, выкарыстаўшы турэцкую хроніку, якую яму пераклаў атурэчаны венгр. Крытычны характар кнігі выклікаў незадаволенасць караля Стэфана Баторыя, бо Асманская імперыя аказала яму падтрымку пры выбранні на трон Рэчы Паспалітай. Верагодна, з гэтай прычыны Стрыйкоўскі пакінуў дзяржаўную службу.
З 1576 па 1578 гг. ён знаходзіўся пры двары князёў Алелькавічаў у Слуцку і Капылі пад пратэкцыяй князя Юрыя Юр’евіча Алелькавіча. Там Стрыйкоўскі пачаў пісаць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі». Пасля смерці свайго апекуна ён пераходзіць пад пратэкцыю жмудскага біскупа Мельхіора Гедройца. З яго дапамогай Стрыйкоўскі атрымаў пасаду жмудскага каноніка. Неверагодна, але паляк заняў пасаду ў ВКЛ. А.А.Семянчук тлумачыць гэты факт схільнасцю Стрыйкоўскага да Княства, тым, што ён адстойваў права ВКЛ на Падолію, а таксама падтрымкай з боку магнатаў (Радзівілаў, Глябовічаў, Хадкевічаў і інш.).
«Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» была выдадзена ў Круляўцы (сучасны г.Калінінград) у 1582 г. на лацінскай мове. Хроніка прысвечана каралю Стэфану Баторыю, віленскаму біскупу Радзівілу, сынам Юрыя Алелькавіча. Гэта першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Твор складаецца з пяці частак: рыфмаванай аўтабіяграфіі Стрыйкоўскага, прадмовы са зваротам да шляхты, самой Хронікі (25 кніг, падзеленых на главы), спіса памылак друку, рэестра ўласных імёнаў.
Стрыйкоўскі паўстае ў хроніцы не ў якасці сярэднявечнага кампілятара, а як даследчык. Гэта відавочна ў шырокім выкарыстанні аўтарам гістарычных крыніцаў (працы Герадота, Ціта Лівія, Клаўдзія Пталамея, Страбона, Я.Длугаша, Мехавіты, М.Кромэра, П.Дусбурга, «Аповесць мінулых гадоў», беларуска-літоўскія летапісы і інш.).
Вельмі падрабязна ён раскрыў гісторыю ВКЛ ад Палямона да Стэфана Баторыя. Характарызуючы вялікіх князёў літоўскіх, Стрыйкоўскі не згадзіўся з польскімі храністамі аб «нізкім» паходжанні Гедыміна (конюх Віценя). Дарэчы, гэта пазіцыя была характэрна для лівонскіх хроністаў. Таксама ён сцвярджаў, што ў Альгерда былі дзве жонкі: віцебская княжна Марыя і цвярская Улляна. Грунтоўна падаецца аналіз знешнепалітычных акцыяў ВКЛ.
С.А.Падокшын і А.А.Семянчук  лічаць хроніку ўзорам шляхецкай гісторыі, а М.І.Ермаловіч называў Стрыйкоўскага «свядомым фальсіфікатарам» на карысць М.Гедройца. Твор адметны «літоўскім» патрыятызмам, прыхільнасцю да дынастыі Ягелонаў. Адной з асаблівасцяў хронікі можна назваць вершаваныя ўстаўкі на батальную тэму (бітва пад Клецкам 1506 г., бітва пад Оршай 1514 г., бітва на Уле 1564 г.). Але аўтар прадэманстраваў некрытычны падыход да гістарычных крыніцаў, апублікаваўшы часам фантастычныя звесткі.
Метадалагічныя прынцыпы Стрыйкоўскага сфармаваліся пад уплывам эпохі Адраджэння. Рухальнай сілай гісторыі ён лічыў не столькі Бога, колькі чалавека. Таму гісторыя – гэта адзіны паток з мінулага, сучаснага і будучага. Чалавек павінен зацвердзіць сябе не ў пасіўна-сузіральным, а ў дзейнасна-практычным жыцці. Прычым галоўная ўзнагарода яго чакае не ў загробным свеце, а ў памяці нашчадкаў.
У працэсе гістарычнага пазнання Стрыйкоўскі вылучаў два ўзроўні: фундаментальны (пазнавальны) і маральна-дыдактычны (навучальны). Гэты падыход адрознівае Стрыйкоўскага ад сярэднявечнай гістарыяграфіі, у якой асноўны змест і сэнс гісторыі зводзіліся да маральнага вопыту, а вопыт палітычны, сацыяльны амаль што не разглядаўся.