6. Гістарычныя даследаванні ў ВКЛ у другой палове XVIIІ ст.
Другая палова XVIII ст. характарызуецца секулярызацыяй гістарычнай думкі і ў цэлым адукацыі ў ВКЛ. Гэта адбылося пад уплывам рэформы ордэна піяраў, якую правёў Станіслаў Канарскі ў 50 – 60-я гг. XVIII ст. Рэформа прадугледжвала вывучэнне польскай і французскай моваў, прыродазнаўчых дысцыплінаў, эстэтычнае і фізічнае выхаванне дзяцей, правядзенне практычных заняткаў за кошт скарачэння курса тэалогіі.
Другая палова XVIII ст. характарызуецца секулярызацыяй гістарычнай думкі і ў цэлым адукацыі ў ВКЛ. Гэта адбылося пад уплывам рэформы ордэна піяраў, якую правёў Станіслаў Канарскі ў 50 – 60-я гг. XVIII ст. Рэформа прадугледжвала вывучэнне польскай і французскай моваў, прыродазнаўчых дысцыплінаў, эстэтычнае і фізічнае выхаванне дзяцей, правядзенне практычных заняткаў за кошт скарачэння курса тэалогіі.
Таксама свой уплыў аказалі ідэі французскіх асветнікаў, творы якіх перакладаліся пры садзейнічанні Адукацыйнай камісіі. Адбыўся пераход ад гісторыі, узгодненай са Святым Пісаннем, да гісторыі дэсакралізаванай.
Пад кантролем і апекай графа Ігната Патоцкага былі напісаны новыя падручнікі па сусветнай гісторыі братамі Скшатускімі «Палітычная гісторыя для дваранскай моладзі», «Заўвагі па ўсеагульнай гісторыі для народных вучылішчаў». Да іх блізкай па сваёй свецкай накіраванасці стала кніга па ўсеагульнай гісторыі піяра Д.Шыбінскага «Кароткія звесткі пра важнейшыя манархіі свету, старажытныя каралеўствы і рэспублікі». Ён адным з першых сярод гісторыкаў Рэчы Паспалітай зрабіў спробу ўвесці ўласную перыядызацыю гісторыі, заснаваную на падзеях свецкай гісторыі, першым імкнуўся аддзяліць гісторыю царквы ад грамадзянскай гісторыі.
Прааналізаваўшы выкладанне гуманітарных дысцыплінаў, Адукацыйная камісія запатрабавала, каб пры вывучэнні ўсеагульнай гісторыі асноўная ўвага надавалася гісторыі Польшчы. У Галоўнай Літоўскай школе кафедру ўсеагульнай гісторыі ўзначальваў прафесар Томаш Гусаржэўскі.
Томаш Гусаржэўскі (1731 – 1797 гг.) нарадзіўся ў Варшаве у шляхецкай сям’і, карані якой узыходзяць да ВКЛ. Пасля вучобы стаў ксяндзом-місіянерам. Выкладаў у духоўных семінарыях Варшавы і Вены. У 1783 г. узначаліў кафедру ўсеагульнай гісторыі Галоўнай Літоўскай школы.
Гусаржэўскі не пакінуў пасля сябе значных гістарычных твораў. Але яго заслуга ў прапагандзе асветніцкага разумення гісторыі. У працы «Уводзіны ва ўсеагульную гісторыю, у асаблівасці царкоўную» (1775 г.) ён выказаў ідэю прагрэсіўнага развіцця чалавецтва па ўзыходзячай лініі. На яго думку, гісторыя павінна вывучаць увесь шлях, пройдзены чалавецтвам. Аўтар закрануў праблему верыфікацыі гістарычных крыніцаў, іх навуковага аналізу. Ён таксама спрабаваў аддзяліць царкоўную гісторыю ад свецкай.
У другой палове ХVIII ст. значную папулярнасць набылі працы Францішка Папроцкага і Кароля Вырвіча, якія фактычна сталі асноўнымі падручнікамі па гісторыі ВКЛ.
Францішак Папроцкі (1723 – 1805 гг.) паходзіць з тэрыторыі Беларусі. Стаў членам ордэна езуітаў у 1740 г. у Полацку. Адукацыю атрымаў у Польшчы. З 1758 г. прафесар. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў Варшаўскай і Віленскай акадэміях, кіраваў шляхецкімі калегіямі ў Вільні і Камянцы.
Папроцкі прадоўжыў справу, распачатую Я.Пашакоўскім, – выдаваў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі». У календары за 1764 г. ён размясціў храналогію польскіх каралёў і князёў ВКЛ, апісаў першае бескаралеўе, якое наступіла пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста.
З працаў, прысвечаных усеагульнай гісторыі, вылучаецца кніга «Найбольш значныя войны…» (1763 г.). Яна напісана на падставе твораў антычных і сярэднявечных гісторыкаў. У прадмове аўтар пісаў: «Няма нічога больш непрыемнага для народаў, чым войны, і ў той жа час веданне гісторыі войнаў дазваляе высветліць прычыны ўзвышэння і падзення дзяржаў і, што асабліва важна, шляхі ўмацавання свабоды і незалежнасці Айчыны». У такой форме Папроцкі выказваў занепакоенасць патрыятычных сілаў лёсам Рэчы Паспалітай. Трывогай за будучыню краіны прасякнута праца «Аб рыцарскім пытанні ў Польшчы» (1776 г.). На падставе аналізу прычынаў перамог і паражэнняў у мінулым ВКЛ і Рэчы Паспалітай аўтар паспрабаваў выказаць свае рэкамендацыі па ўмацаванні абароны дзяржавы і павышэнні баяздольнасці яе арміі.
Цікавасць выклікаюць дзве невялікія працы Папроцкага «Дамашнія весці аб ВКЛ» (1763 г.) і «Дамашнія весці аб Польскім каралеўстве» (1771 г.). Яны ўяўляюць кароткія энцыклапедычныя даведнікі аб геаграфічным становішчы, прыродных умовах, гісторыі, дзяржаўным ладзе, судах, арміі і іншых атрыбутах гэтых дзяржаваў. Кнігі ўяўляюць сабой даведнікі, якія прызначаліся для навучэнцаў школаў. У дачыненні да гісторыі аўтар паказаў палітычныя і рэлігійныя падзеі на тэрыторыі княства да Люблінскай уніі 1569 г. без іх аналіза. Ён паўтарыў гістарычныя канцэпцыі Длугаша і Літвіна.
Папроцкі зыходзіў з рацыяналістычнага разумення гістарычнага працэсу і сваёй дзейнасцю падрыхтаваў глебу для ўспрымання ідэі заканамернага развіцця гісторыі ў апошняй трэці ХVIII ст. З другога боку, ён трактаваў гістарычны працэс як простую паслядоўнасць падзеяў. Падобны эмпірычны падыход быў характэрны для ўсіх гісторыкаў асветніцкага часу.
Найбольшай папулярнасцю ў школах ВКЛ карысталіся кнігі Кароля Вырвіча.
Кароль Вырвіч (1717 – 1793 гг.) нарадзіўся ў Браслаўскім павеце ў беднай шляхецкай сям’і. Вучыўся ў езуіцкіх калегіях Пінска і Дынабурга, скончыў Віленскую акадэмію. Працаваў прафесарам рыторыкі, гісторыі і геаграфіі ў Навагрудскай езуіцкай калегіі, затым прафесарам варшаўскага CollegiumNobilium і яго рэктарам. Будучы выхавацелем сына віленскага ваяводы Яна Гільзена, змог наведаць Францыю, Галандыю, Германію, дзе вывучаў арганізацыю асветы.
Вырвіч з’яўляўся аўтарам двух падручнікаў, напісаных на французскай мове, «Паходжанне сучасных дзяржаў і народаў» (1769 г.) і «Кароткае сістэматычнае выкладанне ўсеагульнай гісторыі» (у 2-х т., 1766 – 1771 гг.).
Светапогляд Вырвіча мае супярэчлівы характар. У яго творах спалучаюцца дзве тэндэнцыі: тэалагічная, бо з’яўляўся езуітам, і асветніцкая, бо разумеў ролю рацыяналістычнай філасофіі. Будучы гісторыкам, Вырвіч знаходзіўся пад уплывам ідэй французскага Асветніцтва. Ён адмоўна ставіўся да разумення гісторыі як працэсу адлюстравання палітычных падзей і войнаў. Даследчык лічыў, што гісторыя – гэта сукупнасць зменаў у палітычным жыцці, звычаях, рэлігіі, навуцы, мастацтве, эканоміцы.
Важнае месца адводзіў ролі эканомікі ў грамадскім жыцці, у прыватнасці, эканамічнаму развіццю Рэчы Паспалітай. Галоўнай крыніцай багацця краіны ён лічыў гандаль, які мог пашырацца толькі на падставе развіцця прамысловасці і земляробства. Вырвіч падтрымліваў палітыку пратэкцыянізму.
У другой палове ХVIII ст. гістарычная навука ВКЛ набывае трывала крыніцазнаўчы фундамент, які быў закладзены Мацеем Догелем.
Мацей Догель (1715 – 1760 гг.) нарадзіўся ў в.Гембулы Лідскага павета ў сям’і дробнага шляхціца. Пасля заканчэння піярскай школы ў Шчучыне ўступіў у ордэн піяраў. З 40-х гг. – рэктар піярскай калегіі ў Вільні. Заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі. Шмат падарожнічаў. З’яўляючыся выхавацелем сына маршалка ВКЛ С. дэ Кампа, змог выехаць за мяжу. Наведваў лекцыі ў Лейпцыгскім і Парыжскім універсітэтах.
З 1748 г. у якасці пасла Рэчы Паспалітай Догель працаваў у архівах і бібліятэках Германіі, Францыі, Галандыі. Таксама карыстаўся малавядомымі і сакрэтнымі дакументамі ў каралеўскіх архівах Кракава і Нясвіжа. Гэта дазволіла яму пачаць выданне зборніка дакументаў і матэрыялаў «Дыпламатычны кодэкс Каралеўства Польскага і ВКЛ». З васьмі запланаваных тамоў выйшлі тры. Нявыдадзеныя матэрыялы ў рукапісах паступілі ў Каралеўскую бібліятэку ў Варшаве, потым – у Віленскі універсітэт, а адтуль – у Пецярбургскую публічную бібліятэку. Догель выдаў яшчэ адзін зборнік дакументаў па размежаванні дзяржаўнай мяжы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне ХVI ст. Яго зборнікі матэрыялаў па гісторыі міжнародных адносінаў Польшчы, Літвы і Беларусі за ХІІІ – ХVIІІ стст. як гістарычныя крыніцы не страцілі свайго значэння да нашых дзён.