2. Гісторыя Беларусі...
^ Вверх
2. Гісторыя Беларусі ў мясцовых летапісах і хроніках XVІІ – XVIІІ стст.

Унікальныя звесткі аб мінулым Беларусі змяшчаюць мясцовыя летапісы і хронікі. Сярод іх Баркулабаўская хроніка, або Баркулабаўскі летапіс.Гэты твор быў складзены ў м.Баркулабава (Быхаўскі раён) у пачатку ХVII ст. Аўтарам, магчыма, з’яўляецца мясцовы праваслаўны святар Фёдар Філіпавіч Магілёвец.
Летапіс пачынаецца са звестак пра сойм 1545 г. у Брэсце, пабудову ў 1526 г. Магілёўскага замка. Затым назіраецца адзінаццацігадовы перапынак. Больш сістэматызавана выкладзены падзеі з 1563 г. (захоп Іванам IV Полацка) і да 1608 г. У канцы летапіса ёсць пазнейшы допіс невядомага аўтара аб паходзе караля Уладзіслава IV Вазы на Смаленск у вайне 1632 – 1634 гг.
Баркулабаўскі летапіс змяшчае ўнікальныя звесткі па гісторыі Усходняй Беларусі: інфармацыя пра асобныя ваенна-гістарычныя падзеі, па гісторыі беларускай культуры і праваслаўнай царквы, пра гістарычных асобаў, у т.л. двух Ілжэдзмітрыяў, пра ўзнікненне м.Баркулабава.
Разгорнута апісана Берасцейская царкоўная унія. Магчыма, аўтар быў удзельнікам ІІ-га Берасцейскага царкоўнага сабора 1596 г. і абараняў інтарэсы праваслаўнага насельніцтва. Асноўнымі крыніцамі для летапіса сталі асабістыя назіранні і ўспаміны аўтара, выкладзеныя ў яркіх эмацыянальных замалёўках жыцця і побыту беларускай вёскі ў цяжкія гады ваенных ліхалеццяў, розных стыхійных бедстваў. Летапісец асвятляў падзеі з патрыятычных пазіцыяў. Ён асуджаў дзеянні ўкраінскіх казакаў, якія «вялікую шкоду чынілі… горш, чым злыя непрыяцелі».
У твор уключаны ліст Івана IV да Стафана Баторыя 1580 г., грамата Жыгімонта ІІІ Вазы 1592 г., тэкст «Універсала рокашу 1606 г.».
Помнікам гарадскога летапісання ХVІІІ ст. з’яўляецца Віцебскі летапіс. Гэты твор быў складзены ў 1768 г. на польскай мове жыхаром Віцебска Стэфанам Гаўрылавічам Аверкам на аснове летапісу Міхала Пáнцырнага (звесткі датаваны 896 – 1709 гг.), кароткіх гістарычных запісаў Яна Чарноўскага (1601 – 1633 гг.) і Гаўрылы Аверкі (1733 – 1757 гг.), а таксама аўтарскіх матэрыялаў.
Летапіс носіць кампіляцыйны характар, складаецца пераважна з кароткіх сухіх паведамленняў, месцамі нелагічна размешчаных. Звесткі аб гістарычных падзеях запазычаны з польскіх хронік. Найбольшую каштоўнасць уяўляе арыгінальная інфармацыя па айчыннай гісторыі, асабліва тая, якая датычыцца ваенна-палітычных падзеяў канца ХVІІ – пачатку ХVІІІ стст.
Мэта аўтараў – рэгістрацыя фактаў і падзеяў. Але яны абмежаваны гісторыяй Віцебска ў дзейнасці каралёў Рэчы Паспалітай і войнах. Таму летапіс зафіксаваў амаль усё: пастаўкі харчавання, пастой войскаў, удзел гараджан у бітвах. Таксама адзначаны выпадкі пажараў і эпідэміяў.
Апошнім мясцовым беларуска-літоўскім зводам з’яўляецца Магілёўская хроніка. Яна была складзена ў Магілёве на працягу ХІІІ – ХІХ стст. купецкім старастам і лаўнікам Трафімам Раманавічам Суртам і рэгентам канцылярыі Юрыем Трубніцкім, прадоўжана яго сынам Аляксандрам і ўнукам Міхаілам.
Найбольшую навуковую і гістарычна-літаратурную каштоўнасць мае частка, напісаная першымі двума храністамі. Крыніцамі паслужылі запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі Гваньіні і Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў.
Хроніка ўсебакова адлюстроўвае жыццё Магілёва. У цэнтры ўвагі аўтараў – справы і клопаты гараджан у сувязі са знешнімі падзеямі. Запісы аб ІІ-й Паўночнай вайне (1700 – 1721 гг.) паказваюць цяжкае становішча горада і яго жыхароў. Створаны вобразы Пятра І, Карла ХІІ, Меньшыкава, Мазепы і інш.
Многія старонкі хронікі прасякнуты сацыяльным падтэкстам, спачуваннем простаму чалавеку. Аўтары не страцілі сувязі з народнымі традыцыямі і абапіраліся на беларускую культурную спадчыну.
Таксама ў хроніцы змешчаны літаратурныя творы першай паловы ХVІІ ст. (вершаваны пасквіль на кардынала М.Радзяёўскага і караля Аўгуста ІІ Моцнага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземцаў у Польшчы» і інш.).