5. Гістарычная думка ў ВКЛ у XVII – першай палове XVIIІ стст.
У ХVІІ – першай палове ХVІІІ стст. гістарычная думка знаходзілася пад кантролем езуітаў, якія манапалізавалі сістэму адукацыі ў ВКЛ.
У ХVІІ – першай палове ХVІІІ стст. гістарычная думка знаходзілася пад кантролем езуітаў, якія манапалізавалі сістэму адукацыі ў ВКЛ.
Навучальны план езуіцкіх навучальных установаў «Ratio et institutio studiorum Societatis Jesu» быў распрацаваны ў 80-я гг. XVI ст. Ніжэйшыя школы – калегіўмы – мелі трох- і пяцікласнае навучанне. Веды па гісторыі, геаграфіі, міфалогіі даваліся ў чацвёртым класе паэтыкі і ў пятым класе рыторыкі. Навучанне ў вышэйшай школе (Акадэміі) прадугледжвала вывучэнне на філасофскім і багаслоўскім факультэтах логікі, фізікі, метафізікі, этыкі (паводле Арыстоцеля).
XVI ст. стала пачатковым этапам у развіцці адукацыі ордэна езуітаў. Гісторыя не з’яўлялася самастойным прадметам навучання, а выкарыстоўвалася для вывучэння паэтыкі і рыторыкі. Гістарычныя веды павінны былі садзейнічаць маральнаму і хрысціянскаму выхаванню моладзі.
Крыніцамі гістарычнай інфармацыі з’яўляліся працы і каментары антычных аўтараў. Ужо ў класе граматыкі пры вывучэнні моваў паўстала праблема выкарыстання гістарычнай інфармацыі для вызначэння стылю паэта і г.д. Жыццё і дзейнасць старажытнагрэчаскіх і старажытнарымскіх гісторыкаў разглядалі ў класе паэзіі. Наступным этапам прадугледжвалася вывучэнне непасрэдна працаў антычных аўтараў (Тацыта, Ціта Лівія, Фукідзіда і інш.).
З 1593 г. у вучэбным працэсе сталі карыстацца кнігай Антонія Пасевіна «Выбраныя кнігі», у якой аўтар прадставіў пералік працаў, неабходных для навучання ў калегіўмах, кароткую інфармацыю аб розных народах і дзяржавах. Першы падручнік па гісторыі для калегіўмаў выдаў рэктар рымскай семінарыі Гарацый Турчаліні (? – 1599 г.) у 1598 г. – «Historiarum ab origine mundi usque ad annum 1598» у 10 кнігах. Гэты падручнік па сусветнай гісторыі ахопліваў падзеі ад біблейскіх часоў да сярэднявечча. Па ініцыятыве генерала ордэна К.Аквавівы навучэнцам было загадана вывучаць кнігу ў сямі тамах «Гісторыя таварыства Ісуса», у якой разглядалася гісторыя езуітаў ад моманту ўзнікнення ордэна да 1632 г. У Заходняй Еўропе набыла папулярнасць праца Дзіянісія Петавія (1583 – 1652 гг.), аўтар якой першым пачаў датаванне гістарычных падзеяў біблейскай гісторыі да нараджэння Ісуса Хрыста. Па яго падручнікам навучэнцы школаў Гродна і Нясвіжа рабілі тэатральныя пастаноўкі нават і ў XVIIІ ст.
Кардынальных пераменаў у гістарычнай адукацыі езуітаў не адбылося і ў першай палове XVII ст. Праўда, пры арганізацыі Літоўскай правінцыі ордэна езуітаў прайшла нарада (лістапад 1609 г.), прысвечаная гуманітарнай адукацыі. Яе рашэнні сведчылі аб тэндэнцыі да мадыфікацыі «Ratio studiorum», жаданні ўлічыць спецыфіку правінцыі. Удзельнікі сустрэчы прапанавалі стварыць кафедры гісторыі ў тых калегіўмах, дзе выкладалася філасофія. Гэта тлумачылася просьбамі мясцовай шляхты, якая жадала, каб шляхецкая моладзь навучылася дастойна выступаць на пасяджэннях соймікаў і вальнага сойма. Але генерал ордэна катэгарычна адхіліў прапанову, растлумачыўшы сваю пазіцыю тым, што гісторыі прысвечана дастаткова ўвагі ў класах паэтыкі і рыторыкі.
У езуіцкіх школах Літоўскай правінцыі іх навучэнцы карысталіся падручнікамі Яна Квяткевіча, выдадзенымі ў 1627 г. і 1698 г. Па іх вывучалі лацінскую мову і гісторыю антычнага свету ў класе рыторыкі. Таксама атрымала пашырэнне кніга Флоруса (1646 г.), у якой асвятлялася гісторыя Старажытнага Рыма ад легендарных часоў да Аўгуста. Даследаванне адпавядала сармацкай ідэалогіі, таму што ўсхваляла рэспубліканскія інстытуты ўлады. Напрыклад, Я.Квяткевіч параўноўваў Уладзіслава ІV Вазу з Александрам Македонскім.
У Польскай правінцыі езуітаў гісторыю Польшчы вывучалі на падставе працы Альберта Інэса (1620 – 1658 гг.) «Лехіада» (1655 г.). Аўтар у паэтычнай форме раскрыў дзейнасць каралёў Польшчы. На прыкладах айчыннай гісторыі ў вучняў фармаваліся патрыятычныя пачуцці, занепакоенасць за лёс Рэчы Паспалітай у сувязі з І-й Паўночнай вайной 1655 – 1660 гг.
У Літоўскай правінцыі езуітаў мінулае ВКЛ вывучалі на аснове «Гісторыі Літвы» – першага сістэматызаванага курса гісторыі ВКЛ, які быў створаны шляхціцам, пісьменнікам, палемістам, гісторыкам Альбертам (Войцехам) Віюком Каяловічам.
Альберт Віюк Каяловіч (1609 – 1677 гг.) нарадзіўся ў Коўне. У Нясвіжы вывучаў філасофію, потым займаўся ў класе паэзіі ў Смаленску. У 1634 – 1638 гг. вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскай акадэміі. Абараніў дысертацыю на званне магістра філасофіі, выкладаў логіку, фізіку, метафізіку, этыку. Рэктар Віленскай акадэміі (1653 г.). Пазней – рэктар дома езуітаў-прафесараў у Вільні. Віюк Каяловіч пакінуў вялікую колькасць палемічных твораў, накіраваных супраць пратэстантаў, а таксама шмат біяграфій езуітаў і багаслоўскія трактаты.
«Гісторыя Літвы» была выдадзена ў 2-х частках (ч.1 у Гданьску, 1650 г.; ч.2 у Антвэрпэне, 1669 г.) на лацінскай мове і прысвечана магнату Казіміру Сапеге. Таксама твор прызначаўся замежнаму чытачу, каб данесці ў Еўропу звесткі пра ВКЛ.
Першая частка ўяўляе па сваёй сутнасці пераказ «Хронікі» Стрыйкоўскага. Аўтар адзначыў, што яго кніга з’яўляецца літаратурнай апрацоўкай «Хронікі», а не арыгінальным творам. Праўда, А.Каяловіч адкінуў шмат яе фантастычных звестак і разглядаў гісторыю ВКЛ да Крэўскай уніі больш сістэмна. Другая частка носіць самастойны характар і даводзіць падзеі да Люблінскай уніі.
Гісторык, у адрозненне ад М.Стрыйкоўскага, прывёў іншы варыянт легенды пра паходжанне літоўскай знаці, апусціў шэраг фрагментаў пра суседзяў ВКЛ, правёў уласны аналіз і сістэматызацыю гістарычных звестак. Як і Стрыйкоўскі, аўтар апісаў падзеі палітычнай і ваеннай гісторыі. Тэндэнцыйнасць Каяловіча праявілася пры раскрыцці язычніцкіх князёў Літвы. Міндоўга ён прадставіў тыранам, які прыняў хрышчэнне пад націскам знешніх падзеяў. Аднабакова ацэненыя Тройдзень, Віцень і іншыя князі. Толькі Кейстут параўноўваецца з антычным Адысеем.
Аўтар раскрыў барацьбу з крыжацкай агрэсіяй на мяжы ХІІ – ХІІІ стст. Пры гэтым указывалася на экспансіянісцкія намеры нямецкага рыцарства. ВКЛ, на яго думку, абараняла свой суверэнітэт. Калі Стрыйкоўскі пры апісанні Грунвальдскай бітвы, паказаў вырашальную ролю княства, то А.Каяловіч не забыўся напісаць аб паляках, якія мелі меншыя страты: ім, а не літоўцам, дапамог Бог.
Праца А.Віюка-Каяловіча выкарыстоўвалася не толькі ў езуіцкіх школах, але і ў піярскіх навучальных установах.
Таксама Каяловіч у кнізе «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў» апісаў ваенны паход гетмана Януша Радзівіла супраць казацкіх «загонаў» падчас казацка-сялянскай вайны 1648 – 1651 гг.
У 1648 г. Каяловіч пачаў працу над кнігай аб гісторыі шляхты ВКЛ. Але яе друкаванне было спынена па патрабаванні адной шляхецкай сям’і, якая палічыла сябе абражанай. Дарэчы, Каяловіч сапсаваў свае адносіны з Радзівіламі, бо ў 1653 г. выдаў «Радзівілаўскі летапіс», у якім раскрыў таямніцы іх роду. Сапсаваў адносіны і з Сапегамі, бо іх паходжанне выводзіў ад баярына Сунігайлы, а не ад Гедыміна.
Выкладчыкі-езуіты здолелі да сярэдзіны XVIII ст. вырашыць сваю галоўную задачу – стварыць пакаленне моладзі, адданае папе рымскаму і артадаксальнаму каталіцызму. Але ў самой сістэме падрыхтоўкі кадраў багасловаў адчуваўся пэўны дуалізм. Езуіты рыхтавалі не толькі фанатычных каталікоў, але і багасловаў-палемістаў. Гэта ў сваю чаргу патрабавала грунтоўнай адукацыі ў сферы гуманітарных навук, найперш гісторыі.
Езуіты надавалі вялікую ўвагу вывучэнню антычнай спадчыны, у асноўным лацінскай, цудоўна разумелі неабходнасць яе гістарычнага і геаграфічнага тлумачэння. Для каментавання антычных аўтараў імі выкарыстоўваліся працы, у якіх матэрыял сістэматызаваўся не па храналагічным, а па прадметна-энцыклапедычным прынцыпе. У якасці падручніка падобнага тыпу ў ВКЛ выкарыстоўвалася кніга італьянскага езуіта Мусантыя. У 1706 г. прафесар Віленскай Акадэміі Ян Дрэўс (1645 – 1710 гг.) выдаў падручнік па гісторыі і геаграфіі (у 4-х частках), які ўяўляў сабой скарочаны варыянт кнігі Мусантыя. Я.Дрэўс зрабіў кароткае апісанне народаў і дзяржаў свету, паказаў ролю каталіцкай царквы ў распаўсюджанні цывілізацыі, варожа ставіўся да арабаў і магаметан. У першай палове XVIII ст. падручнік перавыдаваўся дзевяць разоў.
Пад уплывам Асветніцтва і рэформы піярскіх школаў у 1741 г. гісторыя была ўведзена ў школы Літоўскай правінцыі езуітаў як самастойны прадмет. Гэта ажыццявіў правінцыял Кароль Бартольд.
Кароль Бартольд (1680 – 1745 гг.) нарадзіўся ў Мазовіі. Вучыўся ў езуіцкіх навучальных установах Пултуска, Варшавы і Вільні. Прафесар філасофіі і тэалогіі. У 1735 – 1737 гг. займаў пасаду рэктара Віленскай акадэміі, затым правінцыяла Літоўскай правінцыі езуітаў. Выкладаў рыторыку, філасофію, тэалогію, кананічнае права. Вёў барацьбу з піярамі за ўплыў на сістэму адукацыі, абараняў шляхецкія вольнасці.
Будучы прафесарам Віленскай акадэміі, Бартольд у 1719 г. напісаў падручнік па гісторыі «Свята для першага класа», які шэсць разоў перавыдаваўся пад назвай «Вобразы князёў і каралёў Польшчы». Аўтар звёў гісторыю Рэчы Паспалітай да гісторыі польскіх каралёў і літоўскіх князёў ад легендарных часоў да Аўгуста ІІ Моцнага. Тэкст перамяжаецца палітычнымі і маральнымі высновамі, а таксама павучаннямі.
Папулярнасць у першай палове XVIII ст. набыла праца Адама Нарамеўскага «Воблік сарматаў».
Адам Нарамеўскі (1686 – 1736 гг.) – ураджэнец ВКЛ. Пасля заканчэння Віленскай акадэміі працаваў у ёй прафесарам, а затым выкладаў у езуіцкіх калегіях Варшавы і Пултуска.
У адпаведнасці з сярэднявечнай традыцыяй Нарамеўскі апісаў жыццё і дзейнасць каралёў, князёў, прымасаў і епіскапаў. Аўтар звярнуў увагу на працэс утварэння Польскага каралеўства і ВКЛ, паказаў гісторыю шляхты, рэфармацыйны рух, развіццё школьнай справы езуітамі. Праўда, ён некрытычна пераняў інфармацыю з гістарычных крыніцаў, таму ў кнізе шмат фантастычных звестак. Нарамеўскі выступіў з асуджэннем Казіміра Лышчынскага.
Пачатак перыядычнаму друку ў ВКЛ у гэты час паклаў Ян Пашакоўскі.
Ян Пашакоўскі (1684 – 1757 гг.) паходзіў са шляхты Упіцкага павета (Літва). Скончыў езуіцкую школу ў Коўне, Нясвіжскую педагагічную семінарыю, Віленскую акадэмію. Выкладаў філасофію, граматыку і тэалогію ў Коўне, Крожах, Вільні, Нясвіжы. У 1713 г. атрымаў сан каталіцкага святара. Выхоўваў сыноў магната Міхала Казіміра Рыбанькі, займаў пасаду надворнага тэолага. Напісаў шмат сачыненняў багаслоўскага характару, рабіў пераклады з лацінскіх твораў, складаў панегірыкі.
Як багаслоў-тэолаг Пашакоўскі абараняў вучэнне каталіцкай царквы, крытыкаваў пратэстантызм. У Вільні ён выдаў працу «Голас пастыра Ісуса Хрыста…» (1736 г.), у якой даказваў існаванне Бога, сцвярджаў пра ілжывасць атэізму. Аўтар звярнуўся да гісторыі пратэстантызму ў ВКЛ, вывучаў янсенізм (адгалінаванне каталіцызму ў Нідэрландах і Францыі, блізкае да пратэстантызму), іслам. Ён рыхтаваў працу па гісторыі царквы ў Рэчы Паспалітай, якую, на жаль, не паспеў завяршыць.
Але галоўнай справай жыцця Пашакоўскага стала падрыхтоўка каляндароў, што дало пачатак перыядычнаму друку ў ВКЛ. Толькі ў Вільні на працягу 1735 – 1749 гг. ён выдаў дваццаць «Палітычных каляндарыкаў». Адзін з іх, напрыклад, прызначаўся нават жанчынам. У каляндарах крытыкавалася геліяцэнтрычная сістэма М.Каперніка, пералічваліся астранамічныя з’явы, называліся найважнейшыя падзеі з гісторыі ВКЛ і Польшчы. Аўтар вельмі клапаціўся аб дакладнасці прыводзімых у сваіх выданнях біяграфічных звестках. Апошнія гады жыцця ён быў паралізаваны, памёр у Нясвіжы.
З арыгінальных працаў гісторыкаў-езуітаў вызначаюцца «Гісторыя Літоўскай правінцыі ордэна езуітаў» С.Растоўскага і «Гісторыя Віленскай Акадэміі» Яна Прэўсгайфа. Кніга Прэўсгайфа, якая выйшла ў 1707 г., стала першай спробай напісання гісторыі Віленскага універсітэта. Але тэкст мае сумбурны характар і ўтрымлівае шэраг факталагічных памылак.