5. Станаўленне дэмакратычнай плыні...
^ Вверх
5. Станаўленне дэмакратычнай плыні беларускай гістарыяграфіі.

Пачынальнікам дэмакратычнай тэндэнцыі ў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі лічыцца Мітрафан Доўнар-Запольскі.
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (1867 – 1934 гг.) нарадзіўся ў сям'і дробнага шляхціца Віктара Марцінавіча Доўнар-Запольскага ў г.Рэчыца Мазырскага павета Мінскай губерні. Скончыў народнае вучылішча ў Баранавічах, вучыўся ў Мінскай гімназіі, Мазырскай прагімназіі, Кіеўскай 1-й гімназіі, якую скончыў экстэрнам. Затым прадоўжыў адукацыю на гісторыка-філалагічным факультэце Кіеўскага універсітэта, які скончыў у 1894 г.
У студэнцкія гады Доўнар-Запольскі пачаў актыўна займацца этнаграфічнай дзейнасцю і супрацоўнічаць з ліберальнай газетай «Минский листок». Па выніках экспедыцыяў на тэрыторыю Беларусі з’явіўся шэраг артыкулаў пад агульнай назвай «Белорусское прошлое» (1888 г.). Аўтар у іх вызначыў контуры канцэпцыі нацыянальнай гісторыі Беларусі: «беларускае племя» мае ўласную гісторыю, «беларускае племя» мае этнаграфічныя асаблівасці, «беларускае племя» – самы «чысты» тып славянства, беларуская гаворка паходзіць ад гаворкі крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў.
У 1891 г. выходзіць з друку праца Доўнар-Запольскага «Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца ХII столетия», у якой даследчык раскрыў працэс утварэння дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі на падставе каланізацыйнай тэорыі. Спецыфіку палітычнага развіцця крывіцка-дрыгавіцкіх земляў гісторык убачыў у іх ускраінным геаграфічным становішчы, што прывяло да фармавання асобнай ад Кіеўскай Русі дзяржаўнасці.
У студэнцкія гады Доўнар-Запольскі надрукаваў больш за 40 артыкулаў, нататак, рэцэнзіяў, у асноўным па этнаграфіі беларусаў. Ён рэцэнзаваў навуковыя працы такіх вядомых даследчыкаў, як М.Янчук, А.Семянтоўскі.
Ужо тады Доўнар-Запольскі робіць спробу стварэння «беларускага гуртка», выношвае ідэю выдання беларускага часопіса, арганізацыі навуковага таварыства, адкрыцця публічнай бібліятэкі ў Мінску і інш. У 1890 г. ён пазнаёміўся з Я.Ляцкім, у той час студэнтам Маскоўскага універсітэта, у будучым вядомым беларускім гісторыкам і этнографам, які пачаў весці агітацыю за стварэнне гуртка сярод студэнтаў-беларусаў у Маскве. Аднак справа практычна не зрушылася з месца. 26 студзеня 1894 г. Ляцкі пісаў М.В.Доўнар-Запольскаму з Масквы: «Да нашай мілай Беларусі тут нікому і справы няма. Навуковыя таварыствы робяць сваю кареру, часопісы і газеты ўяўляюць сабой па большай частцы акцыянерныя таварыствы на паях... Для грамадства Беларусь нейкая яўрэйска-польская краіна...».
У 1894 г. Доўнар-Запольскі заканчвае Кіеўскі універсітэт. Старшыня экзаменацыйнай камісіі прафесар Ф.Зялінскі адзначыў, што выпускнік «валодае рэдкасным для яго ўзросту абёмам ведаў, выключнай працаздольнасцю і выключнымі прыроднымі здольнасцямі».
Пасля заканчэння універсітэта яго навуковы кіраўнік загадчык кафедры рускай гісторыі прафесар У.Б.Антановіч садзейнічаў накіраванню юнака для далейшай навуковай падрыхтоўкі ў Маскву са стыпендыяй 600 рублёў. У 1895 г. Доўнар-Запольскі пачынае працаваць пазаштатным памочнікам архіварыўса Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі, а з 1898 г. – штатным памочнікам. Асноўную ўвагу ён канцэнтруе на вывучэнні дакументаў Літоўскай Метрыкі. Адначасова, каб здабыць сродкі для жыцця, ён працуе ў прыватнай жаночай гімназіі Ржэўскай, дае прыватныя ўрокі.
З гэтага часу пачынаецца дзейнасць Доўнар-Запольскага ў галіне археаграфіі і крыніцазнаўства. У 1897 г. выходзяць два тамы «Документов Московского архива Министерства юстиции», затым працы «Литовские упоминки татарским ордам: Скарбовая книга Метрики Литовской 1502-1509 гг.» (1898 г.), «Акты Литовско-Русского государства (ХІV – ХVІ ст.)» (1899 г.). У 1898 г. ён упершыню надрукаваў поўны тэкст Баркулабаўскай хронікі.
У Маскве даследчык садзейнічаў арганізацыі Археаграфічнай камісіі пры Маскоўскім археалагічным таварыстве, якім кіраваў пяць гадоў. Ён таксама працуе прыват-дацэнтам кафедры рускай гісторыі Маскоўскага універсітэта, якую ўзначальваў знакаміты гісторык В.В.Ключэўскі: чытае спецкурсы пра рэформы Аляксандра І, лекцыі па гісторыі дзекабрыстаў, вядзе практычныя заняткі па гісторыі Расіі ХVІІ ст.
Менавіта маскоўскі перыяд творчасці Доўнар-Запольскага прадвызначыў галоўны кірунак навуковых даследаванняў вучонага – эканамічную гісторыю. У 1901 г. ён абараніў у Кіеве магістарскую дысертацыю «Государственное хозяйство ВКЛ при Ягеллонах». Яна пазней была выдадзена асобнай кнігай і атрымала прэмію імя П.Бацюшкава. Прафесарамі Кіеўскага універсітэта Антановічам і Галубоўскім праца была ацэнена як «вельмі каштоўны ўклад у навуку». Даследаванне сведчыла пра схільнасць гісторыка да эканамічнага матэрыялізму і пазітывісцкай канцэпцыі  Антановіча.
У 1901 г. Доўнар-Запольскі вяртаецца ў Кіеў, дзе пачаў працаваць прыват-дацэнтам, затым ардынарным прафесарам і загадчыкам кафедры рускай гісторыі Кіеўскага універсітэта.
Доўнар-Запольскі надаваў вялікую ўвагу вывучэнню гісторыі Беларусі. У 1905 г. у Санкт-Пецярбургу пад рэдакцыяй В.П.Сямёнава выходзіць дзевяты том працы «Россия: Полное географическое описание нашего отечества. Настольная и дорожная книга для русских людей». Тут змешчаны два вялікія артыкулы Доўнар-Запольскага і Шэндрыка «Исторические судьбы Верхнего Поднепровья и Белоруссии и культурные их успехи» і «Распределение населения Верхнего Поднепровья и Белоруссии по территории, его этнический состав, быт и культура». У тым жа годзе ў Маскве выходзяць два тамы «Русской истории в очерках и статьях» пад рэдакцыяй Доўнар-Запольскага, а ў Кіеве зборнік артыкулаў «Из истории общественных течений в России», дзе змешчаны шэраг яго працаў.
У 1905 г. Доўнар-Запольскі абараніў доктарскую дысертацыю «Очерки по истории западнорусского крестьянства в ХVI в.», у якой галоўную ўвагу прысвяціў аграрнай рэформе Жыгімонта ІІ Аўгуста. Яна выходзіць асобным выданнем. Прафесар М.К.Любаўскі ў сваёй рэцэнзіі даў працы Доўнар-Запольскага высокую ацэнку.
У 1908 г. даследчык арганізуе ў Кіеве Камерцыйны інстытут. У ім было два аддзяленні: камерцыйнае і эканамічнае, з чатырохгадовым тэрмінам навучання, і Музей таваразнаўства. Доўнар-Запольскі выкарыстаў вопыт работы камерцыйных навучальных установаў Германіі, вышэйшых камерцыйных курсаў у Маскве.
У 1907 г. інстытут займаў невялікі будынак, а ў 1917 г. зяўляўся ўласнікам некалькіх шматпавярховых будынкаў з вялікімі заламі і аўдыторыямі. Былі створаны багатая бібліятэка, кабінеты: фізічны, геалагічны і горназаводскай справы, статыстычны, чыгуначнай, страхавой справы, кабінет гігіены, працавалі лабараторыі сельскагаспадарчага таваразнаўства, хіміі.
Вялікая ўвага ў інстытуце надавалася фундаментальнай падрыхтоўцы. Вывучэнне асноўных тэндэнцыяў развіцця Расійскай імперыі вялося ў кантэксце даследавання гісторыі еўрапейскай і сусветных цывілізацыяў. Вывучаліся англійская, нямецкая, французская мовы, мовы народаў Расійскай імперыі, а таксама сербская, турэцкая, кітайская, японская. Студэнты разам з выкладчыкамі ажыццяўлялі экскурсіі ў прамысловыя цэнтры імперыі.
Наступныя работы Доўнар-Запольскага «Очерк экономического строя Древней Руси» (1909 г.), «История русского народного хозяйства» (1919 г.) заклалі аснову эканамічнай гісторыі ў рускай, беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі. Можна сцвярджаць, што даследчык зяўляецца адным з пачынальнікаў выкладання эканамічнай гісторыі ў ВНУ Расійскай імперыі.
У 1910 г. выйшла першая сінтэтычная праца па айчыннай гісторыі, напісаная з пазіцыяў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.
Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі (1883 – 1938 гг.) нарадзіўся ў засценку Калеснікаў Дзісненскага павета Віленскай губерні. Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнаўца. Член-карэспандэнт Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926 г.), акадэмік АН БССР (1928 г.). З 1902 г. член ППС на Літве, у 1906 – 1908 гг. член БСГ. Сакратар «Нашай Нівы» (1909 – 1914 гг.). Біяграфія В.Ластоўскага – тыповы шлях станаўлення беларускай інтэлігенцыі мяжы ХІХ – ХХ стст. Ён не меў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, але шляхам самаадукацыі кампенсаваў гэты недахоп.
У прадмове да кнігі Ластоўскі растлумачыў, чаму ён узяўся за гэтую працу. На яго думку, «гісторыя – гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу». Праца адметная тым, што ўпершыню наша гісторыя падаецца не як гісторыя «ўсходніх крэсаў» Рэчы Паспалітай або Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, а як гісторыя адметнай і самадастатковай Беларусі.
Аўтарам былі выкарыстаны даследаванні этнаграфічнага, гістарычнага і статыстычнага характару расійскіх, польскіх і беларускіх навукоўцаў, у тым ліку М.В.Каяловіча, Я.Ф.Карскага і М.В.Доўнар-Запольскага, апублікаваныя зборнікі дакументаў. За ўзор даследчык узяў невялікія па абёме нацыянальныя гісторыі Польшчы і Украіны. Ластоўскі стварыў нацыянальную кампіляцыю гісторыі, змест якой вынікаў з палітычных патрэбаў і грунтаваўся на даследаваных гістарычных фактах.
Праца падзелена на пяць перыядаў: 1) ад старажытных часоў да ўцёкаў полацкіх князёў у Літву (1129 г.); 2) ад вяртання полацкіх князёў да смерці Вітаўта (1132 – 1430 гг.); 3) ад смерці Вітаўта да Люблінскай уніі (1430 – 1569 гг.); 4) ад Люблінскай уніі да падзелаў Польшчы; 5) Беларусь пад расійскім панаваннем.
Даследчыкі лічаць «Кароткую гісторыю Беларусі» «рамантызаванай» гісторыяй. Ластоўскі зыходзіў з пазіцыі бяскласавасці гістарычнага працэсу і спрадвечнай дэмакратычнасці беларускага грамадства. Гісторыя Беларусі ім ўспрымалася як гісторыя самаразвіцця грамадскай самасвядомасці, а гэта было звязана з рэлігійнасцю. Даследчык ідэалізаваў грамадскія структуры ХV – ХVІ ст., перабольшваў ролю інтэлігенцыі ў фармаванні нацыі. Відавочна і пэўная мадэрнізацыя гістарычнага працэсу – пошук беларускай дзяржаўнасці ў старажытнарускі перыяд.
Для пачатковага перыяду беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ў цэлым характэрны шэраг памылковых гістарычных палажэнняў. Нельга пагадзіцца з тэзісам Доўнар-Запольскага і Ластоўскага, што Полацкае княства ў ІХ – ХІІ стст. было «зыходным пунктам беларускай дзяржаўнасці». Аўтары адмаўлялі прызванне нарманаў-варагаў на тэрыторыю Беларусі. Таксама Доўнар-Запольскі выказаў думку аб этнічнай «чысціні» крывічоў, якія не спазналі фінскага ўплыву.
Спрэчным зяўляеццам тэзіс аб «дэмакратычным ладзе» Полацкага княства: быццам бы крывічы, дрыгавічы, радзімічы жылі ва ўзаемнай згодзе са сваімі князямі. У якасці доказу Ластоўскі прыводзіць прыклад шанавання Усяслава Брачыславіча мясцовым насельніцтвам, але не раскрывае летапіснае паведамленне аб «пралітай ім крыві».
Першыя нацыянальныя гісторыкі з сімпатыяй ставіліся да Міндоўга. Ластоўскі лічыў, што Рынгольт разам с сынам Міндоўгам былі выхадцамі з «Літоўска-Крывічанскага» княства са сталіцай у Навагародку. Гэта вызначалася этнічным складам мясцовых жыхароў – «ліцвінамі-крывічамі». ВКЛ успрымалася як «Руска-Літоўскае», дзе беларускі этнас меў спрыяльныя ўмовы для развіцця. Але беларуская самастойная гісторыя скончылася са смерцю Вітаўта. Асновай гістарычнай канцэпцыі Літвы стала тэорыя «залатога веку культуры»: 1517 – 1569 гг. (ад выдання ў Празе кніг Бібліі Ф.Скарынай да Люблінскай уніі).
Можна канстатаваць той факт, што беларуская нацыянальная гістарыяграфічная канцэпцыя зарадзілася як канцэпцыя заняпаду беларускага этнасу. Пачынаючы з ХVІІ ст., мінулае Беларусі падавалася як нацыянальная дэзінтэграцыя, спыненне паступовага развіцця і ўмацаванне чужародных для беларусаў элементаў грамадскага развіцця. Быў створаны вобраз народа-пакутніка.
Войны на тэрыторыі Беларусі ў ХVІІ – пачатку ХVІІІ стст. разглядаліся з негатыўных пазіцыяў, бо пасягалі на самастойнасць беларускага этнаса. Паланізацыя і русіфікацыя прывялі да стварэння вобраза ворага (Польшча, Расія), а гэта сведчыла аб моцнай палітызацыі айчыннай гісторыі.