3. Погляды К.Каліноўскага...
^ Вверх
3. Погляды К.Каліноўскага і беларускіх народнікаў на мінулае беларускага народа.

У 30 – 50-я гг. ХІХ ст. сярод прагрэсіўных вучоных, найперш расійскіх і ўкраінскіх, шырылася прызнанне факта існавання самастойнага беларускага этнасу. Сярод іх былі расійскія рэвалюцыянеры-дэмакраты А.І.Герцэн, М.А.Бакунін, М.П.Агароў, М.А.Дабралюбаў. У сваіх праграмах стварэння славянскай федэрацыі яны вызначалі для Беларусі статус, раўнапраўны з Расіяй, Украінай, Польшчай, Чэхіяй.
Справе абуджэння беларускага народа прысвяціў сваё жыццё Кастусь Каліноўскі. Погляды Каліноўскага па беларускім пытанні былі наступнымі: 1) адрозніваў сваю радзіму – Літву-Беларусь – ад Польшчы і Расіі і выступаў за ўтварэнне самастойнай Літоўска-Беларускай рэспублікі; 2) прапагандаваў у «Мужыцкай праўдзе» рэвалюцыйна-дэмакратычныя шляхі вырашэння аграрнага і агульнапалітычнага пытанняў; 3) паказваў істотнае пагаршэнне становішча беларускага сялянства пасля далучэння да Расійскай імперыі; 4) даваў негатыўную ацэнку далучэнню уніятаў да праваслаўя. К.Каліноўскі ацэньваў унію як нацыянальную веру беларускага народа.
У канцы 70 – першай палове 80-х гг. ХІХ ст. істотную ролю ў беларускім нацыянальным руху, распрацоўцы нацыянальнай канцэпцыі гісторыі адыгралі народнікі. У нацыянальным пытанні народнікі зыходзілі з агульных для рэвалюцыйнага народніцтва высноў, закладзеных у 50 – 60-я гг. ХІХ ст. А.І.Герцэнам. У сувязі з абвастрэннем «польскага пытання» ён адстойваў ідэю самавызначэння украінскага і беларускага народаў.
Удзел ураджэнцаў беларускіх губерняў у агульнарасійскім народніцкім руху паклала пачатак афармленню беларускай нацыянальнай ідэалогіі. Адозва «Да беларускай моладзі» (1881 г.) заяўляла пра законныя правы беларускага народа на самастойнае і раўнапраўнае становішча ў «агульнай славянскай сям’і». У 1882 г. выйшла гектаграфаваная брашура «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае» Данілы Баравіка. Аўтар папракаў беларускую інтэлігенцыю ў няведанні ўласнага народа і заклікаў яе пайсці па прыкладзе украінскай, польскай і рускай інтэлігенцыі ў гэтай справе. Даніла Баравік адзначыў інэртнасць беларускай інтэлігенцыі, яе адставанне ад украінскай у справе нацыянальнага «абуджэння», цяжкае становішча беларускай нацыянальнай культуры і нацыянальнай самасвядомасці ў выніку польскага ўплыву. У брашуры раскрыта барацьба праваслаўных брацтваў супраць езуітаў, укараненне уніі сярод народа. Аўтар палічыў ліквідацыю уніяцкай царквы ў 1839 г. «абразай народнай душы», даў адмоўную ацэнку палітыцы русіфікацыі, праводзімай расійскім урадам. Выхад з гэтага становішча мог быць толькі ў абуджэнні ў народа нацыянальнай самасвядомасці.
Шэраг народніцкіх арганізацыяў (Гомель, Орша, семінарская народавольская група ў Мінску) лічылі нацыянальнае пытанне другасным перад задачай сялянскай рэвалюцыі. З іх асяродку выйшла «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884 г.), у якім вызначалася першачарговая задача народнікаў – вывучаць «народныя хваляванні і бунты, сацыяльную структуру і сацыяльныя адносіны».
Члены Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групы «Гоман» у 1884 г. выдалі два нумары гектаграфаванага часопіса «Гоман», дзе ўпершыню абвяшчалася існаванне самастойнага беларускага этнасу як «асобнай галіны славянскага племені» і давалася тэарэтычнае абгрунтаванне гэтага тэзіса. Невядомыя аўтары адзначылі спецыфічныя кліматычныя, прыродна-геаграфічныя ўмовы і асаблівасці беларусаў, у тым ліку адметную мову, якія адрознівалі Беларусь ад Расіі, Польшчы і Украіны. Яны канстатавалі, што беларускі народ адчувае сваё арганічнае адзінства і адрознівае свае інтарэсы ад інтарэсаў «польскіх і вялікарасійскіх», пратэставалі супраць русіфікацыі і паланізацыі беларусаў, выкрывалі рэакцыйнасць поглядаў на беларускі народ «як на нейкі матэрыял для ўсемагчымых эксперыментаў, а не як на жывую народнасць, здольную самастойна распараджацца сабою».
Прадстаўнікі Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групы адстойвалі права Беларусі на федэратыўную самастойнасць у сямі іншых народаў Расіі на прынцыпе свабоднага пагаднення з імі. Становішча Беларусі ў Расійскай імперыі яны ацэньвалі як каланіяльнае, а палітыку царызму – як рэжым выключных законаў, які даваў волю для свавольства мясцовай адміністрацыі. Часопіс «Гоман» паказваў імкненне беларускіх сялян атрымаць зямлю і волю, пацвярджаў гэта паведамленнямі аб іх выступленнях супраць памешчыкаў і ўлады.