2. Роля беларускай літаратуры другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. у станаўленні беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.
Прынцыповае значэнне мела публікацыя ў першай палове 90-х гг. ХІХ ст. у Кракаве і Пазнані зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Францішка Багушэвіча. У прадмове да «Дудкі беларускай» паэт абвясціў пра існаванне самастойнай і паўнацэннай беларускай мовы – не мужыцкай, а «такой жа людскай і панскай, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая», адзначаў шматлікасць беларусаў («Нас не жменька, а шэсць мільёнаў») і слаўнае мінулае Беларусі, калі яна з’яўлялася цэнтрам ВКЛ, акрэсліў абшар, на якім ужывалася беларуская мова («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня»), папярэдзіў свой народ, што, страціўшы родную мову, ён як этнас загіне. «Дудка беларуская» абудзіла да творчай дзейнасці новае пакаленне нацыянальнай інтэлігенцыі, у тым ліку А.Гурыновіча, Цётку, Янку Купалу і іншых, заклала падмурак для развіцця сялянска-народніцкага кірунку ў беларускай літаратуры, які ў пачатку ХХ ст. стаў вызначальным.
Прынцыповае значэнне мела публікацыя ў першай палове 90-х гг. ХІХ ст. у Кракаве і Пазнані зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Францішка Багушэвіча. У прадмове да «Дудкі беларускай» паэт абвясціў пра існаванне самастойнай і паўнацэннай беларускай мовы – не мужыцкай, а «такой жа людскай і панскай, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая», адзначаў шматлікасць беларусаў («Нас не жменька, а шэсць мільёнаў») і слаўнае мінулае Беларусі, калі яна з’яўлялася цэнтрам ВКЛ, акрэсліў абшар, на якім ужывалася беларуская мова («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня»), папярэдзіў свой народ, што, страціўшы родную мову, ён як этнас загіне. «Дудка беларуская» абудзіла да творчай дзейнасці новае пакаленне нацыянальнай інтэлігенцыі, у тым ліку А.Гурыновіча, Цётку, Янку Купалу і іншых, заклала падмурак для развіцця сялянска-народніцкага кірунку ў беларускай літаратуры, які ў пачатку ХХ ст. стаў вызначальным.
Нацыянальна-дэмакратычнымі матывамі прасякнуты творы Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага), напісаныя ў 90-я гг., але апублікаваныя значна пазней («Прамова», «Наш сымболь», «Згадка пра Галубка» і інш.). Пісьменніка глыбока трывожыў лёс роднай мовы і нацыянальнай культуры, існаванню якіх рэальна пагражала ўзмацненне працэсаў асіміляцыі беларусаў. Каганец імкнуўся адрадзіць гістарычную памяць, а на яе падставе – нацыянальную годнасць і свядомасць беларусаў. Дзеля гэтага асвятляў слаўнае мінулае беларускай мовы, забытых легендарных герояў, што вызначыліся ў змаганні за свабоду радзімы, заклікаў да нацыянальна-вызваленчай барацьбы («за родную краіну, звычай і мову, за веру груддзю ставайце»).
Беларускі нацыянальны рух, перш чым палітычна аформіцца, прайшоў літаратурную стадыю свайго развіцця. Адпаведна, першымі даследчыкамі гэтага працэсу былі паэты і пісьменнікі. Сярод іншых можна адзначыць М.Багдановіча. У працы «Белорусское возрождение» ён заўважыў, што «до сих пор в белорусской литературе, как это постоянно встречается у начинающих возрождаться народов, главную роль еще продолжает играть поэзия». Сапраўды, нельга не заўважыць гэтую акалічнасць на прыкладзе творчасці Цішкі Гартнага, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Вось чаму акцэнт у працы робіцца на развіцці беларускай літаратуры, асабліва паэзіі, дзейнасць БСГ разглядаецца праз прызму выдання ёю зваротаў на беларускай мове, значэнне рэвалюцыі 1905 г. ацэньваецца з пункту гледжання легальнага ўжывання беларускай мовы. Паводле словаў аўтара, падчас рэвалюцыі з’явілася надзённая патрэба «…разобраться в окружающей жизни и …лихорадочный спрос на идеологические ценности». Таму на першае месца М.Багдановіч ставіць ролю беларускіх выдавецтваў: «Загляне сонца і ў наша аконца», «Наша хата», «Палачанін». Для беларусаў, якія прызвычаіліся да таго, што іх мова была хамская, было важна, што гэтая мова загучала са старонак «Нашай Нівы». Гэты факт адыграў станоўчую ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага руху.
Творчасць беларускіх літаратараў адыграла выключную ролю на завяршальным этапе станаўлення новай беларускай літаратурнай мовы, у самасцвярджэнні беларускай нацыі, прызнанні яе іншымі народамі. Маладая беларуская літаратура раскрыла пачуцці забытага і прыніжанага «мужыцкага народа», яго імкненне да волі і шчасця, роўнасці. Пры гэтым шырока выкарыстоўваліся гістарычныя тэмы. Гісторыя роднага краю асэнсоўвалася з нацыянальных пазіцыяў, іншы раз, асабліва ў паэзіі, ідэалізавалася.
Янка Купала ў сваёй творчасці зыходзіў з аб’ектыўнасці працэсу ўтварэння народаў, якія фармаваліся ў розных умовах на працягу многіх тысячагоддзяў – кожны са сваімі адвечнымі і адметнымі мовамі, звычаямі, парадкамі, нацыянальнымі праявамі. Народ ён параўноўваў з вялізнай сям’ёй-раднёй. Найбольш важнай адметнасцю народа лічыў мову, «якую вякі ўсвянцілі і ўкаранілі ў ім, на якой ён і яго продкі, з самага пачатку свайго паяўлення на зямлі, узраслі і ўзгадаваліся». Янка Купала не раз адзначаў, што ў гісторыі Беларусі быў перыяд, калі краіна жыла сваім незалежным жыццём, мела сваіх князёў, сваё веча. Пазней, паводле Купалы, Беларусь папала пад уладарства Літвы, але беларуская мова ў той жа час стала мовай «літоўскіх законаў», «урадавым словам». Народ не страціў дзяржаўнасць. ВКЛ Янка Купала называў «Вялікім Літоўска-Беларускім княствам». Заняпад Беларусі ён адносіў да часоў уніі ВКЛ з Польшчай, калі беларуская знаць, «каб заслужыцца на ласку ў польскім урадзе», здрадзіла свайму народу, прыняла польскую мову і культуру, «сталася чужацкай на сваёй беларускай зямлі». Панскі двор і сялянская вёска пачалі гаварыць на розных мовах. Класавыя супярэчнасці паміж панамі і сялянамі набылі нацыянальную афарбоўку. Паэт канстатаваў, што ў Расійскай імперыі на Беларусі да польска-панскага бізуна дабавілася «чыноўніцка-жандарская нагайка». Але народ, паводле слоў Янкі Купалы, «не зацёр сваёй асобнасці, свайго нацыянальнага духу..., хоць і валок на сабе ярмо колькі векавога чужога ўладарства», якое, праўда, надоўга затрымала яго нацыянальнае і культурнае развіццё. У артыкуле «Вера і нацыянальнасць» («Наша Ніва», 1914, №27) Купала адзначаў неспрыяльнае ўздзеянне на працэс станаўлення беларускай нацыі каталіцкага касцёла і праваслаўнай царквы, іх змагання за душу беларуса. У артыкуле падкрэслівалася, што ў беларусаў-каталікоў і беларусаў-праваслаўных «адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне». Найцяжэйшыя часы гісторыі Беларусі паэт звязваў з чужацкім панаваннем і, зыходзячы з гэтага, рабіў выснову, што «толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу» («Беларусь», 1919, №33).