4. Гістарычная публіцыстыка «Нашай Долі» і «Нашай Нівы».
Завяршальны этап барацьбы за прызнанне беларускай нацыі і яе права на самавызначэнне свайго лёсу звязаны з утварэннем і дзейнасцю першай нацыянальнай палітычнай партыі – Беларускай сацыялістычнай грамады (1903 – 1918 гг.). Пры гэтым важную ролю адыгралі навуковыя і навукова-папулярныя працы па гісторыі Беларусі, напісаныя з нацыянальных пазіцыяў. У 1905 – 1907 гг. пад кіраўніцтвам Грамады разгарнуўся шырокі нацыянальна-культурны адраджэнцкі рух, быў створаны нацыянальны перыядычны і кніжны друк.
Завяршальны этап барацьбы за прызнанне беларускай нацыі і яе права на самавызначэнне свайго лёсу звязаны з утварэннем і дзейнасцю першай нацыянальнай палітычнай партыі – Беларускай сацыялістычнай грамады (1903 – 1918 гг.). Пры гэтым важную ролю адыгралі навуковыя і навукова-папулярныя працы па гісторыі Беларусі, напісаныя з нацыянальных пазіцыяў. У 1905 – 1907 гг. пад кіраўніцтвам Грамады разгарнуўся шырокі нацыянальна-культурны адраджэнцкі рух, быў створаны нацыянальны перыядычны і кніжны друк.
У 1906 – 1915 гг. цэнтрам беларускага нацыянальна-адраджэнцкага руху з’яўляліся газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва».
Першым легальным органам нелегальнай БСГ стала газета «Наша Доля», якая выдавалася ў Вільні з верасня па снежань 1906 г. З шасці нумароў чатыры былі канфіскаваны паліцыяй. За першы, трэці і чацвёрты нумары газета была забаронена. Назва газеты сведчыла аб працяглай маргіналізацыі беларусаў і пасіўнасці свайму лёсу ніжэйшых слаёў грамадства і інтэлігенцыі.
У першым перадавым артыкуле «Да чытачоў» Івана Тукеркеса была абвешчана праграма «нацыянальнага абуджэння». Адсутнасць свабоды ў Расійскай імперыі прывяла да цемры і голаду беларускіх сялян. Паколькі свабода магла быць забяспечана толькі праз адукацыю і асвету, таму неабходна развіваць беларускае асветніцтва, «каб пазбавіцца нацыянальнай летаргіі».
Палітычны характар штотыднёвіка характарызуецца адзінствам палітычных і нацыянальных інтарэсаў яго выдаўцоў і рэдакцыйнай калегіі, што праявілася ў выкарыстанні тэрмінаў «беларускі народ», «беларуская нацыя». «Наша Доля» вызначалася ўжываннем простай мовы, празрыстай структурай сказаў і дыялогаў.
Важнай тэмай, якая стала прадметам абмеркавання на старонках «Нашай Долі», была дзейнасць І-й Дзяржаўнай думы. У артыкулах «Кандыдаты ад Вільні», «Якая будзе Дума?», «Што будзе?», «Авечы агітатар», «Пагром» раскрываліся думскія дэбаты і пазіцыя дэпутатаў ад беларускіх губерняў.
Агульны характар штотыднёвіка сведчыў аб сацыял-дэмакратычнай пазіцыі яе выдаўцоў і аўтараў. Яны выступалі за перадачу зямлі сялянам, арганізацыю рабочых саюзаў, лічылі неабходным стварыць супольнасці беднаты – «мужыцкія саюзы». Доля матэрыялаў, прысвечаных беларускай тэматыцы, складала невялікую частку ад агульнай колькасці публікацыяў. «Наша Доля» была адрасавана адукаванай частцы гарадскога насельніцтва, тым, хто мог пераказаць змест артыкулаў непісьменным сялянам.
Пасля закрыцця ўладамі «Нашай Долі» лідэры БСГ (браты І. і А.Луцкевічы, У.Уласаў, В.Іваноўскі, А.Пашкевіч і інш.) сталі выдаваць штотыднёвую газету «Наша Ніва», якая друкавалася ў Вільні з лістапада 1906 г. да жніўня 1915 г. Выданне мела нацыянальна-асветніцкі характар, яе рэдактары імкнуліся «запаліць святло ў цемры» і «данесці навуку людзям». Змест штотыднёвіка складаўся з наступных рубрык: інфармацыя, спосабы правядзення вольнага часу, палітыка і культура, гісторыя і сучаснасць. Толькі за тры гады (1906 – 1909 гг.) у газеце было надрукавана 906 паведамленняў з 489 вёсак і мястэчак Беларусі. Але выданне нельга лічыць масавым – у 1911 г. наклад быў 3 тыс. паасобнікаў.
Нацыянальная гісторыя з’яўлялася галоўнай тэмай, якая дамінавала ва ўсіх нумарах штотыднёвіка. Ужо ў другім нумары на тытульнай старонцы на фоне руінаў Наваградскага замка рэдактары «Нашай Нівы» пісалі пра каранацыю Міндоўга ў 1252 г., пра пачаткі ВКЛ, пра першую сталіцу гэтай дзяржавы. Цікава, што аўтары ўпаміналі вялікага «песняра нашага краю» Адама Міцкевіча.
Таксама ў газеце друкаваліся матэрыялы па ўсеагульнай гісторыі, гісторыі літаратуры, этнаграфіі, мастацтву, гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху. Напрыклад, ананімны артыкул «Сымон Канарскі» (1907 г.), нарысы А.Пагодзіна «Колькі слоў аб нацыянальным адраджэнні забытага народу» (1908 г.), «Владыслаў Сыракомля» (1908 г.), артыкулы Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне» (1909 г.), Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор» (1911 г.), В.Ластоўскага «З мінуўшчыны горада Быхава» (1911 г.), «Людвіг Кандратовіч» (1912 г.), «Хроніка ВКЛ» (1914 г.).
Аўтары гістарычных публікацыяў лічылі, што родная мова – самы кароткі шлях да культурнасці беларусаў, а ХІХ ст. і расійская ўлада не прынеслі ім нічога карыснага. Рэдактар-выдавец У.Уласаў выказаў у 1908 г. думку, якая стала ў наступным гістарыяграфічнай традыцыяй: «беларуская нацыя – зона перакрыжавання станоўчых рысаў памежных нацыяў». Негатыўныя іх якасці не знайшлі ўкаранення сярод беларусаў. Канцэпцыя атрымала распрацоўку ў працах Ігната Абдзіраловіча (1921 г.) і Уладзіміра Конана (1992 г.).
На старонках «Нашай Нівы» публікавалася, а ў 1910 г. выйшла асобным выданнем «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага – важная вяха ў станаўленні нацыянальнай гістарыяграфіі. Пры рэдакцыі «Нашай Нівы» намаганнямі І.Луцкевіча быў арганізаваны Беларускі музей. Дзякуючы штотыднёвіку раскрыліся літаратурныя таленты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага і іншых беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў і крытыкаў.
У цэлым у развіцці беларускай палітычна-гістарычнай публіцыстыкі пачатку ХХ ст. можна вызначыць чатыры тэндэнцыі: 1) аналіз гісторыі беларусаў з пазіцыяў самаабароны. Мінулае разглядалася не ў форме працэса гістарычнага развіцця, а як выпакутаная з’ява. Праблемы нацыянальнага руху разглядаліся праз развіццё асветы. Галоўную задачу газета «Наша Ніва» бачыла ў барацьбе за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа. Шмат увагі яна надавала тэарэтычнаму і гістарычнаму абгрунтаванню права беларусаў на захаванне і развіццё сваёй мовы і нацыянальнай культуры. Газета паслядоўна выкрывала рэакцыйную палітыку царызму на Беларусі, пратэставала супраць падзелу яго па веравызнанні на «рускіх» і «палякаў». Яна настойліва патрабавала ўвядзення ў школу, царкву і касцёл на Беларусі беларускай мовы; 2) палітызацыя гісторыі Беларусі. Цікавасць да мінулага была выклікана не патрэбамі гістарычнай навукі, а палітычнай сітуацыяй; 3) адсутнасць у гістарычных даследаваннях агульнапрынятай тэрміналогіі, акрамя паняццяў «нацыя», «нацыяналізм», «патрыятызм»; 4) гістарычна-філасофскай асновай гістарычнага працэса аўтары публікацый лічылі хрысціянскую тэалогію. Працэс развіцця беларускага народа параўноўваўся з пакутніцкім шляхам Ісуса Хрыста.