ПРАДМЕТ І ЗАДАЧЫ ВЫВУЧЭННЯ ФАНЕТЫКІ.
ПАНЯЦЦЕ СІСТЭМЫ Ў ФАНЕТЫЦЫ
Фанетыка (ад грэч. phoneticos — гукавы) — раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца гукавая сістэма мовы.
Аб'ектам вывучэння ў фанетыцы з`яўляюцца не толькi гукi, але i больш шырокае паняцце — гукавы лад мовы, куды разам з гукамi ўваходзяць i такiя фанетычныя адзiнкi, як фраза, моўны такт, фанетычнае слова, склад, нацiск.
Фраза — самая буйная фанетычная адзiнка, якая мае завершаную iнтанацыю i адмяжоўваецца ад iншых фраз паўзай.
Напрыклад, тэкст
Днi прабягаюць || i гады сплываюць || хвiлiны часам прамiгцяць || а боль жыве || i сэрцам адчуваю | што жыць заўсёды будзе да канца || (У.Караткевiч)
члянiцца на пяць фраз, раздзеленых паўзамi (мiжфразавыя паўзы абазначаюцца дзвюма вертыкальнымi рыскамi). Фразу нельга атаясамлiваць са сказам. Фраза — фанетычная адзiнка, а сказ — граматычная. Яны i лiнейна могуць не супадаць. Так, у прыведзеным вышэй прыкладзе тэкст члянiцца на пяць фраз, але семантыка сiнтаксiчна гэта адзін сказ.
У сваю чаргу, фраза члянiцца на моўныя такты (сiнтагмы) — гэта частка фразы, абмежаваная кароткiмi паўзамi i незакончанай iнтанацыяй. Межы сiнтагмы вызначаюцца ў кожным канкрэтным выказваннi. Аднолькава абгрунтавана адно i тое ж выказванне можна падзялiць на розную колькасць сiнтагм або на розныя сiнтагмы.
Напрыклад, вышэйпрыведзеная фраза можа члянiцца па-рознаму на сiнтагмы (паўзы памiж сiнтагмамi абазначаюцца адной вертыкальнай рыскай).
1) І сэрцам | адчуваю | што жыць | заўсёды будзе | да канца ||
2) І сэрцам адчуваю | што жыць заўсёды | будзе да канца ||
Сiнтагма падзяляецца на фанетычныя словы — часткi моўнага такту, аб`яднаныя адным нацiскам. У тэксце столькi фанетычных слоў, колькi нацiскаў. Фанетычнае слова можа адпавядаць аднаму або некалькiм лексiчным словам. Так, у фразе І сэрцам адчуваю | што жыць заўсёды будзе да канца дзевяць лексiчных слоў, але шэсць фанетычных — нацiск аб`ядноўвае службовыя i самастойныя часцiны мовы ў адно фанетычнае слова.
Словы падзяляюцца на склады, а склады на гукi (сегментныя адзiнкi мовы).
Усе фанетычныя адзiнкi звязаны памiж сабой i ўтвараюць сiстэму: фраза складаецца з некалькiх тактаў, такт — з некалькiх слоў, склад — з аднаго або некалькiх гукаў. Такты i фразы аб'ядноўваюцца ў цэлае пры дапамозе нацiску i iнтанацыi.
Вывучэнне сiстэмы гукаў беларускай мовы ўяўляе адну з асноўных задач фанетыкi. Самая малая фанетычная адзiнка — гук (сегментная адзiнка мовы). Гукi мовы маюць тры ўласцiвасцi: акустычную (грэч. akustikos — слыхавы), артыкуляцыйную (грэч. artuculare — выразна вымаўляюць) i функцыянальную.
Як і ўсе іншыя гукі ў прыродзе, гукі мовы з'яўляюцца фізічнай з'явай. Яны — вынік своеасаблівых вагальных рухаў пругкага асяроддзя ў маўленчым апараце чалавека, таму, як і іншыя прыродныя гукі, яны маюць частату, працягласць, сілу, тэмбр. Фізічныя якасці гукаў даследуе раздзел фізікі — акустыка, таму гэты аспект вывучэння гукаў мовы называецца акустычным.
Гукі мовы адрозніваюцца ад іншых гукаў тым, што яны ўтвараюцца ў выніку работы маўленчых органаў чалавека, ці інакш артыкуляцыі. Значыць гукі могуць разглядацца як з'ява фізіялагічная. Апісанне гукаў мовы з пункту гледжання іх утварэння – рухаў органаў маўлення, неабходных для ўтварэння гукаў, складае артыкуляцыйны, ці фізіялагічны, аспект іх вывучэння.
Дзякуючы сваім акустычным і артыкуляцыйным уласцівасцям, гукі адпаведным чынам жывуць і працуюць, ці інакш — функцыяніруюць у мове. З гукаў утвараюцца словы, па гуках словы пазнаюцца і адрозніваюцца. Разгляд гукаў з боку іх функцый у мове складае функцыянальны, ці ўласна лінгвістычны, аспект.
Гэтыя ўласцiвасцi залежаць адна ад адной: акустычная ўласцiвасць гука — ад артыкуляцыi, функцыя абумоўлiваецца артыкуляцыйнымi i акустычнымi ўласцiвасцямi. Аднак памiж iмi ёсць адрозненне: гукаўтварэнне — гэта прыродная, фiзiялагiчная ўласцiвасць чалавека, развiтая ў працэсе моўных зносiн, а функцыя гука — гэта ўласцiвасць, якая ўзнiкла ў чалавечым грамадстве.
Сярод лiнгвiстычных дысцыплiн фанетыка займае асаблiвае месца. Гэта выклiкана ў першую чаргу тым, што яна адна з галiн у мовазнаўстве, якая вывучае выключна вусную мову. Усе астатнiя пераважна зарыентаваны на яе пiсьмовую форму.
Неабходнасць вывучэння фанетыкi вiдавочная: яна цесна звязана з лексiкалогiяй, таму што аб'екты яе вывучэння — гукi мовы — з'яўляюцца будаўнiчым матэрыялам для слоў. Звязана яна i з арфаэпiяй, бо толькi ведаючы фанетычныя асаблiвасцi гукаў, можна авалодаць правiльным вымаўленнем. Засваенне правiл арфаграфii будзе больш эфектыўным, калi ведаць сутнасць фанетычнага прынцыпу беларускага правапiсу. Пры вывучэннi фанетычнага ладу мовы i гукавых змен выпрацоўваюцца навыкi практычнага карыстання вуснай i пiсьмовай формамi лiтаратурнай мовы, засвойваюцца прыёмы квалiфiкаванага выпраўлення памылак у мове асобных людзей.
Пытаннi для самаправеркi
- Што ўваходзiць у паняцце “фанетычныя адзiнкi мовы”?
- Што такое фраза, моўны такт, фанетычнае слова?
- У чым рознiца пры чляненнi тэкста на фразы i на моўныя такты (сiнтагмы)?
Заданнi да практычных заняткаў
1. Падзялiце тэкст на фразы i сiнтагмы. Вызначце, што бярэцца пад увагу пры выдзяленнi фразы i сiнтагмы. Ахарактарызуйце фразу i сiнтагму як фанетычныя адзiнкi. Скажыце, у якiх выпадках яны супадаюць.
У небе спяваў жаўранак. Людзi, пачуўшы гэты дзiўны спеў, спынялiся i, задраўшы галовы, ссунуўшы зiмовыя шапкi на патылiцы, намагалiся адшукаць яго ў яркiм вясновым блакiце, якi сляпiў вочы. Жаўранкавым спевам звiнела ўсё навокал у гэты незвычайны дзень, першы такi ясны i цёплы пасля зiмы. Хоць быў канец сакавiка, а сонца пякло, як у маi, i “ўкраiнскi” ветрык, як тут называлi вецер з поўдня, прыносiў не халодную вiльгаць прадвесня, а духмяную цеплыню сапраўднай вясны, водар разагрэтай сонцам зямлi. (І.Шамякiн)
2. Прачытайце тэкст. У кожнай фразе вызначце фанетычныя словы. Ахарактарызуйце фанетычнае слова як асобную фанетычную адзiнку. Што неабходна ўлiчваць пры выдзяленнi фанетычнага слова?
Увесь дзень пякло, прыпарвала, а пад вечар прагрымела навальнiца. Яна была iмклiвая i кароткая. Дождж нават не асвяжыў паветра, не прыбiў пылу на прасёлках. І хоць сонца апусцiлася ў хмары, што пачыналi зноў згушчацца на захадзе, было душна, як i раней, над зямлёй быццам навiсаў невiдочны цяжар, i павевы ветру, насычаныя пахамi расцвiўшай грэчкi i свежаскошанага сена, былi густыя, цягучыя. (Т.Хадкевiч)
3. Спiшыце тэкст. Назавiце фразы, сiнтагмы i фанетычныя словы. Словамi якiх часцiн мовы з`яўляюцца ненацiскныя лексiчныя адзiнкi, што ўваходзяць у склад фанетычных слоў?
З калыскi верыў я сваёй зямлi,
Што нарадзiўся
пад шчаслiвай зоркай, —
Не надта шчодрыя на хлеб палi,
Затое для душы —
лясы, узгоркi.
(С.Законнiкаў)