ГУКІ МОВЫ. АСПЕКТЫ ВЫВУЧЭННЯ ГУКАЎ МОВЫ. КЛАСІФІКАЦЫЯ ГУКАЎ МОВЫ
^ Вверх

ГУКІ МОВЫ. АСПЕКТЫ ВЫВУЧЭННЯ ГУКАЎ МОВЫ. КЛАСІФІКАЦЫЯ ГУКАЎ МОВЫ 

Гук — найдрабнейшы моўны элемент, моўная адзiнка, якую мы вылучаем пры падзеле слова. Гукi мовы вывучаюцца з трох бакоў:

1) з фiзiялагiчнага — г.зн. з боку ўтварэння артыкуляцыi: якiя органы мовы прымаюць удзел ва ўтварэннi гукаў. Органы мовы, пры дапамозе якiх утвараюцца гукi, складаюць моўны апарат. Сама назва “моўны апарат” умоўная, паколькi органы мовы не з'яўляюцца спецыяльным апаратам, прызначаным толькi для мовы: усе органы, якiя ўваходзяць у яго склад, выконваюць пэўныя фiзiялагiчныя функцыi.

Моўны апарат складаецца з наступных частак:

— дыхальнага апарату;

— гартанi з галасавымi звязкамi;

— надгартаннай поласцi, або  надстаўнай трубы, г.зн. поласцi рота i носа;

— органоў маўлення.

Роля дыхальнага апарату ў працэсе ўтварэння гукаў заключаецца ў тым, што ён як бы нагнятае паветра ў лёгкія, а затым выпускае яго адтуль праз горла ў гартань і далей у поласць рота, ствараючы паветраны струмень, без якога нельга вымавіць ніякага гука.

З лёгкіх праз бронхі і трахею выдыхаемы паветраны струмень трапляе ў верхнюю расшыраную частку трахеі – гартань, у якой размешчаны галасавыя звязкі, якія ўяўляюць сабой два нацягнутыя папярок гартані мускулы, пакрытыя злучальнай тканкай. Пры фізіялагічным дыханні галасавыя звязкі знаходзяцца ў спакойным, расслабленым стане, галасавая шчыліна адкрыта і праз яе свабодна праходзіць паветра. Прыблізна ў такім жа становішчы знаходзяцца галасавыя звязкі і пры вымаўленні глухіх зычных гукаў. Пры ўтварэнні голасу галасавыя звязкі напружаны, а галасавая шчыліна максімальна звужана або закрыта зусім. Пад уздзеяннем струменя паветра, які пераадольвае перашкоду, адбываюцца рытмічныя ваганні галасавых звязак. Так утвараецца музыкальны гук — тон. Тон патрэбны для вымаўлення галосных, санорных і звонкіх зычных.

Поласць глоткі — гэта вузкі пераход (у выглядзе трубкі), які вядзе з гартані ў поласць рота і носа. Поласць глоткі як рэзанатар рэгулюе гучнасць гукаў.

З глоткі выдыхаемы струмень паветра трапляе ў поласць рота. Спераду поласць рота абмежавана верхняй і ніжняй губой, верхнімі і ніжнімі зубамі. Верхняй мяжой поласці рота з'яўляецца паднябенне. Пярэдняя частка паднябення называецца цвёрдым паднябеннем, а задняя — мяккім паднябеннем. Мяккае паднябенне, якое заканчваецца язычком, рухомае; яно можа падымацца і закрываць пераход у насавую поласць. Дзякуючы гэтаму ўтвараюцца гукі ненасавыя, а ротавыя, чыстыя,  напрыклад,  [а],  [з],  [в],  [д],  [і]  і  інш.  Калі  ж  яно апускаецца, паветраны струмень пападае ў поласць носа. У гэтым выпадку насавая поласць надае гукам спецыфічную насавую афарбоўку. У беларускай мове так утвараюцца насавыя гукі [м], [н].

У поласці рота знаходзіцца самы рухомы орган мовы — язык. У языку адрозніваюць кончык, корань, спінку. Спінка падзяляецца на пярэднюю, сярэднюю і заднюю часткі. Рухомай часткай поласці рота з'яўляецца і ніжняя сківіца. У поласці рота ствараецца адрозненне паміж галоснымі і зычнымі гукамі. Напрыклад, пры вымаўленні гукаў [д], [т], [з], [с] кончык языка рухаецца ў напрамку зубоў, пры вымаўленні гукаў [ж], [ш], [ч] да альвеол (бугаркоў, якія знаходзяцца каля карэнняў верхніх зубоў). Спінка языка можа набліжацца да верхняга нёба, напрыклад, пры вымаўленні гукаў [з'], [й], [к'].

Зубы (самастойна ці разам з языком) могуць ствараць перашкоды пры выхадзе паветра з поласці рота, у выніку чаго ўтвараюцца дадатковыя шумы, як, напрыклад, пры вымаўленні гукаў [з], [с], або выбухі, як, напрыклад, пры вымаўленні гукаў [д], [т].

Губы належаць да рухомых органаў і могуць змыкацца і размыкацца ў працэсе мовы, як пры вымаўленні гукаў [б], [п], [м], або разам з верхнімі зубамі ўтвараюць шчыліну, як пры вымаўленні [в], [ф], ці ўтвараюць шчыліну без удзелу іншых органаў, як пры вымаўленні [у], [ў], [о].

Вялікую ролю ў рабоце моўнага апарата адыгрывае цэнтральная нервовая сістэма, звязаная з дзейнасцю галаўнога мозга. Яна з’яўляецца кіруючым органам, без якога не можа існаваць мова наогул, як і чалавечае мысленне.

2) з акустычнага (фiзiчнага), г.зн. з боку якасцi гукаў. Характэрнай прыметай кожнага гука з`яўляецца яго вышыня, сiла, тэмбр, працягласць.

Вышыня гука залежыць ад частаты ваганняў галасавых звязак. Чым большая частата ваганняў, тым вышэйшы гук.

Сiла гука залежыць ад сiлы ўздзеяння выдыхаемага паветра на органы мовы.

Тэмбр гука залежыць ад формы i аб`ёму рэзанатара — поласцей глоткi, рота, носа, дзе ўтвараюцца дадатковыя шумы.

Працягласць гука вызначаецца працягласцю ваганняў органаў моўнага апарата.

3) з функцыянальнага (лiнгвiстычнага), г.зн. з боку таго, якую ролю адыгрываюць гукi ў мове: служаць для адрознення лексем, утвараюць пэўную сiстэму, падлягаюць пэўным фанетычным законам.

Гукi беларускай мовы па характару вымаўлення i iх якасцi падзяляюцца на галосныя i зычныя. Асноўнае артыкуляцыйнае  адрозненне памiж галоснымi i зычнымi — гэта наяўнасць або адсутнасць пры ўтварэннi гукаў перашкоды на шляху выдыхаемага паветра. Галосныя гукі ўтвараюцца пры адсутнасці якой-небудзь перашкоды на шляху паветранай плыні і з абавязковым удзелам галасавых звязак. Пры ўтварэннi зычных на шляху выдыхаемага паветра ўзнiкае перашкода ў вынiку поўнага цi частковага змыкання тых цi iншых органаў мовы.

Артыкуляцыяй вызначаюцца i акустычныя адрозненнi памiж галоснымi i зычнымi. Галосныя гукi складаюцца з голасу. Зычныя гукi складаюцца з голасу i шуму або толькi з шуму.

Падзел гукаў на галосныя i зычныя мае таксама i функцыянальную аснову:

1) галосныя гукi з`яўляюцца складаўтваральнымi, а зычныя складоў не утвараюць;

2) галосныя могуць знаходзiцца пад нацiскам, а зычныя свайго націску не маюць;

3) галосныя маюць большыя спалучальныя магчымасцi: яны дапускаюць пасля сябе любы гук, зычныя ж абмежаваны ў спалучэннях з наступнымi гукамi;

4) зычныя ў большай ступенi, чым галосныя, валодаюць словаадрознiвальнай функцыяй. Гэта найперш звязана з тым, што зычных значна больш, чым галосных.

Акрамя таго, зычныя самi па сабе больш iнфарматыўныя. Па зычных можна лёгка распазнаць тое ці іншае слова (напрыклад, кг, дм, см).