Гiстарычныя чаргаваннi гукаў
Апрача пазiцыйных чаргаванняў, у сучаснай беларускай мове адзначаюцца i гістарычныя чаргаваннi. гiстарычнымi гэтыя чаргаваннi называюцца таму, што змены гукаў у словах адбываюцца на аснове законаў, якiя дзейнiчалi ў агульнаславянскi, агульнаўсходнеславянскi, старажытнабеларускi перыяды. Дзеянне гэтых законаў спынiлася даўно.
Асноўнымi гiстарычнымi чаргаваннямi зычных гукаў лiчацца наступныя:
1. Чаргаваннi заднеязычных з шыпячымi:
[г] - [ж] — даро[г]а — даро[ж]ны;
[к]- [ч] — ра[к]а — ра[ч]ны;
[х]- [ш] — стра[х] — стра[ш]ыць.
Гэтае чаргаванне — вынiк першай палаталiзацыi заднеязычных. Сутнасць першага памякчэння заднеязычных у тым, што гукi [г], [к], [х] у спалучэннi з [j] перад галоснымi пярэдняга рада пераходзiлi ў шыпячыя [ж], [ч], [ш].
2. Чаргаванне заднеязычных са свiсцячымi:
[г] - [з'] — на[г]а — на[з']е;
[к] - [ц] — ру[к]а — у ру[ц]э;
[х] - [с'] — стра[х]а — на стра[с']е.
Гэтае чаргаванне — вынiк другой палаталiзацыi заднеязычных. Другая палаталiзацыя адбылася перад [i], [е], якiя развiлiся з дыфтонгаў [оі], [аі]. У гэтых умовах [г], [к], [х] пераходзiлi ў [з'], [ц], [с'].
3. Чаргаваннi зубных з шыпячымi:
[з] - [ж] — гру[з]iць — гру[ж]у;
[с] - [ш] — пi[с]аць — пi[ш]у;
[д] - [дж] — са[д]ы — са[дж]у;
[т] - [ч] — све[т] — свя[ч]у.
У мiнулым зубныя ў спалучэннi з [j] палаталiзавалiся i змянiлiся на мяккiя шыпячыя. Вынiк гэтага працэсу — чаргаванне зубных з шыпячымi.
4. Чаргаванне губных зычных [б], [п], [в], [ф], [м] са спалучэннем “губны + [л']”, якое ўзнiкла на месцы старажытнага спалучэння “губны + [j]”:
[б] - [бл] — лю[б']iць — лю[бл']ю;
[п] - [пл'] — сы[п]аць — сы[пл']ю;
[в] - [ўл'] — сла[в']iць — сла[ўл']ю;
[ф] - [фл'] — гра[ф']iць — гра[фл']у;
[м] - [мл'] — кар[м']iць — кар[мл']у.
У гэтым чаргаванні адлюстравана старажытная з'ява ператварэння спалучэнняў «губны + [j] у спалучэнні “губны + [л’]
5. Чаргаванне [л] — [ў]: пiса[л]а — пiса[ў], купi[л]а — купi[ў].
Найбольш пашыранымі беларускай літаратурнай мовы з'яўляюцца наступныя гістарычныя чаргаванні галосных гукаў:
[а] - [у] — в'[а]жу — в[у]зел;
[а] - [э] — л[а]зiць — л'[э]зцi;
[э] - [о] — тр[э]сцi — тр[о]с;
[э] - [о] - [а] — тр[э]сцi — тр[о]с — тр[а]сцi;
[о] - [у] - [ы] — с[о]хнуць — с[у]хi — выс[ы]хаць;
[о] - [ы] (у складах ро, ло, ры, лы) — к[ро]ў — к[ры]вавы, г[ло]тка — г[лы]таць ;
[у] - [ы] — сл[у]хаць — сл[ы]х;
[о] - [а] - [э] — нуль гука: аг[о]нь — агню; ж[а]ць — жну; дз[э]нь — дня; гэта чаргаванне ўзнiкла пасля страты рэдукаваных галосных ъ i ь (“ёр” i “ер”), якiя маглi ўжывацца ў моцнай: сънъ (сон), дьнь (дзень) i слабой: съну (сну) дьня (дня) пазiцыях, а затым засталiся толькi ў моцнай пазiцыi, над нацiскам. Галосныя [о], [а], [э], якiя чаргуюцца з нулём гука, называюцца беглымi галоснымi.
Існуе i шэраг чаргаванняў галосных са спалучэннямі гукаў, у склад якiх уваходзяць галосны i зычныя:
[а] - [iн(ын)], [iм(ым)]: м'[а]ць — разм[iн]аць;
[ы] - [ый] - [ов(оў)]: кр[ы]ць — кр[ы]ю — пакр[ов]ы;
[ы] - [ыв(ыў)] - [а]: пл[ы]ць — пл[ыв]ец — пл[а]ваць.
Шматлiкiя гiстарычныя змены гукаў абумовiлi фанетычныя асаблiвасцi беларускай мовы i вызначылi яе асобнае месца ў шэрагу iншых славянскiх моў.
Пытаннi для самаправеркi
- Якiя чаргаваннi галосных i зычных гукаў называюцца гiстарычнымi? Абгрунтуйце свой адказ.
- Чаму пры фанетычным аналiзе слоў не ўлiчваюцца гiстарычныя чаргаваннi гукаў?
- У чым сутнасць 1-ай i 2-ай палаталiзацыi заднеязычных?
- Да якога тыпу змен — пазiцыйных цi гiстарычных — адносяцца чаргаваннi зычных [в], [л] з [ў]?
- У якiх выпадках [л] не пераходзiць у [ў] ?
- Пры якiх фанетычных умовах галосны [у] чаргуецца i не чаргуецца з [ў]?
- Прывядзiце па 4-5 прыкладаў гiстарычных чаргаванняў зычных наступных тыпаў: губны — губны + [л], зубны — шыпячы, заднеязычны шыпячы?
Заданнi да практычных заняткаў
1. Затранскрыбiруйце словы i вызначце тып чаргаванняў зычных гукаў у прыведзеных словах. У чым рознiца пазiцыйных i гістарычных чаргаванняў?
Дарога — на дарозе, касiць — касьба, касiць — кашу, лётаць — лётчык, любiць — люблю, малацiць — малацьба, мост — мосцiк, стог — стагi, стог — стажок.
2. Затранскрыбiруйце нiжэйпрыведзеныя словы i вызначце характар гiстарычных чаргаванняў галосных гукаў. Растлумачце, чаму гэтыя чаргаваннi галосных гукаў адносяцца да гiстарычных.
Донца — дно, кашалёк — кашалька, рубель — рубля, вецер — ветру, свет — свецiць, проблеск — бляск, несцi — нёс — ноша, збiраць — збяру — сабраць, бiць — бой — б`ю, кiснуць — квас, жаць — жну.
3. Падбярыце да слоў аднакарэнныя словы цi формы слоў спачатку з пазiцыйнымi, а потым з гiстарычнымi чаргаваннямi галосных гукаў.
Пояс, сохнуць, сорт, нораў, рэзаць.
4. Перакладзiце словы на беларускую мову, растлумачце ўзнiкненне гука [ ў ].
Завтра, лауреат, равенство, сторож, авторитет, аудиенция, аукцион, вторник, молча, шедевр, долг, равнина.
5. Запiшыце па тры пары слоў з гiстарычнымi чаргаваннямi [о]: нуль нука; [э] : [о]; [э] : [i].
6. Затранскрыбiруйце тэкст i выпiшыце словы, у якiх адбылiся пазiцыйныя i гiстарычныя чаргаваннi галосных i зычных гукаў.
Зiма падыходзiла к канцу. Трымалi яшчэ маразы, i падаў снег, але ўдзень так прыгрывала сонца, што ў зацiшках раставала. Першыя кволыя сасулькi павiслi пад стрэхамi. Былi яны вельмi тонкiя, кароценькiя, але падрасталi з кожным сонечным днём. Паглыбела неба, вечарамi гэта асаблiва было прыкметна. Цёмна-сiняе, яно пачало адлiваць нейкiм зялёным адценнем. Папрыгажэлi ранiшнiя зоры, нiбы памаладзелi, i пачалi ярчэй ззяць (А.Чарнышэвiч).