6. Сістэма права і сістэма заканадаўства
^ Вверх

6. Сістэма права і сістэма заканадаўства

 

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах», які быў прыняты ў 2000 г., заканадаўства азначаецца як сістэма нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны. У сваю чаргу, сістэму заканадаўства, як уяўляецца, гэтаксама, як і сістэму права, можна азначыць праз ­адзінства нарматыўных прававых актаў, а таксама іх падзел на нейкія структурныя часткі. Адзінства сістэмы заканадаўства вызначаецца найперш тым, што сістэма нарматыўных прававых актаў фармуецца пераважна дзяржавай, ствараецца адзінай сілай (дзяржавай) і падрымліваецца ў працоўным стане гэтай самай сілай. Адзін­ства дзяржаўнай волі забяспечвае адзінства сістэмы заканадаўства.

Паколькі ўсе дзеючыя ў грамадстве нормы права выкладаюцца ў некалькіх крыніцах права (прававы прэцэдэнт, прававы звычай і г. д.), то ва ўсёй сістэме нарматыўных прававых актаў, г. зн. сістэме заканадаўства, фармулюецца (змяшчаецца) толькі частка дзеючых у грамадстве норм права, тая частка норм права, якія «апрануты» ў форму самых розных відаў нарматыўных прававых актаў. Разам з тым, у нарматыўных прававых актах побач з правіламі паводзін, якія разлічаны на дакладна неакрэсленае кола асоб і неаднаразовае прымяненне, змяшчаюцца і нарматыўныя прадпісанні індвідуальнага прававога характару. З савецкіх часоў юрыдычная навука карыстаецца дактрынальным правілам, згодна з якім да нарматыўных прававых актаў адносяцца такія акты-дакументы, якія выдаюцца кампетэнтнымі органамі дзяржавы і службовымі асобамі, у якіх утрымліваецца (змяшчаецца) хаця б адна норма права. Дадзеныя акты-дакументы таксама ўключаюцца ў склад паняцця «сістэма заканадаўства».

Сказанае дазваляе сфармуляваць (паказаць) суадносіны паміж сістэмай права і сістэмай заканадаўства наступным чынам. Паміж сістэмай права і сістэмай заканадаўства існуе адзінства, але існуе і несупадзенне.

Адзінства паміж адзначанымі сістэмамі назіраецца ў тым, што сістэма заканадаўства з’яўляецца знешняй формай існавання сістэмы права. Без сістэмы заканадаўства і акрамя сістэмы заканадаўства большасць сучасных дзеючых сістэм права існаваць не ў стане. Праз знешнюю форму свайго існавання сістэма права аказвае ўздзеянне на грамадскія адносіны, у сістэме заканадаўства яна знаходзіць сваё ўвасабленне.

Сістэма права і сістэма заканадаўства не супадаюць найперш па аб’ёму. Яны перасякаюцца. Супадзенне па аб’ёму назіраецца толькі ў той частцы, у якой дзеючыя ў грамадстве нормы пазітыўнага права фармулююцца менавіта ў нарматыўных прававых актах. Сістэма права без сістэмы заканадаўства не будзе поўнай, а ў рамана-германскай прававой сям’і сістэму права без сістэмы заканадаўства ўвогуле цяжка ўявіць.

У сістэмы права і сістэмы заканадаўства розныя першасныя элементы. Першасным элементам сістэмы права з’яўляецца норма права, а першасным элементам сістэмы заканадаўства – нарматыўны прававы акт. А паколькі норма права і нарматыўны прававы акт – гэта шчыльна знітаваныя, але ўсё ж розныя прававыя рэаліі, якія маюць розную прыроду і розны набор сутнасных і якасных прымет, то яны маюць розныя структурныя і функцыянальныя сувязі і аб’ядноўваюцца ў розныя структуры. Для сістэмы заканадаўства характэрна вертыкальная структура, якая складаецца пад уздзеяннем юрыдычнай сілы нарматыўных прававых актаў, якая, у сваю чаргу, вызначаецца пад значным уздзеяннем структуры органаў улады. У сістэме права такой структуры не існуе. Бо юрыдычную сілу норм права без юрыдычнай сілы крыніц права вызначыць нельга. Яна вызначаецца апасрэдавана.

Разам з тым у сістэме заканадаўства існуе гарызантальная структура, у якой выдзяляюцца галіны, падгаліны і інстытуты заканадаўства і якая шмат у чым супадае з галіновай структурай права. Але паміж гэтымі структурамі існуюць і несупадзенні. Далёка не кожная галіна права цалкам супадае з галіной заканадаўства. У галіновай структуры права не існуе комплексных утварэнняў (галін права), у той час як у гарызантальнай структуры права існуюць комплексныя галіны заканадаўства і нават нарматыўныя прававыя комплексы, да ліку якіх адносіцца, напрыклад, адміністрацыйнае заканадаўства.