1. Паняцце сістэмы і структуры права
^ Вверх

1. Паняцце сістэмы і структуры права

 

У тэме аб паняцці і сутнасці права была зроблена выснова аб тым, што права існуе ў форме прававых адносін, у форме прававой свядомасці і ў форме пазітыўнага права. Адзначаныя тры формы існавання права – гэта тры яго праявы, тры іпастасі. Кожная з іх уключае ў сябе адны і тыя самыя прававыя эквіваленты, сродкі, інструменты, прыёмы, але знешнія праявы іх існавання розныя. Сэрцавіна, эквівалентны стрыжань у іх адзін і той самы, а сродкі адлюстравання, замацавання і выражэння розныя. Праўда, у кожнага з гістарычных і зараз існуючых народаў адна з форм існавання права на пэўных этапах развіцця права дамінавала, яна падпарадкоўвала дзве другія формы існавання права. Дамінаванне пэўнай формы існавання права азначае, што і логіку даследавання права і выкладання яго вынікаў можна будаваць, абапіраючыся менавіта на дадзеную форму існавання права. Для еўрапейскай дактрынальнай традыцыі характэрна, што тэорыя права распрацоўвалася пераважна на падставе аналізу пазітыўнага права. Усе астатнія катэгорыі і паняцці права, у якіх вызначаюцца прырода, змест і іншыя ўласцівасці правасвядомасці і прававых адносін, арганічна далучаюцца да катэгорый і паняццяў, праз якія вывучаецца пазітыўнае права.

Адметнай асаблівасцю права ўвогуле і пазітыўнага права ў прыватнасці з’яўляецца тое, што нормы права, у якіх выкладзены і замацаваны прававыя эквіваленты, шчыльна ўзаемазвязаны, узаемадзейнічаюць паміж сабой пры рэгуляванні грамадскіх адносін. Так пабудавана права, што ніводная з яго норм сама па сабе не ў стане дасягнуць пэўных мэт і выканаць пэўныя задачы без «супрацоўніцтва» з іншымі нормамі права. Разам з тым уся сукупнасць дзеючых у грамадстве норм права падраздзяляецца на нейкія структурныя ўтварэнні, часткі, кожная з якіх выконвае самастойную ролю ў прававым рэгуляванні грамадскіх адносін. Менавіта для абазначэння шчыльнай узаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж нормамі права пры іх адначасовым падраздзяленні на нейкія структурныя адзінкі (часткі) у агульнай тэорыі права выкарыстоўваецца паняцце (катэгорыя) сістэмы права.

Чым абумоўлены цэласнасць, адзінства, узаемаузгодненасць норм права?

Па-першае, адзінствам чалавечай дзейнасці, якая абумоўлівае адзінства грамадскіх адносін, рэгулюемых нормамі права. Па-другое, адзінствам, сістэмнасцю і ўзаемаўзгодненасцю прынцыпаў права. Вобразна кажучы, прынцыпы права з’яўляюцца той кан­струкцыяй, што сцягвае ў адзінае цэлае змест усяго мноства дзеючых у грамадстве норм права. І, нарэшце, па-трэцяе, сярод фактараў, што непасрэдна ўздзейнічаюць на сістэмнае адзінства норм права, трэба адзначыць адзінства дзяржаўнай волі. Справа ў тым, што любая дзяржава імкнецца звесці ў адзінае, несупярэчлівае цэлае ўсё мноства дзеючых у грамадстве крыніц права, забяспечыць узаемаўзгодненасць норм права, што змяшчаюцца ў гэтых крыніцах. Без адзінства, цэласнасці, узаемаўзгодненасці норм права ніводная дзяржава не ў стане вырашаць свае задачы. Гэтая абставіна мае настолькі важнае значэнне, што ў дзяржавах фармуецца нават асобны, самастойны, спецыфічны від дзейнасці па падтрыманні дзеючых норм і крыніц права ва ўзаемаўзгодненасці, у пастаяннай «баявой гатоўнасці» – сістэматызацыя права, альбо сістэматызацыя крыніц права. Першыя два фактары абумоўліваюць адзінства норм права з пазіцый, так сказаць, унутранага іх зместу, а трэці забяспечвае адзінства праз форму існавання норм права праз крыніцы права.

У падмурку дзялення ўсёй сукупнасці норм на нейкія структурныя адзінкі ляжыць таксама шэраг фактараў.

Па-першае, сярод мноства розных па зместу грамадскіх адносін, якія рэгулююцца нормамі права, існуюць асобныя, найбольш роднасныя, віды грамадскіх адносін, якія патрабуюць своеасаблівага прававога ўздзеяння, што не можа не абумоўліваць існавання ва ўсёй сукупнасці дзеючых норм права асобных структурных груп (частак), якія найбольш адэкватна адпавядаюць рэгулюемым грамадскім адносінам, забяспечваюць іх нармальнае функцыянаванне і развіццё.

Па-другое, адносная незалежнасць норм права ад рэгулюемых імі грамадскіх адносін дазваляе заканадаўцу ў шырокім сэнсе слова выбіраць найбольш эфектыўныя сродкі, прыёмы, інструменты ўздзеяння на грамадскія адносіны ў залежнасці як ад іх зместу, так і ад тых мэт, што імкнецца дасягнуць заканадавец, і ад тых задач, якія ён жадае вырашыць. Такім чынам, спецыфіка асобных груп рэгулюемых нормамі права грамадскіх адносін і магчымасць заканадаўцы выбіраць «па свайму густу» сродкі і прыёмы ўздзеяння на іх, абумоўліваюць існаванне асобных частак (груп) норм права.

Па-трэцяе, любая дзяржава зацікаўлена ў тым, каб правесці сістэматыку ўсёй вялізнай колькасці дзеючых норм права. Бо гэта дазваляе ажыццявіць элементарную іх інвентарызацыю, зрабіць дзеючыя нормы даступнымі і зразумелымі для правапрымяняльнікаў і іншых карыстальнікаў. Вырашыць гэтыя і іншыя праблемы значна прасцей, калі ўся сукупнасць норм права падзелена на нейкія таксанамічныя адзінкі (разрады), якія знаходзяцца паміж сабой у пэўнай супадпарадкаванасці, узаемазалежнасці.

Акрамя акрэсленых вышэй фактараў, якія найбольш істотна ўплываюць на сістэму пазітыўнага права, узаемасувязі паміж нормамі права абумоўліваюцца таксама навуковымі, культуралагічнымі, традыцыйнымі, гістарычнымі, дэмаграфічнымі, нацыянальнымі і шмат якімі іншымі прычынамі.

Сістэма права з’яўляецца высокаарганізаванай, у якой выдзяляецца некалькі структур. Адну з іх умоўна можна назваць «галіновай», бо асноўнымі структурнымі адзінкамі тут выступаюць галіны права. У сваю чаргу галіны права падраздзяляюцца на падгаліны і інстытуты права. Можна сцвярджаць, што інстытуты права аб’ядноўваюцца ў падгаліны і галіны права. Яшчэ адна са структур, што вядома з часоў старажытнарымскага права, можа быць абазначана як «публічна-прыватная» (ці «прыватна-публічная»), бо ў ёй уся сукупнасць дзеючых у пэўным грамадстве норм права па­дзяляецца на дзве вялікія групы – права публічнае і права прыватнае. Агульнай тэорыі права добра вядома і «матэрыяльна-працэсуальная» структура права з дзяленнем норм права на права матэрыяльнае і права працэсуальнае. І, нарэшце, «рэгулятыўна-ахоўная» структура з умоўным падзелам норм права на права рэгулятыўнае і права ахоўнае.

Выдзяленне асобных структурных частак у сістэме норм права праводзіцца не шляхам класіфікацыйных прыёмаў, а метадам тыпалогіі, пры якім выдзяленне груп адбываецца па сукупнасці прымет, уласцівых нормам права. Напрыклад, галіна права характарызуецца адначасова прадметам прававога рэгулявання, метадам прававога рэгулявання і адмысловым прававым рэжымам. Аб’яднанне норм права адбываецца тут у залежнасці ад сувязей норм права з іншымі грамадскімі рэаліямі – характарам грамадскіх адносін, інтарэсамі ўдзельнікаў грамадскіх адносін, мэтамі і задачамі прававога рэгулявання, зацікаўленасцю (воляй) дзяржавы і
г. д. Пры гэтым, праўда, не забываюцца, не пакідаюцца за межамі навуковага аналізу сістэмнасць, узаемаўзгодненасць, узаемазалежнасць і «асаблівыя» якасці норм права.

Усе акрэсленыя структуры права не выключаюць адна другую. Яны існуюць адначасова і паралельна. Пры гэтым атрымліваецца так, што адна і тая самая норма права адначасова з’яўляецца «першацаглінкай» кожнай са структур права. У гэтым плане ўзнікае пытанне аб механізме ўтварэння ўсіх уласцівых сістэме норм права, структур і іх узаемаадносінах паміж сабой. Не разглядаючы яго па сутнасці і ва ўсёй падрабязнасці, акрэслім вузлавыя моманты.

Шматструктурнасць сістэмы норм права з’яўляецца вынікам адначасовага ўзаемадзеяння паміж сабой норм права шэрагам уласцівых ім якасцяў (прымет). Прычым фармаванне галіновай структуры адбываецца ў выніку аб’яднання норм права з аднолькавым, так сказаць, «матэматычным знакам». Для гэтай структуры важна, што нормы права, якія, напрыклад, аб  ядноўваюцца ў грамадзянскае права, рэгулююць роднасныя грамадскія адносіны на падставе ўласцівага ім дыспазітыўнага метаду прававога рэгулявання. Што ж тычыцца астатніх структур права, то там у адну і тую самую структуру аб’ядноўваюцца нормы права з супрацьлеглымі, так ­сказаць, «матэматычнымі знакамі». Напрыклад, публічна-прыватная структура складаецца ў выніку аб’яднання і ўзаемадзеяння, з аднаго боку, норм права, якія забяспечваюць ажыццяўленне агульных для ўсёй грамадскай супольнасці інтарэсаў, з другога боку, тых норм права, што накіраваны на абарону і рэалізацыю ўласцівых грамадскасці прыватных інтарэсаў. Прыцягваючыся адна да адной альбо аднолькавымі, альбо супрацьлеглымі якасцямі, нормы права аб’ядноўваюцца ў нейкія ўстойлівыя групы, структурныя часткі, кожная з якіх займае сваё адметнае месца ў сукупнай структуры норм права і вырашае пэўныя задачы па ўладкаванню грамадскіх адносін.

Разам з тым аб’яднанне норм права ва ўстойлівыя структурныя адзінкі адбываецца пад уплывам знешніх структураўтваральных фактараў. Без знешніх фактараў працяглага, устойлівага дзеяння ўвогуле было б немагчыма існаванне самастойных структур права. Некаторыя з іх маюць роўнавялікае значэнне для існавання кожнай са структур. Да іх адносяцца змест і характар грамадскіх адносін, прыёмы і сродкі юрыдычнага ўздзеяння на грамадскія адносіны, дзяржаўная воля і г. д. Магчыма, што на ўтварэнне асобных структур нейкія з гэтых фактараў уздзейнічаюць больш моцна, а на іншыя аказваюць чыста сімвалічны ўплыў. Для нас важна зафіксаваць адносна іх тое, што яны маюць дачыненні да кожнай са структур права, і менавіта ў гэтым сэнсе яны з’яўляюцца роўнавялікімі. У той жа час ёсць такія знешнія структураўтваральныя фактары, што ўздзейнічаюць на фармаванне адной ці пераважна адной са структур. Так, існаванне ўжо ўзгадваемай вышэй публічна-прыватнай структуры абумоўліваецца ўстойлівым існаваннем і ўздзеяннем на нормы права агульных для ўсёй супольнасці і толькі для яе часткі інтарэсаў.

Складанае перапляценне і ўзаемадзеянне знешніх структура­ўтваральных фактараў з уласцівасцямі (якасцямі) норм права і прыводзіць да адначасовага суіснавання некалькіх структур права.

Кожная з аднаўзроўневых структур можа стаць галоўнай, вядучай пры пэўных абставінах і ў пэўных стасунках. «Галіновая структура» можа лічыцца галоўнай, вядучай у метадычных адно­сінах (калі размова ідзе аб выкладанні права) і ў дачыненні да пабу­довы сістэмы заканадаўства, яго сістэматызацыі і кадыфікацыі. Ва ўмовах рыначнай эканомікі, стварэння цывільнай супольнасці і пабудовы прававой дзяржавы важнае значэнне набыла «публічна-прыватная» структура.

Сістэма права пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца. Па­трэбы грамадскага жыцця, а таксама дзейнасць заканадаўцы, усіх органаў і інстытутаў, якія ствараюць нормы права ў адпаведнасці з патрабаваннямі грамадскіх адносін, уздзейнічаюць на сістэму права, прыводзяць да пэўных зрухаў у ёй. Са змяненнем зместу грамадскіх адносін (і асабліва іх структуры) мяняюцца нормы, што рэгулююць гэтыя грамадскія адносіны і, адпаведна, і сувязі (генетычныя, структурныя, функцыянальныя) змяніўшыхся норм з астатнімі нормамі права. Рана ці позна колькасныя змяненні ў характары сувязей паміж асобнымі нормамі права прыводзяць да якасных перамен паміж структурнымі часткамі сістэмы права, да трансфармацыі ва ўсёй сістэме.

Асабліва значныя перамены ў сістэме норм права адбываюцца ў выніку пашырэння ці, наадварот, звужэння сферы прававога рэгулявання. Гэтыя працэсы абумоўліваюць адразу даволі рэзкія і адчувальныя перамены ў колькасным і якасным стане структурных элементаў. Узнікаюць новыя ці рэфармуюцца існуючыя галіны, падгаліны і інстытуты права. Атрымліваюць дадатковыя стымулы да развіцця альбо, наадварот, страчваюць грамадскую значнасць і гучанне прыватнае ці публічнае, матэрыяльнае ці працэсуальнае, рэгулятыўнае ці ахоўнае права.

Да значных пераўтварэнняў у сістэме норм права прыводзяць таксама змяненні ў знешніх структураўтваральных фактарах. Змяненні ва ўзаемаадносінах паміж цывільнай супольнасцю і дзяржавай, перамены ў мэтах, задачах і метадах уздзеяння дзяржавы на грамадскія адносіны прыводзяць да перамен у «публічна-прыватнай», «матэрыяльна-працэсуальнай» і «ахоўна-рэгулятыўнай» структурах права.