5. Нацыянальнае і міжнароднае права – самастойныя сістэмы права
^ Вверх

5. Нацыянальнае і міжнароднае права –
самастойныя сістэмы права

 

Міжнароднае права як асобная сацыяльна-прававая рэальнасць сфармавалася адначасова з фармаваннем нацыянальнага (унутры­дзяржаўнага) права. Развіццё рэгулярнага тавараабмену і таварна-грашовых адносін заканамерна абумовіла фармаванне такіх эквівалентаў, з дапамогай якіх можна было аднастайна рэгуляваць грамадскія адносіны на тэрыторыі розных дзяржаўных утварэнняў. Разам з тым міжнароднае права з’яўляецца якасна самастойнай сістэмай права, таму што ствараецца ў выніку ўзаемаўзгодненых дзеянняў і ўзаемадзеянняў па меншай меры дзвюх суверэнных дзяржаўных воль. Без згоды суверэннай волі, якая можа быць выражана ў рознай форме, на тэрыторыі дзяржавы не можа дзейнічаць ніякі «іншародны» прававы эквівалент. Пад міжнародным правам можна разумець сукупнасць (сістэму) прававых эквівалентаў (норм права), якія рэгламентуюць тыя грамадскія адносіны, што складваюцца паміж дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі, а таксама паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, якія з’яўляюцца грамадзянамі розных дзяржаўных утварэнняў ці створаны згодна з правам нейкай дзяржавы.

Усё міжнароднае права падзяляецца на міжнароднае публічнае і міжнароднае прыватнае права.

Міжнароднае публічнае права – сістэма норм права, якія рэгламентуюць міжнародныя палітычныя адносіны, г. зн. адносіны, якія складваюцца паміж асобнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, якія створаны дзяржавамі падчас іх супрацоўніцтва і барацьбы. Міжнароднае прыватнае права рэгламентуе тыя грамадскія адносіны міжнароднага характару, удзельнікамі якіх з’яўляюцца фізічныя і юрыдычныя асобы (напрыклад, грамадзяне Польшчы і Беларусі, прадпрыемства, створанае на падставе беларускага права, і прадпрыемства, створанае на падставе польскага права). Міжнароднае прыватнае права ў юрыдычнай літаратуры вельмі часта называецца канфліктным правам, таму што яно дазваляе вырашаць прававыя супярэчнасці, якія аб’ектыўна ўзнікаюць у выніку сутыкнення розных нацыянальных прававых сістэм.

Асноўнай і галоўнай крыніцай міжнароднага права з’яўляецца дагавор нарматыўнага зместу, разнавіднасцямі якога выступаюць статуты міжнародных арганізацый (напрыклад, Статут ААН, Статут Міжнароднай арганізацыі працы), пакты, канвенцыі і дэкларацыі (Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыя правоў асобы і грамадзяніна), іншыя шматбаковыя і двухбаковыя дагаворы. Сярод пашыраных крыніц міжнароднага права можна адзначыць таксама прававыя звычаі і прававыя прэцэдэнты, прававую дактрыну. Агульнапрызнаныя нормы міжнароднага права, якія згодна з паняційна-тэрміналагічнай традыцыяй, якая склалася ў міжнародным праве, адносяцца да крыніц міжнароднага права, існуюць звычайна ў форме прававога звычая.

Гэта самае адносіцца і да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. Агульнапрызнаныя прынцыпы таму і лічацца агульнапрызнанымі, што знайшлі сваё ўвасабленне альбо ў форме дагавораў (статутаў, пактаў, дэкларацый), альбо ў форме дактрынальных палажэнняў. А таму не існуе нейкага «паветранага» агульнапрызнанага прынцыпу міжнароднага права. Само агульнае пры­знанне павінна быць нейкім чынам, у нейкай форме выказана. Вось гэтая форма і з’яўляецца па сутнасці крыніцай міжнароднага права ў тым сэнсе, у якім увогуле крыніца права разглядалася намі вышэй. Не можа і не павінна існаваць розных падыходаў да разумення крыніц права ў праве міжнародным і праве нацыянальным (унутрыдзяржаўным).

У юрыдычнай навуцы не існуе аднастайнага разумення як сутнасці, прыроды міжнароднага права, так і яго ўзаемаадносін з нацыянальным (унутрыдзяржаўным) правам. Маністычны падыход заснаваны на тым, што міжнароднае і нацыянальнае права ўтвараюць нейкае адзінае цэлае, але пры гэтым альбо нацыянальнае, альбо міжнароднае права валодаюць прыярытэтам (першынством). Дуалістычны падыход грунтуецца на тым, што адначасова суіснуюць і ўзаемадзейнічаюць міжнародная і нацыянальная прававыя сістэмы. Кожная з іх мае адносна самастойны характар, яны ўздзейнічаюць адна на другую і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Ніводная з іх не можа існаваць у адрыве ад другой, але яны не падпарадкоўваюцца адна другой. Як маністычны, так і дуалістычны падыходы да ўзаемаадносін паміж міжнародным і нацыянальным правам маюць свае разнавіднасці.