3. Агульная характарыстыка галін права Рэспублікі Беларусь
^ Вверх

3. Агульная характарыстыка галін права Рэспублікі Беларусь

 

Калі ўявіць сабе, што ўсе дзеючыя ў нацыянальнай прававой сістэме нормы права размешчаны на адной гарызантальнай лініі адносна рэгламентуемых імі грамадскіх адносін, то выявіцца, што любая з існуючых норм права ўключаецца толькі ў адну галіну права, бо яна ўдзельнічае ў рэгламентацыі нейкай аднароднай групы грамадскіх адносін, забяспечваючы пры гэтым існаванне спецыфічнага метаду і асобнага рэжыму прававога рэгулявання. І менавіта ў якасці «асобнай прылады», што забяспечвае існасць асобнага рэжыму і спецыфічнага метаду прававога рэгулявання, норма права ўключаецца ў склад той ці іншай галіны норм права. У сістэме норм права няма ніводнай нейтральнай, так сказаць, «безгаспадарчай» нормы права. Адносна той ці іншай нормы права нельга сказаць, што яе галіновая прыналежнасць не зусім дакладная. Такое сцвярджэнне можа існаваць у суадносінах да нашых ведаў аб сістэме права. Нават адносна апісанай сітуацыі, калі фармаванне новай галіны права пачынаецца на «неапрацаваным полі», захоў­вае сваю моц сцвярджэнне аб прыналежнасці нормы права толькі да нейкай адной, пэўнай галіны права. Справа ў тым, што нормы права, якія рэгулююць пры гэтым новыя грамадскія адносіны, якія раней не ўваходзілі ў сферу ўздзеяння з боку заканадаўцы, да набыцця ўсіх якасных параметраў новай галіны знаходзяцца ў «сілавым полі» ўжо існуючых галіновых рэжымаў.

Асобнае месца сярод галін права займаюць канстытуцыйнае, адміністрацыйнае, цывільнае, крымінальнае права, а таксама тры працэсуальныя галіны права – адміністрацыйнае працэсуальнае, цывільнае працэсуальнае і крымінальнае працэсуальнае права. Пералічаныя галіны права з’яўляюцца прафілюючымі, г. зн. першаснымі, фундаментальнымі.

На думку С.С. Аляксеева, намаганнямі якога было ў асноўным распрацавана вучэнне аб класіфікацыі галін права, іх відах, прафілюючыя (фундаментальныя) галіны норм права рэгулююць такія віды грамадскіх адносін, якія па свайму глыбіннаму экана­мічнаму і сацыяльна-палітычнаму зместу патрабуюць своеасаблівага, зыходнага па спецыфіцы прававога рэгулявання і таму прадвызначаюць асноўныя, тыповыя асаблівасці юрыдычнага інструментарыя: 1) канцэнтруюць у сабе генеральныя юрыдычныя рэжымы, групавыя метады прававога рэгулявання; 2) адрозніваюцца юрыдычнай «чысцінёй», яркай кантрастнасцю, юрыдычнай несумяшчальнасцю, што выключае магчымасць узаемнага субсідзіярнага прымянення норм права, якія ўваходзяць у дадзеныя галіны; 3) з’яўляюцца юрыдычна першаснымі, г. зн. утрымліваюць зы­ходны прававы матэрыял, які выкарыстоўваецца пры фармаванні прававых рэжымаў іншых галінаў; 4) у сваёй сукупнасці маюць завершаную архітэктоніку, звязаны яснымі заканамернымі залежнасцямі і іерархічнымі сувязямі.

Канстытуцыйнае права з’яўляецца асноватворнай галіной ­права, бо ў яго нормах фармулююцца адпраўныя палажэнні ўсёй прававой сістэмы грамадства. У кантынентальнай (рамана-германскай) прававой сям’і гэтую галіну права называюць канстытуцыйным правам, таму што пісаная канстытуцыя – асноўная крыніца права гэтай сям’і – утрымлівае асноватворныя палажэнні ўсіх без выключэння прафілюючых (фундаментальных) галін права. Без палажэнняў такога кшталту немагчыма скаардынаваць у адзінае цэлае ўвесь комплекс прафілюючых галін, акрэсліць сферы, мэты і задачы прававога рэгулявання, усталяваць іерархічныя і іншыя структураўтваральныя сувязі паміж асобнымі нормамі права і іх разнастайнымі аб’яднаннямі. Такім чынам, канстытуцыйнае права – гэта своеасаблівы цэнтр усёй галіновай структуры права.

Да канстытуцыйнага права вельмі шчыльна прымыкаюць усе прафілюючыя (фундаментальныя) галіны права. Прычым прафілюючыя галіны аб’ядноўваюцца паміж сабой такім чынам, што ўтвараюцца тры пары галін пэўнага кірунку (цыклу): крымінальнае і крымінальнае працэсуальнае права ўтвараюць крымінальны цыкл; цывільнае і цывільнае працэсуальнае права – цывілістычны кірунак; адміністрацыйнае і адміністрацыйнае працэсуальнае – адміністрацыйны (альбо ўпраўленчы) цыкл. Фундаментальныя галіны пэўнага кірунку звязаны паміж сабой генетычнымі, функцыянальнымі і структурнымі сувязямі, складаюць нейкае непарыўнае адзінства. У акрэсленых цыклах (кірунках) галін права ­выкрышталізоўваюцца і захоўваюцца ў класічным выглядзе першасныя, зыходныя элементы юрыдычнага інструментарыя – рэгулятыўныя і ахоўныя, матэрыяльныя і працэсуальныя, цэнтралізаваныя і дыспазітыўныя.

Усе астатнія галіны права знаходзяцца ў полі дзеяння «прававога рэжыму» фундаментальных галін, грунтуюцца непасрэдна на іх юрыдычных канструкцыях, выкарыстоўваюць прававы інструментарый прафілюючых галін права.

Акрэсленыя суадносіны паміж асноватворнай галіной, фундаментальнымі (прафілюючымі) галінамі права і астатнімі асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі галіновай структуры права ні ў якім разе не азначаюць, што ў сістэме ёсць больш важныя і менш важныя галіны права. Сапраўды, у генетычных, функцыянальных, юрыдычна-структурных стасунках асобныя галіны права займаюць рознае становішча адносна адна другой. Але ў плане ўздзеяння на грамадскія адносіны паміж галінамі права (як, дарэчы, і паміж асобнымі нормамі права) не можа існаваць падзелу на больш ці менш важныя. Усе яны, Узятыя разам, без ніякага выключэння, у стане вырашаць задачы і мэты прававога рэгулявання грамадскіх адносін.

У айчыннай юрыдычнай навуцы доўгі час абмяркоўвалася канцэпцыя «комплексных галін» права. Пры разнастайнасці аўтарскіх падыходаў, якія былі сфармуляваны пры абмеркаванні гэтай ідэі, квінтэсэнцыя азначанай канструкцыі зводзіцца да таго, што ў сістэме права побач з іх асноўным дзеяннем на галіны права, якія адасабляюцца ў самастойныя структурныя падраздзяленні згодна з асобным прававым рэжымам, прадметам, метадам прававога рэгулявання, у сістэме права існуюць такія падраздзяленні права, якія не звязаны адзіным прававым рэжымам, прадметам і метадам прававога рэгулявання.

Што тычыцца аўтарскага стаўлення да тэорыі комплексных галін права, то яно адмоўнае. Справа ў тым, што няма акрэсленых, дакладных, вывераных (як гэта, напрыклад, назіраецца ў сітуацыі з галінамі права) параметраў (крытэрыяў), якія б дазвалялі станоўча ці адмоўна сцвярджаць, з’яўляецца ці не з’яўляецца нейкая ­сукупнасць норм права «комплекснай галіной» права. Па сутнасці, адзіным значным доказам існавання комплексных (другасных) ­утварэнняў застаюцца рэальна існуючыя комплексныя кадыфікаваныя нарматыўныя прававыя акты. Але ў гэтым выпадку больш правільна весці размову аб існаванні комплексных галін заканадаўства, а не комплексных галін права.