Уводзіны
^ Вверх

Уводзіны

Агульная тэорыя права з’яўляецца фундаментальнай навукай, «філасофскім» падмуркам усяго комплексу юрыдычных ведаў, таму што яна вывучае агульныя заканамернасці ўзнікнення, функцыянавання, развіцця і ўзаемадзеяння права і дзяржавы. Паняцці і іх азначэнні, якія распрацоўваюцца і фармулююцца агульнай тэорыяй права, выконваюць ролю своеасаблівых катэгорый юрыспрудэнцыі. Ад паўнаты іх ведання і глыбіні засваення залежаць узровень вывучэння галіновых юрыдычных навук, фармаванне юрыдычнага мыслення, якасць падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў-юрыстаў.

Асноўныя мэты вывучэння агульнай тэорыі права зводзяцца да таго, каб закласці падмурак юрыдычных і палітычных ведаў у будучых спецыялістаў-юрыстаў, сфармаваць суцэльнае і поўнае ўяўленне аб дзяржаўна-прававой арганізацыі грамадства, даць веды аб цэнтральных, вузлавых катэгорыях і паняццях юрыдычнай навукі. Задачы вывучэння агульнай тэорыі права заключаюцца ў тым, каб падрыхтаваць спецыялістаў-юрыстаў, якія валодаюць трывалымі, глыбокімі і ўсебаковымі ведамі аб агульных і спецыфічных заканамернасцях паходжання (узнікнення), развіцця, функцыянавання і ўзаемадзеяння дзяржавы і права.

Шчыльная сувязь існуе паміж агульнай тэорыяй права і дысцыплінамі гісторыка-прававога цыкла – гісторыяй дзяржавы і права замежных краін, гісторыяй дзяржавы і права славянскіх народаў, гісторыяй дзяржавы і права Рэспублікі Беларусь, гісторыяй прававых вучэнняў, гісторыяй палітычнай і прававой думкі Беларусі.