5. Юрыдычныя факты
^ Вверх

5. Юрыдычныя факты

 

Прававыя адносіны, якія з’яўляюцца гістарычна і генетычна першаснай праявай (формай) існавання права, складваліся ў выніку разнастайных пагадненняў паміж удзельнікамі таварна-грашовых, эквівалентных па свайму характару адносін. Патрэбы, інтарэсы, матывы людзей і іх згода па ажыццяўленню прававых па свайму характару дзеянняў былі дастатковымі для функцыянавання праваадносін. Але пасля таго, як права набыло сваю нарматыўную форму існавання, а прававыя адносіны былі выкладзены і замацаваны ў нормах права ў якасці своеасаблівых мадэляў пажаданых паводзін удзельнікаў прававых адносін, узнікла праблема прывязкі гэтых мадэлей да рэальных грамадскіх адносін. Яна была вырашана наступным чынам. У нормах права, а дакладней у гіпотэзах норм права, сталі замацоўваць, прадугледжваць тыя рэальныя жыццёвыя абставіны, з наступленнем (узнікненнем) якіх і сталі звязваць трансфармацыю прадпісанняў норм права ў рэальныя грамадскія адносіны, у паводзіны людзей шляхам фармавання паміж суб’ектамі грамадскіх адносін «законаадносін». Гэтыя рэальныя жыццёвыя абставіны, з узнікненнем якіх паміж суб’ектамі грамадскіх адносін складваюцца, спыняюцца, змяняюцца прававыя адносіны, называюцца ў навуцы юрыдычнымі фактамі

Юрыдычныя факты звычайна класіфікуюцца па нейкіх прыметах на асобныя групы.

Так, па волевай прымеце юрыдычныя факты падзяляюцца на падзеі, дзеянні і стан. Падзеі не залежаць ад волі тых суб’ектаў, паміж якімі складваюцца, спыняюцца ці мяняюцца прававыя адносіны. Напрыклад, стыхійнае бедства абумоўлівае ўзнікненне адных прававых адносін паміж, напрыклад, органамі па надзвычайных сітуацыях і тымі, хто пацярпеў ад стыхійнага бедства, да знікнення прававых адносін паміж людзьмі, калі, напрыклад, была знішчана нейкая каштоўная папера, і да змены ў маёмасных прававых адносінах, калі былі пашкоджаны пэўныя рэчы. Дзеянні з’яўляюцца самым пашыраным відам юрыдычных фактаў, якія выдзелены па волевай прымеце. Яны залежаць наўпрост ад волі будучых удзельнікаў прававых адносін. Гэта могуць быць аднабаковыя дзеянні, а могуць быць двухбаковыя пагадненні. Да дзеянняў адносяцца юрыдычныя акты. Напрыклад, выданне кіраўніком установы загада аб прэміраванні супрацоўніка за дасягненні ў працы.

Да юрыдычных фактаў, якія называюцца станам (ці юрыдычным станам), адносяцца, напрыклад, стан грамадзянства ці безграмадзянства, роднасныя стасункі, пенсіённы стан і г. д.

У сваю чаргу, падзеі звычайна падзяляюць на абсалютныя і адносныя, а дзеянні – на правамерныя і неправамерныя, прычым правамерныя падзяляюцца, у сваю чаргу, на юрыдычныя акты і юрыдычныя ўчынкі, а неправамерныя – на злачынствы і іншыя правапарушэнні.

Юрыдычныя факты падзяляюцца ў залежнасці ад іх уплыву на развіццё прававых адносін на праваствараючыя, на правазмяняючыя і на праваспыняючыя.

Калі для ўзнікнення, змянення ці спынення прававых адносін патрабуецца не адна жыццёвая сітуацыя, не адзін юрыдычны факт, а іх сістэма, паслядоўнасць фактаў, то такую сукупнасць юрыдычных фактаў называюць «фактычным складам». Напрыклад, каб стаць студэнтам юрыдычнага факультэта Установы адукацыі «Гро­дзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы», патрэбна мець сярэднюю адукацыю, паспяхова прайсці конкурс і на падставе загада рэктара быць залічаным у склад студэнтаў юрыдычнага факультэта. У сваю чаргу, фактычныя склады могуць быць простымі, калі патрэбна наяўнасць розных фактаў, якія адносяцца да нейкай адной галіны права, і складанымі, калі для ўзнікнення, змянення і спынення праваадносін патрэбны факты з розных галін права.

З агульнага правіла аб тым, што пад юрыдычнымі фактамі можна разумець тыя фактычныя, рэальныя абставіны, учынкі, дзеянні, якія прадугледжаны, замацаваны ў нормах права і з якімі звязваюцца ўзнікненне, спыненне і змяненне прававых адносін, існуюць пэўныя выключэнні. Напрыклад, юрыдычныя фікцыі. Згодна з юрыдычнай фікцыяй памерлага чалавека, памерлай можа быць прызнана асоба, якая адсутнічае пэўны тэрмін, месцазнаходжанне якой дакладна высветліць не здолелі кампетэнтныя органы і адносна якой было вынесена рашэнне суда аб прызнанні памерлай асобай. У дадзеных варунках мы маем справу не з рэальнасцю, а з тым, што павінна быць прызнана рэальным фактам. Пасля таго, як адносна пэўнай асобы было прынята кампетэнтнае рашэнне аб прызнанні яе памерлай, у іншых суб’ектаў прававых адносін можа памяняцца прававое становішча. Нехта можа атрымаць магчымасць на юрыдычнае скасаванне шлюбу, нехта можа ўступіць у спадчынныя адносіны і г. д.