1. Паняцце, азначэнне і віды прававых адносін
Вядома, што адной з праяў права з’яўляюцца прававыя па сваёй прыродзе грамадскія адносіны. Грамадскія адносіны, якія маюць таварна-грашовы характар, а таксама тыя адносіны, якія сфармаваліся пад непасрэдным удзелам таварна-грашовых адносін, функцыянуюць на суразмерных (эквівалентных) пачатках. Менавіта гэтая група грамадскіх адносін і мае прававую прыроду. Гэтыя адносіны з’яўляюцца прававымі па сваёй сутнасці. Іх развіццё заканамерна прыводзіць да таго, што ў мэтах захавання суразмерных, эквівалентных пачаткаў пры размеркаванні і пераразмеркаванні матэрыяльных каштоўнасцей удзельнікі такіх адносін павінны стварыць нейкія стандарты, трафарэты, правілы, якія б забяспечвалі адзінства і аднастайнасць у сферы абмену матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Пасля таго, як такія стандарты, формы, правілы створаны, можна лічыць, што прававыя па сваёй прыродзе грамадскія адносіны набылі завершаную форму, пераўтварыліся ў «класічныя» прававыя адносіны, адносіны, у якіх права не проста прысутнічае ў якасці нейкіх элементаў, а ў форме адной з сваіх іпастасяў – прававых адносін.
Важна падкрэсліць і той момант, што аб тым, што грамадскія адносіны з’яўляюцца прававымі, сведчаць не нейкія знешнія ў стасунках з прававымі адносінамі фактары і паказчыкі, а ўнутраны стан саміх грамадскіх адносін. Пасля таго, як у змесце прававых па сваёй прыродзе адносін фактычна сфармавалася другая іпастась існавання права – нормы (стандарты) права, пасля гэтага грамадскія адносіны пераўтварыліся ў прававыя адносіны. Такім чынам, аб існаванні прававых адносін сведчыць само права, дакладней, адна з яго праяў – норма права. Іншымі словамі, аб наяўнасці права ў грамадскіх адносінах сведчыць само права, аб адной іпастасі права сведчыць іншая яго форма.
Гэтаксама ў далейшым аб прававой прыродзе і прававым характары норм права будуць сведчыць прававыя па свайму зместу грамадскія адносіны. Калі створаная шляхам «зверху–уніз» норма права будзе ўвасоблена ў рэальных грамадскіх адносінах менавіта ў той форме, у той мадэлі, якая была створана, можна будзе ўпэўнена рабіць выснову аб тым, што дадзеная норма мае прававую прыроду як па форме, так і па сутнасці. Справа ў тым, што ў гэтых варунках можна сцвярджаць, што грамадскія адносіны, на рэгуляванне якіх былі скіраваны нормы, мелі прававую прыроду, і тое, што норма права, якая была «прыўнесена» ў іх, «прыжылася» і аказалася прыдатнай для навядзення парадку ў грамадскіх адносінах, былі падрыхтаваны да ўзнікнення ў іх прававых стандартаў, правіл, норм. Іншы ход падзей так ці інакш прывёў бы да фармавання такіх стандартаў і эвалюцыйным шляхам, паступова.
Увогуле грамадскія адносіны ўяўляюць сабой пэўную структуру пэўнага віду чалавечай дзейнасці. Чалавечая дзейнасць узнікае з натуральных патрэбаў і інтарэсаў асобы, якія падштурхоўваюць да здзяйснення пэўных учынкаў, пэўных дзеянняў. Калі такія ўчынкі, дзеянні паўтараюць іншыя ўдзельнікі сацыяльнага жыцця і яны набываюць устойлівы характар, то ў грамадстве складваецца асобны від чалавечай дзейнасці. Устойлівая структура (будова) гэтай дзейнасці і ёсць тая з’ява, якую мы называем грамадскімі адносінамі. Новыя пакаленні людзей, уступаючы ў жыццё, ужо маюць у наяўнасці папярэдні вопыт пакаленняў, тыя віды чалавечай дзейнасці, якія сфармавалі папярэднікі, тую структуру (будову) чалавечай дзейнасці і тыя стандарты, правілы, якімі кіраваліся раней. Людзі заканамерна далучаюцца да папярэдняга вопыту, пачынаюць займацца тымі ці іншымі відамі чалавечай дзейнасці, уступаюць у тыя грамадскія адносіны, якія сфармаваліся да іх. Такім чынам, выраз «уступіць у грамадскія адносіны» азначае пачаць займацца тымі відамі чалавечай дзейнасці, якія сфармавалі папярэднікі, «прымерыць» на сябе пэўныя ролі ў пэўных грамадскіх адносінах.
Прававыя адносіны ўяўляюць самастойны і асобны від грамадскіх адносін. Яны не ўпісваюцца ў звычайную класіфікацыю грамадскіх адносін, напрыклад, па сферах чалавечай дзейнасці ці па нейкіх іншых падставах. Побач з гэтым відам грамадскіх адносін знаходзяцца тыя грамадскія адносіны, якія не з’яўляюцца прававымі. Як прававымі, так неправавымі могуць быць самыя розныя па зместу і характару грамадскія адносіны – эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, кіраўнічыя і г. д.
Частка прававых адносін адлюстроўваецца і замацоўваецца ў крыніцах права. Пры гэтым адбываецца фармалізацыя, удакладненне і канкрэтызацыя прававых адносін. Затым нормы права пачынаюць уздзейнічаць на паводзіны суб’ектаў прававых адносін. Пры гэтым складваецца ўражанне, што прававыя адносіны і складваюцца на падставе норм права. Для правядзення размежавання паміж праваадносінамі, якія складваюцца паступова, вырастаюць з рэальных патрэбаў грамадскага жыцця, і тымі праваадносінамі, мадэлі якіх замацаваны і адлюстраваны ў дзеючых нормах права і якія складваюцца ўжо на падставе дзеючых норм права, можна выкарыстаць выраз «заканаадносіны». Пры гэтым пад заканаадносінамі можна разумець тыя сацыяльныя сувязі, якія складваюцца паміж людзьмі на падставе дзеючых норм права. Пры гэтым, зразумела, трэба памятаць, што «заканаадносіны» з’яўляюцца толькі часткай прававых адносін.
Прававыя адносіны ўяўляюць сабой асобны від грамадскіх адносін і выдзяляюцца ў самастойную групу па наступных прыметах.
Па-першае, прававыя адносіны ўяўляюць сабой структуру такога віду чалавечай дзейнасці, зместам якой з’яўляецца абмен каштоўнасцямі (маёмаснымі і немаёмаснымі) на эквівалентнай (суразмернай) аснове.
Па-другое, прававыя адносіны характарызуюцца тым, што іх удзельнікі (суб’екты) маюць прававыя магчымасці ўзаемаўздзеяння. Гэтыя прававыя магчымасці называюцца суб’ектыўнымі юрыдычнымі правамі і суб’ектыўнымі юрыдычнымі абавязкамі.
Па-трэцяе, прававыя адносіны з’яўляюцца такімі грамадскімі адносінамі, якія заўсёды знаходзяцца пад кантролем і аховай з боку дзяржавы і іншых упаўнаважаных грамадствам сацыяльных суб’ектаў.
Па-чацвёртае, прававыя адносіны ўяўляюць такі від грамадскіх адносін, якія заўсёды ў выпадках парушэнняў абараняюцца прымусовай сілай дзяржавы.
Кожная з праяў (іпастасяў) права ў цыкле дзеяння права, у яго руху ад зараджэння да ўвасаблення ў паводзінах удзельнікаў грамадскіх адносін праяўляецца двойчы. З прававых па свайму зместу грамадскіх адносін пачынаецца стварэнне права, яго рух праз прававую свядомасць да норм права, а самі нормы праз прававую свядомасць увасабляюцца ў грамадскіх адносінах, якія маюць прававую прыроду. Прычым увасабленне норм права ў грамадскіх адносінах адбываецца пераважна праз складванне паміж удзельнікамі грамадскага жыцця прававых сувязей, такіх сувязей, удзельнікі якіх валодаюць суб’ектыўнымі правамі і выконваюць юрыдычныя абавязкі. Такія сувязі ў юрыдычнай літаратуры таксама называюць прававымі адносінамі.
З прававымі адносінамі мы сустракаемся ў ходзе дзеяння права двойчы – пры зараджэнні права і пры яго ўвасабленні ў паводзінах удзельнікаў грамадскага жыцця. Магчыма, дадзеныя абставіны прывялі да таго, што сярод навукоўцаў-юрыстаў не існуе аднастайнасці ў разуменні і азначэнні такой з’явы, як прававыя адносіны. У залежнасці ад погляду на тую ці іншую праяву прававых адносін навукоўцы і робяць свае высновы аб прыродзе прававых адносін і даюць іх азначэнне. Напрыклад, пры акцэнтаванні ўвагі на праваадносінах, якія складваюцца на падставе норм права ў азначэннях прававых адносін, часта ўзгадваецца мадэль паводзін, якая ўтрымліваецца ў нормах права. А пры разглядзе прававых адносін, якія фармуюцца ў рэальным жыцці, узгадваюцца паступовасць, заканамернасць і іншыя якасці прававых адносін.
Але паміж дзвюма праявамі прававых адносін існуюць тоесныя моманты. Прававыя адносіны ў любым выпадку звязаны з дзейнасцю іх удзельнікаў. Без дзейнасці ўдзельнікаў прававыя адносіны ўвогуле не могуць сфармавацца (узнікнуць), без дзейнасці суб’ектаў грамадскага жыцця яны не могуць быць здзейснены. Таму дзейнасць удзельнікаў грамадскіх адносін, якія з’яўляюцца прававымі, з’яўляецца вузлавым момантам у разуменні іх сутнасці і зместу. Дзейнасці без удзельнікаў не існуе.
Дзейнасцю, якая прыводзіць да фармавання прававых адносін, а таксама дзейнасцю, праз якую ажыццяўляюцца ў грамадскіх адносінах прадпісанні норм права і рэалізуюцца прававыя адносіны, займаюцца практычна ўсе сацыяльныя суб’екты і арганізацыі, бо цяжка ўявіць грамадства, у якім існавалі б нейкія сацыяльныя суб’екты і арганізацыі, якія б не карысталіся маёмаснымі і немаёмаснымі каштоўнасцямі, а таму і не прымалі б удзелу як у стварэнні прававых адносін, так і ў іх рэалізацыі.
Займаючыся дзейнасцю, якая прыводзіць да фармавання прававых адносін, а таксама да ўвасаблення норм права ў рэальныя грамадскія адносіны, удзельнікі прававых адносін заўсёды робяць гэта па нейкіх патрэбах і маюць пры гэтым нейкія інтарэсы. Дадзеныя патрэбы і інтарэсы спалучаны з нейкімі маёмаснымі і немаёмаснымі каштоўнасцямі, дзеля атрымання (набыцця) якіх суб’екты займаюцца пэўным відам дзейнасці і ўдзельнічаюць ва ўвасабленні норм права ў рэальныя паводзіны.
Такім чынам, сама дзейнасць прававога характару заўсёды ажыццяўляецца сацыяльнымі суб’ектамі, якія пры гэтым задавальняюць свае патрэбы і інтарэсы праз маёмасныя і немаёмасныя каштоўнасці. Істотным момантам для праваадносін з’яўляецца і тое, што яны заўсёды знаходзяцца пад кантролем з боку дзяржавы і заўсёды абараняюцца яе прымусовай сілай. Той момант, што праваадносіны ўзнікаюць на падставе норм права, а таксама той аспект, што праваадносіны ўзнікаюць на падставе юрыдычных фактаў, як уяўляецца, характэрны пераважна (калі не выключна) тым праваадносінам, якія ўзнікаюць на падставе норм права на этапе рэалізацыі нарматыўнай часткі права, і іх пры азначэнні праваадносін можна не ўлічваць. З’яўляючыся самастойнай формай(іпастассю) права, праваадносіны ўяўляюць сабой асобны від грамадскіх адносін, удзельнікі якога валодаюць прававымі магчымасцямі і выконваюць прававыя абавязкі і які заўсёды кантралюецца з боку дзяржавы і абараняецца яе прымусовай сілай.
Праваадносіны можна класіфікаваць па самых розных падставах.
Праваадносіны можна падзяліць на палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя, ідэалагічныя і г. д. У залежнасці ад таго, нормамі якой структуры права рэгламентуюцца грамадскія адносіны, прававыя адносіны падзяляюцца на прававыя адносіны пэўнай галіны права, напрыклад, грамадзянскія праваадносіны, публічныя, прыватныя, матэрыяльныя, працэсныя, рэгулятыўныя, ахоўныя. Па форме размеркавання прававых магчымасцей і прававых абавязкаў паміж удзельнікамі прававых адносін яны падзяляюцца на простыя (на адным баку толькі права, а на другім – толькі абавязкі) і складаныя (кожны з бакоў мае прававыя магчымасці і выконвае прававыя абавязкі). Па колькасці ўдзельнікаў прававыя адносіны падзяляюцца на аднабаковыя, двухбаковыя і шматбаковыя.
Незалежна ад відаў праваадносіны маюць агульную структуру. У прававых адносінах выдзяляюцца наступныя элементы: змест, суб’екты, аб’екты. Важным момантам у функцыянаванні прававых адносін пры рэалізацыі норм права ў рэальных грамадскіх адносінах маюць падставы ўзнікнення праваадносін – юрыдычныя факты.