4. Аб’екты прававых адносін
^ Вверх

4. Аб’екты прававых адносін

 

Пад аб’ектамі прававых адносін у самым агульным плане часцей за ўсё разумеюць тыя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, дзеля якіх суб’екты грамадскіх адносін уступаюць паміж сабой у самыя розныя сувязі, нешта ствараюць, размяркоўваюць і пераразмяркоўваюць. Кожнае грамадства, кожная нацыянальная прававая сістэма будуюцца, функцыянуюць такім чынам, што яны заўсёды імкнуцца, з аднаго боку, дакладна акрэсліць, пералічыць і замацаваць у нормах права тыя каштоўнасці, якія могуць быць аб’ектамі прававых адносін, а, з другога боку, вызначыць, пералічыць і забараніць для карыстання тыя каштоўнасці, якія не могуць быць аб’ек­тамі прававых адносін. Гэта тэарэтычны падыход да вызначэння аб’ектаў прававых адносін. У практыцы функцыянавання прававых сістэм пераважае эмпірычны шлях вызначэння аб’ектаў як першай, так і другой групы. Толькі дакладнае знаёмства з прававой сістэмай, яе функцыянаваннем дае падставы для высноў аб дазволеных і забароненых для выкарыстання ўдзельнікамі прававых адносін каштоўнасцей.

Безумоўна, каштоўнасці як першай, так і другой групы не могуць быць аднолькавымі для кожнай з вядомых нам прававых сем’яў. У адной прававой сям’і, напрыклад, забараняецца мець некалькі шлюбаў, у той час як для другой такая практыка з’яўляецца звычайнай і натуральнай. Развіццё грамадства прыводзіць да таго, што адны каштоўнасці выходзяць з ужытку і перастаюць быць аб’ектамі прававых адносін, у той час як з’яўляюцца новыя каштоўнасці, якія становяцца аб’ектамі прававых адносін.

У самым агульным плане можна сцвярджаць, што аб’ектамі прававых адносін з’яўляюцца такія каштоўнасці, якія ўтвараюцца ў выніку сацыяльна-карыснай дзейнасці людзей, дзейнасці, якая скіравана на паляпшэнне дабрабыту людзей і якая адпавядае маральным і прававым патрабаванням. Можна зрабіць выснову і адносна тых каштоўнасцей, якія не могуць быць аб’ектамі прававых адносін. Каштоўнасці, якія ствараюцца ў выніку сацыяльна-шкоднай дзейнасці і накіраваны на разбурэнне грамадства і асобы, не адпавядаюць маральным і прававым параметрам, не могуць быць аб’ектамі прававых адносін.

У той самы час не могуць выступаць аб’ектамі прававых адносін тыя каштоўнасці, якія хаця і былі створаны ў выніку сацыяльна-карыснай дзейнасці, але не адпавядаюць нейкім тэхнічным (і адпаведна прававым) параметрам, напрыклад, прадукты харчавання, тэрмін захавання якіх скончыўся. Часам здараецца і так, што каштоўнасці, якія былі створаны ў выніку сацыяльна-шкоднай дзейнасці, пасля адпаведных працэдур як тэхнічнага, так і прававога характару могуць стаць аб’ектамі прававых адносін.

У агульнай тэорыі права выкарыстоўваюцца паняцці аб’ектаў права, аб’ектаў норм права і аб’ектаў прававых адносін. Пры гэтым пад аб’ектам права можна разумець усе тыя грамадскія адносіны, якія маюць прававую прыроду і на якія ўздзейнічаюць нормы пазітыўнага права. Пад аб’ектамі норм права можна разумець паводзіны самых разных удзельнікаў грамадскіх адносін. Менавіта на паводзіны ўдзельнікаў прававых адносін скіраваны нарматыўныя патрабаванні, імператывы норм права. Пад аб’ектамі прававых адносін можна разумець усе тыя каштоўнасці, дзеля карыстання якімі суб’екты права ўступаюць у прававыя адносіны.

Беларуская нацыянальная прававая сістэма будуецца такім чынам, што аб’екты прававых адносін вызначаюцца, па-першае, шляхам фармулявання прававых забарон на выкарыстанне асобных каштоўнасцей у якасці аб’ектаў прававых адносін, а, па-другое, шляхам усталявання дазволаў на выкарыстанне каштоўнасцей у якасці аб’ектаў прававых адносін. Напрыклад, забараняецца перадаваць у прыватную ўласнасць землі сельскагаспадарчага пры­значэння. У той самы час землі несельскагаспадарчага прызначэння пры пэўных умовах могуць быць перададзены ў прыватную ўласнасць.

У беларускай прававой сістэме да ліку тых каштоўнасцей, якія могуць быць аб’ектамі прававых адносін, адносяцца: а) матэрыяльныя каштоўнасці (напрыклад, жылы дом); б) нематэрыяльныя каштоўнасці (напрыклад, жыццё, здароўе і г. д.); в) прадукты, вынікі інтэлектуальнай дзейнасці чалавека (напрыклад, вырабы мастацтва, кнігі); г) каштоўныя паперы (напрыклад, імянныя прыватызацыйныя чэкі, аблігацыі); д) самыя розныя дзеянні як юрыдычных, так і фізічных асоб (напрыклад, лекцыі, спектаклі, канцэрты); е) вынікі пэўных дзеянняў (напрыклад, паслугі сувязі); ж) іншыя каштоўнасці. Тут прыведзены далёка не поўны пералік тых каштоўнасцей, якія могуць быць аб’ектамі прававых адносін у нацыянальнай прававой сістэме Рэспублікі Беларусь.