2. Змест прававых адносін
^ Вверх

2. Змест прававых адносін

 

Рэальнасць любых адносін можа быць спраўджана праз дзейнасць сацыяльных суб’ектаў, якія з пэўнымі мэтамі і для задавальнення пэўных інтарэсаў ажыццяўляюць пэўны від чалавечай дзейнасці. Яны, з аднаго боку, падтрымліваюць сваімі дзеяннямі існуючыя структуры грамадскага жыцця, існуючыя грамадскія адносіны, а, з другога – увасабляюць у жыццё прадпісанні норм права, у якіх адлюстраваны тыповыя моманты існуючых грамадскіх, прававых па свайму зместу адносін. Такім чынам, зместам прававых адносін заўсёды выступаюць фактычныя ўчынкі, дзеянні ўдзельнікаў грамадскага жыцця, якія ўчыняюцца ў сферы дзеяння права і ў межах пэўнага віду грамадскіх адносін.

Без фактычных дзеянняў, учынкаў немагчыма існаванне прававых адносін. Паколькі гэтыя дзеянні ажыццяўляюцца ў сферы права і з імі звязаны размеркаванне і пераразмеркаванне матэрыяльных і нематэрыяльных каштоўнасцей, то яны звычайна фармалізуюцца, канкрэтызуюцца, дакладна акрэсліваюцца. Без гэтага немагчымы нармальнае існаванне прававых адносін, стабільнае іх развіццё. Фармалізацыя, канкрэтызацыя і ўдакладненне дзеянняў удзельнікаў грамадскіх адносін адбываюцца і ў нормах дзеючага права. На мове пазітыўнага права, на мове дзеючых норм права дзеянні ўдзельнікаў прававых адносін выкладаюцца праз прававыя магчымасці і прававыя абавязкі ўдзельнікаў грамадскіх адносін.

Для функцыянавання прававых адносін важна, каб удзельнікі ажыццяўлялі дзеянні прававога характару, г. зн. дзеянні, праз якія адбываюцца размеркаванне і пераразмеркаванне маёмасных і немаёмасных каштоўнасцей пры захаванні суразмерных (эквівалентных) пачаткаў. Такія дзеянні могуць ажыццяўляцца пры наяўнасці пазітыўнага права і без наяўнасці норм права. Праваадносіны пры гэтым будуць існаваць і функцыянаваць, праўда, у іншай форме. Для дакладнасці трэба заўважыць, што існуюць у дзяржаўна-арганізаваным грамадстве такія прававыя адносіны, якія не могуць узнікнуць і функцыянаваць без наяўнасці норм пазітыўнага права.

Сітуацыя, пры якой абсалютная большасць прававых адносін так ці інакш знаходзіць сваё адлюстраванне і замацаванне ў дзеючых нормах права, абумовіла наяўнасць у юрыдычнай навуцы высноў аб тым, што ў праваадносін маюцца фактычны змест і юрыдычны змест. Пад фактычным зместам пры гэтым звычайна разумеюць тыя дзеянні і ўчынкі, якія здзяйсняюць удзельнікі грамадскіх адносін, а пад юрыдычным – магчымасці прававога характару ­(суб’ектыўныя правы) і прававыя абавязкі (юрыдычныя абавязкі). Пры гэтым падкрэсліваецца, што фактычныя дзеянні павінны адпавядаць прававым магчымасцям і юрыдычным абавязкам, што ­суб’ектыўныя правы і юрыдычныя абавязкі з’яўляюцца «мёртванароджанымі» без фактычных дзеянняў удзельнікаў грамадскіх адносін.

Пры гэтым кожнай прававой магчымасці, кожнаму суб’ектыўнаму праву адпавядаюць, як правіла, пэўныя юрыдычныя абавязкі. У юрыдычнай навуцы суб’ектыўнае юрыдычнае права падзяляецца на тры прававыя магчымасці, якім адпавядаюць, якім карэспандуюць тры часткі (элементы) суб’ектыўнага абавязку:

1) магчымасці ажыццявіць пэўныя ўласныя дзеянні (праву на ўласныя дзеянні) адпавядае абавязак устрымліваецца ад пэўных дзеянняў, якія будуць перашкаджаць рэалізацыі дадзенага суб’ектыўнага права;

2) магчымасці патрабаваць ажыццяўлення пэўных дзеянняў ад іншых удзельнікаў прававых адносін (праву на чужыя дзеянні) звычайна адпавядае абавязак ажыццявіць патрэбныя дзеянні;

3) магчымасці звярнуцца да дзяржавы за абаронай парушаных суб’ектыўных праў адпавядае абавязак выканаць патрабаванні з боку дзяржавы і іншых упаўнаважаных структур.