4. Прынцыпы і аксіёмы права
^ Вверх

4. Прынцыпы і аксіёмы права

 

Прынцыпы права – фундаментальныя, асноватворчыя, вядучыя ідэі, у якіх адлюстроўваюцца самыя значныя, найбольш істотныя ўласцівасці, якасці права і праз якія канкрэтызуецца і «разгортваецца» сутнасць права. Праз сістэму такіх ідэй адбываецца дэталізацыя эквівалентнай прыроды права. У гэтым плане нельга адносіць да прынцыпаў права ідэі і ўяўленні, якія не маюць сваіх каранёў у праве, якія сфармуляваны ў межах іншых форм грамад­скай свядомасці і характарызуюць сутнасць і змест іншых відаў сацыяльных рэгулятараў.

У прынцыпах (ідэях) права як бы сінтэзуецца сусветны вопыт развіцця права. Прынцыпы права з’яўляюцца своеасаблівым «сухім асадкам» прававой матэрыі, гэта яе шкілет,яе сутнасць, вызваленая ад канкрэтыкі і дробязей. Паколькі сутнасць права ва ўсе часы існавання і развіцця права заставалася нязменнай, то і да прынцыпаў права трэба адносіць такія фундаментальныя ідэі аб праве, якія здатны ахарактарызаваць права незалежна ад гістарычнага этапа яго развіцця. Праўда, прынцыпы могуць напаўняцца розным канкрэтна-гістарычным прававым зместам і ўключаць розныя па форме, але аднолькавыя па сутнасці прававыя эквіваленты.

Ёсць розніца паміж прынцыпамі права і прынцыпамі закону. Апошнія ўяўляюць ідэі, у тым ліку і прававога характару, якія замацоўваюцца ў выдаваемых дзяржавай нарматыўна-прававых актах (законах), іншых крыніцах права. Паколькі ў законах могуць знайсці адлюстраванне не толькі прававыя ідэі, але і маральныя, палітычныя, рэлігійныя, іншага кшталту ідэі, то далёка не кожны прынцып закону з’яўляецца прынцыпам права. Уласна кажучы, прынцыпы права з’яўляюцца стабільнымі, нязменнымі. Прынцыпы закона больш рухомыя, яны могуць мяняцца. З другога боку, здараецца і так, што не ўсе прынцыпы права замацоўваюцца ў законе альбо замацоўваюцца не ў поўным аб’ёме. І тады яны не атрымліваюць абароны з боку дзяржавы.

1. Прынцып адзінства правоў і абавязкаў. У гэтым прынцыпе найбольш грунтоўна адлюстроўваецца эквівалентная сутнасць права. Суразмернасць у абмене матэрыяльнымі і духоўнымі каштоўнасцямі можа быць захавана толькі пры ўмове, калі кожны з сацыяльных суб’ектаў і грамадства цалкам захоўвае свае абавязкі на прадстаўленне пэўнай меры каштоўнасцей узамен на атрыманыя ў карыстанне, ва ўласнасць каштоўнасці ў іншай форме. Няма праў без абавязкаў, як не можа быць і абавязкаў без праў – так скарочана гучыць гэты прынцып. Ніхто не мае права прэтэндаваць на нейкую меру каштоўнасцей, калі сам не перадае ва ўласнасць ці карыстанне іншым суб’ектам грамадскіх адносін пэўныя каштоўнасці. Сувязь праў і абавязкаў мае розныя формы праяўлення, якія абумоўлены характарам і зместам абменьваемых каштоўнасцей. Яна можа праяўляцца ў спалучэнні права аднаго суб’екта з абавязкам другога альбо ў форме, калі кожны з суб’ектаў мае нейкія правы і адначасова выконвае нейкія абавязкі.

2. Прынцып фармальнай роўнасці суб’ектаў права. Ён азначае, што, уступаючы ў адносіны маёмаснага характару, сацыяльныя суб’екты натуральна вымушаны прызнаваць адзін аднаго фармальна роўным сабе. Пры гэтым кожны з сацыяльных суб’ектаў павінен мець свабоду волі. Толькі пры такіх умовах можа быць захаваны эквівалентны (суразмерны) характар рэгулюемых правам грамадскіх адносін. Выпрацаваны эквівалент (мера, норма) з’яўляецца адзіным для ўсіх суб’ектаў права маштабам паводзін. Гэты адзіны маштаб накладваецца, прымяняецца да розных па сваіх здольнасцях, маёмаснаму становішчу, узросту, сямейнаму стану і г. д. суб’ектаў, а гэта натуральна прыводзіць да няроўнасці ў грамадстве. Але гэта няроўнасць з’яўляецца справядлівай, заканамернай і прававой, бо вынікае з права, абумоўлена ім.

Такім чынам, справядлівасць у праве зводзіцца да прымянення роўнага, аднолькавага маштабу да розных людзей, што прыводзіць да фактычнай няроўнасці. Права па сваёй сутнасці не ведае іншай справядлівасці, акрамя той, якая вынікае з фармальнай роўнасці ўдзельнікаў грамадскіх адносін і заканамерна вядзе да фактычнай няроўнасці. Фактычная няроўнасць і ёсць справядлівасць у прававым сэнсе слова. Таму ў праве не існуе асобнага прынцыпу справядлівасці. Справядлівасць у праве з’яўляецца лагічнай і заканамернай праявай прынцыпу фармальнай роўнасці бакоў. Нельга прыкладваць да права меру і шкалу маральнай справядлівасці і вылучаць сярод прынцыпаў права ў якасці асобнага прынцыпу прынцып справядлівасці і фармуляваць яго ў якасці нейкага універсальнага патрабавання да права.

3. Прынцып усеагульнай фармальнай роўнасці суб’ектаў права. Яго змест у тым, што выпрацаваныя аднойчы ў грамадстве эк­вівалент, мера, норма рэгулявання павінны быць прыкладзены абсалютна да ўсіх грамадскіх адносін аднаго і таго роду і віду. Для характару дадзенага прынцыпу права не мае значэння знешняя форма існавання эквівалента (прававыя адносіны, прававая свядомасць ці нормы права) і той від крыніцы права, у якой будзе замацаваны прававы эквівалент (закон, прававы прэцэдэнт і г. д.) Да­дзены прынцып «выраўноўвае» ўсіх суб’ектаў права, забяспечвае ім роўныя магчымасці (правы) і роўныя абавязкі. Таму як патрабаванне законнасці, так і патрабаванне раўнапраўнасці, якія вылучаюцца асобнымі аўтарамі ў якасці самастойных прынцыпаў права, з’яўляюцца толькі праявамі прынцыпу ўсеагульнай фармальнай роўнасці суб’ектаў права.

Разам з тым неад’емнымі складанымі часткамі гэтага прынцыпу з’яўляюцца разнастайныя прававыя льготы і выключэнні рознага кшталту. Справа ў тым, што шэраг суб’ектаў права па прычыне сваіх псіхафізічных асаблівасцяў (інваліды, хворыя і г. д.) і па іншых абставінах не могуць аб’ектыўна ўдзельнічаць у эквівалент­ных грамадскіх адносінах на прынцыпе фармальнай роўнасці, а гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да парушэння адзінства правоў і абавязкаў. Менавіта для забеспячэння фармальнай роўнасці ­суб’ектаў права і прадугледжваюцца разнастайныя прававыя выключэнні і льготы.

Можна выказаць меркаванне, што наяўнасць многіх выключэнняў у праве абумоўлена моцным уплывам, ціскам на права такога універсальнага сацыяльнага рэгулятара, як мараль. Маральныя перакананні грамадства патрабуюць усталявання перашкодаў для забеспячэння прававой справядлівасці і фактычнай няроўнасці.

4. Прынцып усеагульнай сацыяльнай кантралюемасці. Паколькі вытворчасць каштоўнасцей мае непасрэдна грамадскі характар, то грамадства мае непасрэдны, можна сказаць, «прававы» інтарэс у кантролі за іх абменам і размеркаваннем.

Удзельнікі грамадскіх адносін зацікаўлены ў тым, каб пры перамяшчэнні, пры абмене каштоўнасцей адной формы на каштоўнасці іншай формы не парушаліся суразмерныя пачаткі, эквівалентнасць у грамадскіх адносінах, бо гэта, у сваю чаргу, парушае нармальнае, прававое існаванне соцыума. Суразмернасць у грамадскіх адносінах можа быць рэальна забяспечана, калі працэсы размеркання і пераразмеркавання каштоўнасцей знаходзяцца пад непасрэдным кантролем з боку грамадства і яго афіцыйнага прадстаўніка – дзяржавы. Грамадства і дзяржава зацікаўлены ў тым, каб паставіць пад свой кантроль усе матэрыяльна-фінансавыя патокі ў грамадстве з тым, каб кожны ўдзельнік прававых адносін атрымаў ад грамадства, ад іншых суб’ектаў права тое, што эквівалентна, суразмерна яго ўкладу ў скарбонку грамадства і дзяржавы. У грамадства і дзяржавы не існуе іншага сродку забеспячэння эквівалентнасці ў грамадскіх адносінах, акрамя сродкаў сацыяльна-прававога і дзяржаўна-прававога кантролю.

Прынцып усеагульнай сацыяльнай кантралюемасці дазваляе таксама абгрунтаваць неабходнасць умяшальніцтва дзяржавы ў грамадскія адносіны, якія заснаваны на эквівалентных, суразмерных пачатках. Дзяржава не можа пакінуць па-за ўвагай працэсы размеркавання і перазмеркавання матэрыяльна-фінансавых каштоўнасцей, таму што яна з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком грамадства і вымушана забяспечыць усеагульны сацыяльны інтарэс. А ў сацыяльнай кантралюемасці прававых адносін закладзена і магчымасць дзяржаўнага прымусу.

5. Прынцып спалучэння пераканання і прымусу. Эквівалентнасць у грамадскіх адносінах можа быць захавана пры ўмове, калі парушаная суразмернасць узнаўляецца альбо кампенсуецца. Ужо на ранніх этапах існавання права былі выпрацаваны два універсальныя сродкі захавання суразмернасці ў грамадскіх адносінах – перакананне і прымус. Калі першапачаткова выкарыстоўваліся «варварскія» прыёмы прымусу, то затым паступова фармуюцца цыві­лізаваныя органы і ўстановы, напрыклад, суд. Існаванне суда як спецыфічнага інстытута грамадства абумоўлена, такім чынам, неабходнасцю абароны і захавання права.

6. Прынцып адказнасці за віну. Існаванне права, магчымасць яго парушэння абумоўліваюць існаванне ў грамадстве інстытута юрыдычнай адказнасці. Прынцып адказнасці за віну азначае, што непажаданыя наступствы, г. зн. юрыдычная адказнасць, наступаюць толькі ў тым выпадку, калі парушэнне права, невыкананне абавязкаў з’яўляюцца лагічным вынікам віны парушальніка.

Вобразна кажучы, прынцыпы права – гэта душа права. Яны пранізваюць усе прававыя з’явы, усю прававую сістэму. Яны маюць вялікае значэнне ў праватворчасці (заканатворчасці) і права­прымяненні. Менавіта прынцыпы права забяспечваюць сістэмнасць у заканатворчасці, сістэмнасць заканадаўства і ўсіх іншых крыніц права. У правапрымяненні да прынцыпаў права звяртаюцца, калі ў сістэме заканадаўства выяўляюцца прабелы і іх трэба запоўніць. Актыўна выкарыстоўваюцца прынцыпы права ў прававым выхаванні і ў падрыхтоўцы спецыялістаў-юрыстаў (пры выкладанні права на юрыдычных факультэтах універсітэтаў і ў юрыдычных інстытутах, акадэміях у кантынентальнай прававой сістэме).

Адны прынцыпы знаходзяць прамое замацаванне ў нормах закона, іншых крыніцах права (напрыклад, прынцып адказнасці за віну). Іншыя прынцыпы, наадварот, не фармулююцца ў канкрэтных нормах, але адлюстроўваюцца ў іх шэрагу. Ва ўсе часы заканадаўцы розных народаў імкнуліся дакладна і адназначна сфармуляваць сутнасць права, раскрыць яго змест праз фармулёўку прынцыпаў права. Свядома сфармуляваны і замацаваны прынцып права змяншае аб’ём, колькасць неабходных для прававой сістэмы норм права.

У адрозненне ад прынцыпаў права, якія ўяўляюць сабой фундаментальныя ідэі аб праве і маюць найбольш агульны, універсальны характар і ў якіх адлюстроўваюцца самыя істотныя якасці права, у прававой сістэме існуюць больш канкрэтныя паняцці і ідэі, з дапамогай якіх адбываюцца канкрэтызацыя і дэталізацыя прынцыпаў права. Гэта прававыя аксіёмы. У адрозненне ад прынцыпаў права, якія ствараюцца шляхам вывучэння заканамернасцей фармавання, функцыянавання і развіцця права і складаюцца з абагульненняў з высокай ступенню абстракцыі, прававыя аксіёмы ствараліся ў ходзе практычнага прававога вопыту, яны, умоўна кажучы, «арганіч­на вырасталі» з паўсядзённых патрэбаў у прававых зносінах.

Людзі ў сваёй практычнай дзейнасці мільёны разоў сутыкаюцца з неабходнасцю паўтора нейкіх мадэляў паводзін, пасля чаго гэтыя мадэлі фактычна пераўтвараюцца ў агульнапрызнаваемыя і абавязковыя для выканання нормы права, калі гэта тычыцца грамадскіх адносін, заснаваных альбо абумоўленых маёмаснай няроўнасцю, тавараабменам і таварна-грашовымі адносінамі. У гэтым сэнсе аксіёмы права – гэта «першацаглінкі» права, яго самыя простыя, элементарныя нормы. Фармулюючы новыя правілы паводзін, любы заканадавец заўсёды так альбо інакш зыходзіць з найбольш вядомых, простых правілаў, выпрацаваных ягонымі папярэднікамі ці прававой практыкай. Часцей за ўсё аксіёмы знаходзяць замацаванне ў законах альбо іншых крыніцах права. Але адметнай улас­цівасцю менавіта аксіём права з’яўляецца тое, што яны фактычна існуюць і дзейнічаюць у прававых сістэмах нават тады, калі не знаходзяць афіцыйнага выражэння. Іншымі словамі, прававыя аксіёмы з’яўляюцца прававымі звычаямі ці нормамі звычаёвага характару. У міжнародным праве існуе паняцце агульнапрызнаных норм міжнароднага права, пад якімі разумеюцца прававыя палажэнні, што былі выпрацаваны на працягу стагоддзяў у практыцы міжнародных зносінаў і якія ўжываюцца і выкарыстоўваюцца без дадатковых аргументаў толькі таму, што іх карыснасць не патрабуе гэтага.

Праз аксіёмы права адбываецца пераемнасць у праве. У розных прававых сістэмах яны набываюць іншы славесны выраз, але захоўваюць пры гэтым свой змест. Вядома, што ў Кодэксе Напалеона, які быў выдадзены ў буржуазнай Францыі, былі замацаваны многія палажэнні рымскага права, якія вытрымалі выпрабаванне часам. Сярод іх мы знаходзім амаль усе сфармуляваныя рымлянамі аксіёмы. Прававыя аксіёмы з’яўдяюцца свайго роду «залатым фондам» прававых норм, якія склаліся ў ходзе развіцця чалавецтва. Адмова ад іх выкарыстання, невыкананне аксіём можа прывесці да таго, што права страціць сваю сацыяльную значнасць, не зможа забяспечыць у поўнай меры ўстойлівасць, парадак і арганізаванасць у грамадскіх адносінах. Вось некаторыя аксіёмы права: ніхто не можа быць суддзёй у сваёй уласнай справе; ніхто не абавязаны сябе абвінавачваць; няхай будзе выслуханы і іншы бок; асабістая карысць адступае перад грамадскай.