3. Развіццё права, пераемнасць, абнаўленне і рэцэпцыя ў праве
^ Вверх

3. Развіццё права, пераемнасць, абнаўленне і рэцэпцыя ў праве

 

Права – адвечны спадарожнік грамадства, якое ўзнікла ва ўмовах якаснай і колькаснай маёмаснай няроўнасці ў грамадстве, у выніку развіцця рэгулярнага тавараабмену, таварна-грашовых адносін. Таварна-грашовыя адносіны з’яўляюцца той сферай грамадства, якая абумоўлівае ўсе працэсы, якія адбываюцца ў праве. Усе перамены, зрухі ў праве, якія тычацца пераменаў у змесце і формах існавання права, абазначаюцца паняццем «развіццё права».

Распаўсюджанне таварна-грашовых адносін у грамадстве, а таксама тых сацыяльных сувязей, якія абумоўлены таварна-грашовымі адносінамі, заканамерна азначае і пашырэнне сферы (поля) дзеяння права, і, наадварот, звужэнне таварна-грашовых пачаткаў у пэўнай сферы існавання грамадства азначае, што менавіта там звужаецца, змяншаецца сфера (поле) дзеяння права. Пашырэнне і звужэнне сферы дзеяння права з’яўляюцца асноўнымі формамі, праявамі развіцця права. Гісторыя развіцця права сведчыць, аднак, аб тым, што асноўным накірункам (асноўнай формай) развіцця права з’яўляецца пашырэнне сферы яго дзеяння.

Павелічэнне колькасці самастойных відаў таварна-грашовых і шчыльна звязаных з імі грамадскіх адносін, якія для свайго належнага рэгулявання, патрабуюць адэкватных і суразмерных свайму зместу прававых эквівалентаў. Дадзеныя эквіваленты, безумоўна, ствараюцца ў грамадстве, асэнсоўваюцца ў форме прававой свядомасці і замацоўваюцца ў нормах права. Натуральна, што ў гэтых умовах заканамерна адбываецца павелічэнне колькасці прававых эквівалентаў і адпаведна ўзрастае колькасць норм права. Павелічэнне аб’ёму дзеючага пазітыўнага права, такім чынам, уяўляе адну з заканамернасцей развіцця права. Натуральна, што другой заканамернасцю развіцця права, якая лагічна выцякае са звужэння сферы дзеяння права, з’яўляецца змяншэнне аб’ёму дзеючых норм права.

Але аб багацці прававой сістэмы, яе дасканаласці і ўзроўні развіцця сведчыць не колькасць і не аб’ём норм права, а разнастайнасць прававых эквівалентаў, з дапамогай якіх права ўздзейнічае на грамадскія адносіны. Чым большы і разнастайны спектр прававых эквівалентаў выкарыстоўваецца ў прававой сістэме, тым больш дасканалым з’яўляецца права. Дасканаласць права – гэта магчымасць з дапамогай прававой формы, сістэмы прававых эквівалентаў найбольш адэкватна ўздзейнічаць на грамадскія адносіны.

З’яўленне новых відаў таварна-грашовых адносін і адпаведных іх зместу прававых эквівалентаў абумоўлівае не толькі паве­лічэнне аб’ёму дзеючых норм права, але заканамерна суправаджаецца дыферэнцыяцыяй прававога рэгулявання і спецыялізацыяй паміж нормамі права, у якіх замацоўваюцца якасна новыя прававыя эквіваленты. Разам з тым, паміж асобнымі відамі таварна-грашовых адносін існуюць сувязі каардынацыі і інтэграцыі, якія абумоўлены адзінствам практычнай дзейнасці людзей. Гэта заканамерна патрабуе інтэграцыі прававога рэгулявання, абагульнення асобных прававых эквівалентаў і стварэння агульных прававых палажэнняў і норм права.

Таварна-грашовыя пачаткі пранізваюць практычна ўсе праявы чалавечага існавання, а следам за імі ў тыя самыя праявы жыцця чалавека пранікае і права. Пранікненне права ў новыя сферы існавання грамадства суправаджаецца тым, што права пачынае там дамінаваць, яно займае ў гэтых сферах сацыяльнага рэгулявання вяршэнства, прыярытэт першынства над іншымі відамі сацыяльнага рэгулявання. Іншыя правілы паводзін альбо выцясняюцца з гэтых сфераў існавання грамадства, альбо вымушаны падпарадкоў­вацца прававым пачаткам, саступаючы першынство праву. Пад­парадкаванне праву азначае, што яны не павінны разыходзіцца з правам у накірунках рэгулятыўнага ўздзеяння на грамадскія адносіны. Калі іншыя віды сацыяльнага рэгулявання супярэчаць прававым патрабаванням, то яны забараняюцца. Іншыя віды сацыяльнага рэгулявання могуць уздзейнічаць на тыя самыя пласты грамадскіх адносін іншымі сродкамі і ў гэтым плане садзейнічаць праву, узмацняць яго рэгулятыўны патэнцыял. Але яны могуць таксама ўздзейнічаць на іншыя пласты адных і тых самых грамадскіх адносін і арганічна дапаўняць права.

Калі аналізаваць развіццё права ў гістарычным ракурсе, то можна адзначыць наступнае. Грамадства развіваецца такім чынам, што ў ім, па-першае, з’яўляюцца якасна новыя віды таварна-грашовых адносін, па-другое, з жыцця грамадства знікаюць тыя віды таварна-грашовых адносін, якія страчваюць сваю значнасць для грамадства, і, нарэшце, па-трэцяе, доўгі час захоўваюцца практычна ў нязменным выглядзе і форме асобныя віды таварна-грашовых адносін. З’яўленне ў праве невядомых раней прававых эквівалентаў і адпаведна норм права ў мэтах адэкватнага ўздзеяння на якасна новыя віды грамадскіх адносін можна аднесці да працэсаў абнаўлення права. Захаванне ў праве доўгі час раней вынайдзеных эквівалентаў і норм пазітыўнага права для рэгулявання тых таварна-грашовых адносінаў, якія існуюць доўгі час, а таксама іх выкарыстанне для ўздзеяння на іншыя грамадскія адносіны, можна характарызаваць паняццем пераемнасці ў праве.

Права мае універсальны характар, але развіваецца пераважна ў нацыянальных формах. Разам з тым, паколькі таварна-грашовыя адносіны не абмяжоўваюцца межамі нацыянальных дзяржаўных утварэнняў, а маюць транснацыянальны, міжнародны характар, то транснацыянальныя, міжнародныя па сваёй прыродзе таварна-грашовыя адносіны з непазбежнасцю прыводзяць да неабходнасці стварэння універсальных прававых стандартаў, да збліжэння нацыянальных прававых эквівалентаў, нацыянальных прававых сістэм. Гэта суправаджаецца працэсамі гарманізацыі і уніфікацыі ў праве.

Для развіцця права характэрна і такая з’ява, як рэцэпцыя (запазычанне) права. З рэцэпцыяй у праве мы сутыкаемся, калі адна нацыянальная прававая сістэма запазычвае не проста вопыт развіцця прававых сістэм мінулага і іншых паралельна існуючых нацыянальных прававых сістэм, а зусім дакладныя і канкрэтныя прававыя эквіваленты (нормы права), асобныя прававыя інстытуты і нават галіны права.

Адначасова адзначым, што прававыя эквіваленты ў межах нацыянальных прававых сістэм, г. зн у межах нацыянальнай прававой прасторы, фіксуюцца, замацоўваюцца і выкладаюцца ў разнастайных крыніцах норм права, а агульныя для некалькіх нацыянальных прававых сістэм прававыя эквіваленты (нормы права) фіксуюцца, замацоўваюцца і выкладаюцца ў двух- і шматбаковых пагадненнях – дагаворах, пактах, канвенцыях і г. д.

Пры гэтым у прававых эквівалентах, якія фармулюцца ў нормах права, замацоўваецца і выкладаецца далёка не ўся «прававая матэрыя», а толькі самая істотная, самая сутнасная, самая значная яе частка, тая частка, без якой немагчыма забяспечыць эквівалентную прыроду таварна-грашовых адносін. Астатняя частка, можна сказаць, «аб’ём прававой матэрыі», існуе і функцыянуе ў іншых формах – у форме правасвядомасці, прававой навукі, прававой культуры і г. д. Можна лічыць, што зафіксаваная і замацаваная ў нормах права частка «прававой матэрыі» складае своеасаблівае «прававое поле». Можна таксама сцвярджаць, што «прававое поле» ўяўляе сабой асвоеную нацыянальнымі суб’ектамі праватворчасці ў межах нацыянальнай прававой прасторы, а таксама дзяржавамі ў межах рэгіянальнай і сусветнай прававой прасторы частку нацыянальнай, рэгіянальнай і сусветнай прававой прасторы, г. зн. пэўны зрэз (пэўную частку) усёй «прававой матэрыі».

У межах прававога поля асобнай нацыянальнай дзяржавы можа ўстанаўлівацца, стварацца асобны прававы рэжым ці на частцы тэрыторыі дзяржавы, ці адносна асобных відаў грамадскіх адносін, ці адносна асобных удзельнікаў (суб’ектаў) грамадскіх адносін. У гэтым выпадку, як уяўляецца, можна гаварыць пра своеасаблівыя «прававыя зоны», якія праяўляюцца ў форме асобных (ці свабодных) эканамічных зон і існуюць у выглядзе нейкіх прававых ільгот, прававых выключэнняў, прававых прэферэнцый і г. д.

Шляхам самых разнастайных пагадненняў асобныя дзяржавы на сваіх тэрыторыях могуць устанаўліваць, замацоўваць агульныя толькі для іх прававыя эквіваленты (нормы права). Такім шляхам была створана Еўрапейская супольнасць, а таксама права Еўрапейскай супольнасці, ствараецца права Садружнасці Незалежных Дзяржаў і г. д. Добра вядома, што права Еўрапейскай супольнасці было сфармавана на падставе прызнання шэрагам еўрапейскіх краін агульных для іх стандартаў (прававых эквівалентаў) дзеля рэгулявання працэсаў перамяшчэння тавараў, капіталаў і працоўнай сілы на тэрыторыях дадзеных дзяржаў. Такім чынам, дадзеныя дзяржавы як бы прызналі сваю нацыянальную тэрыторыю часткай агульнай тэрыторыі Еўрапейскай супольнасці дзеля перамяшчэння па ёй тавараў, капіталаў і працоўнай сілы, распаўсюдзіўшы на яе агульныя для Еўрапейскай супольнасці прававыя эквіваленты ў выгля­дзе прававых стандартаў. Пры гэтым агульнай для супольнасці тэрыторыя нацыянальных дзяржаў з’яўляецца толькі ў той частцы і ў той меры, у якіх яна неабходна дзеля дзеяння на ёй агульных прававых стандартаў Еўрапейскай супольнасці.

Дадзеныя і да іх падобныя прававыя ўтварэнні, якія створаны на падставе ўзаемадзеяння, збліжэння і інтэграцыі нацыянальных прававых сістэм, можна разглядаць з прававога пункту гледжання ў якасці асобных рэгіянальных «прававых зон». Пашырэнне гэтага віду «прававых зон» адбываецца шляхам прызнання іншымі дзяржавамі ва ўстаноўленым парадку і са згоды іх стваральнікаў абавязковымі для сябе агульных (універсальных) прававых эквівалентаў у форме прававых стандартаў. Паглыбленне дадзеных «прававых зон» ажыццяўляецца шляхам выпрацоўкі ўсё новых і новых, агульных для іх стваральнікаў прававых эквівалентаў, г. зн. шляхам адмовы ад права на стварэнне ўласна нацыянальных прававых эквівалентаў, ці, што адно і тое самае, ад суверэнных праў на іх стварэнне. 

Сістэма створаных грамадствам прававых эквівалентаў затым паступова асэнсоўваецца ўдзельнікамі грамадскіх адносін у якасці справядлівых, заканамерных, патрэбных грамадству правілаў паводзін. Фармуюцца сістэмныя ўяўленні аб праве, аб тым, якім яно павінна быць. Даследуюцца заканамернасці і тэндэнцыі яго ўзнікнення і развіцця. Складваецца сістэма навуковых поглядаў на права, асобная форма грамадскай свядомасці – прававая свядомасць, якая і ўяўляе сабой другую форму існавання права – прававую свядомасць.

Наяўнасць прававой свядомасці сведчыць аб тым, што ў грамадстве існуе якасна новы від сацыяльнага рэгулявання і што грамадства мае аб гэтым дакладнае ўяўленне. Уяўленні аб праве павін­ны быць замацаваны на ўзроўні ўсяго грамадства, і ім павінна быць нададзена агульнаабавязковае значэнне. Без гэтага створанае ў грамадстве права не будзе мець завершанай формы. Адбываецца гэта шляхам замацавання прававых эквівалентаў у сістэме афіцыйна ўсталяваных крыніц права. Афіцыйна замацаванае ў грамадстве права называецца пазітыўным правам і складае трэці этап, трэцюю форму існавання права.

Адзначаныя тры формы існавання права – гэта тры яго праявы, тры іпастасі. Кожная з іх уключае ў сябе адны і тыя самыя прававыя эквіваленты, сродкі, інструменты, прыёмы, але знешнія праявы іх існавання розныя. Сэрцавіна, эквівалентны стрыжань у іх адзін, а сродкі адлюстравання, замацавання і выражэння розныя. Наяўнасць у праве трох адзначаных форм яго існавання сведчыць аб развітасці права. Гісторыя развіцця права гаворыць аб тым, што аб існаванні «паўнавартаснага» права сведчыць наяўнасць у праве трох адзначаных форм. Праўда, у кожнага з гістарычных і зараз існуючых народаў адна з форм існавання права на пэўных этапах развіцця права дамінавала, яна падпарадкоўвала астатнія дзве формы існавання права. Дамінаванне пэўнай формы існавання права азначае, што і логіку даследавання права і выкладання яго вынікаў можна будаваць, абапіраючыся менавіта на дадзеную форму існавання права.

Азначэнне сутнасці права – гэта той «краевугольны камень», які павінен заўсёды вызначаць падыходы і характарыстыку асобных праяваў прававой матэрыі, асобных яе часцінак. Тэорыя права патрабуе сістэмнасці і лагічнасці ў асвятленні права, усіх яго праяў, яго будовы (структуры), развіцця, функцыянавання. Канцэптуальныя ідэі павінны пранізваць увесь аб’ём тэарэтычных ведаў аб праве, як, дарэчы, і аб дзяржаве. Не варта «збіраць» і выдаваць курсы лекцый па «ласкутнаму прынцыпу».

Для еўрапейскай дактрынальнай традыцыі характэрна, што тэорыя права распрацоўвалася пераважна на падставе аналізу па­зітыўнага права. Усе астатнія катэгорыі і паняцці права, у якіх вы­значаюцца прырода, змест і іншыя ўласцівасці правасвядомасці і прававых адносін, арганічна далучаюцца да катэгорый і паняццяў, праз якія вывучаецца пазітыўнае права. Не выпадкова самыя першыя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, якія былі напісаны ў дарэвалюцыйнай Расіі ў ХIХ ст. аўтарамі, атрымаўшымі грунтоўную юрыдычную адукацыю ва універсітэтах Германіі, мелі назву «Заканазнаўства» ці «Дагматыка права».

Пры распрацоўцы лекцыйнага курса і на працягу яго шматгадовага выкладання аўтар прытрымліваўся еўрапейскай дактрынальнай традыцыі. Таму пасля вызначэння сутнасці і зместу права, форм яго існавання ўвага засяроджваецца на характарыстыцы асноўнай у рамана-германскай прававой сям’і формы існавання права – па­зітыўнага права, якая ў юрыдычнай літаратуры часта называецца нарматыўнай часткай. Падрабязна даследуецца норма права, затым яе крыніцы, у прыватнасці, крыніцы права Рэспублікі Беларусь, таму што беларуская нацыянальная прававая сістэма па многіх параметрах уваходзіць у склад рамана-германскай прававой сям’і. А пасля вывучэння сістэмы права, межаў яго дзеяння і дзеяння крыніц права разглядаюцца пытанні стварэння права і сістэматызацыі яго крыніц. І, нарэшце, аналіз нарматыўнай часткі права лагічна завяршаецца аналізам працэсаў рэалізацыі і прымянення права.

Другія формы існавання права ў такім разе вывучаюцца пасля даследавання яго нарматыўнай часткі ў наступнай паслядоўнасці: спачатку прававая свядомасць, а затым – прававыя адносіны.

Такім чынам, раздзел лекцыйнага курса, у якім разглядаюцца асноўныя катэгорыі і паняцці тэорыі права, у асноўным прысвечаны даследаванню пазітыўнага права (нарматыўнай часткі права). Другую ж па ліку і сярэдзінную па месцы знаходжання ў сістэме форм права форму існавання права – правасвядомасць – у асноўным вывучае філасофія права, вучэбны курс якой ужо на працягу некалькіх гадоў чытаецца ва Установе адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы». А на даследаванні такой формы існавання права, як прававыя адносіны, засяроджвае ўвагу пераважна сацыялогія права.