1. Сутнасць і азначэнне права
Як нам ужо вядома, пад сутнасцю любога прадмета альбо з’явы звычайна разумеюць сукупнасць самых істотных рысаў, устойлівых якасцей і адносін, якія складаюць аснову прадмета альбо з’явы і азначаюць усе астатнія іх якасці і ўласцівасці. Такім чынам, сутнасць права – галоўная якасная аснова права, у якой адлюстроўваюцца сапраўдная прырода і прызначэнне права ў жыцці грамадства. Сутнасць права складаюць тыя яго ўласцівасці і якасці, якія заўсёды прысутнічаюць у праве і страта якіх правам азначае страту правам самаго сябе.
Пры вызначэнні сутнасці права трэба выкарыстаць той самы тэарэтыка-метадалагічны падыход, які быў выкарыстаны пры вызначэнні сутнасці дзяржавы. Справа тут найперш у тым, што толькі аднолькавы тэарэтыка-метадалагічны падыход можа прывесці да супастаўных з навуковага пункту гледжання вынікаў. Гэта – гнасеалагічны аспект праблемы. Але галоўнае тут у тым, што права і дзяржава выраслі з «аднаго кораня». Іх узнікненне ў жыцці грамадства, як было паказана пры вывучэнні паходжання дзяржавы і права, было абумоўлена аднымі і тымі сацыяльна-эканамічнымі пераўтварэннямі ў грамадстве, якія адбыліся ў ходзе і выніку неалітычнай рэвалюцыі. Аднолькавыя прычыны паходжання заканамерна патрабуюць і аднолькавых тэарэтыка-метадалагічных падыходаў да вызначэння іх прыроды.
Такім чынам, сутнасць права можа быць вызначана шляхам арганічнага спалучэння адказаў на два шчыльна ўзаемазвязаныя пытанні: а) як і чаму ўзнікла асобная сістэма сацыяльнага рэгулявання (права) у жыцці грамадства; б) якое прызначэнне мае асобная сістэма сацыяльнага рэгулявання (права) у жыцці грамадства?
Права ўзнікае натуральна-гістарычным шляхам, яно заканамерна і арганічна вырастае з патрэбаў грамадства.
Вядома, што ні адно грамадства не можа існаваць без сацыяльных і ў тым ліку нарматыўных рэгулятараў – правілаў паводзін агульнага характару. Калі сацыяльнае рэгуляванне ў форме разавых даручэнняў, загадаў, распараджэнняў прысутнічае ў грамадстве заўсёды, бо без іх немагчыма ўвогуле скаардынаваць і ўзгадніць сумесныя дзеянні, то нарматыўнае рэгуляванне (другая форма сацыяльнага рэгулявання) узнікае пазней, што было абумоўлена патрэбамі грамадства ахапіць агульным правілам тыповыя сумесныя дзеянні, а затым і акты вытворчасці, размеркавання і абмену прадуктаў, стварыць такі парадак, пры якім асобны чалавек быў бы падпарадкаваны агульным умовам сумеснага пражывання, сумесных дзеянняў, а затым вытворчасці і абмену. Зразумела, што са змяненнем умоў сумесных дзеянняў, сумеснага пражывання, вытворчасці, размеркавання і абмену мяняюцца і правілы паводзін агульнага характару.
Права ўзнікае як натуральная, заканамерная рэакцыя грамадства на неабходнасць урэгуляваць невядомыя першабытнаму грамадству сацыяльна-эканамічныя працэсы і грамадскія адносіны, якія ўзніклі ў выніку трох буйных грамадскіх падзелаў працы, фармавання якаснай маёмаснай няроўнасці, развіцця тавараабмену, а затым і таварна-грашовых адносін. Па сутнасці, у выніку азначаных працэсаў сфармавалася якасна новае грамадства – сістэма грамадскіх адносін, у падмурку якіх знаходзяцца і абумоўліваюць усе праявы грамадскага існавання прыватная ўласнасць і таварна-грашовыя адносіны. Існаваўшая ва ўмовах першабытнага грамадства сістэма нарматыўнага рэгулявання не ў стане адэкватна адрэагаваць на новыя імператывы ў развіцці грамадства. З дапамогай старых, вядомых відаў правілаў паводзін нельга надалей забяспечваць парадак у сістэме якасна новых грамадскіх адносін, якая заснавана на маёмаснай няроўнасці, развіцці рэгулярнага тавараабмену і таварна-грашовых сувязях.
Па свайму зместу, характару яно павінна цалкам адпавядаць якасна новаму грамадству, быць адэкватным зместу і характару рэгулюемых грамадскіх адносін. А паколькі рэгулюемыя правам таварна-грашовыя і шчыльна звязаныя з імі грамадскія адносіны будуюцца на суразмерных асновах, абмен матэрыяльнымі і духоўнымі каштоўнасцямі ажыццяўляецца ў іх па прынцыпу эквіваленту, то забяспечыць парадак у эквівалентных, суразмерных па сваёй сутнасці грамадскіх адносінах можна было толькі з дапамогай такіх правілаў паводзін, у якіх былі б сфармуляваны, замацаваны адпавядаючыя зместу рэгулюемых адносінаў самыя розныя па зместу эквіваленты, суразмернасці прававога характару.
Гэтыя прававыя суразмернасці, эквіваленты, правілы паводзін фармулююцца, «бяруцца» з рэальных грамадскіх адносін, заснаваных на эквівалентных асновах. Яны ствараюцца шляхам духоўнага, інтэлектуальнага асэнсавання тых эквівалентных, суразмерных пачаткаў, на якіх будуюцца таварна-грашовыя і шчыльна звязаныя з імі грамадскія адносіны. У гатовым выглядзе прававыя эквіваленты нельга было запазычыць ад іншых відаў сацыяльнага рэгулявання, таму што аналагаў прававых эквівалентаў не магло існаваць у грамадстве, дзе не існавала маёмаснай няроўнасці і тавараабмену.
Як вядома, уласцівыя першабытнаму грамадству правілы паводзін мелі прыродны характар, яны складаліся пад моцным уздзеяннем імператываў прыроднага характару і дазвалялі перашабытнаму чалавеку прыстасавацца да навакольнага асяроддзя. Права фармуецца пад уздзеяннем сацыяльных імператываў, і ў гэтым адно з яго прынцыповых адрозненняў ад правілаў паводзін першабытнага грамадства. Правілы паводзін першабытнага грамадства ведалі адну меру – меру адэкватнага рэагавання на прыродныя імператывы, такога рэагавання, якое б гарантавала выжыванне старажытнага чалавека. Права не можа быць зведзена толькі да адэкватнасці, яно павінна забяспечваць яшчэ і суразмернасць. Адэкватнасць і суразмернасць складаюць такую якасць, як эквівалент. Такім чынам, па сваёй сутнасці, па свайму прызначэнню ў грамадстве права зводзіцца да эквіваленту.
Усе матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці ва ўмовах тавараабмену павінны быць параўнаны паміж сабой. Адсюль становіцца зразумелым, чаму права сімвалізуецца шалямі, якія знаходзяцца ў руху. Для аддзякі роўным неабходна знайсці ўраўненне паміж рознымі па каштоўнасці абменьваемымі паслугамі і прадуктамі. Напачатку трэба знайсці прапарцыянальную меру роўнасці, а затым ужо на гэтай падставе здзейсніць аддзяку роўным. Па ўзору гандлёвага абмену і ў права ўводзіцца абмен аднаго прадмета на другі. Чалавечае жыццё падвяргаецца расцэнцы, устанаўліваецца новая роўнасць больш тонкага і складанага тыпу – пазбаўленне волі, грашовыя выплаты і г. д. Фармуецца ўраўненне, якое дазваляе вымераць усялякую шкоду: калі вырвана, напрыклад, барада, то падлічваюцца валаскі і за кожны волас бяруцца грошы.
Сказанае дазваляе сцвярджаць, штоправа ўяўляе такі від сацыяльнага рэгулявання, які ўзнікае ў выніку з’яўлення ў грамадстве маёмаснай няроўнасці, развіцця таварна-грашовых адносін і ў падмурку якога ляжыць эквівалент.
Эквівалентнасць у грамадскіх адносінах складаецца як вынік мноства адхіленняў ад яе, у выніку сутыкнення ўсяго мноства патрэбнасцей і інтарэсаў індывідаў, сацыяльных груп, слаёў, якія ўступаюць у грамадскія адносіны, заснаваныя на суразмерных пачатках. Удзельнікі грамадскіх адносін зацікаўлены ў тым, каб надаць эквівалентнаму пачатку ўсеагульны характар, замацаваць яго і захоўваць яго надалей. Натуральна, што асобныя групы насельніцтва імкнуцца замацаваць у праве выгадныя ім уяўленні аб суразмернасці, надаць ім з дапамогай сілы, у тым ліку сілы дзяржавы, усеагульнае, абавязковае для ўсёй супольнасці значэнне. Ідзе «барацьба за права». Безумоўна, сам па сабе тавараабмен не існуе ў чыстым выглядзе і сам па сабе не здольны аўтаматычна гарантаваць і забяспечыць уласнымі сродкамі ідэю эквівалентнасці ў грамадскіх адносінах. Рэальна на працэсы выпрацоўкі і ўвасаблення эквівалентных пачаткаў у жыцці грамадства ўздзейнічаюць усе сацыяльныя сілы, усе групы насельніцтва, праўда, адны ў большай, а другія – у меншай ступені. У сучасных грамадстве на працэсы фармавання эквівалентных пачаткаў вельмі моцны ўплыў аказвае дзяржава. Яна не толькі абараняе прававыя эквіваленты і надае ім фармальна азначаны характар. Абапіраючыся на тэндэнцыі развіцця таварна-грашовых грамадскіх адносін, яна стварае якасна новыя і невядомыя грамадству прававыя суразмернасці.
Ідэя эквівалентнага пачатку ў грамадскіх адносінах – першая выключна прававая ідэя, прыватная праява залатога правіла нарматыўнага рэгулявання ўвогуле: «кожнаму па яго справах». Дадзеная ідэя з усёй дакладнасцю пачала праводзіцца ў жыццё ў прававых сістэмах па меншай меры пасля стварэння законаў ХІІ табліц. У старажытным Рыме існавала нават пасада асобнага прэтара, які павінен быў «раўняць» адносіны, г. зн. рабіць іх эквівалентнымі, суразмернымі. Дарэчы, рымскае права запазычыла ідэю эквівалентнасці з грэчаскай філасофіі. Але гэта стала магчымым толькі пасля таго, як сфармаваўся рэгулярны тавараабмен з яго эквівалентнымі пачаткамі, суразмернасцямі. Прынцып эквівалентнасці, узнікшы ў сферы рэгулярнага тавараабмену, паступова пранікае ва ўсе сферы сацыяльнага жыцця, у тым ліку і ў адносіны публічна-прававога характару.
У сваім станаўленні права заканамерна праходзіць тры этапы, стадыі, на якіх яно існуе ў адпаведнай форме.
Першапачаткова права зараджаецца ў таварна-грашовых адносінах. Удзельнікі гэтых адносін вымушаны ствараць пэўныя трафарэты, стандарты, правілы, нормы, з дапамогай якіх можна ўрэгуляваць сацыяльныя сувязі. Працэс гэты можа адбывацца стыхійна, але часцей за ўсё знаходзіцца пад кантролем грамадства і кожнага ўдзельніка грамадскіх адносін. Але ў любым выпадку пэўны трафарэт, пэўнае правіла паводзін будзе абавязкова створана, бо без яго існаваць і нармальна развівацца існуючыя ў грамадстве таварна-грашовыя адносіны не ў стане. Так ствараецца першасная форма існавання права – прававыя адносіны. Калі права існуе першапачаткова толькі ў гэтай форме, яго часта называюць у літаратуры варварскім правам.
Сістэма створаных грамадствам прававых эквівалентаў затым паступова асэнсоўваецца ўдзельнікамі грамадскіх адносін у якасці справядлівых, заканамерных, патрэбных грамадству правілаў паводзін. Фармуюцца сістэмныя ўяўленні аб праве, аб тым, якім яно павінна быць. Даследуюцца заканамернасці і тэндэнцыі яго ўзнікнення і развіцця. Складваецца сістэма навуковых поглядаў на права, асобная форма грамадскай свядомасці – прававая свядомасць, якая і ўяўляе сабой другую форму існавання права – прававую свядомасць.
Наяўнасць прававой свядомасці сведчыць аб тым, што ў грамадстве існуе якасна новы від сацыяльнага рэгулявання і што грамадства мае аб гэтым дакладнае ўяўленне. Уяўленні аб праве павінны быць замацаваны на ўзроўні ўсяго грамадства, і ім павінна быць нададзена агульнаабавязковае значэнне. Без гэтага створанае ў грамадстве права не будзе мець завершанай формы. Адбываецца гэта шляхам замацавання прававых эквівалентаў у сістэме афіцыйна ўсталяваных крыніц права. Афіцыйна замацаванае ў грамадстве права называецца пазітыўным правам і складае трэці этап, трэцюю форму існавання права.
Адзначаныя тры формы існавання права – гэта тры яго праявы, тры іпастасі. Кожная з іх уключае ў сябе адны і тыя самыя прававыя эквіваленты, сродкі, інструменты, прыёмы, але знешнія праявы іх існавання розныя. Сэрцавіна, эквівалентны стрыжань у іх адзін, а сродкі адлюстравання, замацавання і выражэння розныя. Наяўнасць у праве трох адзначаных форм яго існавання сведчыць аб развітасці права. Гісторыя развіцця права гаворыць аб тым, што аб існаванні «паўнавартаснага» права сведчыць наяўнасць у праве трох адзначаных форм. Праўда, у кожнага з гістарычных і зараз існуючых народаў адна з форм існавання права на пэўных этапах развіцця права дамінавала, яна падпарадкоўвала астатнія дзве формы існавання права. Дамінаванне пэўнай формы існавання права азначае, што і логіку даследавання права і выкладання яго вынікаў можна будаваць, абапіраючыся менавіта на дадзеную форму існавання права.
Азначэнне сутнасці права – гэта той «краевугольны камень», які павінен заўсёды вызначаць падыходы і характарыстыку асобных праяваў прававой матэрыі, асобных яе часцінак. Тэорыя права патрабуе сістэмнасці і лагічнасці ў асвятленні права, усіх яго праяў, яго будовы (структуры), развіцця, функцыянавання. Канцэптуальныя ідэі павінны пранізваць увесь аб’ём тэарэтычных ведаў аб праве, як, дарэчы, і аб дзяржаве. Не варта «збіраць» і выдаваць курсы лекцый па «ласкутнаму прынцыпу».
Для еўрапейскай дактрынальнай традыцыі характэрна, што тэорыя права распрацоўвалася пераважна на падставе аналізу пазітыўнага права. Усе астатнія катэгорыі і паняцці права, у якіх вызначаюцца прырода, змест і іншыя ўласцівасці правасвядомасці і прававых адносін, арганічна далучаюцца да катэгорый і паняццяў, праз якія вывучаецца пазітыўнае права. Не выпадкова самыя першыя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, якія былі напісаны ў дарэвалюцыйнай Расіі ў ХIХ ст. аўтарамі, атрымаўшымі грунтоўную юрыдычную адукацыю ва універсітэтах Германіі, мелі назву «Заканазнаўства» ці «Дагматыка права».
Пры распрацоўцы лекцыйнага курса і на працягу яго шматгадовага выкладання аўтар прытрымліваўся еўрапейскай дактрынальнай традыцыі. Таму пасля вызначэння сутнасці і зместу права, форм яго існавання ўвага засяроджваецца на характарыстыцы асноўнай у рамана-германскай прававой сям’і формы існавання права – пазітыўнага права, якая ў юрыдычнай літаратуры часта называецца нарматыўнай часткай. Падрабязна даследуецца норма права, затым яе крыніцы, у прыватнасці, крыніцы права Рэспублікі Беларусь, таму што беларуская нацыянальная прававая сістэма па многіх параметрах уваходзіць у склад рамана-германскай прававой сям’і. А пасля вывучэння сістэмы права, межаў яго дзеяння і дзеяння крыніц права разглядаюцца пытанні стварэння права і сістэматызацыі яго крыніц. І, нарэшце, аналіз нарматыўнай часткі права лагічна завяршаецца аналізам працэсаў рэалізацыі і прымянення права.
Другія формы існавання права ў такім разе вывучаюцца пасля даследавання яго нарматыўнай часткі ў наступнай паслядоўнасці: спачатку прававая свядомасць, а затым – прававыя адносіны.
Такім чынам, раздзел лекцыйнага курса, у якім разглядаюцца асноўныя катэгорыі і паняцці тэорыі права, у асноўным прысвечаны даследаванню пазітыўнага права (нарматыўнай часткі права). Другую ж па ліку і сярэдзінную па месцы знаходжання ў сістэме форм права форму існавання права – правасвядомасць – у асноўным вывучае філасофія права, вучэбны курс якой ужо на працягу некалькіх гадоў чытаецца ва Установе адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы». А на даследаванні такой формы існавання права, як прававыя адносіны, засяроджвае ўвагу пераважна сацыялогія права.