2. Права і іншыя віды нарматыўных рэгулятараў. Прыметы права, якія адрозніваюць яго ад іншых відаў нарматыўных рэгулятараў
^ Вверх

2. Права і іншыя віды нарматыўных рэгулятараў.
Прыметы права, якія адрозніваюць яго ад іншых відаў нарматыўных рэгулятараў

 

У папярэдніх тэмах мы даволі падрабязна разглядзелі сістэму нарматыўнага рэгулявання, якая была ўласціва першабытнаму грамадству. Нагадаем, што ва ўмовах прысвойваючай эканомікі, якая была заснавана на прысваенні гатовых жывёльных і раслінных форм, грамадства наводзіла парадак ва ўзаемаадносінах з дапамогай разнастайных табу, міфаў, а пасля таго, як паступова стала пераходзіць да актыўнага ўмяшальніцтва ў навакольнае асяроддзе, з’явіліся і календары (агранамічныя і жывёлагадоўчыя). Кожная асобная першабытная абшчына мела і сваю асобную і адметную сістэму сацыяльнага рэгулявання, а кожны з адзначаных відаў правілаў паводзін рэгуляваў свой пласт грамадскіх адносін.

Старая сістэма сацыяльнага рэгулявання ў новых умовах аказваецца непрыдатнай, яна не можа быць мадэрнізавана ці дапоўнена новым відам правілаў паводзін, як гэта было раней, калі табу былі арганічна дапоўнены міфамі, а сістэма рэгулявання з табу і міфаў, у сваю чаргу, была дапоўнена календаром. Старая сістэма сацыяльнага рэгулявання развальваецца, і на яе рэштках фармуецца новая. На месцы монанарматыўнай сістэмы складваецца «по­лінарматыўная сістэма», у якой не проста існуюць розныя віды правілаў паводзін, а гэтыя віды правілаў паводзін пачынаюць рэгламентаваць якасна розныя віды грамадскіх адносін. Кожны з гэтых відаў сацыяльных рэгулятараў мае свой адметны механізм і свае адметныя сродкі ўздзеяння на паводзіны людзей. Акрамя гэтага, значнасць асобных відаў сацыяльных рэгулятараў вызначаецца ў новых умовах значнасцю рэгулюемых імі грамадскіх адносін.

Натуральна, што «эпіцэнтрам» новай сістэмы сацыяльнага рэгулявання з’яўляецца права, а побач з ім, ва ўзаемадзеянні і дапаўненні, дзейнічаюць мараль, звычаі, традыцыі. Працягваюць існаванне ў змененым выглядзе і такія сацыяльныя рэгулятары, як табу і міф, праўда, іх роля і значэнне ў жыцці грамадства памяншаюцца.

Пры разглядзе сістэмы нарматыўнага рэгулявання першабытнага грамадства былі сфармуляваны агульныя для ўсіх відаў пра­вілаў паводзін рысы, уласцівасці. Пры паходжанні права былі вы­значаны прыметы, якія праводзяць «гістарычную мяжу» паміж «даправавым» і «прававым» грамадствам. З дапамогай гэтых прымет можна акрэсліць якасныя ўласцівасці права ў параўнанні з тымі нарматыўнымі рэгулятарамі, якія былі ў першабытным грамадстве. Але паколькі ў якасна новым грамадстве адначасова суіснуюць як права, так і іншыя віды нарматыўных рэгулятараў, то ўзнікае па­трэба вызначыць тыя прыметы, якія вылучаюць права з сістэмы іншых нарматыўных рэгулятараў у якасна новы від нарматыўнага рэгулявання. Пры параўнанні гэтых прымет з аналагічнымі прыметамі дзяржавы паміж імі можна знайсці нейкае падабенства і асобныя паралелі.

Права адрозніваецца ад іншых відаў нарматыўных рэгутараў, па-першае, тым, што з’яўляецца адзіным універсальным, інтэгратыўным відам нарматыўнага рэгулявання. Пры распадзе монанарматыўнай сістэмы, якая была адзінай для рэгулявання ўсіх відаў грамадскіх адносін і адзінай для ўсіх удзельнікаў грамадскіх адносін, кожны з новых, самастойных відаў правілаў паводзін заняў сваё адметнае месца, сваю «нішу», па-першае, сярод сацыяльных рэгулятараў, а, па-другое, пры ўздзеянні на тыя ці іншыя віды (пласты) грамадскіх адносін, якія ў далейшым і пачалі вызначаць развіццё якасна самастойных відаў сацыяльных рэгулятараў. Права займае не проста галоўнае месца ў сістэме нарматыўнага рэгулявання і рэгулюе самыя істотныя для «новага грамадства» адносіны, яно з’яўляецца адзіным рэгулятарам, які мае агульнае абавязковае значэнне для кожнага суб’екта грамадскіх адносін незалежна ад яго волі і жадання. Падобна таму, як дзяржава выступае ад імя ўсяго грамадства, так і права мае агульнаабавязковае значэнне для ўсяго грамадства.

Па-другое, старая сістэма нарматыўнага рэгулявання была разлічана на адносна адасобленыя і аўтаномныя сацыяльныя структуры, а ў новых умовах узнікае патрэба ў універсальным відзе сацыяльнага рэгулявання, бо таварна-грашовыя адносіны маюць міжпляменны і міжродавы характар, яны пранізваюць усё грамадства. У гэтых умовах толькі права можа быць інтэгратыўным рэгулятарам, які забяспечвае аднолькавае і аднастайнае рэгуляванне грамадскіх адносін.

Па-трэцяе, падобна таму як дзяржава (дзяржаўная ўлада) у грамадстве мае такую якасць, як суверэнітэт, права мае ўласцівасць, якая падобна на суверэнітэт дзяржавы – вяршэнства (прыярытэт) над іншымі відамі нарматыўных рэгулятараў. Адзінства нарматыўнага рэгулявання, яго агульнаабавязковасць і універсальны характар забяспечваюцца пры ўмове, калі права мае перавагу пры рэгуляванні адных і тых самых адносін над іншымі відамі нарматыўных рэгулятараў.

Па-чацвёртае, толькі права мае самыя шчыльныя ўзаемасувязі і ўзаемадачыненні з дзяржавай. Гэтыя сувязі маюць для права істотнае значэнне, таму што без іх права губляе сваю агульную значнасць, свой універсальны характар. Дзяржава забяспечвае адзінства ў разуменні і рэалізацыі права ва ўсім грамадстве і на ўсёй тэрыторыі дзяржавы.