Лекцыя 9. АФІЦЫЙНА-СПРАВАВЫ СТЫЛЬ
^ Вверх

 Лекцыя 9. АФІЦЫЙНА-СПРАВАВЫ СТЫЛЬ

 

Мэта лекцыі – ахарактарызаваць асаблівасці афіцыйна-справавога стылю, сферу яго функцыянавання.

 

Задачы:

– сфарміраваць уяўленне аб гісторыі развіцця афіцыйна-справавога стылю;

– ахарактарызаваць моўныя сродкі афіцыйна-справавой дакументацыі (лексічны,     марфалагічны, сінтаксічны ўзровень);

– даць азначэнне паняцця «дакумент»;

– вызначыць дакументы ў залежнасці ад іх рэгламентаванасці;

– пералічыць асноўныя групы дакументаў у залежнасці ад іх прызначэння;

– паказаць узоры афармлення некаторых дакументаў;

– раскрыць сутнасць паняццяў бланк, рэквізіт, фармуляр;

– адзначыць асаблівасці справавых лістоў, асабістага рэзюмэ, візітнай карткі.

 

Пытанні

1. З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю.

2. Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі.

3. Паняцце дакумента. Групы дакументаў.

4. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю.

5. Паняцце бланка, рэквізіта, фармуляра.

6. Мова і кампазіцыя справавых лістоў. Прыватныя справавыя паперы.

 

Праблемныя пытанні

  1. Колькасцьрэквізітаў строга зафіксавана ці можа быць рознай у залежнасці ад тыпу дакумента?
  2. Ці падаюцца ў аўтабіяграфіі дэталі, падрабязнасці асабістага жыцця?
  3. Якія існуюць варыянты напісання назвы дакументаў?
  4. Дзе пішацца загаловак у справавых лістах?
  5. Рэкамендацыя – гэта абавязковы рэквізіт рэзюмэ ці факультатыўны? 

 

Рэкамендаваная літаратура

  1. Асновы культуры маўлення і стылістыкі / Пад рэд. Анічэнкі У.В. – Мінск., 1992.
  2. Барышникова, Е.Н. Речевая культура молодого специалиста. – М., 2005.
  3. Гіруцкая, Л.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка). – Мінск., 2005.
  4. Каўрус, А.А. Дакумент па-беларуску: Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка. – Мінск, 1994.
  5. Каўрус, А.А. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск, 1992.
  6. Культура устной и письменной речи делового человека. – М., 2006.
  7. Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / Пад рэд. А.Я.Баханькова. – Мінск, 1994.
  8. Лепешаў, І. Я., Малажай, Г. М., Панюціч, К. М. Практыкум па беларускай мове. – Мінск, 2001.
  9. Ляшчынская, В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка. – Мінск, 2003.
  10. Маршэўская, В. В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка. – Гродна, 2003.
  11. Рахманин, Л.В. Стилистика деловой речи и редактирование служебных документов. – М., 1997.
  12. Родионов, А. Г. Образцы исковых заявлений в гражданском судопроизводстве. – Минск, 2000.
  13. Смольская, Т. М., Хрышчановіч, Л. У. Беларуская мова. Юрыдычная лексіка. – Мінск, 2006.
  14. Сцяцко, П.У. і інш. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. – Мінск, 1990.
  15. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5-ці т. – Мінск, 1977-1984.

 

1. З гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю

Афіцыйна-справавы стыль вылучыўся раней за іншыя стылі дзякуючы таму, што абслугоўваў важнейшыя сферы дзяржаўнага жыцця: знешнія адносіны, замацаванне прыватнай уласнасці і гандаль. Неабходнасць пісьмовага замацавання дагавароў, законаў, афармлення спадчыны пачала фарміраваць асобую «мову», якая, зведаўшы мноства змен, захоўвае свае асноўныя адметныя рысы.

Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім на працягу некалькіх стагоддзяў. На ёй створана багатая літаратура розных стыляў і жанраў. Сапраўднага росту дасягнула таксама беларускае справаводства і заканадаўства. Выдатнае месца сярод прававых актаў займае Літоўскі Статут (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.). Напэўна, усё гэта меў на ўвазе Я.Купала, калі пісаў, што даўней беларуская мова «свае правы чужым дыктавала».

У афіцыйных дакументах Вялікага княства Літоўскага замацавалася тэрміналогія, устойлівыя юрыдычныя формулы, характэрныя для справавой мовы ўсходнеславянскага перыяду (грамота, миръ, правда, посолъ, договоръ чинити, а се я, а при том были сведци). Узніклі і новыя моўна-стылёвыя сродкі, галоўным чынам на аснове жывой гаворкі народа: доводъ, забойца, держава, врядникъ, пригонъ, пригонные люди, властностъ, громада, податокъ, звычай, позывный листъ, помста, позыченье і інш. Беларуская мова папаўнялася тэрмінамі з польскай, лацінскай і іншых моў: рада, скарга, дэкрэт, канстытуцыя, мандат, апеляцыя, аркуш, акт, рахунак і інш.

Канец ХVІІ–ХІХ стст. былі неспрыяльныя для беларускай мовы наогул і справаводства ў прыватнасці: яно было выцеснена спярша польскім, потым – рускім. Таму калі на пачатку ХХ ст. паўстала задача адраджэння беларускай мовы, то асноўная апора была на жывую гаворку народа і на ўзнаўленне занядбаных літаратурна-пісьмовых традыцый. Значны ўклад у развіццё грамадска-палітычнай і афіцыйна-справавой лексікі зрабілі ўдзельнікі палітычных рухаў, культурна-асветніцкіх, дабрачынных і іншых аб’яднанняў і суполак. Пра гэта сведчыць, напрыклад, «Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25–27 сакавіка 1917 г.»), у якім ужываюцца словы і звароты: арганізацыйная камісія, Беларускі камітэт помачы ахвярам вайны, грамадзянін, дэлегат, даклад, па дакладзе прыняць рэзалюцыі, пастанавілі стварыць камісію, сакратар, склікаць з’езд і інш.

У 20-ыя гады разгарнулася інтэнсіўная распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. Тэрміналагічная камісія Інстытута беларускае культуры падрыхтавала і выдала 24 галіновыя выпускі. Тэрміналогія права падаецца ў Х выпуску, грамадазнаўства – у ХІ. Наколькі грунтоўна рыхтаваліся тэрміны, паказвае невялічкая даведка-прадмова, змешчаная ў зборніку «Беларуская навуковая тэрміналогія. Выпуск 10». (Мн., 1926): «Апрацаванне тэрміналогіі права навукова-тэрміналагічная камісія даручыла ў верасні 1921 года члену камісіі Міколу Гуткоўскаму; апрацаваны ім праект тэрміналогіі быў першы раз разгледжаны і прыняты ў Тэрміналагічнай камісіі гуманітарнае секцыі Інстытута беларускае культуры ў ліпені 1924 года ў складзе Якуба Коласа, Янкі Купалы, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча. Уладзіслава Чаржынскага і Міколы Гуткоўскага».

Пасля рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія права была другі раз перагледжана ў камісіі. У час перагляду былі зроблены некаторыя папраўкі. Разам з тым камісія імкнулася, каб тэрміналогія адпавядала жывой мове народа і была зразумелая ўсім куткам Беларусі.

Пасля рэдакцыйнага перагляду тэрміналогіі ў правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускае культуры тэрміналогія яшчэ раз была перагледжана асобнай секцыяй, дапоўнена новымі тэрмінамі, і гэтыя дапаўненні, а таксама спрэчныя пытанні былі канчаткова ўзгоднены з правапісна-тэрміналагічнай камісіяй.

Пераважная большасць тэрмінаў права і грамадазнаўства замацавалася ў моўнай практыцы. У прыватнасці, вытрымалі выпрабаванне часам словы, звароты, ужытыя ў назвах дзяржаўных устаноў, органаў улады. Напрыклад: выканаўчы камітэт, дзяржаўнае выдавецтва, замежныя справы, сацыяльнае выхаванне і інш.

У 20-ыя гады выйшлі з друку кнігі, спецыяльна прысвечаныя справаводству. «Падручнік справаводства сельскіх і местачковых саветаў. Выпуск першы» (Мн., 1926), складзены на аснове падручніка справаводства, «шырока ўжыванага ў РСФСР». Аналагічна рыхтаваўся «Падручнік справаводства раённых выканаўчых камітэтаў. Выпуск першы». У гэтыя кнігі ўвайшлі агульнае справаводства, адміністрацыйнае, паштовае справаводства, узоры трафарэтаў, штампаў і інш., паказаны парадак вядзення агульнага справаводства па адзінай сістэме, парадак «выдання дазваленняў, пасведчанняў і справак».

Такім чынам, узоры папер, дакументаў, распрацаваныя ў рускім справаводстве, пераносіліся на беларускую глебу. Нацыянальная спецыфіка канцылярскіх папер выяўлялася галоўным чынам у іх лексічным напаўненні, у марфалогіі і сінтаксісе афіцыйных запісаў, тэкстаў. Апрача агульных тэрмінаў справаводства, справавод ужываюцца шматлікія больш прыватныя словы і выразы: уступныя і выходныя паперы, адрасаваць на ўстанову або на службовую асобу па яе пасадзе, мы, ніжэйпадпісаныя, давераная асоба, хадайніцтва, выдаткі, абвестка, загад і інш.

Замацоўвалася беларуская тэрміналогія і ў кнізе Сяргея Серады «Дзелавод. Узоры афіцыяльных папер, слоўнік тэхнічна-кацылярскіх выразаў і іншыя патрэбныя ў дзелаводстве веды» (Мн., 1926). Вось некалькі прыкладаў: даручэнне на атрыманне грошай, пасведчанне асабовае, заява, запіс аб нараджэнні і інш.

Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль – адзін са стыляў, які пачаў развівацца яшчэ ў перыяд ВКЛ, а асновы сучаснай справаводчай тэрміналогіі пачалі вызначацца ў 20-ыя гады ХХ ст.

 

1. Афіцыйна-справавы стыль і яго функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі

Мова дзяржаўных актаў, пастаноў, законаў, статутаў, міжнародных пагадненняў, дакументацыя ўстаноў, арганізацый, а таксама асабістых заяў, дакладных, даверанасцей і г.д. мае агульныя рысы, якія абумоўлены функцыянаваннем у адміністрацыйна-прававой дзейнасці. Тэксты, рэалізаваныя ў сферы гэтай камунікатыўнай дзейнасці, адносяцца да афіцыйна-справавога стылю [7]. Моўныя асаблівасці гэтага стылю знаходзяцца ў прамой залежнасці ад жанру і зместу дзелавога дакумента, абумоўлены яго задачамі і патрабаваннямі – выразіць волю заканадаўца, прадпісаць паводзіны, давесці што-небудзь да ведама каго-небудзь.

У складзе афіцыйна-справавога стылю даследчыкі выдзяляюць наступныя падстылі: 1) уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты); 2) дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя); 3) адміністрацыйна-канцылярскі (акт, распараджэнне, загад, дзелавыя паперы, заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска).

У навуковай літаратуры прынята падраздзяляць жанры дзелавой мовы на вусныя і пісьмовыя. Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме. Гэта віды дакументацыі, не арыентаваныя на вусную форму выкладу, напрыклад, указ, загад, пастанова, інтрукцыя, справавыя пісьмы, кодэксы і г.д. Для вуснага формы справавых зносін характэрны такія жанры справавой мовы, як дзелавая размова: кадравая, праблемная, арганізацыйная, творчая, прыём наведвальнікаў і іншыя яе разнавіднасці (перагаворы, прэзентацыі, справавая тэлефонная размова, прэсканферэнцыя, сход акцыянераў і г.д.). Спецыфічным жанрам вусных справавых зносін можна лічыць справавую спрэчку, дыскусію, палеміку, дэбаты, інструктаж, выступленне на судовым працэсе і г.д. Некаторыя з іх хоць і абапіраюцца на раней падрыхтаваны (часткова ці поўнасцю) пісьмовы тэкст, аднак маюць прыкметныя адрозненні: аўтары імкнуцца пазбягаць спецыфічных кніжных зваротаў афіцыйна-справавога стылю і выкарыстоўваюць элементы жывога размоўнага стылю, таму што сухая канцылярская мова цяжкая для вуснага ўспрыняцця (У.В.Анічэнка).

Для афіцыйна-справавога стылю характэрны дзве функцыі: інфармацыйная (паведамленне) і пабуджальная (уздзеянне). Так, даведка заключае ў сабе інфармацыю, загад – наказ (што трэба зрабіць), а пратакол – адначасова і інфармацыю (Слухалі...) і загад (Пастанавілі). Паспяховасць выканання гэтых функцый залежыць ад наступных якасцей:

доказнасцьпраяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармулёвак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту;

аб’ектыўнасць і нейтральнасць выкладу фактаў (паколькі звязаны з прававымі нормамі жыцця грамадства);

інфармацыйнасць і ў той жа час кароткасць, якія падмацоўваюцца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, што ідуць, напрыклад, як дадатак да афіцыйнага пісьма;

лагічнасць, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці, пераканаўчасць, эканомія моўных сродкаў;

адсутнасць эмоцый, наяўнасць своеасаблівага этыкету, які мае надзвычай важнае значэнне для афіцыйнай карэспандэнцыі, якая з’яўляецца асноўным сродкам сувязі прадпрыемства, установы і г.д. з навакольным светам. Напрыклад, клічнік пасля звароту падкрэслівае значнасць і афіцыйнасць пісьма: Паважаныя калегі! Выкарыстанне пабочных канструкцый са значэннем эмоцый пазбаўляе выклад катэгарычнасці. Параўн.: Мы вымушаны Вам адказаць. – На жаль, мы вымушаны Вам адказаць.

У адпаведнасці з этыкетам замест займенніка я выкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі: Я выканаў – мною выканана. Рэдка ўжываецца займеннік ён. Параўн.: Да нас прыехаў прафесар Іваноў. Прафесар зараз прачытае нам лекцыю.... Займеннік вы заўсёды выкарыстоўваецца са значэннем пашаны, павышанай увагі: Як Вам ужо вядома, мы вельмі зацікаўлены ў Вашай прадукцыі.

Стандартнае размяшчэнне матэрыялу, нярэдкая абавязковасць формы. Адметнай рысай стылю з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі, якая закранае як форму дакумента, так і моўныя сродкі. У афіцыйна-справавым стылі шырока выкарыстоўваюцца так званыя канцылярскія штампы. Штамп – моўны зварот, які шматразова паўтараецца, шаблонны, трафарэтны, зацяганы выраз з цьмянай экспрэсіўнасцю: дагаворныя бакі, узяць на кантроль і г.д. [14].

Такім чынам, захаванне пералічаных якасцей – адзін з важнейшых элементаў правільнага стварэння афіцыйнага дакумента.

 

2. Паняцце дакумента. Групы дакументаў

Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца ў розных дакументах. Дакументамі (ад лац. documentum – доказ, сведчанне) называюцца адпаведным чынам складзеныя, падпісаныя і засведчаныя справавыя паперы (лісты), якімі афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян. Дакумент складаецца па пэўнай стандартнай форме. Існаванне адпаведных формаў для разнастайных дакументаў – істотны фактар эфектыўнасці справаводства.

Па ступені рэгламентаванасці (падпарадкаванасць дакладна ўстаноўленым правілам, абмежаванням) дакументы падзяляюцца на тры групы:

1.Дакументы, якія павінны дакладна адпавядаць прынятаму стандарту, бо ў іншым выпадку яны на будуць мець юрыдычнай сілы (пашпарт, дыплом, пасведчанне і інш.). Гэтыя дакументы рыхтуюцца друкаваным спосабам, а той, хто піша, павінен толькі ўнесці ў іх патрэбную інфармацыю.

2.Дакументы, якія не маюць такой строгай абавязковасці (даведка, заява, дагавор, даверанасць, квітанцыя і інш.).

3.Дакументы, якія маюць грамадска замацаваны агульны прынцып укладання, а моўныя сродкі і форма выкладу ў пэўнай ступені адвольныя (характарыстыка, рэкамендацыя, справавыя лісты партнёраў у вытворчасці і інш.).

Па сваім прызначэнні ўсе дакументы можна аб’яднаць у наступныя чатыры групы: асабістыя, распарадчыя, адміністрацыйна-арганізацыйныя, інфармацыйна-даведачныя.

1. Асабістыя дакументы.

Да асабістых дакументаў адносяцца заява, аўтабіяграфія, даручэнне, распіска і інш. Дакументы менавіта гэтай групы часцей за ўсё сустракаюцца ў нашым жыцці.

Так, заяву пішуць, калі афіцыйна звяртаюцца да службовай асобы, ва ўстанову, грамадскую арганізацыю і інш. У гэтым дакуменце звычайна просяць прыняць на вучобу, на працу (перавесці, звольніць і пад.), просяць вырашыць якое-небудзь патанне і г. д. Пісаць трэба, як і ва ўсіх паперах, дакладна і проста. Калі да заявы прыкладаюцца дакументы (даведкі, пасведчанні, рэкамендацыі, акты і інш.), іх пералічваюць у канцы асноўнага тэксту. На заяве ўнізе павінны быць дата (злева) і асабісты подпіс (справа).

 

Дэкану факультэта фізічнай культуры

дацэнту Навойчыку А. І.

студэнта І курса, 13 групы

Бандарца Андрэя Аляксандравіча

 

заява.

 

Прашу дазволіць датэрмінова здаць летнюю экзаменацыйную сесію

ў сувязі з удзелам у чэмпіянаце Еўропы па спартыўнай гімнастыцы.

 

20 мая 2008 г. Подпіс

Апошнім часам слова заява часта пішуць з вялікай літары. У такім выпадку пасля яго не трэба ставіць кропку.

Для тых, хто служыць у арміі, міліцыі (іншых органах унутраных спраў), адной з асноўных асабістых справавых папер з’яўляецца рапарт. Як падаецца ў ТСБМ, рапарт – гэта пісьмовы або вусны даклад, данясенне аб чым-небудзь вышэйшай інстанцыі, начальству.

 

Начальніку агульнавайсковай кафедры

 

Рапарт

Прашу Вашага хадайніцтва перад вышэйшым камандаваннем аб вызваленні мяне, маёра А. В. Савянкова, ад выканання службовых абавязкаў тэрмінам на трое сутак, з 05. 11. 2007 г. па 07. 11. 2007 г., у сувязі з хваробай.

Да рапарта прыкладаю:

1.1. Медыцынскае накіраванне ад 04. 11. 2007 г.;

1.2. Даведку аб непрацаздольнасці ад 04. 11. 2007 г. № 256.

 

Выкладчык агульнавайсковай кафедры

маёр_______________А. В. Савянкоў

(подпіс)

04 лістапада 2007 г.

 

Начальніку ваеннага факультэта

 

Хадайнічаю па сутнасці рапарта маёра А. В. Савянкова.

Начальнік агульнавайсковай кафедры

падпалкоўнік_____________П. І. Януковіч

(подпіс)

04 лістапада 2007 г.

 

У аўтабіяграфіі коратка расказваюць пра свой жыццёвы шлях, таму гэта папера пішацца ад першай асобы. Тут падаюцца афіцыйныя звесткі: год і месца нараджэння; заняткі бацькоў; гады вучобы (службы ў арміі); асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці; кароткія звесткі пра сваё сямейнае становішча. У канцы тэксту ставяць дату і подпіс.

 

Аўтабіяграфія

 

Я, Булай Таццяна Іванаўна, нарадзілася 2 ліпеня 1970 года ў вёсцы Конна Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Мой бацька, Булай Іван Віктаравіч, працаваў механізатарам, маці, Ганна Уладзіміраўна, – паляводам (зараз бацькі на пенсіі).

У 1977 годзе я пайшла вучыцца ў Конненскую васьмігадовую школу, якую скончыла ў 1985 годзе. З 1985 па 1987 гг. вучылася ў СШ № 2 г. п. Зэльва.

У 1987 годзе паступіла ў педагагічнае вучылішча г. Гродна на аддзяленне дашкольнага выхавання. З 1989 года працую выхавацелем у садку-яслях № 25 г. Гродна.

Замужам, маю дваіх сыноў.

 

12 красавіка 2008 г. (подпіс) Т. І. Булай

 

Распіска – дакумент, які сцвярджае, што ва ўстанове або ад прыватнай асобы атрыманы рэчы, дакументы, грошы і інш.

 

Распіска

 

Я, Малажайка Сяргей Мікалаевіч, 12 лютага 2008 года атрымаў ад Венскага Дзмітрыя Паўлавіча 2 000 000 (два мільёны) беларускіх рублёў. Абяцаю вярнуць пазыку да 12 чэрвеня 2008 года.

 

12 лютага 2008 г. Подпіс

 

2. Распарадчыя дакументы

Да распарадчых адносяцца такія дакументы, як загад, распараджэнне, пастанова, указ, дэкрэт. Усе яны носяць заканадаўчы характар і дзейнічаюць як на мясцовым узроўні (горад, прадпрыемства ці арганізацыя, факультэт і інш.), так і на ўзроўні ўсёй краіны. Дарэчы, у ТСБМ першае значэнне слова «закон» наступнае: абавязковае для ўсіх правіла, устаноўленае вышэйшым органам дзяржаўнай улады, якое мае найвышэйшую сілу.

Прывядзём вытрымкі з некаторых распарадчых дакументаў.

І. Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь

«Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў»

 

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2007 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 20 снежня 2007 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 2005 года «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 2, 2/1170) наступныя змяненні:

1.1. Пункт 3 артыкула 9 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«3. Расходы на аплату за карыстанне жылымі памяшканнямі, тэхнічнае абслугоўванне, аплату камунальных паслуг (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў), аплату паліва (тым, хто пражывае ў дамах без цэнтральнага ацяплення), звязаныя з утрыманнем дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх сем’ях і прыёмных сем’ях, падлягаюць кампенсаванню грамадзянам, на выхаванні якіх яны знаходзяцца, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў».

Артыкул 12 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 12. Гарантыі права на жыллё

1.1.  Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, ільготных крэдытаў, аднаразовых бязвыплатных субсідый і іншых формаў дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылога памяшкання ў адпаведнасці з заканадаўствам.

1.2.  Дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гарантуецца захаванне права ўласнасці на жылое памяшканне або права карыстання жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду, з якога яны выбылі».

Артыкул 2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія падпарадкаваны Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Закона.

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу з 1 студзеня 2008 года, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 2, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

27 снежня 2007 года, г. Мінск

№ 305 – 3

ІІ.

Міністэрства культуры

Рэспублікі Беларусь

Аддзел культуры

Гродзенскага гарвыканкама

 

Дзіцячая музычная

школа № 1

імя Юрыя Уладзіміравіча Семянякі

ЗАГАД

03. 03. 2008 г. № 6

г. Гродна

 

Аб стварэнні камісіі

па агульным тэхнічным аглядзе будынка

На падставе п. 55 Правілаў (3) па ахове працы

 

ЗАГАДВАЮ:

Стварыць камісію па агульным тэхнічным аглядзе будынка ў колькасці 5 чалавек:

  1. Мацейка Люцына Вацлаваўна – нам. дырэктара па АХР;
  2.  Лашчук Сяргей Іванавіч – дырэктар школы;
  3.  Календа Вацлаў Міхайлавіч – электрык школы;
  4. Бяляўскі Аляксандр Аляксандравіч – рабочы па абслугоўванні будынка;
  5.  Дылеўскі Аляксандр Анатольевіч – член прафкама.

     

Дырэктар ДМШ

імя Юрыя Уладзіміравіча Семянякі ___________ С. І. Лашчук

(подпіс)

 

З загадам азнаёмлены ___________ Л. В. Мацейка

(подпіс)

___________ В. М. Календа

(подпіс)

___________ А. А. Бяляўскі

(подпіс)

___________ А. А. Дылеўскі

(подпіс)

 

 3. Адміністрацыйна-арганізацыйныя дакументы

У дадзеную групу дакументаў уваходзяць план, кантракт, дагавор, справаздача і некаторыя іншыя. Так, у справаздачы расказваюць, што і як выканана за адпаведны тэрмін. Гэты дакумент не мае строгай формы. Кожны, хто піша справаздачу, павінен паказаць, як выконвалася заданне, якія цяжкасці давялося пераадолець і што дала праца. У канцы справаздачы пажадана зрабіць выснову і даць свае прапановы. Як і кожная афіцыйная папера, справаздача павінна мець подпіс і дату.

Прыкладны тэкст:

 

Спаваздача аб педагагічнай практыцы па беларускай мове і літаратуры студэнткі 5 курса беларускага аддзялення факультэта філалогіі Смолік Надзеі Фёдараўны

 

Я. Смолік Надзея Фёдараўна, праходзіла педагагічную практыку па беларускай мове і літаратуры ў 9 «Б» класе школы-ліцэя № 1 г. Гродна з 30 студзеня па 25 сакавіка 2006 г.

Падчас практыкі мною была выканана наступная праца:

- І тыдзень (30. 01. – 04. 02.): наведванне ўрокаў у 9 «Б» класе, знаёмства з вучнямі; азнаямленне з задачамі вучэбнай і выхаваўчай працы;

- ІІ-УІІІ тыдзень (06. 02. – 25. 03.):

а) вучэбная праца: правядзенне ўрокаў па беларускай мове і літаратуры; правядзенне мерапрыемства па прадмеце «Беларуская мова»;

б) выхаваўчая праца: індывідуальная праца з навучэнцамі (анкетаванне, вывучэнне асобы вучня і ўсяго класа з мэтай псіхолага-педагагічнай характарыстыкі, правядзенне ўнутрыкласнага педагагічнага мерапрыемства);

в) праца ў дапамогу класнаму кіраўніку: праверка дзённікаў.

Урокі па беларускай мове і літаратуры былі праведзены па тэмах, прадугледжаных вучэбнай праграмай (па беларускай мове – праца над знакамі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах і ў сказах з рознымі відамі сувязі, па беларускай літаратуры – вывучэнне беларускй літаратуры 50 – 80-х гг. ХХ ст.).

Усяго мною праведзена 27 урокаў (14 па мове, 13 па літаратуры), сярод іх:

- 4 заліковыя ўрокі па мове і 4 заліковыя ўрокі па літаратуры;

- 1 адкрыты ўрок па мове «Працяжнік у бяззлучнікавым складаным сказе» і 1 адкрыты ўрок па літаратуры «Жыццё і творчасць А. Макаёнка».

На маю думку, самымі ўдалымі па мове былі ўрокі па тэмах «Двукроп’е ў бяззлучнікавым складаным сказе». Цяжкасці адчуваліся на ўроках, прысвечаных развіццю маўлення (у прыватнасці, пры разглядзе тэмы «Пісьмовы падрабязны пераказ мовазнаўчага артыкула»).

Па літаратуры, напэўна, найбольш паспяховымі былі ўрокі па вывучэнні твора А. Макаёнка «Зацюканы апостал», што абумоўлена актуальнасцю праблем, узнятых у п’есе. Складаным жа для вучняў пры разглядзе паэзіі 50-80 гг. ХХ ст. з’яўляецца аналіз лірычных твораў.

Трэба адзначыць, што дзеці на ўроках працавалі актыўна, імкнуліся выказваць свае думкі на тыя ці іншыя праблемы. Пры правядзенні мерапрыемстваў вучні з задавальненнем выконвалі розныя даручэнні, праяўлялі творчую ініцыятыву.

Добразычлівыя адносіны склаліся ў мяне як з класным калектывам, так і з настаўнікам па беларускай мове і літаратуры, а таксама з класным кіраўніком. Менавіта педагогі дзяліліся сваім вопытам, давалі парады і кансультацыі, аказвалі псіхалагічную дапамогу.

У заключэнні хацелася б дадаць, што практыка з’яўляецца добрым пачаткам педагагічнага вопыту, карыснага для будучай працы настаўніка.

 

30 сакавіка 2006 г. Н. Ф. Смолік

 

 4. Інфармацыйна-даведачныя дакументы

Аб’ява, даведка, тлумачальная і службовая запіскі, дакладная і пад. афіцыйныя паперыз’яўляюцца прыкладамі тых дакументаў, якія служаць для перадачы інфармацыі пэўнага зместу.

Так, амаль штодзённа нам сустракаюцца аб’явы (як афіцыйнага, так і прыватнага характару). Аб’ява – паведамленне, якое даводзіцца да ўсеагульнага ведама (ТСБМ).Калі неабходна абвясціць, што адбудзецца нейкае мерапрыемства (сход, канферэнцыя, спаборніцтвы і пад.), вывешваюць аб’яву, у якой дакладна называецца дата, час, месца правядзення таго ці іншага мерапрыемства. Унізе, з правага боку, звычайна ўказваецца, хто робіць аб’яву.

 

Аб’ява

 

19 лістапада ў 18.00 у актавай зале адбудзецца сустрэча з маладымі паэтамі Гродзеншчыны. Уваход свабодны.

Кафедра беларускай літаратуры

 

Даведка – дакумент, якізмяшчае апісанне і пацвярджэнне тых ці іншых фактаў. Узор напісання:

 

Даведка

 

Апейка Віталь Сяргеевіч з’яўляецца студэнтам першага курса дзённага аддзялення інжынерна-фізічнага факультэта УА «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы».

Даведка выдадзена для падачы ва Упраўленне ўнутраных спраў Ленінскага раёна г. Гродна.

 

Дэкан факультэта подпіс

(пячатка)

 

У тлумачальнай запісцы мы раскрываем, тлумачым прычыну нейкіх сваіх дзеянняў, учынкаў і г. д.

 

Тлумачальная запіска

 

Я, Леўчанка Вадзім Раманавіч, студэнт 3 курса, 4 групы, не з’явіўся на суботнік, таму што быў хворы.

Медыцынская даведка прыкладаецца.

 

22 красавіка 2005 г. _______________ В. Р. Леўчанка

(подпіс)

 

Акрамя вышэйназваных груп афіцыйна-справавых папер, вылучаюцца розныя віды юрыдычных дакументаў. Усе яны маюць свой адметны набор рэквізітаў, які абумоўлены іх прызначэннем. Існуе вялікая колькасць дакументаў, звязаных з грамадзянскімі і крымінальнымі судовымі справамі. Да працэсуальных дакументаў адносяцца рознага кшталту заявы, скаргі, хадайніцтвы, вызначэнні, пратаколы, пярэчанні супраць іску і інш.

У Кастрычніцкі раённы суд г. Гродна

Крывіцкага Андрэя Сямёнавіча,

які пражывае па адрасе: г. Гродна,

вул. Кляцкова, д. 23, кв.67.

 

З А Я В А

аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з адмовай ад іску

Прашу вытворчасць па маім іску да Шытава Мікіты Лявонавіча аб спагнанні запазычанасці ў памеры 600 000 беларускіх рублёў спыніць, паколькі адказчык вярнуў названую суму.

Аб наступствах адмовы ад іску, прадугледжаных артыкуламі 245 і 247 ГПК Рэспублікі Беларусь, мне вядома.

 

Дата Подпіс

 

Адным з самых пашыраных працэсуальных дакументаў з’яўляецца іскавая заява аб узбуджэнні справы. Яе змест павінен адпавядаць агульным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да працэсуальных дакументаў. Акрамя гэтага, у ёй павінны быць указаны дакладнае абазначэнне патрабаванняў істца, факты, якімі ісцец абгрунтоўвае сваё патрабаванне, доказы, якія пацвярджаюць кожны з названых фактаў і г. д. Да іскавых належаць заявы аб прызнанні грамадзяніна прапалым без вестак, аб прымусовым лячэнні, аб аднаўленні правоў па дакументах на прад’яўніка, аб прызнанні рухомай рэчы безгаспадарнай, аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным, аб ліквідацыі перашкод у ажыццяўленні права ўласнасці і інш.

 

У Ленінскі раённы суд г. Гродна

Ісцец: Маракоў Сяргей Аляксандравіч,

1935 г. н., які пражывае па адрасе:

г. Гродна, вул. Горкага, д. 83, кв. 99.

Адказчык: Маракоў Яўген Сяргеевіч,

1962 г. н., які пражывае па адрасе:

г. Гродна, вул. Таўлая, д. 58/1, кв. 39.

 

ІСКАВАЯ ЗАЯВА

аб спагнанні сродкаў на ўтрыманне бацькі

Мне 73 гады, я не працую, пенсію па старасці атрымліваю ў памеры 240 рублёў, маю матэрыяльную патрэбу, таму што іншых крыніц даходаў не маю.

Мой сын, Маракоў Яўген Сяргеевіч, 1962 г. н., матэрыяльную дапамогу мне добраахвотна не аказвае.

Адказчык працуе ў РБУ № 13 г. Гродна галоўным інжынерам, яго заработак складае 1 200 000 рублёў. Сын пражывае адзін і мае магчымасць аказваць мне матэрыяльную дапамогу.

У адпаведнасці з артыкуламі 100, 102 КабШС Рэспублікі Беларусь і артыкулам 6 ГПК Рэспублікі Беларусь

П Р А Ш У:

1. Штомесячна ўтрымліваць з адказчыка, Маракова Яўгена Сяргеевіча, сродкі на маё ўтрыманне па 300 000 рублёў штомесячна, пачынаючы з 20 лютага 2008 г. да змянення матэрыяльнага і сямейнага становішча бакоў.

 

Дадатак:

1. Даведка аб заработнай плаце адказчыка.

2. Даведка аб складзе сям’і адказчыка.

3. Даведка аб пенсіі істца.

4. Копія іскавай заявы.

 

Дата Подпіс

 

3. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю

Для напісання дакументаў, заканадаўчых актаў выкарыстоўваецца адна з разнавіднасцей літаратурнай мовы – афіцыйна-справавы стыль. Выдзяляюцца два тыпы нормаў, якія дзейнічаюць у сферы пісьмовай дзелавой мовы: 1) тэкставыя нормы, якія рэгламентуюць пабудову тэксту дакумента, г.зн. семантычную і фармальную арганізацыю ўсяго тэксту і яго частак; 2) моўныя нормы, якія рэгламентуюць магчымасць ужывання моўных адзінак. Тэкставыя і моўныя нормы замацаваны ў ДАСТах, што забяспечвае уніфікацыю і стандартызацыю службовых дакументаў. Адзначым некаторыя з іх.

Лексічны ўзровень:

1) Словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні.

2) Шырока выкарыстоўваюцца тэматычна абумоўленыя спецыяльныя словы і тэрміны (юрыдычныя, дыпламатычныя, ваенныя, бухгалтарскія, спартыўныя і г.д.). У прыватнасці, юрыдычная тэрміналогія служыць для перадачы прававых катэгорый і паняццяў (права, дыскрэдытацыя, апеляцыя, юрысдыкцыя, правапарушэнне, затрыманне, цялесныя пашкоджанні). У грамадска-палітычную і іншыя навуковыя тэрміналогіі ўваходзіць лексіка, звязаная з вытворчай дзейнасцю прадпрыемстваў, арганізацый, асобных работнікаў (прадукцыйнасць, нарматыў, тарыф, сабекошт, прыбытак, дакументацыя, штаты). Асобна можна вылучыць назвы працэсаў, якія патрабуюць дакументальнага афармлення (выкананне, кіраванне, браніраванне, звальненне, фінансаванне, падпарадкаванне). Сустракаюцца спецыфічна бухгалтарскія тэрміны: каштарыс, рахунак. Увогуле тэрміналагізаванасць – адна з вызначальных рыс афіцыйна-справавой мовы. Тэрміны, не маючы эмацыянальнасці і вобразнасці, абстрагаваныя ад адзінкавага і выпадковага, тут маюць канструктыўнае значэнне, з’яўляюцца неабходнымі лексічнымі сродкамі.

3) Дапускаецца выкарыстанне абрэвіятур, складанаскарочаных найменняў дзяржаўных устаноў, арганізацый, таварыстваў, партый, абумоўленае імкненнем да сцісласці: Мінфін, Мінюст, АТН, АДСС (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства). У пісьмовай форме выкарыстоўваюцца шматлікія графічныя скарачэнні: нам. (намеснік), др. арк. (друкаваны аркуш), ф-ка (фабрыка). Некалькі слоў пра іх. Пранікненне скарачэнняў у дзелавую дакументацыю тлумачыцца трыма прычынамі: імкненнем да эканоміі месца, высокай частотнасцю асобных слоў і словазлучэнняў і жаданнем пазбегнуць паўтарэнняў доўгіх назваў. Апрача таго, неабходна помніць, што дзелавыя пісьмы не павінны быць большымі за дзве-тры старонкі машынапіснага тэксту.

Графічныя скарачэнні бываюць агульнапрынятыя, якія не патрабуюць тлумачэння, і ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры, напрыклад, у слоўніках, і становяцца зразумелымі толькі пры наяўнасці спіса скарочаных напісанняў. Да агульнапрынятых адносяцца скарачэнні, якія ўжываюцца на пісьме: а) пры абазначэнні лічбамі гадоў і стагоддзяў: г., гг., ст.; б) пасля пералічэння: і г.д., і інш., і пад., г.зн.; в) пры спасылках: гл., напр.; г) іншыя скарачэнні: акад., б. – былы, зб. – зборнік, р-н, вобл.

Ёсць пэўныя патрабаванні пры графічным скарачэнні: 1) Пры скарочаным напісанні ставіцца кропка і захоўваюцца знакі і пачатковыя літары, уласцівыя поўнаму напісанню: В. – Д.к. – Волга-Данскі канал; 2)Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га – гектар, см – сантыметр, кг – кілаграм; 3) Пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай. А пры збегу дзвюх або некалькіх зычных – пасля апошняй зычнай: камен. вугаль – каменны вугаль, бухг. – бухгалтэрыя; 4) Нельга скарачаць на галосную літару і на й, ў, ь; 5) Скарочаныя літарныя абазначэнні складаных прыметнікаў пішуцца праз злучок: с. – г. – сельскагаспадарчы. Праз злучок пішуцца і графічныя скарачэнні назоўнікаў, калі бярэцца першая і апошняя ці дзве апошнія літары: з-д – завод, в-аў – востраў.

4) Адсутнічаюць экспрэсіўныя моўныя сродкі (назоўнікі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі – крынічанька, мовачка і інш.), жаргонныя і дыялектныя словы.

5) Прысутнічаюць функцыянальна абумоўленыя лексічныя паўторы, якія дапамагаюць пазбегнуць няправільных тлумачэнняў (Устанаўленне, замена і перагляд нормаў працы ажыццяўляецца наймальнікам з удзелам прафсаюзаў. Аб устанаўленні, замене і пераглядзе нормаў працы работнікі павінны быць азнаёмлены не пазней за адзін месяц).

6) Ужыванне слоў, не прынятых у іншых стылях: вышэйпамянёны, вышэйадзначаны, паскаральнасць, неліквіднасць і г.д. Да іх належаць таксама ўстойлівыя словазлучэнні: касацыйная скарга, акт непадпарадкавання, падпіска аб нявыездзе, мець значэнне, займаць пасаду і інш.

7) Выкарыстоўваюцца назвы асоб па іх функцыі ў афіцыйна-справавых адносінах: арандатар, кватэранаймальнік, ісцец, сведка, падрадчык, усынавіцель, спажывец і інш.

8) Назвы дакументаў: загад, паведамленне, пратакол, інструкцыя, службовае пісьмо, даведка.

9) Абазначэнні частак дакумента (парадак дня, дадатак), разнастайных дзеянняў асоб (прысутнічалі, слухалі), службовых працэдур па ўзгадненні і зацвярджэнні: (загадваю, не пярэчу).

10) Актыўна выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі, якія надаюць выказванню стрымана-строгую, «халодную» танальнасць: уніфікацыя, утрыманне, узгадненне, захоўванне, устанаўленне, зацвярджэнне, размеркаванне.

11) Устойлівыя словазлучэнні ў афіцыйным стылі пазбаўлены вобразнасці, эмацыянальнасці; тут адлюстроўваецца імкненне да стандартызацыі маўлення. Словазлучэнні часта выкарыстоўваюцца ў назвах дакументаў (пасведчанне аб нараджэнні, атэстат аб сярэдняй адукацыі, пасведчанне аб заключэнні шлюбу), у якасці стандартных канструкцый (у мэтах забеспячэння, на аснове вышэйпададзенага, адзначаны наступныя недахопы, заслухаўшы і абмеркаваўшы).

12) Лексічную аснову афіцыйна-справавой мовы, як і іншых стыляў, складаюць нейтральныя агульнаўжывальныя лексічныя сродкі.

Марфалагічны ўзровень:

1)  Шырокае ўжыванне інфінітываў (упаўнаважыць, забяспечыць, зацвердзіць, прыняць). Даволі часта пры інфінітывах ужываюцца словы неабходна, абавязаны, мае права і пад. Фінансаванне названага мерапрыемства неабходна здзейсніць за кошт сродкаў...

2)  Насычанасць сказаў аддзеяслоўнымі назоўнікамі на –нне-, –ццё, з прэфіксам –не-, –ня-: выкананне, павелічэнне, развіццё, недагляд, нявыплата, недапрацоўка і інш.

3) Частае выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу ў значэнні сталага дзеяння, якое неабходна выконваць (Суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ўчынілі эканамічныя правапарушэнні, нясуць (=павінны несці) адказнасць на падставе актаў заканадаўства).

4) Шырокае ўжыванне назоўнікаў са зборным значэннем: дырэкцыя, адміністрацыя, кіраўніцтва, калегія, вучоны савет, камісія і пад.

5)  Пашыранае функцыянаванне колькасна-іменных спалучэнняў: шэсць супрацоўнікаў, 10 кліентаў.

6) Замест дзеясловаў ужыванне сінанімічных спалучэнняў назоўніка з дзеясловам: дапамагчы – аказаць дапамогу, праверыць – правесці праверку, адрамантаваць – выканаць рамонт.

7) Напісанне колькасных лічэбнікаў арабскімі лічбамі: Было забракавана 25 машын; парадкавыя лічэбнікі даюцца з абавязковым склонавым канчаткам: выраб 3-га гатунку.

8) Рэдка ў афіцыйным стылі ўжываюцца выклічнікі, а таксама займеннікі 1-й і 2-й асобы і адпаведныя асабовыя формы дзеяслова.

Сінтаксічны ўзровень:

1) Галоўным прынцыпам канструявання сказаў з’яўляецца прамы парадак слоў, г.зн. дзейнік знаходзіцца перад выказнікам, дапасаванае азначэнне – перад азначаемым словам, акалічнасць спосабу дзеяння – перад дзеясловам-выказнікам, прамое дапаўненне – пасля слова, да якога яно адносіцца.

2) Сінтаксіс характарызуецца падкрэсленай кніжнасцю, «халоднасцю». Сказы поўныя, апавядальныя, як правіла, двухсастаўныя.

3) Ужыванне пасіўных канструкцый: аплата працы ажыццяўляецца на аснове пагадзінных або месячных тарыфных ставак.

4) Наяўнасць канструкцый са складанымі злучнікамі і адыменнымі прыназоўнікамі: у выніку таго што, дзякуючы таму што, нягледзячы на тое што, разам з тым, з мэтай, пры дапамозе, згодна з, у святле і інш.

5) Характэрна ўжыванне стандартных складаных сінтаксічных канструкцый, клішэ. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца надрукаваныя бланкі і пэўныя формы, якія даюцца ў спецыяльных даведніках.

6)  Звычайна ў дакументах выкарыстоўваюцца безасабовыя і інфінітыўныя канструкцыі са значэннем імператыўнасці, неабходнасці (даручыць старасце групы, неабходна павысіць, дазволіць студэнтам), а таксама залежныя звароты тыпу: кандыдатам у дэпутаты вылучаны; даклад быў выслуханы.

7) Асабовыя канструкцыі ўжываюцца толькі ў пэўных сітуацыях. Напрыклад, у даручэнні, распісцы пасля займенніка «я» неабходна назваць прозвішча, імя і імя па бацьку, месца пражывання. Пасля замены ў дзелавых тэкстах аднаго наймення прадмета або асобы другім на гэта спецыяльна ўказваецца: Кавалёў Мікалай Іванавіч, які ў далейшым называецца субпадрадчык...

8) Сказы характарызуюцца наяўнасцю аднародных членаў, адасобленых груп, пабочных і ўстаўных канструкцый: Грамадскія арганізацы, працоўныя калектывы і сходы ваеннаслужачых па воінскіх часцях могуць выступаць у падтрымку кандыдатур, вылучаных іншымі грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі або сходамі ваеннаслужачых па воінскіх часцях, а тасама выбіраць давераных асоб кандыдатаў у народныя суддзі.

Веданне адзначаных моўных асаблівасцей афіцыйна-справавога стылю, безумоўна, будзе садзейнічаць правільнаму афармленню дакументаў рознага тыпу.

 

4. Паняцце бланка, рэквізіта, фармуляра

У штодзённым жыцці і працы чалавек наладжвае афіцыйныя, службовыя адносіны з іншымі людзьмі, з арганізацыямі, установамі. Гэтыя адносіны рэгулююцца прававымі нормамі, замацаванымі ў законах, указах, пастановах, дагаворах і іншых дакументах. Значэнне заканадаўчых актаў, дакументаў асабліва ўзрастае на цяперашнім этапе, калі наша краіна стала прававой дзяржавай.

Справавыя лісты пішуцца на спецыяльных бланках, якія адпавядаюць стандарту і маюць пэўны парадак іх размяшчэння. Бланкі бываюць двух відаў: агульныя бланкі і бланкі для лістоў. Галоўнае адрозненне паміж імі ў тым, што бланкі для лістоў маюць рэквізіт «Індэкс прадпрыемства сувязі, паштовы і тэлеграфны адрас, нумар рахунку ў банку», а таксама трафарэтную частку рэквізіту «Спасылка на індэкс і дату ўваходнага дакумента». На агульных бланках замест іх застаецца пустое месца, куды потым друкуюцца рэквізіты «Назва віду дакумента», «Месца складання ці выдання».

Кожны дакумент складаецца з асобных элементаў – рэквізітаў. Рэквізіт – абавязковы інфармацыйны элемент дакумента, строга замацаваны за пэўным месцам на бланку, лісце. Сукупнасць рэквізітаў, пэўным чынам размешчаных у дакуменце, складае яго фармуляр. Розныя віды дакументаў маюць розны набор рэквізітаў, якія абумоўліваюцца прызначэннем дакументаў. Напрыклад, акт, загад, пратакол маюць неаднолькавы набор рэквізітаў.

Для службовых дакументаў рэкамендуецца наступны набор рэквізітаў.

1. Дзяржаўны герб.

2. Эмблема арганізацыі.

3. Код арганізацыі па класіфікатару прадпрыемстваў і арганізацый.

4. Код дакумента па класіфікатару кіраўніцкай дакументацыі.

5. Назва міністэрства, структурнага падраздзялення арганізацыі, установы.

6. Паштовы і тэлеграфны адрас.

7. Нумар тэлефона, нумар тэлефакса.

8. Назва разліковага рахунку ў банку.

9. Дата.

10. Індэкс дакумента.

11. Спасылка на індэкс і дату ўваходнага дакумента.

12. Адрасат (назва прадпрыемства і адрас атрымальніка ліста).

13. Загаловак да тэксту (не больш чым на двух радках). Ён павінен адпавядаць асноўнаму пытанню, якое закранаецца ў лісце.

14. Тэкст (асноўны рэквізіт).

15. Адзнакі пра наяўнасць дадаткаў.

 16. Подпіс.

17. Адзнака пра накіраванне копій па іншых адрасах.

18. Прозвішча, імя, імя па бацьку, тэлефон выканаўцы.

Рэквізіт «тэкст дакумента» можа быць аформлены ў выглядзе лінейнага запісу звязнай мовы (аўтабіяграфія, заява), трафарэта (лінейны запіс з прабеламі (даведкі, кантракты, справавыя лісты)), анкеты (асабісты лісток па ўліку кадраў, загады), табліцы (штатны расклад, структура кадраў, графік адпачынкаў) ці злучэнне гэтых формаў (пастановы, рашэнні).

 

5. Мова і кампазіцыя справавых лістоў. Прыватныя дзелавыя паперы

Справавыя лісты – гэта такая карэспандэнцыя, якая накіравана ад імя адной арганізацыі, установы і г.д. да другой арганізацыі, установы, хоць адрасавана яна можа быць адной асобе і падпісана адной асобай (такая асоба ў даным выпадку выступае як юрыдычная, а не прыватная). Справавыя лісты прадугледжваюць толькі афіцыйны тып адносін, а з улікам службовай сферы могуць быць класіфікаваны на дыпламатычныя, камерцыйныя (гандлёвыя), прамысловыя і лісты ўстаноў і арганізацый. Мэта справавога ліста – інфармаваць і пераканаць адрасата. Як правіла, справавы ліст складаецца па аднаму канкрэтнаму пытанню і мае строга замацаваны набор фразаў і бланкавую кампазіцыю.

Існуе некалькі відаў класіфікацыі справавых лістоў, у аснове іх ляжаць розныя кваліфікацыйныя прыкметы.

Справавыя лісты звычайна дзеляцца на дзве вялікія групы: 1. Лісты – канстатацыя фактаў; 2. Лісты – папераджальнікі фактаў.

У сваю чаргу лісты гэтых дзвюх груп дзеляцца:

1) па функцыянальнай прыкмеце – на лісты, якія патрабуюць адказу (ліст просьба, ліст-зварот, ліст-прапанова) і лісты, якія не патрабуюць адказу (ліст-папярэджанне, ліст-напамін, ліст-запрашэнне);

2) па прыкмеце спецыялізацыі – на суправаджальныя і дагаворныя;

3) па зместу – аднааспектныя і шматаспектныя;

4) па тэматычнай прыкмеце – на справавыя (афармляюць справавыя, эканамічныя, фінансавыя і пад. адносіны) і камерцыйныя (змяшчаюць пытанні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і збыту);

5) па структурных прыкметах – на стандартныя (на пэўны ўзор) і нестандартныя (адступаюць ад стандартаў з прычыны незвычайнай сітуацыі, якая склалася на прадпрыемстве).

Звярніце ўвагу па некаторыя ўзоры структуры і напісання справавых лістоў!

Лісты-просьбы выражаюць просьбу аб выкананні якога-небудзь дзеяння, атрымання дакументацыі ці матэрыяльных каштоўнасцей. Звычайна пачынаюцца словамі Прашу; Просім.

Схема ліста-просьбы:

1) выклад прычыны, якая выклікала неабходнасць звярнуцца з просьбай (часам гэты пункт можа адсутнічаць);

2) выклад просьбы;

3) чакаемы вынік у выпадку, калі просьба будзе задаволена;

4) гатоўнасць да далейшага супрацоўніцтва.

Напрыклад:

(Пра ўключэнне ў план выдавецтва)

... Прашу ўключыць у план інфармацыйных выданняў на 200...г..........(назва).......... аўтары...................................

Аб'ём працы......... старонак. Рукапіс будзе прадстаўлены ў.................. 200...г.

Дадатак: Анатацыя............... на.........аркуш. у......экз.

Лісты-напаміны (напамінкі) напамінаюць пра выкананне пэўных дзеянняў і меры, якія будуць прыняты ў выпадку невыканання гэтых дзеянняў. Часам на палях такіх лістоў ставіцца памета «Паўторна». Напрыклад:

Напамінаем Вам, што згодна з планам сумесных работ па......... Вы павінны закончыць работы не пазней за......... 200...г.;

Паўторна дасылаем Вам......(звесткі, заяўку і г. д.)......... на.... Пераканаўча просім пацвердзіць факт іх атрымання як можна хутчэй.

Лісты-пацвярджэнні пацвярджаюць атрыманне дакументаў і матэрыялаў, тэлеграм і тэлефонных паведамленняў. Напрыклад:

... Пацвярджаем атрыманне запрошанай дакументацыі. Дзякуем за хуткае выкананне заказу.

Мы атрымалі Ваша(у)...... (факс, пісьмо, тэлеграму)......., у якім(ой) Вы паведамляеце, што...................................

Дзякуем Вам за своечасовы адказ.

Суправаджальныя лісты пішуцца пры адпраўцы пэўных дакументаў ці матэрыяльных каштоўнасцей. Складаюцца з дзвюх частак: 1) паведамленне пра матэрыял, які высылаецца; 2) звесткі, якія маюць удакладняльны характар. Напрыклад:

(Пра атрыманне інфармацьі)

Накіроўваем копію пратакола нарады па пытанні...... і таксама.......................

Просім гэтыя документы падпісаць і заверыць пячаткаю: адзін экзэмпляр накіравацъ на наш адрас.

Накіроўваем пратаколы выпрабаванняў.............. Выпрабаванне показала наступныя вынікі:.............................

Дагаворныя лісты пацвярджаюць факт адпраўкі пагадненняў. Напрыклад:

Накіроўваем............... экзэмпляры падпісанага намі пагаднення.................. абпастаўцыВам... ... ... ... ... ... ... ... ... Просім........................ і адзін экзэмпляр пагаднення №...... вярнуцъ нам.

Накіроўваем падпісанае з нашага боку пагадненне №... ад........ Даведка аб фінансаванні будзе выслана..........................

Гэтае пісьмо лічыцца неад 'емнай часткай нашага пагаднення.

Дадатак: Пагадненне №............ на......ст. у............... экз.

Ліст-запыт(анне) складаецца звычайна з дзвюх частак: 1) уводзіны, дзе выкладаецца сутнасць пытання; 2) заключэнне, дзе ставяцца тыя пытанні, на якія чакаюць адказу. Напрыклад:

Згодна з загадам №......... ад............, у нашу ўстанову быў(ла) узяты(на) на працу................................

За......... да пачатку адзначанай працы............... ён (яна) атрымала траўму...................................

Так як..................... да атрымання названай траўмы..................... нідзе не працаваў(ла) і ў нас таксама не меў (мела) ніякага заробку, просім растлумачыцъ:

1. Ці мае.................. права на атрыманне на нашым прадпрыемстве дапамогі з-за часовой непрацаздольнасці?

2. Калі ў.................. ёсць такое права, то з якога разліку неабходна налічыцъ дапамогу............ па лістку непрацаздольнасці?

Дырэктар...................................

Старшыня прафкама................................

Гарантыйныя лісты маюць на мэце пацвердзіць пэўныя абяцанні ці ўмовы: адрасуюцца канкрэтнай асобе або цэламу прадпрыемству. Напрыклад:

... Гарантуем, што пастаўленае па заказе №......... ад............... абсталяванне поўнасцю адпавядае апісанню, тэхнічным умовам і спецыфікацыі заказу.

Калі на працягу.................. месяцаў з дня запуску ў эксплуатацыю і не больш за............ месяцы з дня адгрузкі абсталяванне стане дэфектным або па канструкцыі, або з-за недабраякаснага матэрыялу, мы абяцаем у самы сціслы тэрмін ліквідаваць усе недахопы за наш кошт або замяніць абсталяванне бясплатна....

Інфармацыйныя лісты выступаюць разнавіднасцю пісем-паведамленняў; яны інфармуюць установу ці канкрэтную асобу аб пэўнай сітуацыі (часта мэтай такіх лістоў з'яўляецца прапаганда дзейнасці пэўнай установы ці арганізацыі і пад. або рэклама пэўнай прадукцыі). Напрыклад:

Навучальнай установай........................ плануецца ў ............ г. правесці Міжнародную навуковую канферэнцыю на тэму....................

На канферэнцыі мяркуецца разгледзець наступныя пытанні:...................................................................................

< Запрашаем Вас прыняць удзел у канферэнцыі і выступіць з дакладам (паведамленнем). Даклады будуць уключаны ў зборнік навуковых прац, выданне якога плануецца на ... ... ... ... ... ... г.>

Звесткі пра ўдзел у канферэнцыі, а таксама тэму паведамлення просім даслацъ да..................... г. на адрас:.................

Цыркулярныя лісты – гэта звычайна дырэктыўныя распараджэнні, якія рассылаюцца падведамасным установам ці падначаленым службовым асобам (змяшчаюць інфармацыю аднаго і таго ж зместу).

Лісты-паведамленні аб нечым (пра нешта) паведамляюць ці нешта сцвярджаюць. Звычайна яны пачынаюцца словамі Паведамляем Вам, Даводзім да Вашага ведама іпад. Напрыклад:

У адказ на Ваша пісьмо ад............................ паведамляем, што затрымка пры.................. адбылася з прычыны ................

Прымаем усе меры для найхутчэйшай дастаўкі ............. і мяркуем, што здолеем выканаць гэта ў тэрмін ... ... ... ... да;

Паважаны..................... !

Паведамляем Вам, што пасяджэнне па справе.............. адбудзецца................... 200......г. у......... гадзін у памяшканні............... па вул...........................

Камерцыйныя лісты маюць юрыдычную сілу, складаюцца ад імя юрыдычнай асобы пры заключэнні і выкананні пагаднення.

Адрозніваюць тры віды камерцыйнай перапіскі: запыт – адказ на запыт; прапанова – адказ на прапанову; прэтэнзія – адказ на прэтэнзію.

Лісты, у якіх змяшчаюцца адказы-адмаўленні на запыт ці прапанову, звычайна будуюцца па схеме: 1) паўтарэнне запыту (просьбы); 2) прычыны, на аснове якіх запыт (просьба) не можа быць выканана або прапанова не прымаецца; 3) канстатацыя адмаўлення ці непрыняцця прапановы. Напрыклад:

(Запыт)

Спасылаючыся на перагаворы з Вашым прадстаўніком у... 200.. г., просім даслацъ нам камерцыйныя прапановы на............... з указаннем максімальнай колькасці пастаўкі па ўсіх тыпах, якія прапаноўваюцца.

(Адказ на запыт)

Дзякуем за запыт ад...... на пастаўку...... (назва тавару).....

Зараз мы разглядаем пытанне аб магчымасці прадастаўлення Вам прапаноў на тавар, які Вас цікавіць.

Аб нашым рашэнні паведамім у самы бліжэйшы час.

3 павагай.........................................

(Прапанова)

Мы можам прапанавацъ Вам......................................

Колькасць.......................

Якасць..........................

Упакоўка.......................

Умовы пастаўкі....................

Цана................................

Тэрмін пастаўкі................................

Умовы плацяжу................................

3 павагай.........................................................................

 

Заўвага.Нягледзячы на тое, што прыведзены ўзоры не ўсіх справавых лістоў, можна заўважыць, што для большасці з іх характэрна паўтаральнасць адных ітых жа зваротаў, канструкцый, запомніўшы якія можна навучыцца складаць тэксты на разнастайныя тэмы, правільна афармляць справавую карэспандэнцыю. Усе справавыя лісты рэкамендуецца пісаць не больш чым на адной старонцы.

 

Асабістае рэзюмэ як жанр справавой літаратуры ў апошні час ва ўсіх на слыху ў сувязі з працаўладкаваннем. Рэзюмэ – кароткае апісанне службовай кар’еры. Пры ўладкаванні на працу яно дасылаецца па пошце ці Інтэрнэце, перадаецца па факсе ці прадстаўляецца асабіста перад субяседаваннем.

Асноўныя патрабаванні да рэзюмэ: 1) кароткасць (на чытанне рэзюмэ траціцца 1,5 – 2 хвіліны); 2) канкрэтнасць (паведамляйце толькі звесткі пра сваю прафесійную дзейнасць); 3) выбіральнасць (прыстасаванасць да ўмоў дадзенай фірмы); 4) накіраванасць (рэзюмэ павінна ўпэўніць працанаймальніка ў вашай зацікаўленасці ў атрыманні працы); 5) рэкламнасць (указвайце станоўчыя бакі вашай асобы, падкрэслівайце свае добрыя якасці).

Існуе тры тыпы рэзюмэ: храналагічнае, функцыянальнае і камбінаванае (функцыянальна-храналагічнае).

Храналагічнае рэзюмэ – гэта асабісты паслужны спіс і працоўныя дасягненні, пададзеныя ў храналагічнай паслядоўнасці.

У функцыянальным рэзюмэ ў большай ступені падаюцца прафесійныя навыкі, вопыт і дасягненні і ў меншай ступені – канкрэтны пералік работ на розных этапах службовай кар’еры.

Рэзюмэ камбінаванага тыпу валодае прыкметамі і храналагічнага, і функцыянальнага. У такім рэзюмэ звычайна прысутнічаюць сем асноўных раздзелаў.

1)  аб’ектыўныя дадзеныя (прозвішча, імя, імя па бацьку; хатні адрас, тэлефон);

2)  прапанова (у якой якасці прэтэндэнт жадае супрацоўнічаць з наймальнікам на работу);

3)  дасягненні (абгрунтоўваецца прэтэнзія лічыцца кваліфікаваным спецыялістам);

4)  адукацыя;

5)  вопыт работы;

6)  асабістыя якасці;

7)  рэкамендацыі (наяўнасць рэкамендацыйных пісем, калі ў вас іх запатрабуюць).

 

Афармленне рэзюмэ:

1) уся інфармацыя павінна змясціцца на адной старонцы; 2) тэкст павінен чытацца лёгка (памер шрыфта, палі, інтэрвалы); 3) тэкст павінен быць структураваны; загалоўкі выдзяляюцца, набіраюцца вялікім шрыфтам і размяшчаюцца ў цэнтры старонкі; 4) назвы вучэбных устаноў і фірмаў пішуцца поўнасцю; 5) у датах дастаткова ўказаць толькі гады.

Візітная картка – адзін з важнейшых атрыбутаў дзелавога этыкету. Візітная картка шырока выкарыстоўваецца пры дзелавых зносінах, пры знаёмстве, а таксама ў час перагавораў, у дыпламатычнай практыцы, дзелавой перапісцы. Ёю карыстаюцца пры ўстанаўленні і падтрыманні кантактаў з урадавымі, дыпламатычнымі, дзелавымі і грамадскімі коламі краіны. Візітная картка можа быць выкарыстана для завочнага прадстаўлення яе ўладальніка.

Візітная картка выконвае інфармацыйную і рэкламную функцыю. Дзелавыя зносіны, як правіла, пачынаюцца з абмену візітнымі карткамі, таму візітка павінна быць зроблена так, каб у чалавека, які яе атрымлівае, выклікаць станоўчыя эмоцыі.

Візітныя карткі ўяўляюць сабой прамавугольнікі не вельмі шчыльнага картону невялікага фармату: 50×90 мм. Менеджэры вышэйшага звяна выкарыстоўваюць візітныя карткі памерам 60×100 мм.

Як правіла, візітная картка павінна мець чорны тэкст на светлым фоне без якіх-небудзь рамак. Нормы этыкету не рэкамендуюць выкарыстоўваюць шырокую колеравую гаму. Перавага аддаецца паперы высокага гатунку. Еўрапейская традыцыя падразумявае выкарыстанне ружовага, блакітнага і белага фону, а тэкст – цёмна-сіняга, цёмна-карычневага і чорнага колеру. На візіткі дзяржаўных чыноўнікаў, згодна з пратаколам, наносяцца герб і сцяг.

Шрыфт строга не рэгламентуецца, ён павінен зручна чытацца. Імя, як правіла, выдзяляецца лёгка чытаемым паўтлустым шрыфтам нязначна большага памеру.

Картка – важны элемент іміджу фірмы і асабістага іміджу яе ўладальніка. Лепш, калі яна мае класічны выгляд: уверсе па цэнтры – назва фірмы (прадпрыемства), дзе працуе ўладальнік карткі, ніжэй па цэнтры – імя, імя па бацьку, прозвішча, яшчэ ніжэй – пасада, а ў правым верхнім вугле – тэлефон, факс, адрас электроннай пошты.

Адрозніваюць асабістыя і дзелавыя візітныя карткі. У асабістай візітнай картцы імя, імя па бацьку, прозвішча друкуюцца прапіснымі літарамі, пасада – друкаванымі. Разнавіднасцю асабістай карткі з’яўляецца сямейная. Неад’емны атрыбут сучасных дзелавых зносін – дзелавая візітная картка. Асаблівае значэнне яна адыгрывае ў зносінах з іншаземцамі. Дзелавая візітная картка можа ўтрымліваць званне ці тытул уладальніка, указанні на сферу яго адказнасці ў арганізацыі, нумары тэлефонаў, тэлефаксу, электроннай пошты. Калі тэлефон змяніўся, можна акуратна закрэсліць і запісаць новы. Але закрэсліваць і запісваць найменаванне новай пасады лічыцца адступленнем ад этыкету. Дзелавая візітная картка без адраса таксама не адпавядае нормам этыкету.

Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль сучаснай беларускай літаратурнай мовы характарызуецца высокай ступенню развітасці, унармаванасцю моўных сродкаў, распрацаванасцю жанраў. Неабходнасць навучання моўным нормам справавых зносін абумоўлена тым, што справавыя зносіны пранікаюць ва ўсе сферы жыцця. Уменне паспяхова весці перагаворы, працаваць з дакументамі – важнейшы элемент культуры сучаснага адукаванага чалавека, які імкнецца дасягнуць поспехаў у жыцці.

Авалодванне спецыфічнымі асаблівасцямі афіцыйна-справавога стылю, разуменне паняццяў дакумент, бланк, рэквізіт, фармуляр, афармленне дакументаў рознага тыпу – неабходная ўмова падрыхтоўкі высокаадукаваных, граматных, культурных спецыялістаў.

 

Праверачны тэст

 

1. Афіцыйна-справавы стыль пачаў фарміравацца

1) у перыяд ВКЛ;

2) у XVIII–XIX ст.;

3) у 20-я гады XIX ст.;

4) у другой палове XX ст.

5) у 90-я гады XX ст.

 

2. Устанавіце адпаведнасць

А. Лісты-просьбы

Б. Лісты-напаміны

В. Лісты-пацвярджэнні

Г. Гарантыйныя лісты

 

 

1. Маюць на мэце пацвердзіць пэўныя абяцанні ці ўмовы.

2. Выражаюць просьбу аб выкананні якога-небудзь дзеяння.

3. Напамінаюць пра выкананне пэўных дзеянняў.

4. Пацвярджаюць атрыманне дакументаў і матэрыялаў.

5. Пацвярджаюць факт адпраўкі пагадненняў.                                

 

3. Афіцыйна-справавому стылю ўласцівы функцыі

1) эмацыйная;

2) інфармацыйная;

3) эстэтычная;

4) пабуджальная;

5) тлумачальная.

 

4. Афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра сваё жыццё – гэта

1) заява;

2) аўтабіяграфія;

3) аб’ява;

4) справаздача;

5) нарыс.

 

5. Устанавіце адпаведнасць

А. Асабістыя.

Б. Распарадчыя.

В. Адміністрацыйна-арганізацыйныя.

Г. Інфармацыйна-даведачныя.

 

1. Загад, пастанова, дэкрэт.

2. Справаздача, кантракт.

3. Распіска, заява.

4. Даведка, дакладная запіска.

5. Іск, хадайніцтва, скарга.                                                           

 

6. Самым пашыраным сярод працэсуальных дакументаў з’яўляецца

1) хадайніцтва;

2) іск;

3) скарга;

4) пратакол;

5) заява.