ПРАДМОВА
^ Вверх

ПРАДМОВА

 

Дапаможнік «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» створаны на аснове тыпавой праграмы «Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў» (Мінск, 2001).

У ім змяшчаюцца звесткі пра асаблівасці навуковага і афіцыйна-справавога стыляў мовы, аб культуры маўлення.

Практычныя заданні, якія прыводзяцца ў дапаможніку, рознага тыпу: адны з іх дазваляюць разабрацца ў канцэпцыях паходжання і гістарычных каранях беларускай мовы, іншыя разлічаны на паглыбленне тэарэтычных ведаў пра лексічныя, фанетычныя, арфаэпічныя, словаўтваральныя і граматычныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы; заданні закранаюць таксама праблемы беларуска-рускай, у прыватнасці, марфалагічнай і сінтаксічнай, моўнай інтэрферэнцыі.

Заданні, прысвечаныя навучальна-прафесійнай сферы, даюць студэнтам звесткі пра тэрміналогію і прадмет яе вывучэння; спецыфіку семантычных працэсаў, якія ў ёй адбываюцца; замацоўваюць асаблівасці словаўтварэння і перакладу тэрмінаў з рускай мовы на беларускую.

Пры складанні рэфератаў і анатацый студэнты вучацца шукаць і вылучаць асноўную і дадатковую інфармацыю, авалодваць прынцыпамі разгортвання і кампрэсіі інфармацыі ў навуковым тэксце, правільна афармляць даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры.

Аўтары лекцый: А.М.Асіпчук – «Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы»; «Лексікалогія і лексікаграфія» (таксама пытанне «Групы афіцыйна-справавой дакументацыі» ў лекцыі «Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю»); а таксама практычных заданняў для студэнтаў факультэта фізічнай культуры (пазначаныя сімвалам ☼), В.В.Маршэўская – «Асаблівасці словаўтварэння беларускай навуковай тэрміналогіі»; «Сістэма стыляў беларускай мовы. Асаблівасці навуковага стылю мовы»; «Сістэма жанраў навуковай літаратуры» (пытанне «Асаблівасці лексіка-семантычных працэсаў у тэрміналогіі» ў лекцыі «Лексікалогія і лексікаграфія»); а таксама практычных заданняў для студэнтаў юрыдычнага факультэта (пазначаныя сімвалам ◊); А.С.Садоўская – «Мова і соцыум»; «Праблемы беларуска-рускай інтэрферэнцыі», «Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю»; «Культура маўлення»; а таксама практычных заданняў для студэнтаў факультэта эканомікі і кіравання (пазначаныя сімвалам ▲). Заданні, пазначаныя сімвалам *, рэкамендуюцца для выканання студэнтамі ўсіх названых факультэтаў.