Лекцыя 7. ТЭКСТ І ЯГО АРГАНІЗАЦЫЯ
^ Вверх

 Лекцыя 7. ТЭКСТ І ЯГО АРГАНІЗАЦЫЯ

 

Мэта – вызначыць спецыфіку семантычна-структурнай арганізацыі мастацкага і навуковага тэкстаў.

 

Задачы:

– раскрыць паняцце звязнасці і цэласнасці тэксту;

– прааналізаваць функцыянальна-сэнсавыя тыпы маналагічнага маўлення (апісанне, апавяданне, разважанне);

– ахарактарызаваць сродкі сувязі ў тэксце;

– выявіць асаблівасці спосабаў выкладу навуковай інфармацыі

                

Пытанні

  1. Тэкст як асноўная камунікатыўная адзінка.
  2. Функцыянальна-сэнсавыя тэпы тэксту, мінімальныя адзінкі тэксту, віды сувязі ў тэксце.
  3. Спосабы выкладу навуковай інфармацыі.

 

Праблемныя пытанні

  1. Што лічыцца мінімальнай адзінкай тэксту?
  2. Якія тыпы абзаца пераважаюць у навукова-вучэбных тэкстах?
  3. Якія тыпы тэксту (з пункту гледжання спосабаў выкладу інфармацыі) характэрны для навуковай мовы?

 

Рэкамендаваная літаратура

  1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск: БелЭн, 1994.
  2. Всеволодова, М.В. Теория функционально-коммуникативного синтаксиса. Фрагмент прикладной (педагогической) модели языка. – М.: МГУ, 2000.
  3. Гальперин, И.Р. Текст как объект лингвистического анализа / И.Р.Гальперин. – М.: Наука, 1981.
  4. Ильенко С.Г. Синтаксические единицы в тексте. – Л., 1989.
  5. Кананенка, Т.М., Малажай, Г.М., Пашкевіч, М.І. Праца з тэкстам на ўроках беларускай мовы: вучэб. – метад. дапам. / Пад рэд. Г.М.Малажай. – Брэст: Пірс, 1993.
  6. Кожина М.Н. О речевой системности научного стиля сравнительно с некоторыми другими. – Пермь, 1972.
  7. Лаўрэль, Я.М. Вывучэнне сінтаксісу тэксту // Выкладанне беларускай мовы і літаратуры: кн. для настаўніка / пад рэд. М.А.Лазарук. – Мінск, 1983.
  8. Лепешаў, І.Я. Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора: У 2 ч. / І.Я.Лепешаў. – Гродна, 2000. – Ч. 2.
  9. Лепешаў, І.Я. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні: Дапаможнік / І.Я.Лепешаў. – Гродна, 2002.
  10. Ляшчынская, В.А. Методыка выкладання беларускай мовы: вучэбн. дапаможнік / В.А.Ляшчынская, З.У.Шведава. – Мінск, 2007. – 252 с.
  11. Нечаева, О.А. Функционально-смысловые типы речи (описание, повествование, рассуждение). – Улан-Удэ: Бурятское книжн. изд-во, 1974.
  12. Рамза, Т.Р. Сінтаксіс: тэарэтычны курс: вучэбны дапам. / Т.Р.Рамза. – Мінск, 2006.
  13. Супрун, А.Я. Исследования по лингвистике текста: Сб. ст. / А.Я.Супрун. – Мінск, 2001.
  14. Тураева, З.Я. Лингвистика текста: (Текст, структура и семантика) / З.Я.Тураева. – М. 1986.
  15. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка тэксту: вучэб. дапам. / М.Я.Цікоцкі. – Мінск, 2002.
  16. Чумак Л.Н. К проблеме типологии текстов в практике обучения зарубежных филологов-русистов // Текст: функции и семантика его компонентов (функциональный подход в теоретическом и прикладном языкознании): тезисы докл. конф. (Минск, 1992, 3–5 февраля). Том 5. Часть IX. – Минск, 1993.

 

1.Тэкст як асноўная камунікатыўная адзінка

«Тэкст (лац. textus ‘тканіна, спалучэнне, спляценне’) – гэта маўленчае камунікацыйнае ўтварэнне, функцыянальна скіраванае на рэалізацыю пазамоўных задач» [2, с. 337].

Тэрмін тэкст у мовазнаўчай літаратуры тлумачыцца неадназначна: яго ўспрымаюць як сінонім да тэрмінаў выказванне, звязная мова, звязваюць з паняццем складанае сінтаксічнае цэлае, лічаць тэкстам любое па форме выказванне (вуснае і пісьмовае) і г.д. Тым не менш, большасць даследчыкаў надае тэксту статус асноўнай камунікацыйнай адзінкі, якой уласціва звязнасць і цэласнасць. Паняцце звязнасці арыентуецца на структурную арганізацыю тэксту, а паняцце цэласнасці – на яго зместавую арганізацыю (фактуальную, канцэптуальную, падтэкставую).

Звязнасць тэксту выяўляецца праз знешнія структурныя паказальнікі (сказы, празаічныя строфы), выкарыстанне пабочных канструкцый, займеннікаў, лексічных паўтораў і інш. Напрыклад: Горы ды каменне, вузкія палоскі: гэта наша поле, поле нашай вёскі. Курныя аконцы – каб святла хоць трошкі: гэта нашы хаты, хаты нашай вёскі (Куп.).

Цэласнасць тэксту дасягаецца тэматычным і мадальным адзінствам. Тэматычнае адзінства выяўляецца ў паўторнай намінацыі ключавых слоў, якія могуць ствараць вакол сябе сэнсавы кантэкст, куды ўваходзяць іншыя словы, звязаныя з ключавымі пэўнымі сітуацыйнымі сувязямі. Напрыклад: Як брыльянты, рассявае ночка летняя расіцу, туманамі спавівае луг зялёны над крыніцай. А як раніца настане, бліскі сонца загуляюць, – рос прыходзіць адцвітанне, туманы у рэчцы таюць (Куп.).

Мадальнасць тэксту ствараецца шляхам выбару аўтарам пэўных маўленчых сродкаў, неабходных для рэалізацыі сваёй канцэпцыі, асабістага пункту гледжання. Напрыклад, у паэтычнай спадчыне С.Грахоўскага значнае месца займаюць кантэкставыя антонімы, якія паказваюць на жаданне аўтара перайсці да новага жыцця, зрабіць у сваім жыцці нейкія перамены: Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, без спрэчак калючых, нібыта асцё, без спёкі, без хмар і густых снегападаў – расклад ці інструкцыя, а не жыццё.

Па форме рэалізацыі тэксты бываюць вусныя і пісьмовыя, спантанныя і падрыхтаваныя; па колькасці моўцаў – маналог (маўленне, звернутае да самога сябе ці да іншых і не разлічанае на слоўную рэакцыю другіх асоб); дыялог (маўленне, у час якога адбываецца непасрэдны абмен выказваннямі паміж дзвюма асобамі); палілог (абмен выказваннямі паміж больш чым дзвюма асобамі).

 

2. Функцыянальна-сэнсавыя тэпы тэксту, мінімальныя адзінкі тэксту, віды сувязі ў тэксце

Да функцыянальна-сэнсавых тыпаў маналагічнага маўлення адносяцца апісанне, апавяданне і разважанне.

Апісанне – гэта дэталёвая характарыстыка прадмета маўлення з боку яго формы, складу, структуры, якасці, уласцівасцей, прызначэння і г.д. у залежнасці ад задач выказвання, ад задумы таго, хто гаворыць ці піша. Апісанню ўласціва статычнасць, перадача пастаянных ці часовых уласцівасцей.

Выдзяляюцца наступныя разнавіднасці апісання: пейзаж, ці агульны выгляд якой-небудзь мясцовасці; партрэт чалавека або апісанне знешняга выгляду нейкага прадмета, жывёліны, расліны, пабудовы, прадмета быту і інш.; інтэр’ер ці апісанне ўнутранай часткі якога-небудзь памяшкання; характарыстыка як пералік істотных асаблівасцей, прымет каго-небудзь, напрыклад, назвы рысаў характару, схільнасцей, роду заняткаў і пад. Апісанне можа быць справавое (шукаецца чалавек па прыметах), навуковае, мастацкае (вобразнае). Напрыклад: Адзвінелі, адгаманілі, збягаючы з пагоркаў, шпаркія ручаі, заліліся звонкім срэбрам жаўрукі ў паднябессі, прыгрэла сонца, у нізінах мякка закучаравілася трава, пракінуліся залатыя вочкі кураслепу, зазвінела жоўтымі галоўкамі маці-мачыха. Вербалоз над канавамі і стаўкамі аздобіўся пушыстымі коцікамі, пацямнелі рослыя бярозы каля гасцінца, павіслі на іх голлі жаўтлявыя завушнічкі (Хадк.) – пейзаж; Вось як жывога дзядзьку бачу, я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак, ды карчавіты і няўломак, а волас мае цёмна-русы, і зухаўскія яго вусы умеру доўгі, густаваты, угору чуць канцы падняты; а вочы шэры, невялічкі, глядзяць прыветна, як сунічкі (К-с) – мастацкае, вобразнае апісанне партрэта чалавека; Выгляд яе [хаты] для кожнай мясцовасці быў розны. Але найбольш тыповы быў такі. Ля ўвахода, справа, месца для мыцця посуду і іншых кухонных рэчаў. Пасля – печ. За печчу, па правай сцяне, – нары. Пад імі складалі розныя рэчы. Часам замест нараў стаялі шырокія ложкі. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, пакрытыя тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі. Ноччу на лавах маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Перад лавамі – стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лавы часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і гаспадыніны кросны. Упрыгожвалі хату тканыя посцілкі. І, вядома ж, рушнікі (Каратк.) – інтэр’ер.

Апавяданне – гэта перадача падзей, якія адбываліся з носьбітам маўлення або вядомыя яму ад іншых ці прыдуманыя, створаныя яго фантазіяй.

Апавяданню ўласцівы дынамізм, паслядоўнасць дзеяння, руху. Апавяданне часта будуецца па моўнай схеме: пачатак – працяг – заканчэнне дзеяння. Напрыклад: Аднойчы паслалі мяне ў камандзіроўку. Зімой гэта было. За горадам, у лесе, пайшоў снег. Падалося, нехта дарогу пераходзіць. Націснуў я на тормаз – машына спынілася, матор заглух. Паспрабаваў завесці старцёрам – не выходзіць. Узяў ручку завадную і выскачыў з кабіны. Раз крутнуў, другі – машына завялася, а я ў кабіну пабег. Пакуль сеў на сядзенне, матор заглух, і я зноў узяўся за ручку. Але зноў паўтарылася тое ж самае. Ажно спацеў ад беганіны. Потым сеў у кабіну і сяджу.

Раптам бачу: нехта ідзе – вялізны, у калматым футры. Прыгледзеўся – мядзведзь! Ну, думаю, машыну раздзярэ і да мяне дабярэцца...

Мядзведзь падышоў бліжэй, узяўся за ручку завадную. Крутануў – машына завялася. Што рабіць? Ці крычаць, ці падзякаваць выйсці? Тым часам мядзведзь наблізіўся і сунуў мне лапу ў кабіну. Зноў не ведаю, што рабіць. Падаць руку страшна. Але ж ён памог завесці машыну! І я працягнуў мядзведзю руку. Ціскануў ён яе так, што я ажно крыкнуў і... прачнуўся (А.П.).

Разважанне характарызуецца спецыфічнай моўнай структурай: тэзіс – аргументацыя – выснова (дэдуктыўнае разважанне), факты – іх аналіз і сінтэз – вывад (індуктыўнае разважанне). Напрыклад: Якая, вы думаеце, самая цікавая кніга на свеце? Адразу не адкажаце, не здагадаецеся. Гэта кніга – зямля, на якой мы жывём і якая з першых год нашага жыцця штодня вучыць нас гісторыі, мове, штодня і штораз адкрывае нам усё новыя і новыя словы, значэнне і сэнс якіх мы вучымся спазнаваць і разумець.

Жывое асяроддзе акружае нас: жывёлы, птушкі, самыя малыя істоты, а таксама расліны, кветкі, дрэвы. І ўсе яны маюць свае імёны. Тысячы і мільёны назваў існуе на зямлі. Кожная яе мясціна мае сваю назву.

Добра было б, каб адзін са сваіх сшыткаў вы назвалі «Мая бацькаўшчына», або «Мой родны кут». У ім запісвалі ўсё самае цікавае, пра што дазнаецеся ад старэйшых людзей (В.).

У якасці мінімальнай структурна-семантычнай адзінкі тэксту выступае звышфразавае адзінства (ЗФА) (у якасці сіноніма выкарыстоўваецца паняцце ССЦ – складанае сінтаксічнае цэлае).

Звышфразавае адзінства – гэта «такая тэкставая адзінка, якая складаецца больш чым з аднаго самастойнага сказа і валодае сэнсавай цэласнасцю ў кантэксце звязнага маўлення, выступае як частка завершанай камунікацыі» [12, с. 175].

Звышфразавае адзінства ўласцівае і вуснаму, і пісьмоваму маўленню, яно характарызуецца лагічнасцю (з’яўляецца вынікам аб’ектыўнага члянення), сэнсавай завершанасцю.

Мінімальнай кампазіцыйна-стылістычнай адзінкай тэксту з’яўляецца абзац (ням. derAbsatz – уступ). Абзац існуе толькі ў пісьмовым тэксце. Памер абзаца, як правіла, залежыць ад індывідуальнай манеры аўтара выкладаць думкі, ад задумы аўтара (у гэтым выяўляецца прагматычнасць абзаца). Маючы суб’ектыўную скіраванасць, абзац можа выступаць у якасці эмацыянальна-выяўленчага сродку тэксту.

Абзац і ЗФА а) супадаюць: Ах, якія мы часам няўважлівыя да другіх, калі ў саміх усё гладка і роўна! (Дам.);

б) у адно ЗФА могуць уваходзіць два і больш абзацаў:

А дзед быў прыгожы.

Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Упёршыся худымі і пругкімі, як смаляныя галіны, нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, «кароль вугроў» паволі і няспынна разгойдваўся ўперад-назад, рытмічна ўзмахваючы цяжкімі вёсламі. З вельмі дакладнай і неабходнай для справы скупасцю заграбаў ён ціхую празрыстую ваду. Так лёгка і хораша, спраўна і спорна ідуць у пракосе сапраўдныя касцы. Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Сівыя валасы, хоць і прычасаныя перад ад’ездам у людзі, як толькі ён зняў кепку, зноў растрэсліся, прынялі свой звычайны, сціпла кучаравы беспарадак.

Прыгожая была гэтая шэрая, вельмі жыццёвая, натуральная прастата, гэтая яшчэ ўсё не растрачаная сіла, якую і не высушылі, і не прыглушылі дзевяць дзесяткаў больш катаржных, чым радасных гадоў. Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй пад густымі, сівымі брывамі, вачэй адкрытых і чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера. Прыгожы быў, урэшце, увесь гэты звычайны, будзённы малюнак: вялікая чорная лодка на вадзяной пустыні, у лодцы – шэры дзед і светленькая ўнучка, а за кармой, на буксіры, – доўгае сасновае бервяно і яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады (Б.);

в) абзац можа змяшчаць некалькі рознатэматычных ЗФА: Крынічка б’е з-пад зямлі, і вада ў ёй не замярзае. А летам такая халодная, што аж зубы сцінае. Яна наталяе смагу, надае сілы і нават гоіць раны. // Вы паглядзіце, колькі розных слядоў наўкола! Сюды, да крынічкі, прыходзяць ласі і ваўкі, лісы і зайцы, дзікі і алені, рысі і дзікія козы, прылятаюць курапаткі і ястрабы, цецерукі і каршуны, глушцы і ўсялякае дробнае птаства. // Ніхто нікога не чапае. Тут нібы дзейнічае закон дружбы ў імя захавання жыцця (Д.С.).

У тэксце даследчыкамі вылучаюцца два віды сувязі: кантактная (спалучае суседнія выказванні) і дыстантная (спалучае аддаленыя выказванні). «Дыстантнай сувяззю звязваюцца, як правіла, інфармацыйна самыя значныя кавалкі тэксту, а таму найбольш выразна яна і праяўляецца якраз паміж абзацамі, фарміруючы «стрыжань» усяго тэксту і забяспечваючы яго цэласнасць» [12, с. 187].

Паводле характару сродкаў і спосабаў іх дзеяння адрозніваюць ланцужковую (паслядоўную) сувязь (калі выказванні чапляюцца адно за адно на ўзор звёнаў ланцужка), паралельную сувязь (будова сказаў тоесная) і далучальную сувязь (змест наступнага выказвання дапаўняе, дадае інфармацыю да асноўнага).

Асноўнымі сродкамі паслядоўнай сувязі з’яўляюцца займеннікі, лексічныя паўторы, кантэкставыя сінонімы, антонімы і інш.. Напрыклад: Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна і зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім двары мілым шчэбетам (К-с). Асноўнымі сродкамі паралельнай сувязі выступаюць аднолькавы парадак слоў, аднолькавыя формы часу і трывання дзеясловаў-выказнікаў, паўтор адной і той жа лексемы і інш. Напрыклад: І такуюць, такуюць раніцай глушцы. Да штучнага возера цягнуцца цяжкія сляды япрукоў. І клічуць-клічуць белыя лебедзі, б’юць на рэках пудовыя шчупакі, шумяць сонечныя дубы і грабы. І чырванеюць падасінавікі. І дымок ад ранішняга вогнішча змешваецца з туманам (Каратк.). На далучальную сувязь паказваюць злучнікі і, ды, ды і, і таму, і тады і г.д., а таксама прыём парцэляцыі. Напрыклад: Бяссоннай ноччу думаецца многа. І светла і не надта. Як калі (Т.Д.).

Калі пры спалучэнні выказванняў назіраюцца прыкметы розных відаў сувязі, – гэта змешаная сувязь. Напрыклад, прыкметы ўсіх трох відаў сувязі знаходзім у наступнай мініяцюры: Адна рэч – чалавекам нарадзіцца. І зусім іншая – чалавекам памерці... Нарадзіцца – якім Бог даў. Памерці – якім Бог прыме (Гал-ч).

 

3. Спосабы выкладу навуковай інфармацыі

Тыпалогію тэкстаў у навуковай літаратуры звычайна прадстаўляюць у наступным выглядзе: 1) функцыянальна-камунікатыўны тып тэксту (навуковы, публіцыстычны, размоўны і г.д.); 2) камунікатыўны тып тэксту (інфармавальны, выяўленчы, лагічны); 3) функцыянальна-сэнсавы тып тэксту (апісанне, апавяданне, разважанне); 4) прагматычны тып тэксту (наратыўны – паведамленне, камунікатыўны – стасункі); 5) лінгвакраіназнаўчы тып тэксту (прагматычны, праекцыйны); 6) структурны тып тэксту (з ланцужковай сувяззю, з паралельнай сувяззю і інш.) [16, 46]. Мы спынімся на разглядзе функцыянальна-сэнсавага тыпу тэксту.

Мастацкім тэкстам тыпу апавядання, апісання, разважання ўдзялялася і ўдзяляецца шмат увагі (М.М.Шанскі, Л.М.Лосева, Г.Я.Салганік, І.Я.Лепешаў, М.Я.Цікоцкі, А.М.Юрэвіч, Г.М.Малажай і інш.). Як пазначае С.Г.Ільенка, «функцыянальна-сэнсавы тып маўлення трактуецца ў гэтым выпадку як фрагмент тэксту, аб’яднаны адзінай задумай і звязаны з вырашэннем адной з трох задач: ці 1) статычна (у адных прасторавых і часавых межах) апісаць фрагмент рэчаіснасці, ці 2) дынамічна апісаць фрагмент рэчаіснасці на працягу пэўнага часу з магчымым перамяшчэннем у прасторы, ці 3) апісаць прычынна-выніковыя сувязі фактаў навакольнага свету» [4, 69].

Функцыянальна-сэнсавымі тыпамі навуковых тэкстаў займаліся нямногія даследчыкі, у прыватнасці, М.М.Кожына, Е.С.Траянская, В.А.Нячаева і інш. Як пазначае М.М.Кожына, «навуковая мова, з аднаго боку, і мастацкая, з другога, адлюстроўваюць асаблівасці розных тыпаў мыслення: адпаведна – строга паняційна-лагічнага і вобразна-паэтычнага» [6, с.6]. Таму, натуральна, спосабы выкладу інфармацыі ў навуковым тэксце будуць мець сваю спецыфіку.

Апавяданне, на думку М.М.Кожынай, у навуковых тэкстах займае нязначнае месца (за выключэннем гістарычных і геаграфічных тэкстаў). Паколькі апавяданне – гэта тып тэксту, у якім дынамічна апісваецца фрагмент рэчаіснасці на працягу пэўнага часу з магчымым перамяшчэннем у прасторы, яго можна сустрэць у паведамленнях пра ход выканання сваіх уласных эксперыментаў, у звестках гістарычнага характару, ва ўспамінах пра факты асабістай біяграфіі ці з жыцця іншых даследчыкаў (своеасаблівыя адступленні ад уласна навуковых праблем тэксту), у расказе аб цікавых ці незвычайных працэсах, з’явах, сітуацыях у гісторыі развіцця навукі, у мімаходных заўвагах, устаўках-агаворках і інш. Такім тэкстам уласцівы пераважны зварот да дзеясловаў прошлага часу. Напрыклад: Жангаловіч Іван Данілавіч (20.02.1892–29.07.1981). Нарадзіўся ў г. Гродне. Скончыў Петраградскі універсітэт. Заслужаны дзеяч навукі РСФСР. Выкладаў у Ваенна-марской акадэміі імя К.Я.Варашылава, працаваў дырэктарам Істытута тэарэтычнай астраноміі АН СССР. Удзельнічаў у экспедыцыях па вывучэнні Курскай магнітнай анамаліі, па даследаванні Паўночнага Ледавітага акіяна, у высокашыротных экспедыцыях у раёны Арктыкі і інш. Распрацаваў спосаб вызначэння масы Зямлі па назіраннях штучных спадарожнікаў Зямлі. Яго імем названа малая планета (Астраномія, 11 кл.).

Апісанне – гэта разнавіднасць апавядання [6, с.94], якая ўяўляе сабой рознабаковую і сістэматычную характарыстыку аб’екта маўлення (прадметы, асаблівасці, састаў і пад.) у статычным (у адных прасторавых і часавых межах) аспекце. Апісанне выкарыстоўваюць пры характарыстыцы як пераліку істотных асаблівасцей, прымет ці ўласцівасцей якога-небудзь прадмета або даследуемых аб’ектаў. Апісанню ўласціва значная перавага дзеясловаў цяперашняга часу, гэты спосаб выкладу інфармацыі часцей сустракаецца ў тэкстах школьных падручнікаў. Напрыклад: Ад усіх іншых жывёл птушкі адрозніваюцца многімі асаблівасцямі будовы і біялогіі, звязанымі з палётам. Цела птушкі складаецца з параўнальна невялікай галавы, доўгай рухомай шыі, яйцападобнага тулава, хваста і канечнасцей. У час палёту птушка выцягвае галаву, прыціскае да цела або выцягвае назад ногі, і ўсё цела прымае абцякальную форму.

Ва ўсіх птушак ёсць дзюба, пры дапамозе якой птушкі здабываюць корм, будуюць гнёзды, абараняюцца ад ворагаў. Зубоў у птушак няма. Гэта аблягчае масу цела, што мае вялікае значэнне пры палёце.

Для хады ў птушак прыстасаваны заднія канечнасці. Адметная асаблівасць шкілета ног – наяўнасць цэўкі. У птушак звычайна чатыры пальцы: тры накіраваны ўперад, адзін – назад... (Біялогія, 8-ы клас).

Пад разважаннем разумеюць тып тэксту, у якім разгляд пэўных пытанняў, праблем грунтуецца на лагічнасці, аргументаванасці. Лінгвісты прапаноўваюць адрозніваць тры семантычныя разнавіднасці разважання: разважанне-доказ, разважанне-роздум, разважанне-тлумачэнне.

Разважанне-доказ будуецца па схеме: тэзіс у выглядзе сцвярджэння і яго абгрунтаванні, якія даюцца без адлюстравання працэсу мыслення ў пошуках доказу. Звычайна адрозніваюць прамы доказ і ўскосны. Прыклад прамога доказу:

Тэарэма. Процілеглыя грані паралелепіпеда ляжаць у паралельных плоскасцях.

Доказ. Дакажам, напрыклад, што грані АА1В1В і DD1C1C паралелепіпеда ABCDA1B1C1D1 ляжаць у паралельных плоскасцях. Паколькі ABCD – паралелаграм, то ABCD. Чатырохвугольнік AA1D1D – паралелаграм, значыць, AA1 ║DD1. Такім чынам, дзве прамыя АВ і АА1 плоскасці, у якой ляжыць грань АА1В1В, адпаведна паралельныя дзвюм прамым DC і DD1 плоскасці, у якой ляжыць грань DD1C1C, значыць, па прыкмеце паралельнасці, гэтыя плоскасці паралельныя.

Тэарэма даказана. (Геаметрыя, 10-ы кл.).

Пры ўскосным доказе дапускаецца супрацьлеглы тэзіс і даказваецца яго немагчымасць, што пацвярджае правільнасць прапанаванага тэзіса.

Разважанне-роздум будуецца па наступнай схеме: прапануецца прадмет роздуму, у адпаведнасці з гэтым прадметам роздуму актуалізуюцца ўсе веды, затым аўтар спрабуе ўстанавіць прычынна-выніковыя адносіны (з’ява – заканамернасць), у сувязі з імі прапануе гіпотэзу (ці некалькі), правярае яе, робіць вывад. Напрыклад: Як вы ўжо ведаеце, Галілео Галілей эксперыментальна даказаў, што ўсе целы падаюць на Зямлю з адным і тым жа паскарэннем, якое называецца паскарэннем свабоднага падзення. Чаму ж гэта паскарэнне аднолькавае для ўсіх цел? Якія прычыны выклікаюць рух Месяца вакол Зямлі практычна па кругавой арбіце? Чаму планеты Сонечнай сістэмы, у тым ліку наша Зямля, рухаюцца вакол Сонца?

Ньютан быў першым вучоным, які спачатку выказаў гіпотэзу, якая растлумачвае гэтыя з’явы, а потым строга яе даказаў. Ён выказаў меркаванне, што паміж любымі целамі існуюць сілы прыцягнення і, напрыклад, падзенне каменя і рух Месяца па сваёй арбіце вызначаюцца сілай прыцяжэння Зямлі. Каб устанавіць закон, якому падпарадкоўваюцца сілы прыцягнення, Ньютан параўнаў траекторыі і паскарэнні гэтых цел.

Камень, кінуты гарызантальна, калі не ўлічваць супраціўленне паветра, як вы ведаеце з кінематыкі, рухаецца да Зямлі з паскарэннем свабоднага падзення па траекторыі, якая ўяўляе сабой парабалу. Калі ж павялічваць пачатковую скорасць і вышыню кідання, то далёкасць палёту цела таксама ўзрастае і з-за крывізны паверхні Зямлі пры пэўнай пачатковай скорасці камень наогул можа не дасягнуць Зямлі і пачне рухацца вакол яе падобна да Месяца. З гэтага мысленнага эксперымента Ньютан зрабіў вывад, што рух каменя і рух Месяца абумоўлены адной і той жа прычынай – прыцяжэннем Зямлі... (Фізіка, 9 кл.).

У аснове разважання-тлумачэння ляжыць схема дэдуктыўнага разважання: для кожнага аб’екта сапраўдна, што калі ён мае ўласцівасць S, то ён мае ўласцівасць P. Дадзены аб’ект мае ўласцівасць S. Значыць аб’ект мае ўласцівасць P. Напрыклад: Два простыя лікі называюцца простымі лікамі-блізнятамі (P), калі іх розніца роўная 2 (S). Розніца простых лікаў 3 і 5 складае 2 (S), значыць, 3 і 5 – простыя лікі-блізняты (P).

Спосаб выкладу разважанне сустракаецца пры доказе пэўных навуковых палажэнняў, праверцы гіпотэз, тлумачэннях, палеміцы з іншымі аўтарамі і г.д. Выбар разнавіднасці разважання залежыць ад жанру, тэмы, стылю і ўстаноўкі аўтара. Для тэкстаў тыпу разважання характэрна выкарыстанне разнастайных часавых форм дзеясловаў, але з перавагай цяперашняга часу.

Доля розных спосабаў выкладу ў тэкстах мяняецца ў залежнасці ад прадмета навукі, яе метаду і накіраванасці зместу. У эксперыментальных навуках (якія шырока выкарыстоўваюць эксперымент, – фізіка, хімія і інш.) часцей выкарыстоўваецца апавяданне. У логіка-тэарэтычных навуках (матэматыка, філасофія і інш.) часцей выкарыстоўваецца разважанне (доказ). У навуках апісальнага характару (біялогія, астраномія і інш.) пераважае апісанне.

Як заўважае М.М.Кожына, спосабы выкладу інфармацыі не ахопліваюць усёй разнастайнасці метадаў ці спосабаў паведамлення ў навуковай літаратуры. Яна прапануе выдзеліць спосаб выкладу абагульненне-фармулёўка і разглядаць гэты спосаб не толькі як кампазіцыйную частку тэксту, а як спецыфічны спосаб выкладу для навукі [6, с.206]. Абагульненне-фармулёўка заўважаецца пры выкладзе вывадаў, рознага роду абагульненняў, фармулёўцы законаў, вызначэнні паняццяў і катэгорый навукі і пад. Напрыклад, абагульненне па тэме «Закон сусветнага прыцягнення»: 1. Сілы гравітацыйнага ўзаемадзеяння (прыцягнення) універсальныя, дзейнічаюць паміж любымі целамі і прапарцыянальныя здабытку мас узаемадзейных цел.

2. Сілы прыцягнення залежаць ад адлегласці: для матэрыяльных пунктаў яны адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці паміж імі, для аднародных шароў адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці паміж іх цэнтрамі.

3. Гравітацыйныя і інертныя масы цела роўныя (Фізіка, 9 кл.).

Для сучаснай навуковай літаратуры не ўласціва такая з’ява, каб цалкам увесь тэкст навуковай работы выкладаўся якім-небудзь адным спосабам (апісанне, апавяданне ці разважанне). Як правіла, спосабы выкладу пераплятаюцца: аўтар ад апавядання пераходзіць да разважання ці апісання, доказу, абагульнення і інш. В.А.Нячаева звяртае ўвагу, што варта размяжоўваць «кантамінаваны функцыянальна-сэнсавы тып» і спалучэнне розных функцыянальна-сэнсавых тыпаў у адным мікратэксце. Кантамінаванасць праяўляецца ў напластаванні сэнсавых адценняў, уласцівых розным тыпам тэкстаў. «Кантамінаванае маўленне не з’яўляецца тэматычным спалучэннем розных тыпаў маўлення, што вядзе да ўтварэння новай (трэцяй) моўнай адзінкі, г.зн. кантамінаванага тыпу маўлення» [11, с.202]. Напрыклад: Адной з самых цікавых зорак Персея з’яўляецца α Персея. Старажытныя арабы звалі яе Рас Аль-Гуль, або Галава д’ябла. Цяпер яна вядомая пад назвай Альголь. Сама зорка ўвесь час змяняе свой бляск, нібы падміргвае. Магчыма таму старажытныя астраномы далі зорцы такую д’ябальскую назву. Упершыню зоркай зацікавіўся ў канцы 60-х гг. XVIII ст. італьянскі астраном і матэматык Мантанары. Але яго даследаванні згубіліся. Толькі ў 80-я гг. XVIII ст. пераменнасць Алголя адкрыў глуханямы англійскі юнак Джон Гудрайк. Амаль праз сто гадоў астраномы здолелі растлумачыць пераменнасць зоркі: гэта зацьменна-пераменная зорка, нават сістэма з дзвюх зорак, якія кружацца вакол агульнага цэнтра масы. Адна, халаднейшая, засланяе сабой гарачэйшую. Тады мы назіраем памяншэнне бляску. Калі, наадварот, яна заходзіць за больш гарачую, мы бачым, што зорка становіцца ярчэйшай. Вось так яна нам і падміргвае (К.Цыркун). Кантамінаванасць у гэтым тэксце фармальна выражаецца праз выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу, прыметнікаў у розных формах ступеней параўнання, што ўласціва апісанню. Аднак сам тэкст застаецца пры гэтым апавяданнем.

 

Праверачны тэст

 

1. Апісанню ўласцівы

1) статычнасць;

2) перадача пастаянных ці часовых уласцівасцей;

3) паслядоўнасць дзеяння, руху;

4) лагічнасць, аргументаванасць;

5) дынамізм.

 

2. Устанавіце адпаведнасць

А. Звязнасць тэксту выяўляецца

Б. Цэласнасць тэксту дасягаецца

 

1. Супадзеннем колькасці абзацаў і звышфразавых адзінстваў (ССЦ).

2. Тэматычным і мадальным адзінствам (паўторнай намінацыяй ключавых слоў, шляхам выбару аўтарам пэўных маўленчых сродкаў).

3. Праз знешнія структурныя паказальнікі (сказы, празаічныя строфы), выкарыстанне пабочных канструкцый, займеннікаў, лексічных паўтораў.

 

3. Абзац і ЗФА

1) часам супадаюць;

2) у адно ЗФА уваходзяць абавязкова 2 абзацы;

3) у адно ЗФА могуць уваходзіць 2 і больш абзацаў;

4) абзац можа змяшчаць некалькі рознатэматычных ЗФА;

5) абзац павінен змяшчаць не больш 3-х рознатэматычных ЗФА.