Лекцыя 5. АСАБЛІВАСЦІ СЛОВАЎТВАРЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКОВАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ
^ Вверх

  Лекцыя 5. АСАБЛІВАСЦІ СЛОВАЎТВАРЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКОВАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ

 

Мэта лекцыі – паказаць спецыфіку ўтварэння тэрмінаў эканомікі, права, спорту.

 

Задачы:

– ахарактарызаваць найбольш пашыраныя спосабы тэрмінатворчасці;

– вызначыць найбольш прадуктыўныя фарманты і мадэлі тэрмінатворчасці.

 

Пытанні

1. Асноўныя спосабы тэрмінатворчасці:

а) лексіка-семантычны спосаб (тэрміналагізацыя, транстэрміналагізацыя);

б) марфолага-сінтаксічны спосаб (канверсія);

в) марфалагічны спосаб (тэрмінаўтварэнне);

г) сінтаксічны спосаб.

2. * Паняцце словаўтваральнага тыпу.

3. * Паняцце словаўтваральнай мадэлі.

4. * Прадукцыйнасць словаўтваральных тыпаў і індывідуальная словатворчасць.

(* – заканспектаваць па Л.М.Шакуну [11, с.101–108]).

 

Праблемныя пытанні

  1. Як павінны перакладацца дзеепрыметнікі з рускай мовы на беларускую?
  2. Як перакладаюцца дзеясловы з суфіксам –ірава (-ырава)? 

 

Літаратура

  1. Антанюк, Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія / Л.А.Антанюк. – Мінск: Навука і тэхніка, 1987. – 240 с.
  2. Болсун, А.І., Рапановіч, Я.Н. Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў / АІ.Болсун, Я.Н.Рапановіч. – Мінск: Нар. асвета, 1979. – 183 с.
  3. Бубновіч І.І. Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю / І.І.Бубновіч. – Гродна: ГрДУ, 2000. – 107 с.
  4. Даниленко, В.П. Русская терминология: Опыт лингвистического описания / В.П.Даніленко. – М.: Наука, 1977. – 246 с.
  5. Словарь-справочник по современной экономике: на пяти языках / М.В. Мишкевич, Л.И.Василевская, В.Н.Ермаков, М.И.Плотницкий; Под общ. ред. М.И.Плотницкого, М.В.Мишкевича. – Минск: Высш. шк.., 1996. – 364 с.
  6. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. – Мінск: БелСЭ, 1977–1984.
  7. Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Г.У.Арашонкава, А.М.Булыка, У.В.Люшцік, А.І.Падлужны. – Мінск: Бел. навука, 1999. – 175 с.
  8. Шакун, Л.М. Словаўтварэнне: Вуч. дапам. для ВНУ / Л.М.Шакун. – Мінск: Выш. школа, 1978. – 128 с.
  9. Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік / Рэдкал.: С.В.Кузьмін і інш. – Мінск: БелСЭ, 1992. – 636 с.

 

Словаўтварэнне – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца будова вытворных слоў, сродкі і шляхі іх утварэння. Тэрмінам «словаўтварэнне» называюць і сам працэс утварэння новых слоў.

Пачатак вывучэнню словаўтварэння пакладзены ў працах такіх вядомых вучоных, як М.В.Ламаносаў, А.Х.Вастокаў, Ф.І.Буслаеў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Патабня. У сувязі з развіццём навукі аб мове цікавасць да гэтай галіны мовазнаўства пастаянна ўзрастае, што знайшло адлюстраванне ў даследаваннях Р.О.Вінакура, В.У.Вінаградава, А.А.Земскай, А.С.Кубраковай, У.У.Лапаціна, К.А.Ляўкоўскай, А.М.Ціханава, М.М.Шанскага, Л.М.Шакуна, П.У.Сцяцко і інш.

Непасрэдна словаўтварэннем тэрміналагічных адзінак займаліся В.П.Даніленка, Б.М.Галавін, А.С.Супяранская, В.М.Немчанка, Л.А.Антанюк і інш. Аднак на некаторыя пытанні лінгвісты не даюць адназначнага адказу, у прыватнасці, погляды лінгвістаў разыходзяцца, калі гаворка ідзе пра калькаванне, транстэрміналагізацыю, субстантывацыю, абрэвіяцыю і інш.

Утварэнне новых лексічных адзінак у мове або ўзнаўленне ў працэсе маўлення тых, што ўжо існуюць, адбываецца паводле пэўных правіл словаўтварэння і на ўзор адпаведных словаўтваральных марфаналагічных асаблівасцей мадэлей. Таму, калі пад літаратурнай нормай разумеюць прынятыя ў моўнай практыцы адукаваных людзей правілы вымаўлення, словазмянення, словаўжывання і г.д., то словаўтваральнай нормай трэба лічыць утварэнне слоў і іх ужыванне ў строгай адпаведнасці з правіламі словаўтварэння, што існуюць у беларускай літаратурнай мове. Гэтыя правілы замацаваны словаўтваральнымі тыпамі і словаўтваральнымі (марфаналагічнымі) мадэлямі.

Паняцце словаўтваральнага тыпу лінгвістамі вызначаецца па-рознаму. Але большасць з іх у паняцце словаўтваральнага тыпу ўключае вытворныя, якія маюць тры асноўныя прыкметы: 1) адзінства часціны мовы ўтваральнай асновы; 2) агульнасць семантычных адносін паміж вытворнымі і ўтваральнымі; 3) агульнасць спосабу словаўтварэння [10, с. 101–103].

Суаднесенасць вытворнага слова з пэўным словаўтваральным тыпам забяспечвае правільнае сэнсавае ўжыванне. Напрыклад, у словаўтваральнай пары пілот – пілотка назоўнік пілотка мае значэнне ‘галаўны ўбор’. Таму яно не можа быць пастаўлена ў адзін рад з такімі назоўнікамі, як тэнісістка, баскетбалістка, таксама ўтворанымі ад назваў асоб мужчынскага полу з дапамогай суфікса (-к-)-а. Слова пілотка ўваходзіць у склад іншага словаўтваральнага тыпу: матрос – матроска ‘шапка без казырка, бесказырка (звычайна ў маракоў)’, каўбой – каўбойка ‘капялюш з шырокімі палямі, загнутымі з бакоў, з раменьчыкам пад падбародкам’.

Словаўтваральная мадэль улічвае «канкрэтныя асаблівасці ўтварэння пэўнага слова ці групы слоў у межах аднаго словаўтваральнага тыпу» [10, с. 103]. Выбар патрэбнай словаўтваральнай мадэлі забяспечвае правільнае гукавое і графічнае афармленне вытворнага слова.

Такім чынам, словаўтваральная норма рэгулюе: 1) утварэнне новых лексічных адзінак; 2) узнаўленне пры маўленні тых, што ўжо існуюць.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове даследчыкамі звычайна вылучаецца 4 спосабы ўтварэння новых слоў (з падраздзяленнямі ўнутры асобных спосабаў): лексіка-семантычны, лексіка-сінтаксічны, марфолага-сінтаксічны, марфалагічны.

Для тэрмінатворчасці найбольш характэрнымі лічацца лексіка-семантычны (інакш яго называюць тэрміналагізацыя), марфолага-сінтаксічны (часам у навуковай літаратуры гэты спосаб называецца транспазіцыя або канверсія) і марфалагічны спосаб (тэрмінаўтварэнне). Тэрмінолагі вылучаюць яшчэ сінтаксічны спосаб утварэння тэрмінаў, а таксама ў асобны спосаб уключаюць калькаванне (запазычванне тэрміна з іншай мовы), напрыклад: віза, гарантыя (франц.), вэксаль (ням.), інвестар, ноў-хаў (англ.), прэсінг (англ.), пенальці (англ.), пінг-понг (англ.), вердыкт, версія, канвенцыя, канверсія (лац.) і інш. Асабліва шмат запазычанняў з лацінскай мовы сярод тэрмінаў дакладных навук і права.

У аснове лексіка-семантычнага спосабу ўтварэння тэрмінаў (ці тэрміналагізацыі) ляжыць метафара – перанос значэння ў выніку прыпадабнення па форме, функцыі, становішчы. Напрыклад, пераасэнсаванне значэння слова кубак – 1) невялікая, звычайна з ручкай, фарфоравая гліняная ці іншая пасудзіна для піцця, 2) ваза з каштоўнага матэрыялу, што ўручаецца пераможцу ў спартыўным спаборніцтве як прыз; слова барометр – 1) прылада для вымярэння атмасфернага ціску, 2) паказчык, які адлюстроўвае стан рынку, паказчык дзелавой актыўнасці [7]. Параўнаем, таксама, уцёкі капіталаў, дрэва мэт, парасон цэн, нажніцы цэн, рай банкаўскі, партфель абмежаванняў, лячыць інфляцыю, уцёкі ад грошай, партфельная інвестыцыя, плавальны валютны курс, партфель актываў, інвестыцыйны клімат, жывы мяч, мёртвы вугал, утопліванне іграка, эластычныя ногі, чараўнік мяча, бетонная абарона, выключыць саперніка з гульні, зборная зорак і інш.

Перанос гатовага тэрміна з адной галіны навукі ў другую з поўным ці частковым яго пераасэнсаваннем і ператварэннем у міжгаліновы амонім атрымаў назву транстэрміналагізацыя [9, с. 27]. Напрыклад: лаўка – прыстасаванне для сядзення на некалькі чалавек у выглядзе нешырокай дошкі на слупках або ножках (лаўка для запасных, лаўка для штрафнікоў) і лаўка – невялікая гандлёвая ўстанова, невялікі магазін; бык – ‘самец буйной рагатай жывёлы, дзікай і свойскай, бугай’ [8] і бык – ‘удзельнік таргоў, які чакае павышэння цаны і іграе на павышэнне цаны на біржы’ [7].

Не ўсе лінгвісты пагаджаюцца з лексіка-семантычным спосабам словаўтварэння: абапіраючыся на той факт, што гэтым спосабам фармальна новыя словы не ўзнікаюць, яны адносяць яго да лексікалогіі, дзе разглядаюцца з’явы мнагазначнасці і аманіміі.

Агульныя рысы з тэрміналагізацыяй (фанетычна новае слова не ўзнікае) мае канверсія – пераход тэрміна з адной часціны мовы ў другую, у прыватнасці, пераход прыметнікаў і дзеепрыметнікаў у назоўнікі (пераход любой часціны мовы ў назоўнікі называецца субстантывацыяй). Напрыклад, дадзеныя, асуджаны, ваеннаабавязаны, зняволены, непаўналетнія, накладная, павераны, падабаронны, падазроны, беспрацоўныя, суправаджальная, двайны, бакавы, дапаможны блакіруючы, дапаможны нападаючы, асноўны блакіруючы і пад. Некаторыя даследчыкі (у прыватнасці, Л.А.Антанюк) субстантывацыю адносяць да марфалагічнага спосабу і ўключаюць у асобны разрад нульсуфіксальных тэрмінаў [1]. Думаецца ўсё ж, што тэрміны тыпу дадзеныя ўтварыліся шляхам канверсіі і адносяцца да марфолага-сінтаксічнага спосабу: гэтыя тэрміны змянілі сваё значэнне, паколькі сталі абазначаць канкрэтныя прадметы, а не іх прыметы, і ў сказе гэтыя адзінкі выступаюць у ролі дзейніка або дапаўнення.

Найбольш прадукцыйным спосабам з’яўляецца тэрмінаўтварэнне (марфалагічны спосаб), якое адрозніваецца ад звычайнага словаўтварэння перавагай пэўных кампанентаў і мадэлей. На думку Л.М.Шакуна, марфалагічны спосаб словаўтварэння больш правільна падзяляць на дзве разнавіднасці: афіксальнае словаўтварэнне, бязафікснае словаўтварэнне (складанне асноў і слоў) [10, с. 95]. Некаторыя даследчыкі складанне асноў і слоў уключаюць у марфалагічны спосаб толькі з пэўнымі агаворкамі, а некаторыя адносяць да сінтаксічнага спосабу словаўтварэння.

Пры афіксацыі тэрмінаў да ўтваральнай асновы (слова) далучаецца дэрывацыйны афікс (або афіксы). У залежнасці ад іх віду адрозніваюць суфіксальнае (вынослівасць), прэфіксальнае (невялікі), прэфіксальна-суфіксальнае (адваротны), прэфіксальна-нульсуфіксальнае (бясконцы) словаўтварэнне і нулявую суфіксацыю (адказ, бег, выпуск, выкуп, вывад, выбар і пад.).

Пры суфіксацыі асабліва прадукцыйныя наступныя суфіксы тэрмінаў-назоўнікаў:

1) –нн-, –енн- (-энн-) са значэннем апрадмечанага дзеяння: абагульненне, абазначэнне, абгрунтаванне, абстрагаванне, папярэджанне, распараджэнне, раскраданне, дарэнне, дазнанне, памілаванне, абарачэнне, аб’яднанне, адхіленне, планаванне, пагашэнне, размеркаванне, пагадненне, страхаванне, пераключэнне, перагульванне, паражэнне, перакідванне, папярэджванне, расціранне і інш.;

2) –асць- з адцягненым значэннем: злачыннасць, акалічнасць, суб’ектнасць, калегіяльнасць, халатнасць, ліквіднасць, адказнасць, карыснасць, схільнасць, вартасць, транзітыўнасць, бесперапыннасць, настойлівасць, няздольнасць, скакучасць, выніковасць і пад.;

3) –ацыj- (-цыj-): індэксацыя, асацыяцыя, дэпартацыя, ідэнтыфікацыя, інвестыцыя, верыфікацыя, дэкларацыя, канфіскацыя, нацыяналізацыя, аперацыя, інкасацыя, каардынацыя, кваліфікацыя і інш. Тэрміны з суфіксамі –ацыj- (-цыj-), якія маюць значэнне выніку дзеяння без працэсуальнай прыкметы, трэба адрозніваць ад тэрмінаў са значэннем адцягненага дзеяння з суфіксам –нн-: кампіляцыя і кампіляванне, індэксацыя і індэксаванне і г.д.;

4) –льнік- (-нік-)са значэннем актыўнай часткі абсталявання: пераўтваральнік (преобразователь), паглынальнік (поглощатель), размеркавальнік (распределитель), паказнік (показатель), кідальнік (метатель), уладальнік (обладатель), аглядальнік спартыўны (обозреватель спортивный), назіральнік (наблюдатель), парушальнік (нарушитель) і інш. Такія тэрміны адпавядаюць рускім лексемам з суфіксам –тель-. У беларускай мове ў сферы функцыянавання часам сустракаюцца адзінкі з суфіксам –цель-, але лінгвісты лічаць такія ўтварэнні (тыпу разбавіцель, праявіцель, арэндадацель) адхіленнем ад уласна беларускай мадэлі ўтварэння [9];

5) –ент- (-энт-), –ант-; –ар- (-яр-), –іст (-ыст) у найменнях асоб: камерсант, камітэнт, канкурэнт, контрагент, кансультант, рэквірэнт, рэмітэнт, трасант, эмітэнт, жырант; арэндатар, аўдытар, дэпазітар, дыстыб’ютар, інвестар, кансігнатар, ліцэнзіяр, спонсар, хэйджар, тэнісіст, футбаліст, хранаметрыст, чвэрцьфіналіст, бадмінтаніст, баскетбаліст, хакеіст і пад.

Для прыметнікаў прадукцыйнымі з’яўляюцца суфіксы –н-, –ов- (-ав-): (акрэдытыў) адзыўны, пераводны, пацверджаны, рэзервовы; (акцэпт) чэкавы; (баланс) плацёжны, актыўны, разліковы; (вэксаль) бланкавы, камерцыйны, пераводны, фінансавы; (даход) валавы, гарантаваны, працэнтны, рэнтавы; (блок) зонны, актыўны, групавы і інш. Трэба адзначыць, што ў сферы фіксацыі таксама назіраецца варыянтнасць адзінак з адзначанымі суфіксамі. Напрыклад, выбарачны і выбаркавы, блочны і блокавы, пасылачны і пасылкавы (гандаль) і інш. У такіх выпадках рэкамендуецца пераважна выкарыстоўваць суфікс –ав-.

Выкарыстанне ў дзеясловах суфікса –ірава- (-ырава-) у тэарэтычнай літаратуры выклікала вострую палеміку. Адны даследчыкі (Г.У.Арашонкава, А.М.Булыка, У.В.Люшцік, А.І.Падлужны) не адмаўляюць выкарыстанне суфікса, яны згаджаюцца з думкай М.С.Васілеўскага, што ўжыванне або неўжыванне суфікса –ір- у беларускай мове «залежыць як ад крыніцы запазычанняў, так і ад шляхоў іх пранікнення ў беларускую мову. Калі крыніцай запазычанняў з’яўляецца нямецкая мова і слова прыйшло ў беларускую мову непасрэдна з яе або не праз польскую мову, то звычайна гэта слова захоўвае –ір-. Калі ж крыніцай запазычання з’яўляецца французская мова і яно адбылося праз польскую мову, то часцей за ўсё суфікс –ір- выпадае» [9, с. 163].

Іншы пункт погляду знаходзім у І.І.Бубновіч, Т.А.Сухой, П.А.Міхайлава, якія цалкам адмаўляюць выкарыстанне названага суфікса [3].

Думаецца, што мэтазгодна прытрымлівацца трэцяга пункту погляду даследчыкаў, якія лічаць, што суфікс –ір- (-ыр-) мэтазгодна выкарыстоўваць, калі:

1) без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам –ава- (-ява-): суміраваць – сумаваць (адчуваць сум, смутак), газіраваць – газаваць (уключаць матор аўтамашыны);

2) дзеяслоў без суфікса –ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: фарміраваць – асацыіруецца са значэннем адзінкі, фармаваць – з наданнем пэўнай формы;

3) дзеяслоў мае вузка тэрміналагічнае значэнне: юсціраваць (дакладна падагнаць, адрэгуляваць, выверыць механізм, прыбор і пад. – юсціраваць мікраскоп).

Пры прэфіксацыі найбольш прадукцыйнымі з’яўляюцца прыстаўкі не- (ня-) – няпэўнасць, нярэшта, няздольнасць, непрацаздольнасць, неданясенне, неасцярожнасць, невыкананне, неплацёжаздольнасць, няроўнасць, (інвестыцыі) незапланаваныя, (інфляцыя) непрадбачаная, невыкананне, (сетка) ненацягнутая, (гол) нечаканы, (падача) няправільная і інш.; пера- – перабудова, пераразмеркаванне, перастрахаванне, перавышэнне (улады, сужбовых паўнамоцтваў), пераадрасаваць (мяч), перабіць (штрафны ўдар), перахапіць (перадачу) і г.д.; пад- – падгрупа, падкатэгорыя, падбухторванне, падведамнасць, падследнасць, падсуднасць, паднаём; без- (бяз-) – беззмястоўны, безвынікова (аб рахунку) і інш.

Ужыванне прыставак супраць- і проці- застаецца нявырашаным пытаннем. У сферы функцыянавання сустракаюцца супрацьдзеянне і процідзеянне, супрацьфаза і проціфаза, супрацьлегласць і процілегласць. Калі прымаць пад увагу той факт, што тэрміналогія імкнецца да лаканічнасці, кароткасці, то тэрміны з прыстаўкай проці- больш зручныя для вымаўлення, карацейшыя, і таму гэтай прыстаўцы варта аддаваць перавагу.

Значнае пашырэнне ў працэсе прэфіксальнага тэрмінаўтварэння знаходзяць іншамоўныя прэфіксы а-, анты-, архі-, гіпа-, гіпер-, ды- і інш. (з грэч.); бі-, дыс- (дыз-), дэ-, ін-, інтэр-, контр-, рэ-, суб-, супер-, ультра-, экстра- і інш. (з лац.): асіметрыя, асінхронны, алагізм, антырух, дэзінфляцыя, дэцэнтралізацыя, дэнамінацыя, дэканцэнтрацыя, дэмаркетынг, дэманапалізацыя, дэнацыяналізацыя, дэвальвацыя, контрагент, гіперінфляцыя, гіпермаркет, супермаркет, рэвальвацыя, рэімпарт, рэінвестыцыя, рэмаркетынг, рэпрыватызацыя, рэтрата, рэфінансаванне, контратака, суперкубак і інш.

Да бязафіксных утварэнняў адносяцца тэрміны, якія ўтвараюцца шляхам складання без выкарыстання афіксаў. Складанне (ці кампазіцыя) аб’ядноўвае ў адну лексічную адзінку дзве або больш асноў паўназначных слоў (асноваскладанне) ці асобныя словы цалкам (словаскладанне).

Пры асноваскладанні першым звязаным кампанентам часта выступаюць усечаныя асновы грэчаскіх назоўнікаў і прыметнікаў і лацінскія тэрмінаэлементы. Напрыклад, мікрамаркетынг, мікраэканоміка, квазіперыяд, мультыграф, мікрацыкл, цэнтрфорвард, секундаметрыст і інш.

Утварэнне адзінак шляхам асноваскладання можа суправаджацца суфіксацыяй апорнай асновы: вэксалетрымальнік, залогадавальнік, залогатрымальнік, фондатрымальнік, акцыятрымальнік, працаздольнасць, плацежаздольнасць, крэдытаздольнасць, лесакарыстанне, працаўладкаванне, самавалоданне, аднаклубнік і інш. Такі спосаб называюць складана-суфіксальным.

Тэрміны, утвораныя шляхам словаскладання, падзяляюцца на раздзельнааформленыя (у іх скланяюцца абодва кампаненты) і цэласнааформленыя (у такіх тэрмінах скланяецца толькі апошні кампанент).

Прыкладам раздзельнааформленых складаных тэрмінаў могуць служыць такія адзінкі, як банк-эмітэнт, банк-гарант, банк-акцэптант, купля-продаж, краіны-донары, краіна-дэбітор, фірма-партызан, каманда-пераможца, спартсмен-аматар, суддзя-пратакаліст, матч-турнір і інш. Цэласнааформленымі з’яўляюцца тэрміны тыпу франка-вагон, франка-ўмова, форс-мажор, пут-апцыён, бізнес-статыстыка, міні-валейбол, прэс-цэнтр, тайм-аўт, віцэ-чэмпіён, экс-чэмпіён і пад.

Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна трэба лічыць абрэвіяцыю. Тэрмін абрэвіяцыя абазначае працэс утварэння назоўнікаў шляхам спалучэння некалькіх слоў, якія ўваходзяць у новае слова часткамі, у скарочаным выглядзе. Такія словы называюцца абрэвіятурамі або скарочанымі словамі. Абрэвіяцыя можа разглядацца як разнавіднасць словаскладання.

Гэты прыём з’яўляецца даволі простым, эканомным і эфектыўным спосабам структурнай рацыяналізацыі спецыяльнага наймення. Пры гэтым абрэвіятурнае скарачэнне, як зазначае В.П.Даніленка, «не мяняе, як правіла, ні зместавай структуры тэрмінуемага паняцця, ні граматычнай структуры разгорнутага варыянта тэрміна. Скарачаецца толькі прастора, якую займае разгорнуты шматслоўны тэрмін у тэксце, і час, неабходны для яго агучвання ў маўленні» [4].

Найбольш прадуктыўнымі з’яўляюцца ініцыяльныя абрэвіятуры, сярод якіх пашыраны двух-, трох- і чатырохлітарныя скарачэнні, утвораныя з рознага роду словазлучэнняў: двухкампанентных – ВТ (вылічальная тэхніка), трохкампанентных – ЛПК (лікавае праграмнае кіраванне), КПУ – каэфіцыет працоўнага ўдзелу, КПК – крымінальна-працэсуальны кодэкс, ЕВС – Еўрапейская валютная сістэма, МАК – Міжнародны алімпійскі камітэт, чатырохкампанентных – СКБД (сістэма кіравання базамі даных), ЕВФП – Еўрапейскае валютна-фінансавае пагадненне, КЗаП – кодэкс законаў аб працы.

У радзе выпадкаў назіраецца колькаснае несупадзенне літарных і слоўных кампанентаў у варыянтных парах: ОРЕС – арганізацыя краін-экспарцёраў нафты (OrganisationofPetroleumexportingcountries), СДР – спецыяльныя правы запазычання (SpecialDrawingRigts), ІГФ – Міжнародная федэрацыя ручнога мяча, ФІБН – Міжнародная федэрацыя баскетбола і інш. Такое несупадзенне назіраецца ў тых выпадках, калі ў складзе тэрміналагічных словазлучэнняў прысутнічаюць складанааформленыя дапаможныя кампаненты; несупадзенне назіраецца таксама ў беларускамоўным перакладзе з рускай ці англійскай мовы.

Пры сінтаксічным спосабе ўтварэнне новых тэрмінаадзінак адбываецца шляхам спалучэння слоў у шматкампанентныя тэрміналагічныя словазлучэнні. Выкарыстанне шматслоўных тэрміналагічных адзінак дыктуецца неабходнасцю мець строгія адназначныя абазначэнні. Як заўважана многімі тэрмінолагамі, шматкампанентныя тэрміны займаюць значнае месца ў любой рэальнай тэрміналогіі. Яны служаць для абазначэння новых паняццяў, якія абапіраюцца на ўжо існуючыя. Зыходны тэрмін уваходзіць у новы як састаўная частка. Таму працэс утварэння новай тэрміналагічнай адзінкі можна разглядаць як дэрывацыйны, аналагічны словаўтваральнаму. Тэрмін-словазлучэнне (або тэрміналагічнае словазлучэнне) абазначае адзінае складанае, падзельнае прафесійнае паняцце, больш вузкае, канкрэтнае, чым адпаведнае родавае паняцце, што абазначаецца тэрмінам-словам: права – сістэма ўстаноўленых ці санкцыянаваных і забяспечаных дзяржавай агульнаабавязковых норм (правіл паводзін), якія выражаюць дзяржаўную, абумоўленую эканамічным ладам грамадства волю пануючых у грамадстве класаў; факультэт права – навука аб гэтых правілах, аб правах; права на працу – паўнамоцтва, якое належыць пэўнай асобе; актыўнае выбарчае права – права грамадзян удзельнічаць у выбарах у прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады; дзяржаўнае права – сукупнасць юрыдычных норм, якія замацоўваюць асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу краіны; прыгоннае права – права памешчыка распараджацца прыгоннымі сялянамі, якія належалі яму, іх жыццём і маёмасцю; рымскае права – сукупнасць прававых норм, выпрацаваных у Старажытным Рыме, якія выражалі волю пануючага класа рабаўладальнікаў і былі засвоены многімі еўрапейскімі дзяржавамі; рэчавае права – частка грамадзянскага права, якая вызначае нормы валодання рэчамі [8] і г.д.

Перавага ва ўтварэнні тэрмінаў-словазлучэнняў сінтаксічным спосабам аддаецца двух- і трохкампанентным спалучэнням слоў з назоўнікам у якасці апорнага кампанента, напрыклад: рынак – рынак «бычыны», рынак валютны, рынак валютны з падвойным рэжымам, рынак унутраны, рынак грашовы, рынак еўравалют, рынак золата, рынак капіталаў, рынак капіталаў пазыковых, рынак машын і абсталявання, рынак сусветны, рынак нацыянальны, рынак нармальны, рынак агульны, рынак перавернуты, рынак пакупніка, рынак пробны, рынак прадаўца, рынак вытворцы, рынак працоўнай сілы, рынак рэальнага тавару, рынак рэгіянальны, рынак цалкам канкурэнтны, рынак сродкаў вытворчасці, рынак фінансавы, рынак фрахтавы, рынак ф’ючарсны, рынак каштоўных папер, рынак «чорны»; перадача – перадача ў скачку, перадача высокая, перадача галавою, перадача дзвюма рукамі, перадача адной рукою, перадача з-за галавы, перадача з-за спіны, перадача нізам, перадача кісцю, перадача крукам, перадача пяткай, перадача на выхад, перадача на ўдар, перадача з адскокам, перадача дыяганальная, перадача папярочная, перадача падоўжаная, перадача ў адзін дотык, перадача ў разрэз і інш.

Такім чынам, навуковыя тэрміны ў большасці сваёй утвараюцца на аснове існуючых слоў і каранёў агульналітаратурнай лексікі. Утварэнне тэрмінаадзінак адбываецца па тых жа спосабах і мадэлях, што і дэрывацыя агульнаўжывальных слоў, але адрозніваецца рознай ступенню прадукцыйнасці. Найбольш прадукцыйным спосабам утварэння тэрмінаў з’яўляецца марфалагічны. Значнае пашырэнне ў прэфіксальным утварэнні тэрмінаў дакладных навук, эканомікі і права знаходзяць іншамоўныя прыстаўкі. Асобы пласт складае запазычаная лексіка. Аналіз фактычнага матэрыялу, змешчанага ў тэрміналагічных слоўніках сведчыць аб вялікай прадукцыйнасці сінтаксічнага спосабу ўтварэння тэрмінаў-словазлучэнняў. Перавага ва ўтварэнні тэрмінаў-словазлучэнняў аддаецца двухкампанентным комплексным найменням з назоўнікам у якасці апорнага кампанента, якія найбольш поўна адпавядаюць патрабаванням аптымальнай даўжыні тэрміна і сэнсавай кампактнасці выказвання.

 

Праверачны тэст

 

Тэрмін крэдытаздольнасць утвораны

1) суфіксальным спосабам;

2) прыставачным спосабам;

3) шляхам асноваскладання;

4) шляхам словаскладання;

5) складана-суфіксальным спосабам.

 

2. Устанавіце адпаведнасць

А. Тэрміналагізацыя.

1. Утварэнне тэрмінаў з дапамогай афіксаў і шляхам складання асноў і слоў.

Б. Канверсія.

2. Пераход тэрміна з адной часціны мовы ў другую.

В. Тэрмінаўтварэнне.

3. Утварэнне тэрмінаў з дапамогай афіксаў (прыставак, суфіксаў, постфіксаў і інш.).

 

4. Перанос значэння ў выніку прыпадабнення па форме, функцыі, становішчы.

 

3. У тэрмінатворчасці асабліва пашыраны

1) абрэвіяцыя;

2) калькаванне;

3) транстэрміналагізацыя;

4) кампазіцыя;

5) сінтаксічны спосаб.