Лекцыя 4. ЛЕКСІКАЛОГІЯ І ЛЕКСІКАГРАФІЯ
^ Вверх

 Лекцыя 4. ЛЕКСІКАЛОГІЯ І ЛЕКСІКАГРАФІЯ

 

Мэта лекцыі – паказаць лексіку сучаснай беларускай мовы ў розных яе аспектах і сферах выкарыстання.

 

Задачы лекцыі:

- раскрыць паняцці «лексікалогія», «лексіка», «лексікаграфія»;

- паказаць спосабы ўтварэння мнагазначных слоў;

- прасачыць за сістэмна-семантычнымі працэсамі ў лексіцы;

- ахарактарызаваць лексічны склад беларускай мовы адносна паходжання, сферы выкарыстання, актыўнасці і пасіўнасці;

- вызначыць тыпы слоўнікаў з пункту гледжання іх прызначэння.

 

Пытанні

  1. Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы.
  2. Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы.
  3. Асаблівасці лексіка-семантычных працэсаў у тэрміналогіі.
  4. Паходжанне лексікі беларускай мовы.
  5. Лексіка паводле сферы выкарыстання.
  6. Лексіка актыўнага і пасіўнага запасу.
  7. Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў.

 

Праблемныя пытанні

1. Чаму кожнаму прадмету, з’яве, прыкмеце, паняццю і г. д., якія існуюць у нашым жыцці, нельга даць асобную назву?

2. Чаму дыялекты, жаргоны, прафесіяналізмы не ўваходзяць у лексіку літаратурнай мовы?

3. Якая розніца паміж лінгвістычнымі і энцыклапедычнымі слоўнікамі?

 

Рэкамендаваная літаратура

  1. Адамовіч, Я. М. Беларуская мова. – Мінск, 1987.
  2. Баханькоў, А. Я. Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. – Мінск, 1994.
  3. Гіруцкая, Л. А. Беларуская мова (прафесійная лексіка). – Мінск, 2005.
  4. Даниленко, В.П. Русская терминология: Опыт лингвистического описания. – М., 1977.
  5. Квитко, И.С. Термин в научном документе. – Львов, 1976.
  6. Котелова, Н.З. К вопросу о специфике термина // Лингвистические проблемы научно-технической терминологии. – М., 1970.
  7. Лепешаў, І. Я. Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора. Ч.2. – Гродна, 2000.
  8. Лепешаў, І. Я., Малажай, Г. М., Панюціч, К. М. Практыкум па беларускай мове. – Мінск, 2001.
  9. Лепешаў, І. Я., Якалцэвіч, М. А. Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі. – Гродна, 2001.
  10. Ляшчынская, В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка. – Мінск, 2003.
  11. Матэматычная энцыклапедыя / Пад рэд. В.Берніка. – Мінск, 2001.
  12. Метадычныя рэкамендацыі па курсе «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» // Склад. А.М.Лапкоўская. – Гродна, 2001.
  13. Мінакова, Л.М. Монасемія, полісемія і аманімія ў навукова-тэхнічнай тэрміналогіі // Весці НАН Беларусі. – № 1, 2003. Сер. гуманіт. навук.
  14. Новиков, Л.Н. Семантика русского языка. – М., 1982.
  15. Прохорова, В.Н. Терминология // Русский язык. Энциклопедия. Гл. ред. Ф.П.Филин. – М., 1979.
  16. Словарь-справочник по современной экономике: на пяти языках / М.В. Мишкевич, Л.И.Василевская, В.Н.Ермаков, М.И.Плотницкий; Под общ. ред. М.И.Плотницкого, М.В.Мишкевича. – Минск, 1996.
  17. Суперанская, А.В., Подольская, Н.В., Васильева, Н.В. Общая терминология. Вопросы теории. – М., 1989.
  18. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. – Мінск, 1977–1984.
  19. Толикина, Е.Н. Термин в терминосистеме // Актуальные проблемы лексикологии. Тезисы докл. III лингв. конф. (3–7 мая 1971 г.). – Новосибирск, 1971.
  20. Шанский, Н.М. Лексикология современного русского языка. – М., 1977.
  21. Шмелёв, Д.Н. Современный русский язык. Лексика. – М., 1977.
  22. Энциклопедический словарь юного спортсмена. – М.: Педагогика, 1980. – 480 с.
  23. Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік / Беларус. Энцыкл. Рэдкал.: С.В.Кузьмін і інш. – Мінск, 1992.

 

1.Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словы

Усе словы беларускай мовы ўтвараюць яе лексічны склад – лексіку (ад грэч. lexis – слова). Тэрмінам «лексіка» называюць таксама сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці пісьменніка (лексіка Я. Коласа, У. Караткевіча і інш.), у пэўнай мясцовай гаворцы (дыялектная лексіка), у якой-небудзь сферы дзейнасці (прафесійная лекіка) і г. д. Менавіта ў лексіцы адлюстраваны змены, якія адбываюцца ў палітычным і культурным жыцці грамадства, здабыткі ў галіне навукі, тэхнікі і вытворчасці. Вывучэнне лексікі роднай мовы ўзбагачае слоўнікавы запас чалавека, павышае культуру яго вуснай і пісьмовай мовы, пашырае веды пра навакольную рэчаіснасць.

Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексічны склад мовы, называецца лексікалогіяй (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і logos – вучэнне, навука). У задачу лексікалогіі ўваходзіць таксама вывучэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятленне сувязі значэння слова з паняццем, выдзяленне розных тыпаў значэння слова. Лексікалогія даследуе шляхі развіцця і папаўнення слоўнікавага складу, вызначае сферы ўжывання слоў.

Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая асноўная адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і служыць сродкам моўных зносін. Слова мае шэраг асаблівасцей: аднаўляльнасць, устойлівасць, ізаляванасць. Ужываючы ў сваім маўленні словы, мы не ўтвараем іх кожны раз, а выкарыстоўваем як гатовыя, вядомыя нам адзінкі мовы, г. зн. аднаўляем. Устойлівасць слова выражаецца ўстойлівасцю яго гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Паколькі слова з’яўляецца назвай пэўнага аб’екта рэчаіснасці і носьбітам цэласнага значэння, яно можа быць вычленена з кантэксту. У гэтым праяўляецца яго ізаляванасць.

Слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў. Граматычнае значэнне ўласціва цэламу класу слоў. Яно выражаецца канчаткам або канчаткам і прыназоўнікам адначасова, націскам, праяўляецца ў граматычных катэгорыях роду, ліку, склону, трывання, часу, ладу і інш. Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны, рэальны змест слова. Большую частку лексікі беларускай мовы складаюць паўназначныя словы (самастойныя часціны мовы), якія выконваюць намінатыўную функцыю, г. зн. называюць пэўныя з’явы аб’ектыўнай рэчаіснасці: прадметы, дзеянні, прыметы. Службовыя словы і выклічнікі не выконваюць намінатыўнай функцыі і маюць толькі граматычнае значэнне.

У залежнасці ад таго, можна ці не вызначыць характэрную рысу, спецыфічную прымету, якая была пакладзена ў аснову назвы, выдзяляюць матываваныя і нематываваныя назвы. Для нематываваных назваў нельга вызначыць, на аснове якіх рыс, прымет яны ўзніклі, нельга растлумачыць іх з дапамогай іншых слоў. Нематываванымі звычайна бываюць словы з невытворнай асновай: стэп, луг, нос, год і пад. Аднак трэба памятаць, што калі перад вамі слова мнагазначнае, то ў ім матывацыя мае зусім іншы характар і не залежыць ад марфемнага складу слова. Так, у слове ‘дуб’ першае значэнне (‘буйное лісцевае дрэва з моцнай драўнінай’) нематываванае, а іншыя значэнні (‘драўніна гэтага дрэва’, ‘высокі моцны чалавек’) павінны кваліфікавацца як матываваныя (матывуюцца першым, зыходным значэннем). Словы з вытворнай асновай – матываваныя. Можна лёгка вызначыць, на аснове якой прыметы яны ўзніклі, і матывуюцца, тлумачацца яны з дапамогай іншых слоў: буслянка – ад слова бусел, падбярозавік – ад бяроза, дзялянка – ад дзяліць і інш.

Выкарыстанне назвы з тым значэннем, якое за ёю замацавалася ў працэсе развіцця мовы, – галоўнае правіла словаўжывання. Ніколі нельга карыстацца словам, калі сэнс яго дакладна невядомы. Трэба высветліць значэнне слова ў тлумачальным слоўніку і толькі тады ўжываць яго вусна або на пісьме.

Адрозніваюць два асноўныя тыпы лексічных значэнняў слова: прамое і пераноснае. Прамое значэнне – гэта першаснае, зыходнае значэнне слова, якое непасрэдна паказвае на прадмет, дзеянне, якасць і замацавалася за ім як асноўнае. Так, у сказе На гэтых прасторах рос густы і незвычайна высокі чарот (Колас) усе словы ўжываюцца ў прамым значэнні. Пераносным называецца такое значэнне, якое развіваецца ў выніку пераносу назвы з аднаго прадмета, дзеяння, з’явы, працэсу на іншыя, чым-небудзь падобныя. Такое значэнне слова набывае пры свядомым вобразным яго ўжыванні, напрыклад: усміхацца – 1) выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь паспявае адказваць (Васілевіч);2) перан. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак...(Панчанка).У мове твораў мастацкай літаратуры ўжыванне слоў з пераносным значэннем – яркі сродак стварэння вобразнасці і маляўнічасці апавядання.

Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі ці монасемантычнымі (ад грэч. monos – адзін і semantikos – той, што абазначае), напрыклад: івалга, дудар, грубка, гуслі, учора і інш. Адназначныя словы заўсёды маюць толькі прамыя значэнні. Здольнасць слова ўжывацца з некалькімі значэннямі называецца мнагазначнасцю, або полісеміяй (ад грэч. рolysemos – мнагазначны). Першапачаткова ўсе словы ўжываюцца як адназначныя. Мнагазначнасць развіваецца пазней, паколькі моўных сродкаў недастаткова для таго, каб кожная з’ява рэчаіснасці атрымала асобнае слова-назву (у мове дзейнічае закон эканоміі). І тады па аналогіі, асацыяцыі, падабенству адбываецца перанос назвы аднаго прадмета, з’явы, прыкметы і г. д. на другі. Некаторыя даўнія па часе ўзнікнення словы маюць вельмі многа значэнняў (напр., слова ‘біць’ – 18 значэнняў, слова ‘ісці’ – 28 і інш.). Аднак не варта думаць, што мнагазначных слоў больш, чым адназначных. Як слушна заўважае прафесар І. Я. Лепешаў, «у любой мове мнагазначных слоў не больш, а куды менш, чым адназначных. Так, у 1-м томе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» з 16354 слоў на долю мнагазначных прыпадае толькі 3908 слоў, у 2-м томе з 19269 слоў толькі 4222 мнагазначныя словы. Прыкладна такія колькасныя паказчыкі мнагазначнасці і адназначнасці выяўляюцца і ў іншых мовах (напрыклад, рускай і французскай): толькі чацвёртая частка слоў – мнагазначныя.

Вылучаюцца наступныя спосабы пераносу значэнняў: на аснове метафары, метаніміі і сінекдахі.

Метафарычныя (ад грэч. metaphora – перанясенне) значэнні ўзнікаюць у слове ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета ці з’явы на другі прадмет ці з’яву на аснове падабенства формы (напр., слова ‘конь’: жывёла; шахматная фігура; гімнастычны снарад), колеру (белыя палотны і белыя ночы), функцыі (слова ‘дворнік’: 1) работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома і 2) прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу). Часам слова набывае мнагазначнасць паводле дзвюх якіх-небудзь прымет. Так, слова ‘крыло’: крыло птушкі і крыло самалёта (падабенства і па форме, і па функцыі); слова ‘іголка’: 1) прыстасаванне для шыцця, 2) тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння (патэфонная іголка, іголка ў медыцынскім шпрыцы для ін’екцый, іголка насоса і інш.), 3) ліст хвойных дрэў і кустоў, 4) тонкі востры крышталь чаго-небудзь (іголкі інею), 5) тонкая калючка на целе некаторых жывёл (падобныя па форме і сваёй уласцівасцю калоцца) і г. д. Усе прыведзеныя вышэй прыклады – прыклады агульнамоўных метафар. Існуюць і т. зв. сцёртыя (або мёртвыя, акамянелыя) метафары са страчанай вобразнасцю: ідзе дождж, сонца садзіцца, прыйшла вясна, корань слова і мн. інш. Пры частым ужыванні пераноснае значэнне становіцца прывычным, семантычная двухпланавасць яго сціскаецца. Самымі ж вобразнымі сярод метафар з’яўляюцца паэтычныя (параўн.: гарыць вогнішча і гараць гронкі рабіны і інш.). Як бачым, метафара – гэта словазлучэнне, якое мае семантыку прыхаванага параўнання.

Метанімічныя (ад грэч. metonymia – перайменаванне) значэнні ўзнікаюць у словах на аснове пераносу назваў адных прадметаў ці з’яў на другія, калі асацыяцыі, аналогіі ўзнікаюць па сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці. Сумежнасць можа быць такой: 1) матэрыял і вырабы з яго (ваза са шкла – шкло зараз не ў модзе); 2) ёмістасць і рэчыва, якое ўтрымліваецца ў гэтай ёмістасці (купіць міску – з’есці міску баршчу, тут ‘пасудзіна’ і ‘колькасць стравы’); 3) працэс і вынік гэтага працэсу (праводзіць дыктант – раздаць дыктанты); 4) памяшканне, установа, прадпрыемства і людзі, якія ў ім знаходзяцца, працуюць (напр., светлая аўдыторыя – аўдыторыя слухала ўважліва, новы завод – заводы бастуюць); 5) выкарыстанне прозвішчаў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў і г. д. для абазначэння іх твораў (творы Багдановіча – перачытваю Багдановіча); 6) прадмет, уласцівасць і той, хто валодае гэтай уласцівасцю (ён меў прыгожы тэнар – выступае тэнар). Звычайна метанімія менш заўважаецца, чым метафара, бо такія вытворныя значэнні перайшлі ў сталыя назвы прадметаў.

Сінекдаха (ад грэч. synecdoche – суаднесенасць) – замена назвы цэлага назвай асобнай яго часткі або наадварот. Нярэдка сінекдаха разглядаецца як від метаніміі. Выдзяляюцца дзве разнавіднасці сінекдахі: 1) называнне замест цэлага часткі, якая ў пэўнай сітуацыі мае сэнс цэлага: У сям’і з’явіўся лішні рот. Ён у іх за галаву; 2) ужыванне аднаго ліку замест другога: У маі 1945 года немец быў канчаткова разгромлены. Ем вішню і пад.

У выяўленні і канкрэтызацыі значэнняў мнагазначнага слова галоўную ролю адыгрывае кантэкст. Звычайна пад кантэкстам падразумяваецца славеснае, моўнае акружэнне. Разам з тым у паняцце «кантэкст» уключаюцца і пазамоўныя фактары, у прыватнасці, сітуацыя, у якой адбываецца маўленне.

 

2. Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы

Амонімы. З’яву аманіміі можна праілюстраваць адной з загадак Кандрата Крапівы: Я касой траву кашу ў зялёным лузе, а другую я нашу пастаянна ў пузе. Трэцюю, я вам скажу, носіць мая дочка, на чацвёртай я ляжу – грэюся ў пясочку. Тут лёгка адгадваецца аманімічная група з чатырох ‘кос’ са значэннямі: ‘прылада для кашэння’, ‘селязёнка’, ‘доўгія заплеценыя валасы’, ‘доўгая вузкая мель, якая ідзе ад берага’. Амонімы (ад грэч. homos – аднолькавы, onyma – імя) – словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць зусім розныя, не звязаныя паміж сабой значэнні. Напр.: тур (‘першабытны дзікі бык’ і ‘перыяд, этап гульні, спаборніцтва’), гасцінец (‘шырокая, бойкая дарога, шлях’ і ‘рэч, ласунак, які госць падносіць як падарунак’), лама (‘будыйскі манах-свяшчэннік у Тыбеце’ і ‘ўючная паўднёваамерыканская жывёліна сямейства вярблюдаў’), бот (‘абутак з высокімі халявамі’ і ‘невялікае вёсельнае, паруснае або маторнае судна’) і мн. інш. Амонімы складаюць значны пласт лексікі (іх каля 4000).

Шляхі ўзнікнення амонімаў:

1. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку гукавога супадзення этымалагічна розных беларускіх (уласнабеларускіх або агульнаславянскіх) слоў. Напр.: абора ‘вяровачка для лапцей’ і абора ‘вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік’; ласка ‘выражэнне пяшчоты’ і ласка ‘невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых’; слаць ‘адпраўляць, пасылаць’ і слаць ‘рассцілаць, засцілаць’ і інш.

2. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення спрадвечна беларускіх і запазычаных слоў. Напр.: бел. байка ‘кароткі літаратурны твор’ і галанд. байка ‘мяккая баваўняная тканіна’; бел. бор ‘стары сасновы лес’, лац. бор ‘хімічны элемент’, нямец. бор ‘свярло для лячэння зубоў’; бел. лава ‘прадмет сялянскай мэблі’, іт. лава ‘вулканічная маса’, польс. лава ‘баявы парадак конніцы’ і інш.

3. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення запазычаных слоў з розных моў. Напр.: грэч. грыф ‘драпежная птушка’, нямец. грыф ‘дэталь струннага музычнага інструмента’, франц. грыф ‘штэмпельны адбітак чыйго-небудзь подпісу’ і пад.

4. Амонімы, запазычаныя з якой-небудзь адной мовы. Напр.: фр. міна ‘выбуховы снарад’ і ‘выраз твару’; англ. танк ‘баявая бронемашына на гусенічным хаду’ і ‘спецыяльны бак для захоўвання і транспарціроўкі вадкасцей’ і інш.

Ад лексічных амонімаў (прыклады прыведзены вышэй) трэба адрозніваць наступныя групы слоў, сумежныя з амонімамі: 1) амафоны – словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму (напр.: род і рот, код і кот, грыб і грып, казка і каска і пад.). Да амафонаў павінны быць аднесены і такія апазіцыі слоў, як вера ‘ўпэўненасць у чым-небудзь’ і Вера ‘ўласнае імя’, раман ‘жанр літаратурнага твора’ і Раман ‘уласнае імя’ і г. д.; 2) амаформы – словы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх граматычных формах. Такое супадзенне можа адбывацца ў межах як адной, так і розных часцін мовы: соты (васкавыя ячэйкі) і соты (парадкавы лічэбнік); румяны (касметычная фарба) і румяны (ярка-чырвоны, ружовы); люты (злы, крыважэрны) і люты (другі месяц каляндарнага года) і інш.; амографы – словы, якія аднолькава пішуцца, але ў вымаўленні адрозніваюцца пастаноўкай націску (напр.: а́тлас – атла́с, вя́ла – вяла́, ка́паць – капа́ць, ка́ра – кара́, па́ра – пара́ і інш.). Яркія прыклады амографаў знаходзім у «Каламбурах» Ніла Гілевіча: Барсукі ў глыб нары́, баючыся ка́ры, Нацягалі шмат кары́ і зрабілі на́ры. Там жа: Што ні хвіля, ні гадз́іна – лезе з скуры га́дзіна. Увесь век яму гадзі́ла, А ён кажа: га́дзіла!

Амонімы трэба адрозніваць ад мнагазначных слоў. Калі мнагазначнае слова, нягледзячы на рознасць сваіх значэнняў, захоўвае іх адзінства, то амонімы такой сэнсавай сувязі не маюць, значэнні іх зусім розныя. У тлумачальных слоўніках кожны амонім падаецца асобным слоўнікавым артыкулам і пазначаецца надрадковай арабскай лічбай: бабка¹, бабка², бабка³... і г. д., а ўсе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным артыкуле.

Сінонімы (ад грэч. synonymos – аднайменны) – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне (напр.: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г. д.). Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне. Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне.

У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя.

1. Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: маланка – бліскавіца, іслам – мусульманства, ацэнка – адзнака, арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш.

2. Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя семы ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Семантычнымі сінонімамі будуць такія словы, як акцёр – артыст, ісці – крочыць, касынка – хусцінка, малады – юны, чырвоны – кумачовы – пунсовы і інш. Адрозненне ў семантыцы сінонімаў гэтай групы праяўляецца ў несупадзенні спалучальнасці кожнага члена сінанімічнага рада з другімі словамі. Параўн.: ісці/крочыць па вуліцы, але: асцярожна ісці па балоце (не крочыць).

3. Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае); ілгаць – брахаць – плесці; украсці – сцягнуць – сперці – сцібрыць, гультай – абібок – лянівец – лайдак – лежабока – труцень – гультаіна – завала і інш.

Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. euphemia – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напр., замест спазняецца гавораць затрымліваецца, пад мухай замест п’яны, папрасілі замест выгналі, поўны замест тоўсты і інш. Сваімі каранямі эўфемізмы адыходзяць у далёкае мінулае. Іх узнікненне цесна звязана з лексічным табу – забаронай у першабытных народаў ужываць словы, што служылі назвамі багоў і духаў, смерці, хвароб, некаторых жывёл, сонца, агню і пад.

Антонімы (ад грэч. anti – супраць і onyma – імя) – словы адной часціны мовы, якія маюць палярна супрацьлеглыя значэнні: верх – ніз, белы – чорны, вясёлы – сумны, звонка – глуха, увайсці – выйсці, усход – захад, экспарт – імпарт, вясна – восень і інш. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў.

Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякасны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.) і г. д.

Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш.

Акрамя агульнамоўных антонімаў, важную ролю для выражэння кантрастаў адыгрываюць кантэкставыя антонімы (антонімы маўлення) – словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у індывідуальных аўтарскіх кантэкстах. Напр.: Прайсці нялёгка год за годам, Бо шлях – то шоўк, а то асцё... Хто ж меру ведае заўсёды, Шчаслівы той на ўсё жыццё (П. Броўка); Вось так хлопец, вось так ён, Слухай яго, голь! На славах магутны слон, А на дзеле – моль (Я. Купала); Я да цябе звяртаю слова: Ты паглядзі на тых між нас, Каму дзяржавы нашай мова – Кусок руды, а не алмаз (Н. Гілевіч) і інш. Семантычныя асаблівасці антонімаў шырока выкарыстоўваюцца для стылістычных мэт у мастацкіх творах, публіцыстычнай літаратуры, розных жанрах вуснай народнай творчасці і г. д.

Паронімы (ад грэч. para – побач, блізка і onyma – імя) – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ‘станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ‘рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’; карыслівы ‘прагны да нажывы, карысталюбівы’ і карысны ‘які прыносіць карысць’; адрасат ‘той, каму адрасавана паштовае адпраўленне’ і адрасант ‘той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік’; абагуліць ‘зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім’ і абагульніць ‘знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад’; дыпламат ‘службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі’ і дыпламант ‘удзельнік конкурсу, агляду і пад., узнагароджаны дыпломам’ і інш.

Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.).

У адрозненне ад амонімаў, лексічнае значэнне паронімаў не столькі вынікае з моўнага кантэксту, колькі, наадварот, служыць удакладненнем сэнсу выказвання. Ад сінонімаў у сэнсавых адносінах паронімы адрозніваюцца тым, што ў іх значэннях заўсёды ёсць прыметы, якія робяць паронімы семантычна самастойнымі, рознымі, узаеманезамяняльнымі словамі. Сінонімы як тоесныя ці вельмі блізкія па значэнні словы звычайна могуць замяняцца адзін другім. Паронімы ў адным кантэксце ўжываюцца вельмі рэдка. Для сінонімаў, наадварот, характэрна сумежнае размяшчэнне ў тэксце, калі аўтарам ставіцца задача дасягнуць большай паўнаты і выразнасці апісання.

З’явы полісеміі, аманіміі, сінаніміі, антаніміі, параніміі назіраюцца не толькі ў агульнамоўнай лексіцы, але і ў тэрміналогіі.

 

3. Асаблівасці лексіка-семантычных працэсаў у тэрміналогіі

Пытанне аб месцы тэрміналагічнай лексікі ў структуры сучаснай літаратурнай мовы ў лінгвістычнай літаратуры не атрымала адназначнага вырашэння. Адны моваведы (у прыватнасці А.М.Талікіна) разглядаюць тэрміналогію як сістэму штучна створаных знакаў і прытрымліваюцца пункту погляду, што тэрміны ствараюцца і функцыянуюць у штучна створаных умовах, таму не могуць разглядацца побач са звычайнымі словамі [19]. Іншыя даследчыкі (В.М.Прохарава, А.В.Супяранская, Н.В.Падольская, Н.В.Васільева) прапануюць разглядаць тэрміналогію ў якасці аўтаномнага раздзела лексікі, адхіляючы канцэпцыю тэрміналогіі як сістэмы штучна створаных знакаў [15].

Найбольш слушным з’яўляецца меркаванне тых лінгвістаў, якія разглядаюць тэрміналогію як самастойную «функцыянальную падсістэму агульналітаратурнай мовы», якая «стаіць у адным радзе з такімі паняццямі, як прастамоўныя словы і мова мастацкай літаратуры» [4]. Як зазначае В.П.Даніленка, мова навукі ў адносінах да агульналітаратурнай мовы больш вузкае паняцце, паколькі мове навукі не ўласцівы ўсе функцыі агульналітаратурнай мовы, а з другога боку, мова навукі – больш шырокае паняцце ў параўнанні з агульналітаратурнай мовай, бо мова навукі ўключае ў сябе спецыяльную тэрміналогію, якой называюцца навуковыя паняцці, што стаяць за межамі звычайнай, непрафесійнай сферы зносін [4].

Мнагазначнасць і аманімія

Да гэтага часу адкрытым застаецца пытанне – ці валодае тэрмін уласцівасцю пазакантэкставасці, ці адназначнасці (прынцып незалежнасці тэрміна ад кантэксту ўпершыню ў мовазнаўстве быў прапанаваны Д.С.Лотэ). Большасць лінгвістаў (В.П.Даніленка, Н.З.Кацялова, Б.Н.Галавін, Т.А.Чаботнікава, В.С.Ахманава, І.С.Квітко і інш.), якія прызнаюць тэрміналогію часткай агульналітаратурнай мовы, лічаць, што мнагазначнасць з’яўляецца прыналежнасцю многіх паўназначных слоў беларускай мовы і пад полісеміяй у тэрміналогіі звычайна разумеюць «суаднесенасць аднаго тэрміна больш чым з адным паняццем у межах аднаго або некалькіх прылягаючых адно да аднаго тэрміналагічных палёў» [5, с. 45] і разглядаюць яе як «расслаенне значэнняў у залежнасці ад ужывання слова ў розных галінах ведаў» [6, с. 124] і розных сістэмах. Іншымі словамі, тэрміны набываюць новыя значэнні ў працэсе пастаяннага ўзаемадзеяння з агульнаўжывальнымі словамі (міжсістэмная мнагазначнасць), а таксама ў працэсе ўзаемадзеяння ў межах пэўнай тэрмінасістэмы (унутрыгаліновая мнагазначнасць) і розных тэрмінасістэм (міжнавуковая мнагазначнасць).

У спецыяльнай лексіцы асабліва пашырана міжнавуковая мнагазначнасць. Напрыклад, гіра – пудовая гіра (метрал.), практыкаванні з гірамі і штангай (спорт), гіра насценнага гадзінніка (механ.); лідэр –лідэры парламенцкіх фракцый (паліт.), лідэр першага забегу (спорт), лідэр кільватэрнай калоны (ваен.); ін’екцыя – ін’екцыя пеніцыліну (медыц.), ін’екцыя сродкаў (эканом.); сесія – дэпутацкая сесія (паліт.), студэнцкая сесія (адукац.); спадчына – спадчына ад бацькоў (юрыд.), культурная спадчына А.Міцкевіча (лінгв.); экспедыцыя – экспедыцыя на адпраўку грузу (юрыд.), палярная экспедыцыя (геаграф.), карная экспедыцыя (ваен.); спад – спад тэмпу бегу (спорт), спад гары (геаграф.); барометр – паказчык стану рынку (эканом.), паказчык ціску (геаграф.); база – эканамічная база (эканом.), ваенна-марская база (ваен.)і інш.

Унутрыгаліновая мнагазначнасць – з’ява больш рэдкая, аднак істотная для многіх тэрмінасістэм. Напрыклад, дубль – 1) рэзервовая каманда, 2) выйгрыш першынства і Кубка ў адным сезоне адной камандай. Некалькі значэнняў маюць тэрміны патэнт, здзелка, вартасць, рахунак, экс-дывідэнд, ліквіднасць, квота, трэст, валюта і інш. (эканом.), напрыклад: валюта – 1) грашовая адзінка краіны, 2) тып грашовай сістэмы, 3) грошы замежных краін, якімі карыстаюцца ў міжнародных разліках; дыплом, дэкрэт, ордэр, экспедытар, судовы разбор, судовыя спрэчкі, хадайніцтва, даведка, паручыцельства і інш. (юрыд.), напрыклад: паручыцельства – 1) у грамадзянскім праве – спосаб забеспячэння выканання абавязкаў, 2) у крымінальным праве – адна з мер стрымання.

Некаторыя тэрміны развіваюць міжсістэмную і міжнавуковую або міжнавуковую і унутрыгаліновую мнагазначнасць адначасова. Напрыклад: удар – 1) моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым-н. у час руху (пад ударам ветру) // пра гром, выбух і інш. моцныя гукі (удар грому), 2) імклівы напад, атака (флангавы ўдар), 3) нечаканае гора, бяда, непрыемнасць (удар лёсу), 4) раптоўнае кровазліццё ў мозг (апаплексічны ўдар). Параўнаем таксама: кручаны ўдар – удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч; свабодны ўдар – у футболе ўдар, у час якога праціўнік не мае права нападаць, сонечны ўдар, цеплавы ўдар – у медыцыне.

Сярод лінгвістаў няма адназначнага вырашэння пытання, чым лічыць – амонімамі ці мнагазначнымі словамі – словы агульналітаратурнай мовы, якія ў пераносным значэнні функцыянуюць у якасці тэрмінаў. Многімі даследчыкамі яны разглядаюцца як міжсістэмныя амонімы. «Полісемія – факт аднаго поля, хаця ўнутры свайго поля тэрмін і імкнецца да адназначнасці. Тэрміны, якія аднолькава гучаць у розных палях, – амонімы» [17, с. 44].

Як адзначае Л.М.Мінакова, «слова з’яўляецца мнагазначным да таго часу, пакуль паміж яго семемамі захоўваецца сэнсавая сувязь, пакуль этымалагічны, граматычны аналізы дазваляюць устанавіць іх семантычны інварыянт... У адрозненне ад семантычных варыянтаў, якія выступаюць як роднасныя, цесна звязаныя паміж сабой лексемы, амонімы выступаюць як адзінкі, якія маюць абсалютна розныя значэнні і адна з другой не выводзяцца» [13, с. 116]. Напрыклад, храп – хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць і храп – прыбор для ўзяцця проб грунта; заступ – рыдлёўка, лапата і заступ – пры скачках ў даўжыню, калі наступаюць на лінію, ад якой пачынаецца замер даўжыні скачка (таксама заступ у варотную пляцоўку, заступ за сярэднюю лінію).

У тэрміналогіі часцей сустракаецца міжнавуковая аманімія, напрыклад, вал – значны па працягласці і вышыні земляны насып, створаны для абарончых і гаспадарчых мэт (у старажытнасці будаваўся для абароны месца, мясцовасці ад непрыяцеля) і вал – агульны аб’ём прадукцыі, вырабленай за які-небудзь пэўны тэрмін, які выражаецца шляхам абазначэння яе кошту ў цэлым; корт – тоўстая, звычайна цёмнага колеру баваўняная тканіна атласнага перапляцення для рабочага і спартыўнага адзення і корт – пляцоўка для гульні ў тэніс; космас – сусвет (Сонечная сістэма, зоркі, міжзорнае асяроддзе, галактыкі, міжгалактычнае асяроддзе) і космас – расліна з галінастымі сцябламі, з кветкамі ў суквеццях-кошыках на доўгіх кветаносах; мультыплікатар – каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (памяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу і мультыплікатар – фотакамера з некалькімі аб’ектывамі, якая дае адначасова многа здымкаў з аднаго і таго ж прадмета, а таксама прылада для размножвання копій.

У лінгвістычнай літаратуры існуе думка, што ўнутрыгаліновая аманімія – з’ява даволі рэдкая, і што «ў асноўным яна прадстаўлена аддзеяслоўнымі назоўнікамі, у якіх разам са значэннем дзеяння развілося значэнне прылады дзеяння» [12, с. 49]. Аднак, як відаць з наступных прыкладаў з біялогіі, унутрыгаліновая аманімія разнастайная: конік – птушка і конік – рыба; сякач – кабан і дарослы самец ластаногіх і сякач – насякомае; гладыш – грыб-дуплянка, млечнік і гладыш – расліна (гладыш прускі, шыракалісны) і гладыш – клоп (жоўты, звычайны); лось – грыб і лось – жывёла; цвыркун – насякомае і цвыркун – птушка; аўсянка – рыба сямейства карпавых і аўсянка – род пеўчых птушак атрада вераб’іных і інш.

Звяртаюць на сябе ўвагу і міжмоўныя амонімы (пры перакладзе на беларускую мову яны маюць зусім іншае значэнне), напрыклад, у рускай мове: язык (белорусский, польский, французский) ‘сукупнасць агульнапрынятых гукавых і лексікаграфічных сродкаў для выказвання думак і наладжвання сувязі паміж людзьмі’ – мова (беларуская, польская, французская). У беларускай мове слова язык ужываецца са значэннем ‘рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці’; пол (паркетный, земляной) ‘насціл у памяшканні, па якім ходзяць’ – падлога (паркетная, земляная). Слова пол у беларускай мове ўжываецца са значэннем ‘сукупнасць прыкмет, па якіх у раслін можна адрозніваць мужчынскія і жаночыя калівы’, а таксама са значэннем ‘палаткі, нары’.

Тэрміны могуць уступаць у складаныя полісемантычна-аманімічныя адносіны: адзін і той жа мнагазначны тэрмін выступае як амонім да сугучнага, таксама мнагазначнага, тэрміна, напрыклад: грыф – 1) у антычнай міфалогіі – крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва, 2) вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай; грыф – 1) доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны, 2) стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі; грыф – 1) штэмпель з узорам чыйго-небудзь афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля, 2) надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. У гэтым прыкладзе назіраецца міжнавуковая мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія; грот – 1) шырока адкрытая пячора з невысокай зводчатай столяй, 2) пашырэнне пячоры пасля вузкага праходу, 3) ніша ў канцы ледніка, адкуль выцякаюць талыя воды і грот – ніжні парус на грот-мачце. У гэтым прыкладзе назіраецца ўнутрыгаліновая мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія.

Часам межы паміж мнагазначным і аманімічным словам бываюць умоўнымі, аманімія з цяжкасцю паддаецца дакладнай класіфікацыі. У лексікаграфічных працах не заўсёды паслядоўна вытрымліваецца падача мнагазначнага слова (у адным слоўнікавым артыкуле пад рознымі нумарамі) і слоў-амонімаў (у розных слоўнікавых артыкулах). Як заўважае Л.М.Мінакова, «устанаўленне меж паміж полісеміяй і аманіміяй... залежыць не столькі ад моўнай рэальнасці, колькі ад аргументацыі вучоных-лінгвістаў» [13, с. 116].

Сінанімія. Варыянтнасць. Дублетнасць

Праблема сінаніміі і сінонімаў у тэрміналогіі застаецца найменш распрацаванай і найбольш складанай. Адны даследчыкі зусім адмаўлялі з’яву сінаніміі ў тэрміналогіі (А.М.Талікіна) і сцвярджалі, што сінаніміі ў тэрміналагічных сістэмах няма, а тое, што лічыцца тэрміналагічнай сінаніміяй – гэта з’ява дублетнасці, бо паміж дублетамі няма тых адносін, якія ствараюць сінанімічны рад. На думку В.П.Даніленкі, сінанімія ў тэрміналогіі разглядаецца як натуральнае праяўленне законаў развіцця лексікі літаратурнай мовы. «У тэрміналогіі сінонімы суадносяцца з адным і тым жа паняццем і аб’ектам, гэтыя адзінкі не характарызуюць розныя яго ўласцівасці» [4, с.73]. Таму іх можна назваць тэрміналагічнымі дублетамі. З гэтай думкай пагаджаліся В.С.Ахманава, В.М.Галавін, Р.Ю.Кобрын і інш.

С.І.Коршунаў, Д.С.Лотэ, Э.А.Натансон і інш. прызнавалі ў тэрміналогіі абсалютную і адносную сінанімію. А.А.Рэфармацкі пад дублетнасцю разумеў розныя варыянты слоў. А.В.Косаў выдзяляў сінонімы-дублеты, якія з’явіліся ў выніку паралельнага ўжывання айчыннага і запазычанага тэрміна, у выніку скарачэння састаўнога тэрміна або паралельнага выкарыстання поўных тэрмінаў і іх абрэвіятур і інш. В.П.Красней выяўляе ідэаграфічныя (маюць сэнсавыя адценні іх паняційнага зместу) і дублетныя (адценні ў паняційным змесце адсутнічаюць) сінонімы. Як бачым, з’явы сінаніміі, дублетнасці, варыянтнасці або змешваюцца, або размяжоўваюцца на аснове фармальных і семантычных прыкмет.

Тэрміны-сінонімы – гэта найменні, якія адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння або аб’ёмам семантыкі. Прыкладаў такіх сінонімаў у даследуемых тэрмінасістэмах [16, 22, 23] не адзначалася.

Тэрміны-дублеты – гэта найменні, якія поўнасцю супадаюць па значэнні і ўжыванні, суіснуюць у сінхронных моўных пластах. Многія з іх характэрны для дакладных навук (фізіка, матэматыка, хімія) (дыстыляцыя – перагонка, квазізоркі – квазары, счапленне – кагезія, сублімацыя – узгонка і інш.), юрыспрудэнцыі (фальсіфікацыя – падлог, выпадак – казус, стандарт – норма, вымаганне – рэкет, рэкламацыя – прэтэнзія і інш.), спорту (перашкода – бар’ер, арбітр – суддзя, сэт – партыя, бой – паядынак, нападаючы (нападнік) – бамбардзір, вароты – брамка, гнуткасць – гібкасць, жгут – скрутак, закалка – гарт і інш.), эканомікі (андэррайтэр – гарант, ануітэт – рэнта, залог – заклад, ін’екцыя – упрыскванне, улік – справаздачнасць і г.д.). У сінанімічныя адносіны ўступаюць найменні славянскага паходжання, найменне славянскае і запазычаны тэрмін, два або больш запазычаныя тэрміны і інш.

У тэрмінасістэме батанікі сустракаюцца стылістычныя сінонімы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Напрыклад: лотаць – лопух, нюнькі, бабоўнік, жаўтушнік, мядзведжая лапка; купальнік – буквіца, гарнік, касцян, пералёт; гарлачык – лілея, калітка, булдаўка, вадзяніца, макаўка, гладышыкі, бубэнчыкі, куўшынкі; трыпутнік – прыдарожнік, бабка, серпарэзнік, міжперсніца; лопух – лапушнік, дзядоўнік, рапей, брылі, калюгі, ранік і інш.

Лінгвістамі неаднаразова падкрэслівалася, што ў рэальнай тэрміналогіі значнае месца займаюць шматкампанентныя тэрміны тыпу імпульс – колькасць руху, браканьерства – незаконнае паляванне і рыбны промысел, бліцтурнір – маланкавы турнір і пад. Куды іх адносіць – да сінтаксічных сінонімаў-дублетаў ці да сінтаксічных варыянтаў (Я.М.Сцепановіч лічыць іх дэфініцыйнымі сінонімамі) – застаецца адкрытым пытаннем.

На нашу думку, пары найменняў тыпу «слова – словазлучэнне» або «словазлучэнне – словазлучэнне», якія маюць тоеснае значэнне, варта лічыць сінтаксічнымі сінонімамі-дублетамі. Напрыклад, дэзерцірства – ухіленне ад вайсковай службы, экспарт – знешні гандаль, бікамералізм – двухпалатная сістэма, халатнасць – нядбайнасць злачынная, бюлетэнь – лісток непрацаздольнасці, біпатрыды – двайное грамадзянства (юрыд.), гандбол – ручны мяч, звеславаць – пачаць веславаць, ватэрпола – воднае пола (спорт), арбітр – трацейскі суддзя, банкнота – банкаўскі білет, трата – пераводны вэксаль, распіска – пацвярджэнне атрымання (эканом.) і інш.

Шматкампанентныя пары сінонімаў-дублетаў розняцца галоўнымі кампанентамі (адміністрацыйнае правапарушэнне – адміністрацыйная правіннасць)або залежнымі кампанентамі (завочнае навучанне – навучанне без адрыву ад вытворчасці, фіктыўны шлюб – несапраўдны шлюб, Сусветны банк – Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, выгады пераліву – пабочныя выгады, выдаткі накладныя – выдаткі агульныя) і інш.

Варыянтамі з’яўляюцца тэрміны, якія адрозніваюцца паміж сабой фанетычнымі або словаўтваральнымі элементамі і поўнасцю супадаюць сваім значэннем (адыманне – адніманне, арбітражор – арбітражыст, аўкцыянер – аўкцыяніст), а таксама кароткія варыянты поўнага тэрміна. Скарачэнне здзяйсняецца пропускам аднаго з кампанентаў тэрміналагічнага словазлучэння (дысперсія хуткасці гуку – дысперсія гуку), заменай словазлучэння тэрмінам, утвораным шляхам усячэння (імпульсны сігнал – імпульс, іскравы разрад – іскра, намінальная вартасць – намінал). Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна лічыцца абрэвіяцыя (біялагічны эквівалент рэнтгена – бэр, ЦПК – цывільны працэсуальны кодэкс, МВФ – Міжнародны валютны фонд, ЕВФП – Еўрапейскае валютна-фінансавае пагадненне, ФІФА – Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый). Скарачэнне можа дасягацца таксама сродкамі сімволікі (γ-прамяні – электрамагнітнае выпрамяненне з вельмі кароткай даўжынёй хвалі (менш 0,1 нм) і інш.).

З’ява антаніміі ў айчынным мовазнаўстве пачала разглядацца ў 50-я г.г. XX ст. Антонімы разглядаліся вучонымі як суадносныя, карэлятыўныя паняцці, якія не могуць існаваць адзін без другога. На суадноснасць семантыкі антонімаў звярталі ўвагу Р.А.Будагаў, В.І.Іванова, Л.А.Новікаў і інш. У прыватнасці, М.М.Шанскі адзначаў, што «антонімы з’яўляюцца словамі рознага гучання, якія выражаюць супрацьлеглыя, але суадносныя адно з другім паняцці» [20, с. 64]. Для антанімічных пар і радоў характэрны ўзаемадапаўняльнасць, узаемазалежнасць, узаемавыключальнасць кампанентаў. Яны выступаюць як спецыфічнае моўнае адлюстраванне відазмяненняў і супрацьлегласцей у прадметах і з’явах аб’ектыўнага свету [14]. Антонімамі можна назваць словы, якія «супрацьпастаўляюцца па самай агульнай і істотнай для іх значэння семантычнай прыкмеце і знаходзяцца на палярных пунктах адпаведнай лексіка-семантычнай парадыгмы» [21, с.202].

З’ява антаніміі, якая праяўляецца ў існаванні слоў з супрацьлеглым значэннем, у мове навукі мае свае асаблівасці. Так, напрыклад, словы, якія ўтвараюць антанімічную пару ў агульналітаратурнай мове лёгкі – цяжкі (камень) у мове спорту антонімамі не з’яўляюцца: лёгкая – цяжкая (атлетыка) (лёгкая атлетыка – від спорту, які ахоплівае хадзьбу, бег, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і пад.; цяжкая атлетыка – комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў (штангі, гіры, гантэлі і інш.). Выкарыстанне літаратурнага антоніма мокры да тэрміналагічных словазлучэнняў сухі плод (плод з сухім каляплоднікам), сухая касцянка (касцянка з сухім мезакарпам (у какосавай пальмы)) мяняе іх значэнне: мокры плод (касцянка) = якія трапілі пад дождж і намоклі.

Значэнне супрацьлегласці можа ўзнікаць у слове як вынік яго спецыфічнага выкарыстання ў мове навукі. Напрыклад, зменная ў матэматычнай логіцы – моўны выраз, які служыць для абазначэння адвольнага аб’екта з нейкага фіксаванага мноства аб’ектаў. Зменная называецца свабоднай, калі ў выраз, у які яна ўваходзіць, магчымая падстанова замест зменнай імёнаў аб’ектаў з абсягу яе значэнняў. Калі названая падстанова немагчымая (па сэнсе выразу), то зменная называецца звязанай. Такім чынам, узнікае антанімічная пара свабодны – звязаны; у эканоміцы бык (удзельнік таргоў, які чакае павышэння цэн і іграе на павышэнне цэн на біржы) – антанімічны слову мядзведзь (спекулянт, які іграе на паніжэнне цэн на біржы).

У тэрмінасістэмах розных галін навукі рэалізуюцца два структурныя тыпы антанімічных адносін – лексічны і словаўтваральны. Лексіка-словаўтваральны тып (цеплаўстойлівасць – холадаўстойлівасць) непрадуктыўны.

У лексічным тыпе антаніміі супрацьлегласць значэнняў выражаецца рознымі каранямі. Напрыклад: упарадкаванне (поўная заканамернасць, парадак, сіметрыя ў размеркаванні атамаў, малекул, крышталяў, якія ўтвараюць цвёрдае цела) – хаатычнасць (адсутнасць парадку, сіметрыі ў размеркаванні чаго-небудзь); алігаполія (стан рынку, пры якім абмежаванай колькасці прадаўцоў супрацьстаіць вялікая колькасць пакупнікоў) – алігапсонія (стан рынку, пры якім абмежаванай колькасці пакупнікоў супрацьстаіць вялікая колькасць прадаўцоў). Лексічны тып антаніміі асабліва пашыраны сярод назоўнікаў аддзеяслоўнага (ці адпрыметнікавага) паходжання: выпарэнне (пераход рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны) – кандэнсацыя (пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі ці крышталічны); крохкасць (здольнасць цвёрдых цел разбурацца пры механічных уздзеяннях без прыкметных пластычных дэфармацый) – пластычнасць (уласцівасць цвёрдых цел вытрымліваць без разбурэння дэфармацыі і захоўваць іх пасля таго, як знешнія сілы перастаюць дзейнічаць). Яшчэ прыклады: нацыяналізацыя – прыватызацыя, пакаранне – памілаванне, страты – даходы, шлюб – развод, аналогія – неадпаведнасць, ісцец – адказчык, крэдытор – даўжнік, штраф – узнагарода, правы – абавязкі (юрыд.) і інш.

У словаўтваральны тып антонімаў уключаюцца тэрміны, у якіх процілегласць значэнняў выражаецца словаўтваральнымі сродкамі. Як правіла, значэнне антаніміі ўзнікае як вынік карэляцыі супрацьлеглых па сэнсе прыставак, якія далучаюцца да аднаго і таго ж тэрміна, або як вынік выкарыстання прыстаўкі, якая надае тэрміну супрацьлеглы сэнс. Напрыклад: адліў – прыліў, негатыў – пазітыў, сіметрыя – асіметрыя, часцінка – антычасцінка, рэчыва – антырэчыва, свет – антысвет і інш.

Сярод састаўных тэрмінаў-антонімаў можна вылучыць дзве групы:

1) антанімічныя пары з рознакаранёвымі кампанентамі, дзе супрацьлегласць выражаецца: а) лексічнымі асновамі відавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: высокі мяч – нізкі мяч, высокае вядзенне мяча – нізкае вядзенне мяча, гол у свае вароты – гол у чужыя вароты, задняя лінія – пярэдняя лінія, левы абаронца – правы абаронца; аферта вольная – аферта цвёрдая; палітыка «танных грошай» – палітыка «дарагіх грошай»; б) лексічнымі асновамі родавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: запаволіць тэмп – павялічыць тэмп;

2) найменні з аднакаранёвымі кампанентамі, антанімічнасць якім надаюць супрацьлеглыя па сэнсе прыстаўкі ў складзе відавых кампанентаў або (што назіраецца значна часцей) супрацьлеглы сэнс надае прыстаўка ў складзе толькі аднаго з відавых кампанентаў антанімічнай пары: згінальныя рухі – разгінальныя рухі, рацыянальны лік – ірацыянальны лік; акрэдытыў адзыўны – акрэдытыў безадзыўны і інш.

Супрацьлеглы па сваім значэнні можа быць адзін і той жа тэрмін (яго лексіка-семантычныя варыянты). Параўнаем: пячэ (сонца, мароз). Такая здольнасць слова выражаць супрацьлеглыя значэнні без змянення сваёй формы ў лінгвістыцы атрымала назву энантыясемія. Напрыклад, ваяка – 1) воін, баец, салдат і 2) пра таго, хто не апраўдвае званне воіна, байца.

Паронімы. Гіпонімы

Паронімы – словы, блізкія паводле гучання, але розныя паводле значэння, якія маюць, як правіла, адзін корань і належаць да адной часціны мовы. Напрыклад, альянс (саюз, аб’яднанне на аснове дагаворных абавязацельстваў) – альяс (расліна алоэ); імігрант (перасяленец з якой-небудзь краіны) – эмігрант (чалавек, які перасяліўся са сваёй радзімы ў іншую краіну); інжынерны (факультэт, войскі) – інжынерскі (дыплом, абавязкі); канцэсія (дагавор аб перадачы замежнай фірме ў эксплуатацыю на пэўны тэрмін прыродных багаццяў, прадпрыемстваў і інш. гаспадарчых аб’ектаў, якія належаць дзяржаве) – канфесія (веравызнанне – 1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэлігійнага вучэння якой-небудзь царквы, 2) рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізацыйную структуру); камітэт (выбарны орган, які кіруе якой-небудзь работай) камітэнт (асоба, якая даручае камісіянеру заключыць якую-небудзь здзелку: куплю, продаж і інш.); трасат (асоба, абавязаная заплаціць па пераводным вэксалю) – трасант (асоба, якая выдае другой асобе пераводны вэксаль; вэксаледаўца); лакаўт (адна з форм барацьбы прадпрымальнікаў супраць рабочага класа ў заходніх краінах) – накаўт (стан баксёра ў час бою, калі ён пасля вельмі моцнага ўдару на працягу 10 секунд не можа падняцца і лічыцца пераможаным); спаборнасць (адзін з функцыянальных прынцыпаў, які вызначае працэсуальную дзейнасць суда з мэтай забеспячэння паўнаты фактычнага і доказнага матэрыялу, неабходнага для ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей справы, устанаўлення ісціны па справе) – спаборніцтвы (спартыўная сустрэча для выяўлення пераможцы).

Рода-відавыя адносіны лексічных адзінак называюцца гіпаніміяй. Тэрміны, што абазначаюць больш шырокае, родавае паняцце, называюцца гіперонімамі, а тэрміны, якія абазначаюць больш вузкае, відавое паняцце, – гіпонімамі.

Як заўважае Я.М.Сцепановіч, на рода-відавых адносінах пабудавана ўся біялагічная наменклатура, змест відавога паняцця шырэй родавага, а аб’ём вузей. Напрыклад, у заалогіі з сям’і кашачых тыгры, ільвы, пантэры, барсы, пума, ягуар, дамашні кот адносяцца да роду кошак сапраўдных, рысь – да роду рысяў, гепард – да роду гепардаў. Яшчэ прыклады гіпонімаў з эканомікі, права, спорту: банк – банк акцыянерны, банк узаемаашчадны, банк дзяржаўны, банк інавацыйны, банк іпатэчны, банк каптыўны, банк квазідзяржаўны, банк-каменеджэр, банк камерцыйны, Банк Сусветны, банк дамашні, банк цэнтральны; права – права аўтарскае, права на ўнясенне прапаноў, права на жыллё, права на матэрыяльнае забеспячэнне, права на спадчыну, права на адукацыю, права на аб’яднанне ў грамадскія саюзы, права на адпачынак, права на ахову здароўя, права на судовую абарону, права на працу, права на ўдзел у кіраванні дзяржаўнымі і грамадскімі справамі, права адклікання дэпутата, права падпісу, права поўнага гаспадарчага вядзення, права ўласнасці, права прытулку, права прыватнае, права экстэрытарыяльнасці; удар – удар вонкавым бокам пад’ёму, удар вонкавым бокам ступні, удар унутраным бокам пад’ёму, удар унутраным бокам ступні, удар галавой у скачку, удар здалёк, удар нізам, удар нажніцамі, удар ад варотаў, удар рэзаны, удар абарончы, удар па мячы, удар звыш блока, удар плоскі, удар па шайбе, удар з краю сеткі, удар з лёту, удар з нізкай перадачы, удар з месца, удар з адскоку, удар з паваротам, удар укарочаны, удар цераз сябе і інш.

Такім чынам, спецыяльная лексіка падпадае пад уплыў усіх тых лексіка-семантычных працэсаў, якія характэрны літаратурнай мове ў цэлым. Ёй уласціва мнагазначнасць, аманімія, сінанімія, варыянтнасць, антанімія і інш. Аднак усе гэтыя працэсы маюць свае асаблівасці, яны працякаюць у тых межах, якія не парушаюць семантычнай пэўнасці тэрміна.

 

4. Паходжанне лексікі беларускай мовы

Лексічны склад беларускай мовы фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў, няспынна развіваўся і ўдасканальваўся. Менавіта ў лексіцы адлюстравалася і гісторыя развіцця беларускага народа.

Вылучаюцца два вялікія пласты нашай лексікі паводле паходжання: спрадвечная і запазычаная.

Спрадвечная лексіка складаецца з чатырох пластоў слоў:

1) індаеўрапейскія словы (самыя старажытныя, ≈ 3–1 тысяч. да н. э.). Абазначалі жыццёва важныя прадметы жывой і нежывой прыроды: Бог, душа, вера, неба, вечар, зіма, дзень, маці, брат, дзед, сын, воўк, зерне, мёд, соль, салома, балота, гарэць, драмаць, есці; лічэбнікі два, тры, сто; займеннікі вы, сам, ты і мн. інш.

2) агульнаславянскія (праславянскія) словы (≈ 2 тысяч. да н. э. – 1 тысяч. н. э.): дзіця, бабка, сірата, удава, заяц, бык, конь, лебедзь, крыўда, ласка, праўда; назвы прадуктаў харчавання: блін, піва, сала, квас, каша, масла, крупа, дрожджы і інш.; ваенныя тэрміны: абарона, бой, вайна, дружына, кап’ё, лук, полк, страла і інш.; колеры: белы, жоўты, зялёны, русы, рыжы, светлы, чорны, сіні і інш. Пласт агульнаславянскай лексікі хоць і нешматлікі (≈ 2000 слоў), але з’яўляецца ядром слоўніка кожнай славянскай мовы.

3) агульнаўсходнеславянскія словы (УІІІ – ХІІІ стст.): сям’я, ваявода, дань, воласць, выкуп, пастух, бондар, знахар, мельнік, селянін, клык, жаваранак, снягір, грэчка, качарга, лыжка, сарочка, рэпа, адзінаццаць, дванаццаць, дзевяноста і інш.

4) уласнабеларускія словы (ХІУ – ХУІІ стст.): асілак, вадзянік, вайсковец, араты, працаўнік, вясковец, сейбіт; бусел, берасцянка, алешнік, ваўчкі, заранка, вясёлка, надвор’е, золак, світанне, спёка, цемра, сакавік, красавік; спадніца, хустка, абрус; дранікі, зацірка; пакута, пяшчота, хвароба, байка, выказнік, дзейнік і інш. Менавіта ўласнабеларускія словы складаюць нацыянальную спецыфіку лексічнай сістэмы нашай мовы.

Да запазычаных адносяцца словы іншамоўнага паходжання, якія ў выніку семантычнага і фанетыка-марфалагічнага асваення зрабіліся лексічнымі адзінкамі беларускай мовы. Асноўная прымета запазычанага слова – яго функцыянальная значымасць, якая заключаецца ў тым, што слова абазначае прадметы і паняцці, якія не маюць адэкватнага абазначэння ў самой беларускай мове або з’яўляюцца семантычнымі ці стылістычнымі сінонімамі да адпаведнага беларускага слова. З іншых моў у беларускую мову такія словы пранікаюць як вусным шляхам (г. зн. перш трапілі ў жывую гаворку, а пазней пашырыліся ў пісьменнасці), так і кніжным (пачыналі ўжывацца ў пісьменнасці і літаратурнай мове, а потым паступова пераходзілі ў гаворку). Выдзяляюцца дзве вялікія групы запазычаных слоў: са славянскіх моў і з неславянскіх. Прывядзём прыклады.

Са славянскіх моў:

а) стараславянізмы (або царкоўнаславянізмы): вобраз, вочы, воблака, храбры, продак, раб, цвярдыня, уладыка, храм, чэсны, благаславенне і інш.;

б) з рускай мовы: ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, гадавіна і інш.;

в) з украінскай мовы: бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч, прыкмета, заляцанне, хутар, варэнік, побыт, журыцца, галушка, забабоны, лунаць і інш.;

г) з польскай мовы: касцёл, палац, скарб, вяндліна, відэлец, гузік, карысць, сродак, скарга, рахунак, гатунак, здрада, апека, сукенка, літасць, айчына, пісар, кабета, хлопец, шчыры, дранцвець і інш.;

д) з чэшскай мовы адзінкавыя прыклады: калготы, блакіт;

З неславянскіх моў:

а) балтызмы (літоўскія і латышскія словы): жвір, пуня, клуня, свіран, коўш, бурбалка, клыпаць, жуда і інш.;

б) цюркізмы (пераважна з татарскай мова). Пачалі пранікаць у мову ўсходніх славян яшчэ ў старажытныя часы з мовы цюркскіх плямёнаў, што рабілі набегі на землі славян: арда, баран, калчан, сарафан, балван, балда, лафа (салдацкае жалаванне; выгода), калчан, атаман, кінжал, халва, плоў, айва, гарбуз, бархан, туман, буран, торба, чамадан і інш;

в) грэцызмы трапілі ў нашу мову яшчэ ў старажытнасці ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Пераважна гэта словы навукі, асветы, культуры, мастацтва, адукацыі: ікона, царква, алфавіт, арфаграфія, графіка, кафедра, бактэрыя, дыягназ, трахея, мікроб, іон, істэрыя, філалогія, лексіка, алебастр, акіян, кіт, дэльфін, эпоха, элегія, камедыя і інш;

г) лацінізмы ў нашу мову прыйшлі праз польскую, чэшскую і іншыя заходнееўрапейскія мовы: каляндар, прафесія, доктар, літара, нацыя, тэкст, легенда, ангіна, вакцына, інфаркт, вірус, бацыла, біцэпс, імпульс, інстытут, лекцыя, глобус, экзамен, абітурыент, аратар і інш.;

д) германізмы: афіцэр, маўзер, лагер, штаб, фронт, фланг, алкаголь, бутэрброд, цукар, вафля, гальштук, партвейн, паштэт, бінт, аспірын, гантэлі, цэйтнот, гросмайстар, штраф і інш.;

е) галіцызмы (з французскай мовы): акардэон, баль, вальс, вернісаж, жанр, журы, раяль, бігудзі, памада, адэкалон, гарнітур, бра, вітрына, атэль, кавалер, какетка, камандор, гараж, кабіна, сапёр, баржа, міна, маршал, карабін, лікёр, кампот, марынад і інш.;

ё) англіцызмы: аўт, бокс, гандбол, футбол, клуб, трактар, мічман, снайпер, бар, піжама, плед, вельвет, джынсы, віскі, пунш, джэм, бекон, крэкер, кактэйль, кекс, джунглі, лідэр, мітынг і інш.;

ж) італізмы: акорд, арыя, бас, флейта, опера, маэстра, карнавал, гірлянда, саната, палац, вермішэль, макароны, памідор, лаванда, інтанацыя, кар’ера, бандыт, фашызм і інш.;

з) з галандскай: бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб, апельсін і інш.;

і) з іспанскай: арлекін, балеро, гітара, румба, танга, самбрэра, какаін і інш.;

к) з фіна-ўгорскіх (фінскай, карэльскай, эстонскай, комі): кілька, навага, салака, сёмга, тундра, нарты, сані і інш.;

л) з кітайскай: чай, жэньшэнь;

м) з японскай: івасі, соя, кімано, самурай, цунамі, каратэ, дзюдо і інш.

Пранікненне іншамоўных слоў – з’ява заканамерная для любой мовы. Гэта вынік палітычных, гандлёвых, эканамічных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў народаў свету. Запазычанні не парушаюць нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, яны ўзбагачаюць яе лексічную сістэму.

 

5. Лексіка паводле сферы выкарыстання

У адносінах выкарыстання словы беларускай мовы не з’яўляюцца аднолькавымі: адны з іх ужываюцца ўсімі носьбітамі мовы незалежна ад іх пражывання, прафесіі, узросту, роду заняткаў, адукацыйнага і культурнага ўзроўню; другія – актыўна ўжываюцца толькі на пэўнай тэрыторыі, прадстаўнікамі асобных прафесійных ці сацыяльных груп насельніцтва, г. зн. з’яўляюцца тэрытарыяльна, прафесійна ці сацыяльна абмежаванымі. З гэтага вынікае, што лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляецца на дзве вялікія групы: агульнаўжывальную і абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальная (агульнанародная) лексіка з’яўляецца асновай слоўнікавага складу беларускай мовы: без гэтых слоў нельга сфармуляваць і выказаць думку, без іх немагчыма далейшае развіццё і ўдасканаленне самой лексікі. Сюды адносяцца такія словы, якія вядомы ўсім носьбітам і шырока выкарыстоўваюцца імі без усякіх абмежаванняў. Гэта словы розных часцін мовы і розных стылістычных разрадаў (дзень, каліна, заўтра, хадзіць, гаварыць, весела, мы, свой, два і многія іншыя).

Лексіка абмежаванага ўжывання падзяляецца на дыялектную, жаргонную і спецыяльную. Коратка спынімся на гэтых лексічных разрадах.

Дыялектную лексіку складаюць словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй, гэта словы мясцовых гаворак (дыялектызмы). На тэрыторыі Беларусі выдзяляюць наступныя дыялекты: паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні (асноўныя), сярэднебеларускі (цэнтральныя гаворкі) і заходнепалескі (брэсцка-пінскі). Кожны з гэтых дыялектаў мае свае асаблівасці, якія адрозніваюць іх адзін ад аднаго і ад літаратурнай мовы. Дыялектызмы, безумоўна, вядомы не ўсім носьбітам мовы, а толькі тым, хто жыве на той тэрыторыі, дзе гэтыя словы бытуюць. Напр., савяк (замест літ. падбярозавік), вятроўкі (замест літ. басаножкі), казлы (люцікі), пасоля (фасоля), ля, паля (паглядзі, глянь), гуліца (вуліца), тамака (там), настольніца (настольнік), барыла (бочка) і інш.

Сярод дыялектызмаў вылучаюць параўнальна невялікую групу абласных слоў, г. зн. такіх, якія ўжываюцца на больш-менш значнай тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваюцца ў мастацкіх тэкстах многіх аўтараў, але яшчэ не сталі літаратурнымі ў поўным сэнсе гэтага слова. Абласныя словы падаюцца ў слоўніках літаратурнай мовы з паметай абл. (абласное): нацяты (нацягнуты), нябож (пляменнік), оступам (цесна абступіўшы, вакол), гучок (парастак), гуля і гула (гуз), жбан (збан), заложна (бесперапынна, настойліва, упарта) і інш.

Дыялекты – гэта самыя старажытныя моўныя адзінствы, нават больш старыя, чым сама беларуская мова. У дапісьмовы перыяд дыялекты былі адзінай формай зносін. У наш час дыялекты не ўтвараюцца, а паступова разбураюцца. Тым не менш, для нацыянальнай мовы яны – скарбніца, якую неабходна захоўваць (дастаткова ўспомніць, што менавіта з дыялектаў «вырастала» новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова). Узбагачэнне літаратурнай лексікі за кошт народна-дыялектных слоў – гэта такі ж гістарычны працэс, як і папаўненне яе шляхам запазычання іншамоўных слоў.

У творах мастацкай літаратуры пісьменнікі выкарыстоўваюць дыялектызмы з мэтай стварэння мастацкага вобраза, для характарыстыкі дзеючых асоб, перадачы моўнага каларыту мясцовасці, у якой адбываецца дзеянне.

Жаргонная лексіка (фр. jargon – умоўная гаворка) – гэта гутарковая мова пэўнай групы людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча і г. д. Жаргонная лексіка (адвольна выбраныя моўныя элементы) фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Так, у мове моладзі, вучняў, студэнтаў можна пачуць такія жаргонныя словы, як продкі, шнуркі (бацькі), ажур (парадак), гнаць (гаварыць няпраўду), базар (размова), бомбы, шпоры (шпаргалкі), халтурыць (нядобрасумленна выконваць працу), філоніць (ухіляцца ад працы), бабкі (грошы ўвогуле), зелень (долары), драўляныя (айчынная валюта) і інш.; у мове спартсменаў: рамка (вароты), гарчычнік (жоўтая картка), вольнік (барэц вольнага стылю) і інш.; прыклады армейскіх жаргонаў: салага (увогуле малады салдат), дух, чарпак ці чайнік, слон, дзед (радавы салдат у залежнасці ад часу знаходжання на тэрміновай службе), старлей (старшы лейтэнант), кусок (прапаршчык), самаход (самавольна пакінуць воінскую часць), дэмбель (дэмабілізацыя), адкасіць (ухіліцца ад воінскай службы) і інш. У часы Вялікай Айчыннай вайны склаўся франтавы жаргон: самавары (мінамёты), сабантуй (артабстрэл), кацёл (акружэнне), гасцінцы (снарады, міны) і інш.

Пэўным жаргонам карыстаюцца людзі, звязаныя агульнасцю інтарэсаў, часам негатыўнага характару (напр., у лексіконе аматараў выпіць сустракаюцца наступныя жаргонныя словы: налізацца, завязаць, пузыр, чарніла, фауст, псіхатроп, балбанэс і інш.).

Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго (фр. аrgot – замкнуты). Асноўная функцыя арго – быць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад іншых людзей. У строга тэрміналагічным сэнсе арго – гэта мова дэкласаваных груп грамадства і крымінальнага асяроддзя: зладзеяў, карцёжных шулераў, кантрабандыстаў, наркаманаў і пад. У Расіі арго пачало складвацца ў 2-ой палове ХІХ ст. пераважна ў гандлёвых цэнтрах, партовых гарадах, месцах ссылак. Аргатычная лексіка стваралася на базе натуральных моў. Аднак, каб ізалявацца ад грамадства, антысацыяльныя элементы выпрацавалі спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых людзей. Дасягалася гэта шляхам скажэння і пераасэнсавання агульнанародных слоў: вышка (вышэйшая мера пакарання), стукач (даносчык), сціркі (ігральныя карты), макруха (забойства), дзірка (турма), вывеска (твар), пазычыць (украсці), шырмач (кішэнны злодзей), раскалоцца (прызнацца); выкарыстання запазычаных слоў (напр., бан у мове зладзеяў ‘вакзал’ з ням. bahnhof), а таксама шляхам перастаноўкі складоў у словах або дабаўлення да слоў новых элементаў (напр., чуха замест хачу, шывар замест тавар і інш.).

Жарганізмы не ўваходзяць у лексіка-семантычную сістэму літаратурнай мовы, але могуць выкарыстоўвацца ў мастацкіх і публіцыстычных творах для характарыстыкі персанажаў, сацыяльнага асяроддзя.

Спецыяльнай лексікай карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы. Спынімся на азначэннях гэтых паняццяў і прывядзём прыклады.

Тэрмін (ад лац.terminus – граніца, мяжа) – гэта афіцыйна ўзаконенае слова або словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, спорту і г. д., абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне (напр., інтэграл, атмасфера, сінтэз, марфема, гіпотэза, афсайд, пенальці і інш.). Тэрміны могуць быць як агульнанавуковыя (аналіз, дослед, працэс, мадэль, тэорыя і інш.), так і вузкаспецыяльныя (напр., у генетыцы: храмасома, ген, зігота і інш.; у мовазнаўстве: постфікс, фанема, сінтаксіс, тапонімы і інш.; у плаванні: батэрфляй, кроль, брас і г. д.). Заўважым, што словы агульнай лексікі засвойваюцца людзьмі стыхійна, па меры авалодання мовай, ствараюцца для патрэб усяго грамадства. Тэрміны ж прыдумваюцца штучна і патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі ў той ці іншай сферы дзейнасці.

Па сваім функцыянальным значэнні блізка да тэрмінаў стаяць прафесіяналізмы. Гэта словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці. Калі тэрміны маюць больш упарадкаваны, унармаваны характар, то прафесіяналізмы з’яўляюцца паўафіцыйнымі лексічнымі адзінкамі, якія выкарыстоўваюцца вузкім колам спецыялістаў, прычым пераважна ў гутарковым стылі (напр., у мове пчаляроў сустракаюцца такія прафесіяналізмы, як дымар, вашчына, раёўня, пропаліс). Рэзкай мяжы паміж тэрмінамі і прафесіяналізмамі няма, і часта прафесіяналізм можа існаваць як сінонім тэрміна. Многія мовазнаўцы ўвогуле не вылучаюць прафесіяналізмы ў асобны разрад слоў спецыяльнай лексікі.

У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць назваў канкрэтных аб’ектаў, якія вывучаюцца рознымі навукамі, ужываюцца ў тэхніцы, спорце і пад. Па складзе наменклатура велізарная. Так, толькі наменклатура медыцынскай тэхнікі (інструменты, апаратура і пад.) налічвае звыш 3000 назваў. Тэрміны маюць абстрактныя, адцягненыя значэнні, а наменклатурныя назвы абазначаюць даволі канкрэтнай з’явы. Параўн.: арфаграфія, прэфікс, марфема, злучнік і інш. (прыклады мовазнаўчых тэрмінаў) і най-, без-, пад-, за- і інш. (наменклатурныя назвы канкрэтных прыставак). Сярод наменклатуры сустракаюцца і абрэвіятуры: ЭВМ, ЗІЛ, ЗІС і пад. Падрабязна спецыяльная лексіка (у прыватнасці, тэрміны і тэрмінасістэмы) будзе разгледжана ў асобнай лекцыі.

 

6. Лексіка актыўнага і пасіўнага запасу

Змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах жыцця, адлюстроўваюцца ў лексіцы, мяняюць слоўнікавы склад мовы. Адны прадметы, з’явы, паняцці існуюць спрадвечна, і словы, якія іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы; другія – адміраюць, а з імі знікаюць і іх назвы; трэція – узнікаюць, і разам з’яўляюцца новыя словы для іх абазначэння. З улікам гэтага вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія застаюцца ў пасіўным запасе.

Актыўную лексіку складаюць самыя ўжывальныя словы, значэнне якіх зразумела ўсім носьбітам мовы. Пераважна гэта стылістычна нейтральныя словы найбольш шырокага ўжывання, звязаныя з жыццём чалавека наогул. Найбольш часта сустракаюцца словы, якія абазначаюць асоб (чалавек, мужчына, дзіця мама, дзед і інш.), назвы асоб па прафесіі (доктар, рабочы, настаўнік і інш.), назвы адрэзкаў часу (дзень, год, вечар і інш.), назвы надвор’я (вецер, дождж, снег і інш.), ландшафту (балота, лес, поле, рака і інш.), назвы жылля, раслін і жывёл, назвы адзення, ежы, побыту, розныя віды дзейнасці чалавека і многае іншае.

Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе моўных зносін людзей і маюць адценне ўстарэласці або навізны. Таму ўсю пасіўную лексіку можна падзяліць на два разрады: устарэлыя словы і неалагізмы.

Устарэлыя словы ў сваю чаргу падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – гэта такія ўстарэлыя словы, якія з’яўляюцца назвамі тых паняццяў і прадметаў, што зніклі з рэчаіснасці (напр., войт, баярын, рэкрут, феадал, ваявода, бурлак, парабак, лёкай, гайдукі, маёнтак, шляхта, кальчуга, алебарда, мушкет, жупан, земства, эсэр і інш.). Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы прадметаў і з’яў, якія існуюць і ў наш час, але называюцца новымі словамі (напр., бортнік – пчаляр, лемантар – буквар, вакацыі – канікулы, чало – лоб, лік – твар, раць – войска, лілея – лілія, падлоўчы – ляснічы, модлы – малітва, бібліялогія – кнігазнаўства і інш.).

Устарэлыя словы выкарыстоўваюцца і як нейтральныя словы (у навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, археалогіі), і як стылістычны сродак у творах мастацкай літаратуры для перадачы каларыту адпаведнай эпохі.

Неалагізмы (грэч. neos – новы, logos – слова) – гэта словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў ці з’яў рэчаіснасці і не страцілі адцення навізны (напр., кансэнсус, бартэр, брокер, лецішча, брыфінг, менталітэт, параза, вертыкальшчык, рэфлексія, маніторынг і інш.). Паколькі неалагізмы абазначаюць, як правіла, важныя для грамадства паняцці, прадметы, з’явы, яны хутка страчваюць адценне навізны, свежасці і становяцца спачатку словамі ў пэўнай ступені прафесіянальнымі, а затым і агульнаўжывальнымі. Так, новыя словы 60-80-х гадоў ХХ ст. сваёй разнастайнай тэматыкай звязаны з асваеннем космасу (касманаўт, касмадром, касмапорт, баракамера, касмалогія і інш.), з развіццём новых галін навукі (вірусалогія, геранталогія, мікраэлектроніка, наркалогія, псіхалінгвістыка і інш.), навукова-тэхнічнага прагрэсу (камп’ютэр, лазер, нейлон, ратапрынт, бойлер, батыскаф, электрамабіль і інш.), спорту (аўтаралі, біятлон, юніёр і інш.), медыцыны (алергія, стрэс, халестэрын, канцэраген і інш.) і г. д., сёння ўспрымаюцца як прывычныя, звычайныя. Усе яны знаходзяцца ў нарматыўным тлумачальным слоўніку і ўваходзяць у актыўны пласт лексікі. Пашырэнню неалагізмаў у мове садзейнічаюць сродкі масавай інфармацыі.

Ад неалагізмаў трэба адрозніваць наватворы асобных пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў. Такія выпадковыя наватворы называюць аказіяналізмамі (ад лац. occasio – выпадак) або індывідуальна-аўтарскімі (індывідуальна-стылістычнымі, кантэкстуальнымі) неалагізмамі. Напр.: небазор, вечнабыт, прасветач, нязгледны (Я.Купала); жаўтацвецень, светазор, шаўкарунны, вольнаплынны (Я.Колас) і інш. Аказіяналізмы ствараюцца з пэўнай стылістычнай мэтай і, як правіла, не выходзяць за межы мастацкага твора. Іх значэнне можна высветліць толькі ў кантэксце.

 

7. Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў

Лексікаграфія (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова і grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тыпы слоўнікаў паводле іх структуры і прызначэння. У задачу лексікаграфіі ўваходзіць таксама вывучэнне будовы слоўнікавых артыкулаў, распрацоўка памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова.

Пачатак развіцця беларускай лексікаграфіі звязваюць з дзейнасцю першадрукара і асветніка Ф. Скарыны. Менавіта ён на палях сваіх кніг зрабіў пераклад каля 200 незразумелых царкоўнаславянскіх слоў на старабеларускую мову (такія тлумачэнні называліся глосамі). Пачынанне Скарыны было працягнута яго паслядоўнікамі. Ужо ў канцы ХУІ ст. з’яўляецца першы друкаваны перакладны слоўнік «Лексисъ» Лаўрэнція Зізанія (у ім 1061 слова); у 1627 г. у Кіева-Пячэрскай лаўры выходзіць слоўнік «Лексиконъ славеноросский» Памвы Бярынды (у ім каля 7000 слоў). З тлумачальных слоўнікаў ХІХ ст. найбольш каштоўным з’яўляецца «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча (1870 г.). Гэты слоўнік – вынік 16-гадовай працы яго аўтара. Тут поўнасцю адлюстравана лексіка і фразеалогія жывой беларускай мовы таго часу (больш за 30 000 слоў). У сваім слоўніку І. Насовіч выяўляе значэнні мнагазначных слоў, дае граматычную характарыстыку, указвае сферу ўжывання слоў, тлумачыць паходжанне некаторых з іх. Аўтар свядома не ўключаў у рэестр словы, агульныя для беларускай і рускай моў. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Слоўнік І. Насовіча перавыдадзены ў 1983 г. Пачынаючы з 20-х гадоў ХХ ст. у нашай краіне вядзецца сістэматычная лексікаграфічная праца.

Усе слоўнікі падзяляюцца на энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя слоўнікі – гэта даведнікі, у якіх у сціслай форме выкладзены навуковыя веды. Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, апісваюць прадметы, з’явы, падзеі, расказваюць пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры і г. д. Загаловачнае слова ў энцыклапедычных слоўніках не мае граматычнай і стылістычнай характарыстыкі, у ім толькі пазначана месца націску; указваецца паходжанне запазычаных тэрмінаў. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, дыяграмы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.

Энцыклапедычныя слоўнікі бываюць агульныя і галіновыя. Агульныя энцыклапедычныя слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі з розных галін ведаў. Прыклады такіх слоўнікаў: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (БелСЭ) у 12-ці тамах (1969 – 1975), «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (КЭ БССР) у 5-ці тамах (1978 – 1981), «Беларуская энцыклапедыя ў 18 т.» (1996 – 2004). Галіновыя слоўнікі падаюць звесткі з якой-небудзь адной галіны навукі, культуры, вытворчасці і пад. Напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5-ці тамах (1984 – 1987), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў 5-ці тамах (1983 – 1986), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6-ці тамах (1993 – 2003) і інш.

Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы мовы, тлумачаць іх значэнне, паходжанне і пад. Яны бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўнымі і шматмоўнымі з’яўляюцца перакладныя слоўнікі. Напр., «Руска-беларускі слоўнік» у 2-х тамах пад рэдакцыяй К. Крапівы (1982 г.), «Беларуска-рускі слоўнік» у 2-х тамах (1988 г.), «Белорусско-русский словарь» (1975 г.) і «Русско-белорусский словарь» (1976) Грабчыкава, прызначаныя для сярэдняй школы, «Украінска-беларускі слоўнік» В. П. Лемцюговай (1980), «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй А. Абрэмбскай-Яблонскай і М. Бірылы (1962), «Англійска-беларуска-рускі слоўнік» пад рэдакцыяй Т. М. Сушы і А. К. Шчукі (2004) і інш.

Найважнейшае значэнне для вывучэння слоўнікавага складу мовы маюць тлумачальныя слоўнікі. Прыкладамі такіх слоўнікаў з’яўляюцца «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977 – 1984), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» А. Я. Баханькова, І. М. Гайдукевіча, П. П. Шубы (1979) для сярэдняй школы, «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдакцыяй М. Р. Судніка (1996).

Разнавіднасцю тлумачальных слоўнікаў з’яўляюцца дыялектныя (абласныя) слоўнікі, у якіх адлюстроўваецца і тлумачыцца лексіка адной гаворкі або групы гаворак: «Дыялектны слоўнік» Ф. М. Янкоўскага (вып. 1, 1959; вып. 2, 1960; вып. 3, 1970), «Дыялектны слоўнік: З гаворак Зэльвеншчыны» П. У. Сцяцко (1970), «Тураўскі слоўнік» А. А. Крывіцкага, Г. А. Цыхуна, І. Я. Яшкіна і інш. у 5-ці тамах (1982 – 1987) і г. д.

У фразеалагічных слоўніках сабраны ўстойлівыя словазлучэнні (фразеалагізмы), растлумачана іх значэнне, прыведзены ілюстрацыі: «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Г. Ф. Юрчанкі (1972), «Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы» Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешава, Ф. М. Янкоўскага (1973), «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І. Я. Лепешава, у якім разглядаецца паходжанне фразеалагізмаў беларускай мовы (1981), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2 т.» І. Я. Лепешава (1993) і інш.

Вялікае значэнне ў засваенні правільнага напісання слоў маюць арфаграфічныя слоўнікі: «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы» М. П. Лобана, М. Р. Судніка (1982), «Арфаграфічны слоўнік» для пачатковай школы (1982), «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй М. В. Бірылы (1987), «Кароткі слоўнік беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне» Арашонкавай Г. У., Лемцюговай В. П. (1994) і інш.

Даволі шматлікімі з’яўляюцца тэрміналагічныя слоўнікі. У іх тлумачацца тэрміны з розных галін навукі, тэхнікі і г. д.: «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» (1990), «Слоўнік акцёра і рэжысёра» (1995), «Кароткі тлумачальны слоўнік паліталагічных тэрмінаў» (1997), «Кароткі эканамічны слоўнік» (1993), «Кароткі беларускі слоўнік музычных тэрмінаў» (1992), «Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (1993), «Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў» (1979), «Руска-беларускі слоўнік па машынабудаванні» (1998), «Лаціна-руска-беларускі батанічны слоўнік» (1967), «Руска-беларускі слоўнік біялагічных тэрмінаў» (1992), «Руска-беларускі агранамічны слоўнік» (1994), «Расейска-беларускі хімічны слоўнік» (1993), «Русско-белорусский словарь спортивной терминологии» (1993), «Краткий русско-белорусский словарь терминов по спортивным играм» (1996), «Русско-белорусский медицинский словарь» (1993), «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» (1997), «Руска-беларускі фізічны слоўнік» (1999) і інш.

Да лінгвістычных таксама адносяцца гістарычныя слоўнікі (адлюстроўваюць лексіку мінулых эпох, час узнікнення і шляхі развіцця слоў), этымалагічныя (паходжанне слоў, змены іх значэнняў), слоўнікі сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, іншамоўных слоў, слоўнікі мовы пісьменнікаў, тапанімічныя слоўнікі (адлюстраваны геаграфічныя назвы), антрапанімічныя (фіксуюцца ўласныя імёны), марфемныя слоўнікі (вызначаецца марфемная будов слова) і многія іншыя. Безумоўна, гэта далёка не поўны пералік існуючых на сённяшні дзень слоўнікаў у беларускай мове.

Трэба заўважыць, што будова слоўнікавага артыкула (загаловачнае слова разам са звесткамі пра яго) вызначаецца тыпам слоўніка. Так, поўны слоўнікавы артыкул тлумачальнага слоўніка ўключае наступныя элементы: загаловачнае слова; граматычную характарыстыку; стылістычную характарыстыку; сэнсавую характарыстыку; ілюстрацыйны матэрыял; тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні; этымалагічную даведку.

Размяшчаюцца загаловачныя словы ў слоўніку ў алфавітным або алфавітна-гнездавым парадку. Пры алфавітна-гнездавой падачы слоў вытворныя ад агульнага кораня і блізкія значэннем словы аб’ядноўваюцца ў гняздзе (прыкладам можа служыць «Русско-белорусский словарь», 1982). Ілюстрацыямі ў большасці слоўнікаў з’яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, што бяруцца з літаратурных крыніц.

 

Праверачны тэст

 

1. Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца

1) сінонімы, амонімы, антонімы;

2) гістарызмы, архаізмы, неалагізмы;

3) дыялектызмы, жарганізмы, тэрміны;

4) адназначныя, мнагазначныя словы;

5) наменклатура, прафесіяналізмы, слэнгізмы.

 

2. Устанавіце адпаведнасць

А. Бескарысны – бескарыслівы.

1. Антонімы.

Б. Адвага – баязлівасць.

2. Дыялектызмы.

В. Картопля, пасоля. 

3. Сінонімы.

Г. Сумны, тужлівы, маркотны.

4. Амонімы.
  5. Паронімы.                                                                                       

 

3. Эўфемізмы – гэта разнавіднасць

1) амонімаў;

2) сінонімаў;

3) неалагізмаў;

4) жарганізмаў;

5) паронімаў.