4. Значэнне курса і яго ўзаемасувязь з іншымі дысцыплінамі
^ Вверх

4 . Значэнне курса і яго ўзаемасувязь з іншымі дысцыплінамі

 

Значэнне курса гісторыі палітычнай і прававой думкі ў тым, што яго вывучэнне вырашае важную задачу – уносіць істотны ўклад у фарміраванне прафесійных, агульнаадукацыйных і спецыяльных ведаў юрыстаў, садзейнічае выпрацоўцы гістарычнага падыходу да аналізу сучасных палітычных і прававых адносін. 

Укажам і яшчэ на адзін бок справы. У Бібліі, у кнізе «Екклесиаста» сказана: «Что было, то и будет; и что делалось, то и будет делаться, и нет ничего нового под солнцем. Бывает нечто, о чем говорят: «смотри, вот это новое»; но это было уже в веках, бывших прежде нас»,  і, у рэшце рэшт, згодна з Бібліяй, усё вяртаецца «на круги своя» [Екклесиаст, 1; 6, 9, 10]. У гэтай сувязі нагадаем адзін з асноўных законаў дыялектыкі – адмаўлення адмаўлення (отрицания отрицания), які характарызуе агульную структуру развіцця як неабходнасць паступальнага працэсу з момантамі адноснай паўтаральнасці і цыклічнасці. Аднаўленне ў вышэйшай стадыі некаторых рысаў ніжэйшай абумоўліваецца ўзаемапераходам  процілегласцяў адна ў адну, захаваннем пераемнасці адмаўляючага і адмаўляемага ў актах зняцця і трансфармацыі. Закон дыялектыкі сведчыць, што грамадскае развіццё ідзе быццам па спіралі, з паўторам у вышэйшых стадыях асобных бакоў і рысаў ніжэйшых, ужо пражытых грамадствам  раней, у мінулым.

Закон адмаўлення адмаўлення  ў інтэграцыі сваіх рысаў выяўляецца  ў спецфічных працэсах  прыроды і чалавечай гісторыі і з асаблівай нагляднасцю – у сучасных сацыяльных падзеях.

Звернемся да нашай гісторыі. Савецкай уладай таварна-грашовыя рыначныя адносіны былі прымусова заменены на планавую гаспадарку, дзе ўсё размяркоўвалася дзяржавай ў цэнтралізаваным парадку. Але рыначныя адносіны, як паказала практыка, не выпрацавалі свой жыццёвы рэсурс, таму яны зноў, пасля істотнай трансфармацыі,  вярнуліся ў гаспадарчую дзейнасць нашай дзяржавы. Гэты прыклад сведчыць, што калі жыццяздольная ідэя (палітычная, прававая, гаспадарчая і г.д.) па якіх-небудзь прычынах не рэалізавалася, то вельмі магчыма, што яна зноў заявіць аб сабе, як гэта адбылося з рыначнымі адносінамі. Таму для нас вельмі важна ўмець адшукаць гістарычныя карані новых ідэй і падыходаў, бо ўсё гэта, паводле  тлумачэння Бібліі, «уже было в веках, бывших прежде нас». Каб засвоіць духоўнае багацце,  палітычныя і прававыя ідэі, якія пакінулі нам як спадчыннікам  беларускія дзеячы і мысліцелі, нам патрэбна творча вывучаць курс гісторыі палітычнай  і прававой думкі, помнікі палітычнай і прававой культуры мінулага.

Палітыка-прававая думка цесна звязана з грамадскім быццём. Погляды мысліцеляў нельга зразумець без вывучэння і ўсведамлення той гістарычнай эпохі, у якой яны жылі  і працавалі. Таму паспяховае вывучэнне палітыка-прававой думкі  немагчыма без усведамлення гісторыі Беларусі, яе гісторыі дзяржавы і права, а таксама гісторыі дзяржавы і права суседніх краін – Расіі і Польшчы.

Вядома, што палітыка-прававая думка ў асэнсаванні рэчаіснасці заўсёды апіраецца на тую ці іншую філасофскую сістэму, на ідэалагічныя каштоўнасці. Таму патрэбна вывучаць курс гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі ў дыялектычным спалучэнні з іншымі грамадскімі і юрыдычнымі дысцыплінамі. Толькі такі падыход дасць магчымасць глыбока засвоіць палітычную і прававую духоўную спадчыну беларускага народа, зразумець яе нацыянальную адметнасць у сям’і славянскіх народаў. 

 

          Спіс літаратуры

 

1. Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі /  В.Ф. Шалькевіч. – Мінск, 2002. – 247 с. 

2. Кніга жыцій і хаджэнняў. – Мінск, 1994. – 503 с.

3. Сокал, С.Ф. Кароткі агляд гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі: лекцыйны матэрыял / С.Ф. Сокал. – Магілёў, 1999. – 142 с.

 

Пытанні для самаправеркі

 

1. Абгрунтуйце, чаму курс названы «Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі», а не «Гісторыя палітычных і прававых вучэнняў Беларусі»?

2. Дайце вызначэнне прадмета курса гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі і асноўных задач курса.

3. Пералічыце асноўныя крыніцы курса і дайце ім кароткую характарыстыку.

4. Назавіце і ахарактарызуйце асноўныя перыяды гістарыяграфіі курса.

5. Назавіце асноўныя вучэбныя дапаможнікі па курсе.

6. Ахарактарызуйце асноўныя этапы перыядызацыі гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі.

7. Абгрунтуйце значэнне курса і яго ўзаемасувязь з іншымі дысцыплінамі.