1. Прадмет і задачы курса
^ Вверх

1. Прадмет і задачы курса

 

Чаму курс названы «Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі», а не, скажам, «Гісторыя палітычных і прававых вучэнняў Беларусі»? У чым розніца паміж  паняццямі «вучэнне» і «думка»? Прафесар В.Ф. Шалькевіч слушна адзначае,  што гісторыя палітычных і прававых вучэнняў мае дачыненне выключна да завершаных твораў, якія будуюцца на пэўнай аснове, змяшчаюць тэарэтычныя рашэнні праблем дзяржавы і права. У той жа час гісторыя палітычных і прававых вучэнняў мала звяртае ўвагі  на творы, у якіх змешчаны фрагментарныя тэарэтычныя погляды на дзяржаву і  права. Гісторыя палітычнай і прававой думкі, побач з палітычнымі і філасофскімі трактатамі, вывучае таксама шматлікія выказванні, зробленыя мысліцелямі, дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі, пісьменнікамі, паэтамі аб палітыка-прававых з’явах, не развітых да ўзроўня самастойнай і арыгінальнай тэорыі.  «Думка ў большасці выпадкаў, – заўважае прафесар В.Ф. Шалькевіч, – з’яўляецца толькі зародкам вучэння» [1, с.5]. Палітычная і прававая думка – гэта не болей як спроба асэнсаваць некаторыя аспекты складаных і супярэчлівых праблем дзяржавы і права.

Такім чынам, палітычная і прававая думка можа як папярэднічаць палітычным і прававым вучэнням, так і суіснаваць з імі. Палітычная і правая думка  – гэта найперш за ўсё рэакцыя той ці іншай часткі грамадства, асобных дзеячаў і мысліцеляў на сучасную ім палітыку, заканадаўства, судаводства, судаўладкаванне і г.д. Палітыка-прававая думка праяўляецца ў розных формах – як у тэарэтычных трактатах, філасофскіх творах, палітычных памфлетах, праектах заканадаўчых актаў, так і ў творах мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы, палемічных творах, палітычных прамовах, выступленнях, гутарках і т.д.

Склалася так, што па нашым курсе і сёння дамініруюць крыніцы, якія змяшчаюць асобныя, фрагментарныя  выказванні і меркаванні беларускіх мысліцеляў аб палітычных падзеях беларускага грамадства, яны не носяць характару самастойнай і завершанай тэорыі. Адсюль вынікае, што нашу дысцыпліну больш мэтазгодна называць не гісторыяй палітычных і прававых вучэнняў Беларусі, а гісторыяй палітычнай і прававой думкі Беларусі. Так склалася яшчэ і таму, што гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі доўгі час навукова не распрацоўвалася, нават і сёння  няшмат даследчыкаў, якія прафесійна вывучаюць яе праблемы.

Палітычная і прававая думка ўзнікала разам з дзяржавай і правам, яна адлюстроўвае інтарэсы розных сацыяльных класаў і груп, асноўны рухавік яе развіцця – сацыяльныя супярэчнасці. Грамадскае значэнне   набываюць тыя ідэі, выказванні, вучэнні, якія адпавядаюць інтарэсам значнай часткі грамадства, найбольш змястоўна адлюстроўваюць стаўленне розных сацыяльных груп да дзяржавы, права, палітыкі і заканадаўства.

Паспрабуем сфармуляваць прадмет і задачы нашага курса.

Прадмет курса – вывучэнне ўзнікнення і развіцця тэарэтычных палажэнняў аб дзяржаве і праве, выказаных мысліцелямі Беларусі з сярэднявечча да нашых дзён.

     

Асноўныя задачы курса:

 

– азнаёміцца з развіццём думкі аб грамадскім ладзе, аб прававым становішчы класаў, саслоўяў, сацыяльных груп насельніцтва Беларусі з сярэднявечча па сённяшні дзень, з асноўнымі ідэямі і прапановамі па яго удасканаленні;

– прааналізаваць асноўныя ідэі мысліцеляў аб дзяржаўным ладзе на Беларусі ў розныя часы, аб адносінах паміж дзяржавай, грамадствам і асобай, аб сістэме вышэйшых і мясцовых органаў улады і кіравання, іх структуры, суадносінах і кампетэнцыі, аб парадку іх утварэння, тэрытарыяльнай пабудове і г.д.;

– азнаёміцца з прававымі ідэямі беларускіх мысліцеляў, з асноўнымі помнікамі беларускага права, з гісторыяй іх распрацоўкі і зместам, з прапановамі па ўдасканаленні заканадаўства, судаводства, судаўладкавання  і г.д.

Такія прадмет і задачы нашага курса.