3. Перыядызацыя гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі
^ Вверх

3. Перыядызацыя гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі

 

У аснову перыядызацыі палітычнай і прававой думкі Беларусі пакладзены асноўныя этапы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця грамадства. Разам з тым даследчыкі па-рознаму вызначаюць храналагічныя рамкі перыядаў курса, іх змест і адметнасці. Так, прафесар В.Ф. Шалькевіч у сваім дапаможніку падзяляе курс на 6 перыядаў, дацэнт І.У. Вішнеўская – на 9 перыядаў. На наш погляд, курс гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі  найбольш мэтазгодна падзяліць на 8 адметных перыядаў.  

Першы перыяд ахоплівае палітычную і прававую думку Сярэднявечча (ІХ–ХV стст.).  Гэты час адметны ўзнікненнем на Беларусі раннефеадальных дзяржаў (княствы-землі, Вялікае княства Літоўскае), якія патрабавалі ўсведамлення новых дзяржаўных рэалій, стаўляння да іх розных сацыяльных груп, царквы, рэлігійных і іншых дзеячаў. Палітычная думка паступова набывае свае адметныя рысы, спецыфічныя асаблівасці, яна пачала адлюстроўваць палітычныя патрэбы і этнічную самабытнасць беларускай народнасці на стадыі яе фарміравання. У гэты перыяд адбываюцца істотныя змены ў жыцці нашых продкаў, звязаныя з дзяржаўнасцю і распаўсюджваннем хрысціянскай ідэалогіі.

Асноўнымі прадстаўнікамі палітычнай думкі названага перыяду былі Еўфрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, Кірыла Тураўскі, Аўрамій Смаленскі, Рыгор Цамблак і інш.

Другі перыяд уключае палітычную і прававую думку ў эпоху Адраджэння і Рэфармацыі (канец ХV – пачатак ХVІІ ст.). У гэты час узмацняецца цэнтралізацыя беларуска-літоўскай дзяржавы, праходзяць працэсы секулярызацыі (адыход ад царкоўнай да свецкай) культуры, развіваецца кнігадрукаванне, адбываецца станаўленне беларускай мовы. У цэнтры ўвагі беларускіх гуманістаў знаходзяцца пытанні роўнасці людзей перад законам, правоў і свабод асобы, рэлігійнай талерантнасці (верацярпімасці), палітычнага плюралізму, свабоднага і незалежнага нацыянальнага развіцця.

Найбуйнейшымі прадстаўнікамі палітычнай і прававой думкі гэтага перыяду былі Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Міхалон Літвін, Андрэй Волан, Сымон Будны, Леў Сапега, Васіль Цяпінскі і інш.

Трэці перыяд. Палітычная і прававая думка ў гады Контррэфармацыі (ХVІІ – сярэдзіна ХVІІІ ст.).  Гэта быў неспрыяльны для развіцця палітычнай і прававой думкі перыяд. Ён характарызаваўся засіллем клерыкальнай ідэалогіі, праследаваннем іншадумцаў. Палітыка-прававая думка знайшла сваё адлюстраванне ў рэлігійна-палемічнай літаратуры.

Прадстаўнікі: Пётр Скарга, Іпацій Пацей, Канстанцін Астрожскі, Сімяон Полацкі, Афанасій  Філіповіч, Георгій Каніскі і інш.

Чацвёрты перыяд. Палітычная і прававая думка эпохі Асветы (другая палова ХVІІІ – пачатак ХІХ ст.). Асветніцкая ідэалогія з Еўропы пачала актыўна пранікаць і пашырацца на Беларусі. Зыходзячы з тэорыі натуральнага права і дагаворнага паходжання дзяржавы, дзеячы і мысліцелі гэтага часу пачалі распрацоўваць і прапаноўваць розныя праекты рэфармавання грамадска-палітычнага ладу Рэчы Паспалітай.

Прадстаўнікі: Казімір Галоўка, Іларыён Карпінскі, Францішак Папроцкі, Мацей Догель, Антоні Загурскі і інш.

Пяты перыяд. Палітычная і прававая думка Беларусі  ХІХ ст. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі аказаліся ў складзе Расійскай імперыі. На развіццё палітычнай думкі Беларусі ўплывалі як расійскія, так і польскія палітыка-прававыя ідэі. У гэты час пачалі ўсведамляцца і ўласныя беларускія праблемы: нацыянальна-культурныя, а пазней і нацыянальна-дзяржаўныя. Сфарміраваліся розныя напрамкі палітычнай і прававой думкі: ліберальны (браты Я. і А. Снядзецкія, І. Даніловіч, студэнцкія таварыствы філаматаў і філарэтаў, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Міцкевіч, В. Дунін-Марцінкевіч); кансерватыўны  (М. Каяловіч, Г. Ржавускі); рэвалюцыйна-дэмакратычны  (Ф. Савіч,  К. Каліноўскі, Я. Ясінскі);  марксізм.

Шосты перыяд. Палітычная і прававая думка беларускага адраджэння (канец ХІХ – пачатак ХХ ст.)

Крыніцамі вывучэння палітычных і прававых поглядаў прадстаўнікоў беларускага вызваленчага руху пачатку ХХ ст. з’яўляюцца праграмныя дакументы Беларускай сацыялістычнай  грамады, матэрыялы газет «Гоман», «Наша доля», «Наша Ніва», публіцыстычныя і навуковыя працы братоў Івана і Антона Луцкевічаў, В. Ластоўскага, Я. Лёсіка, Я. Варонкі, А. Цвікевіча, а таксама творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Пашкевіч (Цётка), З. Жылуновіча (Цішка Гартны) і інш.

Сёмы перыяд. Палітычная і прававая думка Савецкай Беларусі (1919 – 1991 гг.). Гэты перыяд даследчыкі падзяляюць на два этапы. Першы этап – 1919 – 1929 гг., гэта час, калі разам з сацыялістычнай арыентацыяй у палітычнай і прававой думцы развіваюцца ідэі фарміравання беларускай нацыянальнай свядомасці і нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва. Ідэі беларускага адраджэння  мы сустракаем у працах А. Чарвякова, І. Канчэўскага  (Абдзіраловіча), У. Самойлы, А. Смоліча, Б. Тарашкевіча і многіх іншых. Другі этап пачынаецца з 1929 года, калі сталінская групоўка захапіла ўладу ў СССР. Узмацняецца таталітарны рэжым, падвяргаецца рэпрэсіям іншадумства, адзінай правільнай абвяшчаецца толькі ленінска-сталінская ідэалогія. Але і ў гэты складаны час выйшлі навуковыя працы Г. Парэчына, А. Станкевіча, У. Пічэты, І. Лушчыцкага, В. Горбача, А. Бірала, Я. Юхо, В. Круталевіча, І. Марціновіча, В. Чыгіра, Н. Маргунскага, С. Сокала, У. Кучынскага і іншых, у якіх атрымалі далейшае развіццё розныя аспекты палітычнай і прававой думкі, даследавана багатая спадчына беларускіх мысліцеляў.

Восьмы перыяд бярэ свой пачатак з 27 ліпеня 1990 года, з прыняцця  Вярхоўным  Саветам Беларускай ССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Будаўніцтва самастойнай беларускай дзяржавы выклікала ўздым у развіцці палітычнай і прававой думкі. Інтэнсіўна пачалі распрацоўвацца праблемы дзяржаўнай незалежнасці рэспублікі, шляхоў пабудовы ў Беларусі прававой сацыяльнай дэмакратычнай дзяржавы, правоў чалавека, праблемы судова-прававой рэформы, пытанні нацыянальнай гісторыі, прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці ва ўмовах рынкавых адносін і інш. Значны ўклад у развіццё палітычнай і прававой думкі суверэннай Беларусі ўнеслі вядомыя навукоўцы А. Вішнеўскі, У. Кучынскі, В. Ціхіня, М. Пастухоў, А. Цікавенка, А. Абрамовіч, С. Драбязка, М. Гарбаток, Т. Доўнар, М. Сільчанка, В. Шалькевіч, С. Падокшын, Р. Васілевіч, Л. Лыч і іншыя. 

Такія асноўныя перыяды гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі. Згодна з азначанай перыядызацыяй  намі структурна пабудаваны і курс лекцый, які прапаноўваецца вашай увазе.