2. Крыніцы. Гістарыяграфія. Вучэбная літаратура
^ Вверх

2. Крыніцы. Гістарыяграфія. Вучэбная літаратура

 

Крыніцы

 

Пад крыніцай мы звычайна разумеем пісьмовыя помнікі, дакументы, на падставе  якіх пішуцца навуковыя даследаванні. Ніякая, нават найлепшая лекцыя вопытнага прафесара не можа замяніць непасрэднага знаёмства студэнта з тым ці іншым творам палітычнай думкі. Агульнапрызнана, што толькі вывучэнне студэнтам непасрэдна крыніц дае яму ўяўленне аб сутнасці поглядаў таго ці іншага мысліцеля, дапамагае асэнсаваць здабыткі нацыянальнай палітычнай і прававой думкі. У літаратуры нават склаўся тэрмін – кампіляцыя, які тлумачыцца як апрацоўка вынікаў чужых даследаванняў, думак, без вывучэння першакрыніц.

Такім чынам, знаёмства с першакрыніцамі займае важнае месца ў вывучэнні нашага курса.

Па гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі існуюць шматлікія першакрыніцы:

Жыційная, ці агіяграфічная, літаратура (грэч. hagios святы + grapho пішу) – царкоўная літаратура, у якой апісваецца жыццё святых, подзвігі і пакуты кананізаваных царквой людзей: адзін з літаратурных жанраў  сярэднявечча. На Беларусі жыційная літаратура бярэ пачатак з канца ХІІ ст. («Жыціе і хаджэнне Еўфрасінні Полацкай»; «Жыціе Кірылы Тураўскага»; «Слова пра манаха Марціна»), з ХІІІ ст. («Жыціе Аўрамія Смаленскага»; «Аповесць пра Меркурыя Смаленскага») і завяршаецца ў ХІV ст. («Жыціе віленскіх пакутнікаў Івана, Антонія і Яўстафія»). У ХVІ – ХVІІІ стcт. з’явіліся стылёвыя ці ідэалагізаваныя рэдакцыі гэтых твораў, спісы якіх захаваліся да нашага часу. «Жыціе Ефрасінні Полацкай» вядомае ў 6 рэдакцыях, «Жыціе Аўрамія Смаленскага» – у 3, «Аповесць пра Меркурыя» – у 4 рэдакцыях. Старажытны перапісчык рэдка проста «тыражаваў» той ці іншы твор. Ён ставіўся да тэксту досыць вольна: мог змяняць яго, па-іншаму расставіць акцэнты, скараціць ці дапоўніць старажытны тэкст пэўнымі эпізодамі, змяніць па свайму густу стыль твора, аздабляў яго прыўкрасамі, ці наадварот, пазбаўляў ад іх [2, с.17]. Такая практыка прыводзіла да ўзнікнення новых рэдакцый таго ці іншага помніка. Жыціі найбольш поўна сабраны ў выданні: Кніга жыцій і хаджэнняў /пераклад са старажытнарускай, старабеларускай і польскай. – Мінск.: Маст. літ., 1994. – 503 с. Кніга, на наш погляд, вельмі каштоўная, значны тыраж (13 100 экз.) робяць яе даступнай для чытача.

Летапісы. Найбольш важнымі для нашага курса з’яўляюцца летапісы: «Паданне пра Рагнеду»; «Аповесць пра Усяслава Полацкага»; «Старонкі Полацкага летапісу»; «Аповесць пра князёў Міндоўга, Войшалка і Тройдзеня»; «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх»; «Хроніка Быхаўца»; «Віцебскі летапіс»  і інш. Найбольш поўна летапісы змешчаны ў выданні: Беларускія летапісы і хронікі /ўклад. У.Арлова; прадм. В.Чамярыцкага. – Мінск.: Беларускі кнігазбор, 1997. – 432 с. (Тыраж – 6 тыс. экз.). У выданні сабраны амаль што ўсе асноўныя беларускія летапісы. Разам з тым, на наш погляд, выданне мае істотны недахоп. Парушана практыка такіх выданняў, якая патрабуе спярша публікаваць арыгінал твора, а затым яго пераклад. У дадзеным выданні адразу даецца пераклад летапісаў на сучасную беларускую мову, арыгіналы крыніц  не прыводзяцца. Хацелася б верыць, што перакладчык летапісаў здолеў адэкватна  перакласці на сучасную мову тэкст дакументаў. Але каб разам з перакладамі друкаваліся і арыгіналы тэкстаў летапісаў, даверу да выдання  было б значна больш.

  • Памфлеты – злабадзённыя вострыя сатырычныя творы, звычайна палітычнага характару(«Прытча пра сляпога і кульгавага» Кірылы Тураўскага), пасланні, («Послание к Фоме Пресвитеру» Клімента Смаляціча), прадмовы альбо ўступныя артыкулы да перакладзеных беларускімі дзеячамі кніг («Прадмовы» Ф. Скарыны да выдадзеных ім кніг Бібліі).
  • Творы рэлігійна-палемічнай літаратуры (П. Скарга «Апісанне і абарона Брэсцкага сабору»; Х. Філалет «Апокрысіс»; М. Сматрыцкі «Фрынас, альбо Лямант усходняй царквы»).
  • Творы мастацкай літаратуры (паэтычныя зборнікі С. Полацкага «Рыфмалогіён», «Вертаград мнагацветны»).
  • Матэрыялы, змешчаныя на старонках газет, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі («Мужыцкая праўда»; «Наша доля»; «Наша Ніва»). Заўважым, што першая газета на тэрыторыі Беларусі з’явілася ў 1776 г.
  • Эпісталярная спадчына (ліст Сапегі да біскупа Іасафата Кунцэвіча; ліст С.Буднага да Генрыха Булінгера і інш.).
  • Палітычныя і філасофскія трактаты  (працы: А. Волана «Пра палітычную, альбо грамадзянскую свабоду»; А. Алізароўскага «Аб палітычнай супольнасці людзей» і г.д.). 

Адзначым, што асабліва ў апошнія гады ўзрасла грамадская цікаўнасць да помнікаў беларускай палітычнай і прававой думкі.  Беларускімі і замежнымі выдавецтвамі апублікаваны: Францыск Скарына «Творы: Прадмовы, сказанні,   пасляслоў’і, акафісты і пасхалія» (Мінск, 1990); М. Літвін «О нравах татар, литовцев и москвитян» (Масква, 1994); «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментарыі.» (Мінск, 1988); С. Полацкі «Вертоград многоцветный» (Масква, 1994); Г. Каніскі «Нравственная философия или Этика» (Кіеў, 1987) і інш.

Першакрыніцы па гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі дайшлі да нас на шасці мовах: царкоўнаславянскай, старажытнабеларускай, беларускай, лацінскай, польскай і рускай. Жыційная літаратура, як правіла, не ўтрымлівае звестак аб аўтарах твораў і месцы іх напісання.

З агляду крыніц можна зрабіць вывад, што маюцца шматлікія крыніцы па гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі. Некаторыя крыніцы вывучаны і асэнсаваны даследчыкамі слаба, яны і сёння застаюцца малавядомымі для шырокага кола чытачоў. 

 

Гістарыяграфія

 

Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі – маладая вучэбная дысцыпліна, яна пачала выкладацца на юрыдычных факультэтах вышэйшых навучальных устаноў Беларусі толькі з 1995 года.

Працэс назапашвання ведаў па гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі можна падзяліць на 4 перыяды.

1 перыяд – з 30-х гг. ХХ стагоддзя. У гэты час убачылі свет даследаванні А. Луцкевіча «За дваццаць пяць гадоў» (1903 – 1928): Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацый: Беларуская рэвалюцыйная грамада, Беларуская сацыялістычная грамада. – Вільня, 1928; А. Цвікевіча – «Западно-русизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. – Мінск, 1929; Г. Парэчына – Ідэя беларускай дзяржаўнасці перад утварэннем Савецкай Беларусі //Запіскі аддзялення гуманітарных навук БАН. Працы катэдры сучаснага права. – Мінск, 1929. – Т.1. – С. 1-35; А. Станкевіча  – Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. – Вільня, 1935;  А. Станкевіча – Беларускі хрысціянскі рух. – Вільня, 1939 і інш.                       

У гэты час публікацыі на беларускую тэматыку выходзяць у шэрагу заходнееўрапейскіх краін – у Германіі і Францыі.

2 перыяд бярэ свой пачатак пасля Вялікай Айчыннай вайны. У гэты час значна ўзрастае цікавасць да гісторыі грамадска-палітычнай і прававой думкі. Прафесар В.Ф. Шалькевіч тлумачыць гэта тым, што гісторыя палітычнай і прававой думкі, як і іншыя гістарычныя навукі, павінна была раскрыць прычыны гераізму беларускага народу ў гады  цяжкіх ваенных выпрабаванняў, яго патрыятызму, любві да роднай зямлі.

Пасля аднаўлення ў 1947 годзе дзейнасці Інстытута філасофіі і права АН БССР  у план яго навукова-даследчай работы была ўключана тэма «Асноўныя моманты развіцця грамадскай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палове ХІХ стагоддзя». Навуковая распрацоўка тэмы была даручана І.М. Лушчыцкаму.

У 1948 г. на сесіі Аддзялення грамадскіх навук АН БССР было абмеркавана тры даклады: «Грамадская дзейнасць і светапогляд Георгія Скарыны» (дакладчык У.М.Перцаў), «Сацыяльна-палітычныя погляды Кастуся Каліноўскага» (дакладчык І.М.Лушчыцкі) і «Мастацкая творчасць і грамадскія погляды Ф.Багушэвіча» (дакладчык В.В. Барысенка). У спрэчках па дакладах выступілі П. Глебка, П. Пестрак, А. П’янкоў, М. Клімковіч, Л .Бендэ (Л. Апанасовіч) і  інш. На сесіі  перад вучонымі Беларусі была пастаўлена задача – даць навуковую ацэнку дзейнасці і творчасці палітычных дзеячаў і мысліцеляў беларускага народа, паказаць змест іх грамадска-палітычных поглядаў. На думку прафесара В.М. Шалькевіча, менавіта на гэтай сесіі фактычна «было пастаўлена пытанне аб стварэнні гісторыі грамадска-палітычнай думкі Беларусі» [1, с.10].

У 1952 годзе ў Інстытуце філасофіі АН СССР у Маскве І.М. Лушчыцкі абараніў доктарскую дысертацыю на тэму: «Перадавая грамадска-палітычная і філасофская думка Беларусі ў другой палове ХІХ ст.». У наступныя гады прафесар І.М. Лушчыцкі апублікаваў больш дзесяці навуковых прац, у якіх паглыбіў веды па многіх пытаннях гісторыі грамадскай думкі Беларусі другой паловы ХІХ стагоддзя.

3 перыяд  пачынаецца з другой паловы 50-х гадоў ХХ стагоддзя, пасля ХХ з’езда КПСС, падчас так званай «палітычнай адлігі».  У гэты перыяд даследчыкі пераважна распрацоўвалі праблемы, звязаныя з вывучэннем светапогляду беларускіх пісьменнікаў.Мастацкая літаратура адлюстроўвала грамадскія працэсы, таму аналіз спадчыны мастакоў слова даваў пэўнае ўяўленне аб палітычнай думцы тых ці іншых гадоў. У гэты час даследчыкі звярталіся да вывучэння светапогляду М.Багдановіча, Цёткі (А. Пашкевіч), Я. Купалы, Я. Коласа і інш. Філасофскія, этычныя, палітычныя і эстэтычныя погляды беларускіх пісьменнікаў знайшлі сваё адлюстраванне ў працах А.А. Акуліча, В.А. Сасановіча, С.І. Карабана, Н.С. Купчына  і інш.

Навукоўцамі ўдзялася значная ўвага вывучэнню грамадскай думкі Беларусі ХVІ ст., яе прадстаўнікоў Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага. Значны ўклад у вывучэнне светапогляду Ф. Скарыны ўнеслі вядомыя беларускія навукоўцы У.І. Пічэта і У.М. Перцаў. У 1958 годзе ў Мінску выйшла манаграфія М.А. Алексютовіча  «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд». Аналізуючы прадмовы і пасляслоўі Скарыны, аўтар прыйшоў да высновы, што характэрным для светапогляду беларускага першадрукара і гуманіста было яго імкненне да эмансіпацыі (вызваленне ад залежнасці, прыгнёту) чалавека і яго розуму. У працах М.А. Алексютовіча знайшлі свае раскрыццё грамадска-палітычныя ідэі С. Буднага, В. Цяпінскага, К. Лышчынскага і іншых беларускіх мысліцеляў.

У 1958 годзе В.М. Пузікаў  абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: «Светапогляд Сімеона Полацкага». Светапогляду і дзейнасці С. Полацкага  былі прысвечаны творы В.І. Горбач, В.М. Горцава і інш.

У гэты перыяд беларускія вучоныя шмат зрабілі па даследаванню распаўсюджання марксізму на Беларусі. У Мінску выйшлі кнігі У.І. Салашэнка: «З гісторыі распаўсюджвання марксізму ў Беларусі» (1963); «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму ў Беларусі (1883 – 1917)» (1968) і інш.

Значна ажывіліся даследаванні гісторыі палітычнай і прававой думкі ў 70-я гг. ХХ ст. У Мінску былі выданы кнігі: Бірала А.А. «Філасофская і грамадская думка ў Беларусі і Літве ў канцы ХУІІ – сярэдзіне ХУІІІ ст.» (1971);  Э.К. Дарашэвіча «Філасофія эпохі Асветы ў Беларусі» (1971); Майхровіч А.С. «Беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты. Важнейшыя аспекты светапогляду» (1977);  М.Н. Махнач «Ідэйная барацьба ў Беларусі ў 30–40-е годы ХІХ ст.» (1971); С.А.  Падокшына «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (другая палова ХVІ – пачатак ХVІІ ст.)» (1970); і  «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. Ад Францыска Скарыны да Сімеона Полацкага» (1990); К.С. Пракошына «Мелецій Сматрыцкі» (1966); С.Ф. Сокала «Палітычная і прававая думка ў Беларусі ХУІ – першая палова ХVІ ст.» (1984); Шалькевіча В.Ф. «Філасофская думка Беларусі» (1976) і інш.

У гэты перыяд гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі знайшла сваё адлюстраванне і ў агульнасаюзных навуковых выданнях: «Очерки по истории философской и общественно-политической мысли народов СССР» (М., 1955 – 1956. Т. 1 – 2); у шасцітомнай «Истории философии» (М., 1957 – 1965 гг.); у «Очерках истории философской и социологической мысли Белорусси (до 1917 г.)» (Минск, 1973) і інш.

Асобныя перыяды гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі былі змешчаны ў падручніках і дапаможніках па гісторыі палітычных і прававых вучэнняў: «История политических учений» (М., 1960); «История политических и правовых учений» (М.,1983); «История политических и правовых учений. Домарксистский период». (М., 1991) і інш.

4 перыяд бярэ свой пачатак з набыцця Беларуссю сваёй дзяржаўнай незалежнасці (з 1991 г.). У гэты перыяд не стала цэнзуры і шматлікіх забаронаў на аб’ектыўныя навуковыя даследаванні гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі. Значным дасягненнем беларускіх вучоных-юрыстаў стала выданне «Юрыдычнага энцыклапедычнага слоўніка» (Мінск, 1992). Гэта было першае беларускамоўнае энцыклапедычна-даведачнае выданне па ўсіх галінах права і дзяржаўнага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Шмат артыкулаў слоўніка прысвечаны гісторыі развіцця дзяржавы і права на Беларусі, крыніцам права, у слоўніку выкладзены асноўныя прававыя паняцці і сучасная беларуская прававая тэрміналогія.

Значным дасягненнем беларускай прававой культуры было перавыданне ў 1989 годзе Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года, а таксама перавыданне ў 2003 г. Статута Вялікага княства Літоўскага 1566 года. У гэтай працы прынялі ўдзел беларускія навукоўцы Я. Юхо, С. Сокал, Т. Доўнар, Г. Дзербіна і інш.  

У 90-я – пачатку 2000 гг. выйшлі навуковыя працы Я. Юхо, А. Вішнеўскага, У. Кучынскага, М. Сільчанкі, А. Цікавенкі, Т. Доўнар, Г. Дзербінай, Р. Васілевіча, В. Шаўкапляс і многіх іншых. Найбольш важныя навуковыя працы гэтых і іншых беларускіх навукоўцаў, іх ідэі і падыходы  мы разгледзім у апошняй тэме наша курса,  калі будзем разглядаць пытанне: «Развіццё юрыдычнай навукі Рэспублікі Беларусь».

 

Вучэбная літаратура

 

Падручніка па курсе гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі пакуль няма. Пры вывучэнні курса выкарыстоўваюцца дапаможнікі, энцыклапедычныя выданні, манаграфічная і іншая літаратура.

 

Вучэбныя дапаможнікі


Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі /В.В. Шалькевіч. – Мінск: Маладзёжнае навуковае супольніцтва, 2002. – 248 с. Тыраж 3 тыс. экз.

Шалькевіч Вячаслаў Феліксавіч нарадзіўся ў 1941 годзе ў Бураціі (Расія), доктар філасофскіх навук (1994). Аўтар манаграфій: «Кастусь Каліноўскі: Старонкі біяграфіі» (1988); «Скарына і скарыніяна» (2001) і інш.  Разглядаемы дапаможнік вытрымаў 3 выданні. (1-е выданне выйшла ў Мінску ў 1999 годзе, тыражом усяго 250 экз., як дадатак да часопіса «Права і эканоміка»). Дапаможнік прафесара В.Ф. Шалькевіча, на наш погляд, адно з самых грунтоўных выданняў па курсе гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі. У дапаможніку па кожным раздзеле курса маецца спіс літаратуры, прыведзены тэксты (фрагменты) дакументаў, тэмы рэфератаў і дакладаў. Дапаможнік пабудаваны на дакументах і матэрыялах навуковых даследаванняў, яго змест пераканаўчы, усебакова абгрунтаваны, ахоплівае агляд гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі са сярэднявечча (ХІ ст.) да 1905 г. 

Сокал С.Ф. Кароткі агляд палітычнай і прававой думкі Беларусі: лекцыйны матэрыял  / С.Ф. Сокал . –  Магілёў, 1999. – 142 с. Тыраж 1500 экз.

Сокал Сцяпан Фёдаравіч нарадзіўся ў Ляхавіцкім раёне (Беларусь). Доктар юрыдычных навук (1988), прафесар (1990). У 1985 – 1990 гг. працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы (дэкан юрыдычнага факультэта, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права). Узначальваў Беларускі недзяржаўны  інстытут правазнаўства. Даследуе развіццё сацыялагічнай, палітычнай і прававой думкі Беларусі ХVІ – першай паловы ХVІ ст.

Кніга была задумана прафесарам С.Ф.Сокалам як вучэбны дапаможнік для студэнтаў Беларускага недзяржаўнага інстытута правазнаўства, але яна хутка набыла вядомасць, зараз паспяхова выкарыстоўваецца і на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Як адзначае аўтар, ён «ставіў на мэце не столькі навукова-канцэптуальны аналіз гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі, колькі асветніцкія задачы. Таму і назваў сваё выданне лекцыйнымі матэрыяламі» [3, с. 2]. Дапаможнік ахоплівае перыяд з ХІ ст. да 1991 года, напісаны на беларускай мове, у дапаможніку аўтарскія падыходы спалучаюцца з аглядам і тлумачэннем навуковых распрацовак і падыходаў іншых навукоўцаў.

Вішнеўская, І.У. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі / І.У. Вішнеўская. – Мінск: Тэсей, 2004. – 272 с. Тыраж 1 тыс. экз.

Вішнеўская Ірына Уладзіміраўна, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. Аўтар больш за 40 навуковых прац, у тым ліку: «Хрышчэнне Белай Русі: асаблівасці і наступствы» (1992); «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» (2000);  «Катэгорыя «свабоды» ў палітыка-прававой думцы Беларусі» (2003); «Прававыя і палітычныя погляды беларускіх юрыстаў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя» і інш.

Дапаможнік ахоплівае ўвесь перыяд развіцця палітыка-прававой думкі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён. Адметнасць дапаможніка – у ім упершыню асвятляецца палітыка-прававая думка сучаснай Беларусі.    

Политические мыслители: учебн. пособие. – Минск, 1997. – 224 с.

Дапаможнік раскрывае палітычныя і прававыя погляды беларускіх мысліцеляў і дзеячоў : Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Льва Сапегі.

Козел, А.А. Философская  мысль Беларуси: учеб. пособие / А.А. Козел. – Минск: Амалфея, 2004. – 350 с. Тыраж 2100 экз.

Аснову дапаможніка склаў спецкурс, які выкладаецца яго аўтарам у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь з 1990 года. Дапаможнік асвятляе гісторыю філасофскай, сацыяльна-палітычнай думкі Беларусі з ХІІ па ХХ стст. Да кожнага раздзела дапаможніка прыкладзены фрагменты дакументаў, твораў беларускіх мысліцеляў і дзеячоў.

 

Публікацыя літаратурных крыніц

 

Старажытная беларуская літаратура (ХІ І– ХVІІ стст.). – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 608 с. Тыраж – 5 тыс. экз.

У кнізе ў перакладзе на сучасную беларускую мову і ў адаптаваным выглядзе надрукаваны творы  К. Тураўскага, Г. Цамблака, Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага, Л. Сапегі, І. Пацея, М. Сматрыцкага, Я. Руцкага, А. Філіповіча, С. Полацкага і інш.

 

Энцыклапедычныя выданні


Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік. – Мінск: БелЭН, 1995. – 671 с. Тыраж  6 тыс. экз.

Гэта першы ў Рэспубліцы Беларусь энцыклапедычны даведнік, у якім змешчаны звесткі пра жыццёвы шлях і дзейнасць прадстаўнікоў філасофскай і грамадскай думкі, асветнікаў ад старажытных часоў да пачатку ХХ ст. У даведніку змешчаны больш за 650 персаналій, фрагменты з твораў мысліцеляў і асветнікаў, тлумачальны слоўнік.

Асветнікі зямлі Беларускай: энцыкл. даведнік. – Мінск: БелЭН, 2001. – 496 с. Тыраж 3 тыс. экз.

У даведніку змешчаны артыкулы пра жыццёвы і творчы шлях каля 750 прадстаўнікоў філасофскай і грамадскай думкі Беларусі ад старажытных часоў да пачатку ХХ ст.

Францыск Скарына і яго час: энцыкл. даведнік. – Мінск: БелЭН, 1989. – 631 с. Тыраж 20 тыс. экз.

Даведнік змяшчае 738 артыкулаў, тэксты прадмоў і пасляслоўяў Ф.Скарыны, грунтоўны нарыс аб яго дзейнасці і светапоглядзе, дакументы і спіс літаратуры, прысвечаныя беларускаму гуманісту.

Палітычныя і прававыя ідэі беларускіх мысліцеляў утрымліваюцца і ў іншых энцыклапедычных выданнях: «Беларуская энцыклапедыя» ў 18 т. (1996 – 2004 гг.); «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6 т.(1993 – 2003 гг.) і іншых.

 

Манаграфічная літаратура


Намі ўжо адзначаліся манаграфічныя працы С.Ф. Сокала, С.А. Падокшына, В.Ф. Шалькевіча, А.С. Майхровіча, Н.М. Махнач, У.І. Пічэты і інш. Манаграфічныя працы, разам з вучэбнымі дапаможнікамі і іншай літаратурай, складаюць  навуковы падмурак вывучэння курса гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі.