ЗАКЛЮЧЭННЕ
З курса гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі можна зрабіць высновы, што ў розныя гістарычныя часы на Беларусі былі створаны выдатныя помнікі нацыянальнай палітыка-прававой культуры, якія маюць не толькі еўрапейскі, але з’яўляюцца агульнапрызнанымі помнікамі сусветнага значэння (Статуты 1529, 1566, 1588 гг., прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны да кніг Бібліі, псіхалагічная тэорыя права Льва Петражыцкага і інш.).
Разам з тым неабходна адзначыць, што гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі як вучэбная дысцыпліна, арганізацыйна аформілася і была ўключана ў вучэбныя планы юрыдычных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь толькі ў 1990-я гг. З гэтай прычыны шмат якія яе праблемы даследаваны слаба, некаторыя пытанні выкладзены супярэчліва, без дастатковай навуковай распрацоўкі і аргументацыі. Вельмі слаба даследаваны ўклад беларускіх мысліцеляў у еўрапейскую і сусветную культуру, адметнасць іх палітычных і прававых поглядаў, развіццё і дастасаванне да беларускіх нацыянальных асаблівасцяў еўрапейскіх канцэпцый.
Недастаткова ў рэспубліцы развіта выданне помнікаў айчыннай палітычнай і прававой думкі, яны маладаступны для шырокага кола чытачоў і студэнтаў. У рэспубліцы няшмат аспірантаў, якія распрацоўваюць праблемы гісторыі айчыннай палітычнай і прававой думкі.
Разам з тым відавочна, што з кожным годам у Рэспубліцы Беларусь узрастае цікавасць да айчыннай палітычнай і прававой думкі, пашыраецца кола гісторыкаў, правазнаўцаў і філосафаў, якія рупліва асвойваюць раней невядомыя пласты ведаў, публікуюць манаграфіі і навуковыя артыкулы. Прыйдзе час, і многае, зараз невядомае, будзе агульнавядомым. Усё гэта будзе спрыяць галоўнай мэце – развіццю і росквіту нашай Айчыны – суверэннай Беларусі.