ПРАДМОВА
^ Вверх

ПРАДМОВА

       

Па гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі, нягледзячы на тое, што гэтая навучальная дысцыпліна вывучаецца ва ўніверсітэце толькі з восені 1995 года, ужо распрацаваны і апублікаваны некалькі вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў-юрыстаў. І вось падрыхтавана новае вучэбнае выданне – курс лекцый па гэтым прадмеце прафесара І.А. Басюка, які мае шэраг прыкметных адметнасцяў.

Па-першае, тэксты лекцый заснаваны на першакрыніцах – дадзеных летапісаў, хронікаў, творах  беларускіх мысліцеляў, літаратурных помніках са старажытнасці да цяперашняга часу. Першакрыніцы  часта цытуюцца аўтарам, яны выкарыстоўваюцца як аргументы пры разглядзе спрэчных пытанняў, пры асвятленні навуковых дыскусій і г.д. Такі прыём дазваляе  аўтару пераносіць студэнтаў на стагоддзі назад, знаёміць іх са старажытнай літаратурай, прывіваць ім добры густ, навыкі і ўменні навукова-даследчай працы з дакументамі розных эпох, глыбей засвойваць палітычныя і прававыя ідэі, іх генезіс пад уплывам часу і канкрэтных гістарычных абставін.

Другая адметнасць працы прафесара І.А. Басюка ў тым, што ў лекцыях выразна адлюстравана яго аўтарская пазіцыя, якая выкладзена з добрым густам, аргументавана падводзіць студэнтаў да ацэнак палітычных і прававых ідэй, зыходзячы з карэнных інтарэсаў беларускага народа.

Трэцяя асаблівасць – у курсе лекцый палітычныя і прававыя ідэі беларускіх дзеячоў і мысліцеляў выкладзены не адасоблена, а ў параўнанні, нават калі  погляды мысліцеляў не толькі не супадаюць, але і супярэчаць. На наш погляд, такі метадалагічны прыём каштоўны, бо яшчэ са старажытнасці вядома правіла – думка асобы толькі тады актывізуецца, калі яна ўпіраецца ў супярэчнасць, якую не можа пераадолець назапашанымі раней ведамі. Менавіта гэтае метадалагічнае правіла, на наш погляд, і складае падмурак «развивающего образования», калі новыя веды не толькі запамінаюцца, але і ўсведамляюцца,  увасабляюцца ў жыццёвыя крытэрыі ацэнкі дабра і зла.

Важная адметнасць працы прафесара І.А. Басюка і ў тым, што выбраны ім від вучэбнага выдання – курс лекцый – дазваляе, у параўнанні з іншымі вучэбнымі выданнямі (падручнікамі, дапаможнікамі), вырашыць некалькі важных пытанняў. Курс лекцый дае магчымасць больш глыбока і ўсебакова адлюстраваць адметнасць асобы выкладчыка, яго ўнутраны свет і светаўспрыманне, культуру, метадычную тактыку пабудовы лекцыі, больш вольны, у параўнанні з падручнікам ці дапаможнікам, адбор вучэбнага матэрыялу, спосабаў і прыёмаў перадачы яго студэнтам. На наш погляд, гэтая адметнасць адчуваецца ў працы І.А. Басюка, у прыватнасці, у лекцыях аўтарам шырока выкарыстаны хронікі, тэксты старажытных літаратурных помнікаў, вершы, прымаўкі і г.д.

Заслугоўвае станоўчай ацэнкі і падзел аўтарам спіса рэкамендаванай для вывучэння літаратуры на асноўную і дадатковую. Такі падзел дазваляе студэнтам вылучыць і  засяродзіць сваю ўвагу на галоўных крыніцах, мэтанакіравана арыентавацца ў вялікім абшары навуковай і метадычнай літаратуры.

Лекцыі  раскрываюць асноўныя палажэнні вучэбнай праграмы  аднайменнага курса, маюць спасылкі на цытуемую літаратуру, пытанні для самакантроля.

Курс лекцый  аўтарскі, таму мэтазгодна некалькі слоў сказаць пра асобў іх аўтара. Басюк Іван Аляксандравіч – доктар гістарычных навук, прафесар, яго педагагічны стаж на выкладчыцкіх пасадах у вышэйшых навучальных установах  склаў больш за трыццаць гадоў. Курс гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі прафесар І.А. Басюк выкладае без перапынкаў з часу ўключэння гэтага прадмету ў тыпавы вучэбны план падрыхтоўкі прававедаў. Назапашаны вопыт выкладання дысцыпліны ў значнай меры рэалізаваны ім у аўтарскім курсе лекцый. Прафесар І.А. Басюк з высокай адказнасцю ставіцца да чытання лекцый, шмат увагі надае вывучэнню і абагульненню навінак па прадмеце, своечасова выкарыстоўвае іх, самааддана служыць на ніве педагагічнай працы.

На наш погляд, курс лекцый прафесара І.А. Басюка добрае і патрэбнае выданне не толькі для студэнтаў-юрыстаў, але і для асоб, якія цікавяцца  гісторыяй айчыннай юрыспрудэнцыі.

 

В.М. Ватыль,

доктар палітычных навук, прафесар