§ 72. PARTICIPIUM PERFECTI PASSĪVI (дзеепрыметнiк прошлага часу закончанага трывання залежнага стану)
^ Вверх

§ 72. PARTICIPIUM PERFECTI PASSĪVI

(ДЗЕЕПРЫМЕТНІК ПРОШЛАГА ЧАСУ ЗАКОНЧАНАГА ТРЫВАННЯ ЗАЛЕЖНАГА СТАНУ)

 

Дзеепрыметнік прошлага часу залежнага стану ўтвараецца шляхам далучэння да асновы супіна родавых канчаткаў -us, -a, -um. Напрыклад:

 

parātus, a, um

- прыгатаваны, ая, ае

doctus, a, um

- навучаны, ая, ае; вучоны

lectus, a, um

- прачытаны, ая, ае

structus, a, um

- пабудаваны, ая, ае

captus, a, um

- схоплены, ая, ае

audītus, a, um

- выслуханы, ая, ае; пачуты

 

Participium perfecti passīvi скланяецца, як і прыметнікі І-ІІ скланення на -us, -a, -um і ўказвае на дзеянне, папярэдняе ў адносінах да дзеяння, выражанага кіруючым дзеясловам.

У сказе дзеепрыметнік можа дапасоўвацца да назоўніка або займенніка і спалучацца з якім-небудзь членам сказа (participium coniunctum - дзеепрыметнік спалучаны).

Participium выконвае функцыі азначэння: liber lectus - прачытаная кніга, res facta - зробленая справа; акалічнасці (адпавядае даданым акалічнасным сказам): rex irā commōtus (= quod...commōtus est) - цар, ахоплены гневам (разгневаны) або іменнай часткі састаўнога выказніка: hostes victi sunt - ворагі пераможаныя былі[1].

Participium, як і прыметнік, мае ўласцівасць субстантывавацца. Напрыклад: Orta omnium intereunt. - Усё народжанае гіне.

Participium perfecti passivi перакладаецца на беларускую мову, як правіла, дзеепрыметнікам прошлага часу закончанага трывання залежнага стану. Але ёсць выпадкі, калі ён адпавядае па значэнні аддзеяслоўнаму назоўніку: ab Urbe condita - ад заснавання горада (Рыма), post Christum natum - пасля нараджэння Хрыста, post civitātem liberātam - пасля вызвалення дзяржавы і інш



[1] Гэта значыць выконвае функцыі атрыбутыўную (participium attributīvum) і прэдыкатыўную (participium praedicatīvum).