3. Гістарычныя звесткі...
^ Вверх
3. Гістарычныя звесткі пра Беларусь у працах рускіх гісторыкаў канца XVIIІ – пачатку ХІХ ст.

Адным з першых расійскіх даследчыкаў, які  прааналізаваў гістарычныя падзеі на Беларусі, з’яўляецца Васіль Тацішчаў.
Васіль Мікітавіч Тацішчаў (1686 – 1750 гг.) паходзіць з роду беларускіх князёў Саламярэцкіх. Актыўны ўдзельнік ІІ Паўночнай вайны: у 1710 г. на чале ваеннага атрада прайшоў ад Пінска да Кіева, быў паранены пад Палтавай. Заснавальнік расійскай гістарычнай навукі, хаця сам не з’яўляўся прафесійным гісторыкам. Галоўная праца – «Гісторыя Расійская» (1768 – 1848 гг.) у пяці  кнігах. Упершыню ў расійскай гістарыяграфіі паспрабаваў знайсці заканамернасці ў гістарычным развіцці Расіі. З яго імем звязаны працэс пераўтварэння гістарычных ведаў у навуку.
Вядома, што В.М.Тацішчаў чытаў і выкарыстаў у сваёй «Истории Российской» Полацкі летапіс. Таму яго праца з’яўляецца каштоўнай крыніцай, на падставе якой удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі. У прыватнасці, аўтар вызначыў прычыну нападу наўгародскага князя Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 г. – паход Рагвалода на Наўгародскія землі, раскрыў намер менскага князя Глеба Усяславіча заваяваць Наўгародскія і Смаленскія землі. Тацішчаў лічыў, што горад Навагрудак заснаваны князем Яраславам Мудрым падчас яго паходу на Літву ў 1044 г., што полацкі князь Усяслаў Брачыславіч здзейсніў ваенную акцыю не на Ноўгарад, а на Навагрудак (памылкова). Бітву на Нямізе даследчык лакалізаваў на Нёмане 10 сакавіка 1067 г. Таксама аўтар паказаў акалічнасці ўтварэння ВКЛ, апісаў помсту Войшалка забойцам Міндоўга і інш.
Тацішчаў адным з першых зрабіў спробу перыядызацыі гісторыі Полацкага княства, вызначыўшы тры перыяды: мясцовага княжання, вечавы і ў складзе ВКЛ. Ён упершыню даследаваў пытанне паходжання і геаграфічнага значэння тэрміна «Белая Русь». Даследчык лічыў, што гэтая назва ўзнікла ў ХІІ ст. у дачыненні да Растова-Суздальскіх земляў. Традыцыю Тацішчава прадоўжыў вядомы расійскі вучоны-прыродазнаўца, паэт, мастак Міхаіл Васільевіч Ламаносаў (1711 – 1765 гг.), які стаяў на пазіцыі аўтахтоннасці Русі, у склад якой ён адносіў і беларускія землі.
У ХVIII ст. пачынаецца навуковая публікацыя крыніцаў па гісторыі Беларусі, распачатая Герардам Мілерам.
Герард-Фрыдрых Мілер (1705 –1783 гг.) – гістарыёграф і акадэмік. Нарадзіўся ў Вестфаліі ў сям’і рэктара гімназіі, вучыўся ў Рынтэльскім і Лейпцыгскім універсітэтах. У 1725 г. быў запрошаны імператарам Пятром І для працы ў Пецярбургскай Акадэміі навук. З 1731 г. прафесар. Аўтар нарманскай тэорыі паходжання Русі. Распрацаваў праграму вывучэння і выдання крыніцаў па гісторыі Расіі.
З 1732 г. Мілер стаў выпускаць часопіс «Собрание русской истории». У шасці нумарах за гэты год у перакладзе на нямецкую мову ён апублікаваў частку Радзівілаўскага летапіса (падзеі з 860 па 1175 гг.). Поўны тэкст быў выдадзены ў апошняй трэці ХVIII ст.
У канцы ХVIII ст. былі апублікаваны і іншыя летапісы, у якіх асноўная ўвага надавалася падзеям палітычнай, ваеннай гісторыі і гісторыка-геаграфічнаму матэрыялу. Напрыклад, у Васкрасенскім летапісу даецца спіс гарадоў, якія падзяляліся на польскія, кіеўскія, валынскія і літоўскія. У кожнай групе былі названы і беларускія гарады. Таксама ўвагу летапісца прыцягнуў факт з’яўлення бесаў на вуліцах Полацка, узгаданы пад 1092 г.
Акрамя летапісаў, у апошняй трэці ХVIII ст. пачынаецца публікацыя дакументаў справаводства. Заслуга ў гэтай справе належыць Мікалаю Іванавічу Новікаву (1744 – 1818 гг.). У 1772 г. ён выдаў у Пецярбургу «Опыт исторического словаря о российских писателях», які стаў першай спробай даць гістарыяграфічную ацэнку прадстаўнікам рускай грамадска-гістарычнай думкі. Новікаў першым пачаў публікацыю крыніцаў па генеалогіі і біяграфістыцы, аб чым сведчыць «Древняя Российчкая Вивлиофика» (1773 – 1775 гг.) у дзесяці кнігах. У ёй мы знаходзім два тыпы крыніцаў, якія ўтрымліваюць звесткі пра Беларусь. Першы тып – гэта дакументы, звязаныя з руска-польскімі перамовамі 1582 – 1583 гг. па выніках Лівонскай вайны (пытанні аб межах, палонных, дзейнасці на рускай тэрыторыі ваяводы С.Паца). Другі тып – граматы, якія рускія баяры даслалі каралю Польшчы Жыгімонту ІІ Аўгусту і гетману ВКЛ Я.Хадкевічу ў 1567 г. у адказ на «напрасное, его короля, склонение их в польское к нему подданство». Таксама Новікаў выдаў «Бархатную книгу», у якой улічаны полацкія князі і некаторыя магнацкія роды ВКЛ.
Звесткі пра Беларусь можна атрымаць у дакументальных дадатках да працы князя Міхаіла Міхайлавіча Шчарбатава (1733 – 1790 гг.) «История Российская». Гэта найперш скаргавыя спісы пятнаццатага стагоддзя аб нападах на гандляроў і падарожнікаў з Вялікага княства Маскоўскага, дакументы пра перамовы аб перамір’і ў гады Лівонскай вайны, дакументы пра ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў перыяд ІІ Паўночнай вайны 1700 – 1721 гг.
У 1773 г. у Маскве ва універсітэцкай друкарні быў выдадзены першы рускі «Географический словарь Российской державы», падрыхтаваны калежскім асэсарам Ф.А.Палуніным і гістарыёграфам, акадэмікам Імператарскай Пецярбургскай Акадэміі навук Г.Ф.Мілерам. Расійскі чытач упершыню атрымаў якасную інфармацыю пра беларускія землі. Мілер дастаткова падрабязна вызначыў абставіны і час з’яўлення назваў «Вялікая», «Малая», «Белая» і «Чырвоная» Расія. Ён лічыў, што назвы «Малая» і «Белая» Расія ўзніклі адначасова для адрознення ўласна рускіх земляў ад тэрыторыяў, якія адыйшлі падчас падзелаў ад Рэчы Паспалітай у склад Расійскай імперыі. Аўтар прааналізаваў гіпотэзы паходжання назвы «Белая Русь».
Прапанаваная Мілерам канцэпцыя гісторыі беларускіх земляў носіць стрыманы характар. Але ў ёй праяўляецца тэндэнцыя да абгрунтавання права Расіі на ўключаныя тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Каштоўнасць выдання – у апісанні каля 30 беларускіх гарадоў: Полацка, Себежа, Віцебска, Магілёва, Быхава, Шклова, Рагачова і інш.
Паколькі дзеячы польскага грамадскага руху імкнуліся даказаць польскі характар далучаных земляў, а расійскія ўрадавыя колы – рускі характар, то Кацярына ІІ падчас падзелаў Рэчы Паспалітай выказала жаданне, каб паміж Беларуссю і Расіяй «исчезла грань инородия», каб гэтыя «древнерусские» землі сталі «русскими не только по названию, но и душой, и сердцем».
Відавочна, што праблема русіфікацыі моцна хвалявала расійскую імператрыцу Кацярыну ІІ. Аб гэтым сведчыць адна з першых рускіх кніг пра Беларусь – афіцыйны шляхаўказальнік, які быў выдадзены да прыбыцця ў 1780 г. Кацярыны ІІ у Беларусь. Гістарычны лёс краю ў ім трактуецца своеасабліва: некалі гэта краіна належала рускім князям, але потым Расія была разрабавана на часткі. Пачынаючы з Івана ІІІ, цары пачалі збіраць краіну, і ў 1772 г. усё страчанае вярнулася ў дзяржаву Кацярыны ІІ.
У гэты час на ніве гісторыі плённа працаваў рускі дваранскі гісторык Мікалай Бантыш-Каменскі.
Мікалай Мікалаевіч Бантыш-Каменскі (1737 – 1814 гг.) нарадзіўся ў г.Нежыне. Вучыўся ў Кіеўскай і Маскоўскай акадэміях, затым у Маскоўскім універсітэце. У 1765 г. прызначаны памочнікам гістарыёграфа Г.Ф.Мілера. Пад яго кіраўніцтвам займаўся разборам і апісаннем старажытных актаў. Падрыхтаваў шэраг зборнікаў дыпламатычных дакументаў, сярод якіх «Дипломатическое собрание дел между российским и польским дворами, с самого оных начала по 1700 год».
У 1794 г. Кацярына ІІ праз обер-пракурора Сінода графа Мусіна-Пушкіна даручыла Бантыш-Каменскаму падрыхтаваць падрабязныя звесткі пра «уніятаў польскіх». Вынікам праведзенага даследавання стала кніга «Исторические сведения о возникшей в Польше унии…», выдадзеная ў Маскве ў 1805 г. Аўтар сцвярджаў, што ўнія выражала інтарэсы папства, была сродкам дзяржаўнай палітыкі і вынікам кампраміснай пазіцыі праваслаўных іерархаў. Усё гэта выклікала шырокае народнае супраціўленне. Расійскі імператар Аляксандр І узнагародзіў гісторыка дыяментавым пярсцёнкам.
З ураджэнцаў Беларусі ў канцы ХVIII ст. шырокую вядомасць атрымаў Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.
Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч (1731 – 1826 гг.) нарадзіўся ў в. Занкі Свіслацкага раёна ў сям’і пратэстанцкага шляхціца. Вучыўся ва універсітэтах Кёнігсберга, Франкфурта, Амстэрдама, Лондана. Служыў у прускім гусарскім палку, у Літоўскай гвардыі. Быў выхавацелем дзяцей князя Радзівіла, у доме якога прыняў каталіцызм. З 1782 г. архіепіскап Беларускай каталіцкай епархіі. З 1813 г. прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства, член Расійскай Акадэміі навук і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі.
Кола навуковых інтарэсаў Богуш-Сестранцэвіча было звязана з праблемай паходжання славян, прапагандай ідэяў Асветніцтва і гуманізму. Асаблівую ўвагу надаваў вывучэнню Беларусі. Яго галоўнай працай з’яўляецца кніга «Аб Заходняй Расіі», выдадзеная ў Магілёўскай друкарні ў 1793 г. У ёй аўтар даследаваў пытанні гісторыі ўсходнеславянскіх народаў, абгрунтаваў гістарычнае адзінства беларусаў, украінцаў і рускіх. Ёсць звесткі, што Богуш-Сестранцэвіч напісаў «Граматыку літоўскую», але рукапіс не быў апублікаваны.