1. «Рамантычная» школа І.Лялевеля.
У першай трэці ХІХ ст. цэнтрам прапаганды ідэй Асветніцтва на тэрыторыі Беларусі і Літвы становіцца Віленскі імператарскі універсітэт, створаны на базе галоўнай Літоўскай школы ў 1803 г. па загадзе Аляксандра І. Цыкл гуманітарных, у тым ліку і гістарычных дысцыплінаў, выкладаўся на двух факультэтах: факультэце навук маральных і палітычных; факультэце літаратур і свабодных мастацтваў. Іх абслугоўвала кафедра ўсеагульнай гісторыі. Адным з яе загадчыкаў з’яўляўся вядомы польскі гісторык і грамадска-палітычны дзеяч Іаахім Лялевель.
У першай трэці ХІХ ст. цэнтрам прапаганды ідэй Асветніцтва на тэрыторыі Беларусі і Літвы становіцца Віленскі імператарскі універсітэт, створаны на базе галоўнай Літоўскай школы ў 1803 г. па загадзе Аляксандра І. Цыкл гуманітарных, у тым ліку і гістарычных дысцыплінаў, выкладаўся на двух факультэтах: факультэце навук маральных і палітычных; факультэце літаратур і свабодных мастацтваў. Іх абслугоўвала кафедра ўсеагульнай гісторыі. Адным з яе загадчыкаў з’яўляўся вядомы польскі гісторык і грамадска-палітычны дзеяч Іаахім Лялевель.
Іаахім Лялевель (1786 – 1861 гг.) скончыў у 1808 г. Віленскі універсітэт. Працаваў у ім спачатку выкладчыкам, затым ад’юнктам, потым прафесарам і загадчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі. Заснавальнік і рэдактар часопіса «TygodnikWileński». Ідэйны натхняльнік тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830 – 1831 гг. Пасля паражэння паўстання эміграваў у Заходнюю Еўропу, дзе ўзначальваў польскія дэмакратычныя арганізацыі. Лялевель, магчыма, мае беларускія карані, бо яго маці Е.Шалюта паходзіла з беларускіх земляў. Сам ён пісаў, што бацька яго быў сынам прусака і саксонкі, а дзед «Шалюта» быў «русінам, а можа і маскалём… Вось такая сумесь атрымалася… як гарох і капуста, а ляха няма».
Упершыню ў польскай гістарыяграфіі Лялевель вызначыў паняцце сусветнай гісторыі як гісторыі ўсіх народаў і дзяржаваў. Ён з’яўляецца заснавальнікам і галоўным прадстаўніком «рамантычнай» школы ў гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы. Пад уплывам польскага нацыянальнага руху ён лічыў справу вывучэння гісторыі актуальным і патрыятычным абавязкам. Гісторыя, на яго думку, ствараецца для народа, а народ – гэта сялянства і шляхта.
У працах «Гісторыка» (1815 г.), «Якім павінен быць гісторык» (1818 г.) Лялевель падкрэсліваў, што гістарычнае даследаванне павінна мець сувязь з сучаснасцю. Гісторыкам лічыцца той, хто вызначае прычыны і наступствы дзейнасці людзей, а гэта патрабуе шырокага выкарыстання гістарычна-параўнальнага метада. Пад прадметам гістарычнага даследавання Лялевель бачыў «вывучэнне стану чалавечага роду, яго здольнасцяў і схільнасцяў…, спосабаў яго вытворчасці».
У 1822 г. ён выдаў кнігу «Навукі, якія дазваляюць вывучыць гістарычныя крыніцы», якая ўвабрала курс крыніцазнаўства і дапаможных гістарычных дысцыплінаў, які чытаў аўтар у Віленскім універсітэце. Тым самым Лялевель пашырыў крыніцазнаўчую базу гістарычнай навукі за кошт дапаможных дысцыплінаў: геаграфіі, статыстыкі, храналогіі, археалогіі, нумізматыкі, сфрагістыкі і інш. Ім былі распрацаваны навуковыя прыёмы крытыкі гістарычных крыніцаў.
Сам працэс пазнання мінулага згодна з І.Лялевелем складаецца з трох этапаў. Першы прадугледжвае вывучэнне гістарычнай крыніцы, адказ на пытанне: «як, што, дзе і калі гэта адбывалася». Глыбокі аналіз крыніцаў, на яго думку, змяншае небяспеку мадэрнізацыі мінулага, вызваляе даследчыка ад чужога ўплыву. «Гісторыю і гістарычныя крыніцы я пазнаваў уласнымі намаганнямі, я накопліваў уласны вопыт… Мною кіравалі прыклады пісьменнікаў, але іх ацэнка залежала ад мяне», – пісаў Лялевель.
Другі этап – «этыялогіка». Гісторыя не роўназначная фактаграфіі. Гісторыя ў шырокім сэнсе гэтага слова азначае сінтэз, г.зн. крытычнае, філасофскі асэнсаванае абагульненне мінулага. Паколькі з’явы ў гісторыі не аднолькавыя, таму даследчык павінен вылучыць толькі галоўныя: «У прыродзе і лісце дрэў адрозніваецца адзін ад аднаго, – я заўсёды аб гэтым помніў і затраціў шмат сіл на вызначэнне адрозненняў у з’явах». Важнай задачай этыялогікі Лялевель лічыў раскрыццё прычынаў і наступстваў гістарычных падзеяў па схеме: прычыны – падзея – наступствы.
У цэнтр гістарычнага працэсу даследчык паставіў чалавека, які з’яўляецца часткай грамадства і дзейнічае ў яго межах. Чалавек па-за грамадствам не можа быць аб’ектам вывучэння «філасофскай» гісторыі, толькі народ як комплекс грамадскіх групаў. Кожны народ мае свой спецыфічны «дух», які з’яўляецца рухавіком гістарычнага працэсу і прагрэсу.
Трэці этап гістарычнага даследавання ёсць непасрэдна гістарыяграфія – «мастацтва пісаць гісторыю», уменне растлумачыць усе бакі грамадскага жыцця. Пры гэтым вялікая ўвага павінна надавацца стылю твора. Гісторык павінен быць «і паэтам, і мастаком».
Відавочна, што аснову рамантычнай гістарыяграфіі складала ідэя «нацыянальнага духу», «патокаў культуры» і іншых духоўных з’яваў, якія вызначаюць лёс народа. У кнізе «Гісторыя Польшчы да смерці Стэфана Баторыя» (1813 г.) Лялевель вызначыў «нацыянальны дух» палякаў у схільнасці да свабоды, мужнасці, адкрытасці, імкненні захаваць старажытныя славянскія свабоды, дапоўніўшы іх рэспубліканскімі інстытутамі. Польскую мову ён лічыў самай найбагацейшай за іншыя славянскія мовы, паколькі ў ёй адсутнічаюць паняцці «дэспатызм», «самадзяржаўе». Таму гісторыя Польшчы – гэта гісторыя самаразвіцця, узвышэння і заняпаду «нацыянальнага духу» польскага народа.
Падобны падыход адлюстроўваў погляды дробнай шляхты і прагрэсіўнай інтэлігенцыі рэспубліканскага кірунку. Рускі гісторык М.І.Карэеў адзначаў: «Трагічны лёс роднай зямлі заставіў іх (палякаў) перанесці свае сімпатыі ў мінулае і, параўноўваючы з ім крыўднае сучаснае, зрабіць з гэтага мінулага прадмет паўрэлігійнага культу… У гэту эпоху прадстаўнікі нацыі адчулі крыўду, спачуванне да саміх сабе, жаль аб страчаным палітычным існаванні, і ўсё гэта павінна было адбіцца на гістарыяграфіі пачаткам ідэалізацыі былой Рэчы Паспалітай».
Свае погляды на гісторыю ВКЛ і Русі Лялевель раскрыў у манаграфіі «Гісторыя Літвы і Русі да Люблінскай уніі з Польшчай 1569 года» (1839 г.). Ён паспрабаваў даць комплексную панарамную характарыстыку іх унутранага развіцця, дзяржаўна-палітычных адносінаў, знешніх фактараў, у тымліку дзяржаўных і царкоўных уніяў з Польшчай. Лялевель крытычна ацаніў развіццё гістарычнай думкі ад узнікнення рускага летапісання да пачатку ХІХ ст. Упершыню ў гістарыяграфіі даследчык вывучыў польскія крыніцы па гісторыі Расіі.
Лялевель адобрыў перыядызацыю расійскай гісторыі, прапанаваную М.М.Карамзіным, але быў супраць вылучэння вялікіх храналагічных перыядаў. У рускай гісторыі даследчыка зацікавілі «нарманская» тэорыя і роля нарманаў у стварэнні Старажытнарускай дзяржавы, грамадска-палітычнае развіццё Маскоўскага княства і стварэнне Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, гісторыя Ноўгарада, руска-польскія адносіны. Лялевель адным з першых даказваў магчымасць сяброўскіх адносінаў народаў Расіі і Польшчы. Праўда, ён ідэалізаваў знешнюю палітыку Рэчы Паспалітай, сцвярджаў, што яна не прадугледжвала захопы і пашырэнне сваёй тэрыторыі, як гэта было характэрна рускім манархам.
Гісторыя ВКЛ пачынаецца з часоў Кіеўскай Русі і заканчваецца Люблінскай уніяй. На думку даследчыка, княства было асноўным пераемнікам гістарычнай, традыцыйнай і культурнай спадчыны Кіеўскай Русі, што садзейнічала яго ўнутранаму развіццю і знешняй адпорнасці. «Гаспадарства ўзнікла на рыштаваннях тагачаснай Русі, – пісаў Лялевель, – і прыстасаванні да іх наезднічай Літвы». Рэспубліканскія погляды Лялевеля адбіліся ў яго ідэалізацыі абшчынных парадкаў, т.зв. «гмінаўладства», свабоды і роўнасці, у крытыцы феадальных парадкаў ВКЛ, самапраўства і панавання арыстакратыі, у схільнасці да саслоўна-прадстаўнічага (шляхецкага) дзяржаўнага ладу. Праца Лялевеля ахоплівала розныя бакі этнічнай, царкоўна-рэлігійнай, грамадскай, эканамічнай гісторыі Літвы і Русі. Аўтар прытрымліваўся класавай ацэнкі сацыяльных працэсаў, ускладваў гістарычныя надзеі на дзейнасць сярэдніх і ніжэйшых пластоў грамадства, з улікам знешніх фактараў шукаў унутраныя прычыны для тлумачэння буйных палітычных рухаў, дзяржаўных і царкоўных уніяў.
Па сваёй рознабаковасці, этнічнай і палітычнай талерантнасці ў асвятленні самага значнага перыяду фармавання і развіцця ВКЛ і па сваёй галоўнай тэматыцы, звязаўшай Русь і Літву ў адным дзяржаўна-палітычным рэчышчы, – кніга Лялевеля засталася унікальнай з’явай у гісторыі польска-літоўскай гістарыяграфіі. Па сутнасці, гэта першы сінтэтычны абагульняльны агляд «літоўска-рускай» дзяржаўнасці. Усе наступныя абагульняльныя працы польскіх і літоўскіх гісторыкаў былі абмежаваны або адасобленай гісторыяй Літвы ці Русі або гісторыяй Літвы і Польшчы, Літвы і ВКЛ, ці разглядалі больш вузкія сферы. Ацэньваючы перспектывы нацыянальна-вызваленчых рухаў, Лялевель спадзяваўся на падтрымку рускага народу.