2. Станаўленне беларускага...
^ Вверх
2. Станаўленне беларускага крыніцазнаўства ў першай трэці ХІХ ст.

У канцы XVIII ст. узрастае прэстыж гісторыі ў шляхецкім асяродку, што было выклікана пашырэннем грамадска-палітычнага руху. Згодна з уяўленнямі паланізаванай беларускай шляхецкай інтэлігенцыі гісторыя павінна служыць барацьбе за захаванне нацыянальнай культуры. Таму мясцовая інтэлігенцыя праяўляла схільнасць да гістарычнай праблематыкі і гістарычных даследаванняў. Д.У.Караў назваў гэты працэс «крыніцавым бумам». Попыт нараджаў прапанову, а практыка прыватнага калекцыянавання патрабавала рацыянальнага аналіза крыніцаў.
У першай трэці ХІХ ст. у Вільні сфармавалася група гісторыкаў, якія стаялі ля вытокаў не толькі беларусазнаўства, але і беларускай нацыянальнай ідэі. Яны асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных літоўска-беларускіх пазіцыяў, выказваліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзяржаўнага статуса старабеларускай пісьмовай мове. 
Ігнат Мікалаевіч Даніловіч (1788 – 1843 гг.) паходзіў з сям’і уніяцкага святара. Выпускнік, а затым прафесар Віленскага універсітэта. Атрымаў добрую падрыхтоўку ў галіне заканадаўства ў Варшаве і Пецярбургу. Пасля разгрому тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў быў накіраваны ў Харкаўскі універсітэт прафесарам расійскага і правінцыяльнага права (1825 г.). У 1835 – 1842 гг. выкладаў крымінальнае права ў Кіеўскім і Маскоўскім універсітэтах. Першы дэкан юрыдычнага факультэта Кіеўскага універсітэта. Памёр у Графенбергу, дзе праходзіў курс лячэння ад псіхічнай хваробы.
Працуючы ў Віленскім універсітэце, Даніловіч пачаў займацца зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніцаў па гісторыі Беларусі і Літвы. Даследчык сам праводзіў археаграфічныя пошукі матэрыялаў у архівах Пецярбурга, Варшавы, Масквы. У бібліятэцы графа М.П.Румянцава ён знайшоў Судзебнік Казіміра ІV 1468 г., а ў Супрасльскім манастыры – Супрасльскі летапіс. Віленскія студэнты прывозілі свайму прафесару пергаментныя рукапісы пераважна з уніяцкіх цэркваў і манастыроў. Зборы рукапісаў ён класіфіцыраваў і крытычна разбіраў.
З прыездам у Вільню Лялевеля Даніловіч разам з М.К.Баброўскім пачаў рыхтаваць праект выдання помнікаў заканадаўства ВКЛ. Пры Віленскім універсітэце ў 1821 г. быў створаны спецыяльны камітэт для выдання Статутаў ВКЛ. Першы Статут 1529 г., падрыхтаваны да друку Даніловічам, быў апублікаваны ў 1841 г. У працы «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства» (1837 г.) ён зрабіў агляд гісторыі права ў Беларусі і Літве. Аўтар паказаў, што права ВКЛ мела адзіную крыніцу са старажытнарускім правам, лічыў «Рускую праўду» помнікам гарадскога права, які не ахопліваў усіх бакоў народнага жыцця Русі.
Цікавым фактам з яго жыцця з’яўляецца супрацоўніцтва з М.М.Сперанскім у Пецярбургу, куды гісторык быў накіраваны ў 1830 г. Ён атрымаў даручэнне скласці «Звод мясцовых правоў заходніх губерняў». Але пасля паўстання 1830 – 1831 гг. на тэрыторыі Беларусі і Літвы распаўсюджваецца агульнарасійскае заканадаўства, таму гэты праект не быў рэалізаваны.
Даніловіч адным з першых пачаў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання. Ён разам з М.К.Баброўскім у 1827 г. апублікаваў Супрасльскі летапіс пад назвай «Летапісец Літвы і Руская хроніка». Фактычна гэта першае выданне беларуска-літоўскага летапіса 1446 г. Працы І.Даніловіча «Пра літоўскія летапісы» (1840 г.), «Паведамленне пра сапраўдных літоўскіх летапісцаў» (1841 г.) далі пачатак навуковаму вывучэнню беларуска-літоўскага летапісання.
  Археаграфічная дзейнасць вучонага знайшла адлюстраванне ў зборніку пісьмовых крыніцаў па гісторыі Беларусі і Літвы «Скарбніца грамат», які быў выдадзены Я.Тышкевічам у 1860 – 1862 гг. Зборнік уключае 2500 дакументаў – ад выпісак з Герадота да актаў 1569 г., апісаных Даніловічам. Вядомы расійскі даследчык права М.Ф.Уладзімірскі-Буданаў назваў яго «патрыётам-ліцвінам, ... грамадзянінам ВКЛ».
Ігнат Сымонавіч Анацэвіч (1780 – 1845 гг.), псеўданім Жэгота, паходзіць з Гродзеншчыны, з сям’і уніяцкага святара. Скончыў Кёнігсбергскі і Віленскі універсітэты. Працаваў выкладчыкам у Беластоцкай гімназіі, затым ад’юнктам і прафесарам статыстыкі Віленскага універсітэта. Але канфлікт з рэктарам  і абвінавачванне ва ўдзеле ў студэнцкай арганізацыі «Племя сарматаў» спынілі навуковую дзейнасць у Беларусі. З 1834 г. працаваў у Пецярбургу памочнікам бібліятэкара Румянцаўскага музея і членам Археаграфічнай камісіі.
Гістарычная спадчына гэтага вядомага даследчыка вывучана недастаткова поўна. Праблемным застаецца пытанне прыналежнасці аўтара да пэўнай нацыянальнай гістарыяграфіі, а таксама яго метадалагічны падыход да гістарычнага працэсу, гістарыясофская аснова і крыніцавая база даследаванняў.
Часткова адказ на пастаўленыя пытанні можна знайсці ў працы Анацэвіча «Заўвагі да ўсеагульнай гісторыі». Аўтар прыйшоў да высновы, што гісторыя – гэта рэальная частка працэсу пазнання свету, «архіў роду людскога». На яго думку, гісторыя ствараецца для народа, а «народ, калі не слухае голасу гэтай навукі, будзе асуджаны і ў доўгай чарадзе паразаў будзе дарэмна аплакваць сваю невідушчнасць». Як і Лялевель, Анацэвіч пад прадметам гістарычнай навукі  разумеў вывучэнне дзейнасці не толькі ўрада, паліцыі, палітыкі, промысла, гандлю, войнаў, але і «звычаяў, характару народа, яго выхавання, правоў, рэлігійных абрадаў».
Пазіцыя даследчыка ў супрацьвагу тэалагічнай гістарыяграфіі мае асветніцкі характар, што збліжае Анацэвіча з гістарычнай школай Нарушэвіча. Аўтар лічыць, што гісторыя – свецкая навука, якой прысутны пазнавальныя і маральныя функцыі: «гісторыя з’яўляецца найвышэйшым трыбуналам справядлівасці, перад якім усе ўчынкі народаў і людзей вырашаюцца канчаткова і неперадузята». Ён згодны з антычным тэзісам «historiaestmagistravitae». «Гісторыя як філасофія ў прыкладах, святло праўды, жыццё памяці, настаўніца звычаяў» «…захоўвае помнікі дзеяў і думак людскіх, гэта паходня праўды, якая вынішчае памылкі, забабоны, гэта дакладнае люстэрка адышоўшых стагоддзяў, якое можа служыць невычэрпнай крыніцай перасцярог, навукі, маральнасці будучым стагоддзям», – пісаў аўтар. Праўда, Анацэвіч дапускаў пэўныя ваганні з прычыны прызнання Бога і ролі рэлігіі ў грамадскім і духоўным жыцці. На яго думку, гісторыя павінна падрыхтаваць «род людскі да шанавання канонаў рэлігіі і беззаганнага выканання сваіх абавязкаў».
Анацэвіч пашырыў крыніцазнаўчую базу гістарычнай навукі за кошт іншых гістарычных дысцыплінаў: геаграфіі, храналогіі, генеалогіі, геральдыкі, дыпламатыі, нумізматыкі, эпіграфікі, статыстыкі, міфалогіі і археалогіі. Геаграфію і храналогію ён залічыў да навук, якія маюць «непадзельную сувязь з гісторыяй», а астатнія – да дапаможных. Аўтар паказаў не толькі добрае веданне даследчыкаў і іх працаў па кожнай дапаможнай навуцы, але і зрабіў іх крытычны аналіз. На першае месца ён паставіў геаграфію і храналогію, бо яны адказваюць на пытанне, «калі і дзе здарылася» гістарычная падзея. Асобна выдзелены К.Вырвіч і Я.Снядэцкі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё «палітычнай і эканамічнай геаграфіі» ў Рэчы Паспалітай. Анацэвіч прадэманстраваў крытычнае стаўленне да гістарычных крыніцаў па ўсеагульнай гісторыі, вызначыў правілы аўтэнтычнасці старажытных манетаў.
Анацэвіч прапанаваў навуковыя прыёмы крытыкі гістарычных крыніцаў. Ён прытрымліваўся пазіцыі, згодна з якой даследчык павінен дакладна і поўна адлюстроўваць падзеі мінулага. Адпаведна працэс гістарычнага пазнання, згодна з аўтарам, складаецца з трох этапаў. Першы этап прадугледжвае аналіз або «крытыку» самаго даследчыка, г.зн. умоваў яго жыцця, каб высветліць магчымасць праўдзівага асвятлення гісторыі. Другі – пошук «крыніц фактаў» з мэтай іх наступнай ацэнкі, а трэці – аналітычны, які ставіў сваёй мэтай аналіз гістарычных падзеяў: «трэба найперш зрабіць самы сціслы аналіз пануючай думкі, народнага характару, рэлігійнага ўплыву і палітычнага кіравання, перад тым, як адно асудзіць, а іншае пахваліць».
Гісторык заклікае сучасных яму і будучых даследчыкаў «засцерагацца прымаць прыблізнае непадабенства за абсалютнае», рабіць «розніцу паміж цудам і дзівам». На думку аўтара, любы гістарычны факт мае разнастайныя прычыны, а яго доказ залежыць не толькі ад колькасці крыніцаў, але і ад іх каштоўнасці.
Сусветную гісторыю даследчык падзяляў на чатыры перыяды: старажытны (да 476 г.), сярэднія вякі (да 1492 г. – адкрыцця Амерыкі), новы (да 1789 г.  – Вялікай французскай рэвалюцыі), найноўшы (з канца ХVIII – пачатку ХІХ ст.). Відавочна супадзенне двух першых перыядаў з сучасным падыходам да перыядызацыі сусветна-гістарычнага працэсу.
У працы «Заўвагі да ўсеагульнай гісторыі» асобны раздзел прысвечаны «крытычнай Гісторыі Гісторыі», альбо гістарыяграфіі. Гэта сведчыць аб выкарыстанні аўтарам гісторыка-параўнальнага метаду, пераходу ад апісальнасці мінулага да яго крытычнага аналіза. Услед за Лялевелем Анацэвіч лічыў, што «гісторык павінен быць філосафам, палітыкам, чыноўнікам і гледачом».
Умоўна гістарыяграфію сусветнай гісторыі, прапанаваную аўтарам, можна падзяліць на тры перыяды: антычны, сярэднявечны і новы. Самы першы перыяд напісання ўсеагульнай гісторыі Анацэвіч звязвае з гісторыкамі Старажытнай Грэцыі і Рыма. Ён вызначыў іх характэрную асаблівасць – выкарыстанне маналогаў («каб пахваліцца талентам красамоўства) і скупасць звестак аб сацыяльна-эканамічным жыццці грамадства, у прыватнасці, аб «заканадаўстве і палітычнай эканоміцы».
Анацэвіч ставіў старажытнарымскую гістарыяграфію на больш нізкую ступень за старажытнагрэчаскую, лічыў яе водгукам дзеепісьменства Грэцыі. «Пераможаныя (грэкі – В.Б.) пісалі пераможцам (рымлянам – В.Б.) гісторыю дзеля славы сваёй болей, чым для праўды». Таму з рымскіх аўтараў пад увагу даследчыка папалі Трог Пампей за Гістарычную анталогію і Ціт Лівій за Гісторыю ў 14 частках.
Сярэднявечны перыяд гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі Анацэвіч лічыў «найсмутнейшым часам для ўсіх навук і для гісторыі». Гэта звязана найперш са знішчэннем антычных пісьмовых крыніцаў «фанатычнымі першымі хрысціянамі». Па-другое, непісьменнасцю большай часткі насельніцтва, бо навукамі займалася «выключна толькі духоўнае саслоўе». Гісторык адзначыў хроніку Эўзэбія як аснову ўсеагульнай гісторыі для сярэднявечных кампілятараў. Таксама аўтар выказаў свой сумнеў у аб’ектыўнасці арабскіх крыніцаў. Пры гэтым ён заўважаў, што сярэднявечныя творы могуць быць важнымі крыніцамі па ўсеагульнай гісторыі, бо перапісчыкі-манахі старанна перапісвалі тэксты, пазбягаючы каментара і аналітыкі.
Ужо ў ХVII – XVIII стст. у некаторых еўрапейскіх універсітэтах пачынаецца выкладанне ўсеагульнай гісторыі. Езуіт Дыянісій Петавій у працы «Пералік часоў»першым раскрыў падзеі ўсеагульнай гісторыі, за ім – біскуп з Меакса Басуэт. Анацэвіч указаў на асаблівасць гэтых гістарычных працаў – метад правідэнцыялізму («Абачнасць Божую, што кіруе стырнам свету»).
Развіццё гарадоў Паўночнай Італіі і актывізацыя ў іх гарадскога саслоўя, на думку Анацэвіча, прадвызначылі рост цікавасці да свецкіх ведаў і, несумненна, гісторыі. На этапе Адраджэння італьянцы распаўсюджвалі творы антычных аўтараў, таму «Грэцыя другі раз, пры садзеянні італьянцаў, выратавала Еўропу ад цемры варварства». Адным з першых прыкладаў «гістарычнай прагматычнасці» стала праца М.Макіявелі «Гісторыя Фларэнцыі». Затым І.Анацэвіч называе «Гісторыю Італіі» Ф.Гуікардзіні і іншыя працы. 
Відавочна глыбокае і грунтоўнае веданне Анацэвічам гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі. Гэта дало яму падставу зрабіць аналічны яе агляд і прапанаваць уласную перыядызацыю гісторыі гістарычнай думкі. А метадалагічныя падыходы аўтара сведчаць аб яго набліжанасці да гістарыяграфічных школаў Нарушэвіча і Лялевеля.
Гісторыя ВКЛ разглядалася І.Анацэвічам у спецыяльным курсе, а не пры вывучэнні ўсеагульнай гісторыі. Лекцыі карысталіся папулярнасцю сярод студэнтаў. Гісторык планаваў напісаць абагульняльную працу, але не атрымалася. Ужо пасля смерці выйшлі артыкулы на польскай мове «Погляд на першапачатковую гісторыю Літвы» (1846 г.), «Погляд на гісторыю Вялікага княства Літоўскага» (1849 – 1850 гг.). ёсць меркаванне, што рукапіс сваёй «Гісторыі Літвы» вучоны перадаў Ігнату Крашэўскаму.
У гістарычнай канцэпцыі Анацэвіч зыходзіў з паходжання літоўцаў ад герулаў (германскіх плямёнаў), якія падзяліліся «на ліцвінаў, прусаў, яцвягаў, жмудзінаў, куронаў, лівонаў і крывічоў». Назву «крывічы» ён выводзіў ад старажытнабалцкага «архікаплана Крыве». Гісторыю ВКЛ даследчык падзяляў на пяць перыядаў: 1) 1009 – 1183 гг. – міфічная гісторыя ад першага летапіснага ўспаміну аб Літве; 2) 1183 – 1240 гг. – няпэўная гісторыя ад паходаў Літвы на Русь да княжання Міндоўга; 3) 1240 – 1386 гг. – больш пэўная гісторыя ад Міндоўга да хрысціянізацыі Літвы; 4) 1386 – 1447 гг. – магутнасць Літвы; 5) 1447 – 1569 гг. – завяршэнне асобнай гісторыі Літвы, яе далучэнне да гісторыі Польшчы.
Іосіф Бенядзіктавіч Ярашэвіч (1793 – 1860 гг.) – сын судовага пісара з Бельска (Польшча). Скончыў Беластоцкую гімназію, маральна-палітычны факультэт Віленскага універсітэта. Выкладаў у Крамянецкім юрыдычным ліцэі, затым стаў прафесарам крымінальнага і грамадзянскага права Віленскага універсітэта.
Ярашэвіч актыўна займаўся даследаваннем старажытнай гісторыі ВКЛ і крыніцазнаўствам. Вялікі ўплыў на яго аказаў загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Лялевель, з якім вучоны ў 1817 – 1830 гг. вёў інтэнсіўную перапіску.
Дакладнае вывучэнне гістарычных крыніцаў дазволіла Ярашэвічу падрыхтаваць фундаментальнае выданне «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца ХVІІІ ст.», якое выйшла ў трох тамах (830 старонак) у 1844 – 1845 гг. Гэтае даследаванне стала адлюстраваннем істотнага прагрэсу ў развіцці гістарычнай навукі Беларусі і Літвы. Ярашэвіч першым у айчыннай гістарыяграфіі стаў разумець гістарычную навуку як цывілізацыйны закон развіцця асветы грамадства. 
Першы том змяшчае інфармацыю аб жыцці і побыце балцкіх плямёнаў да хрысціянізацыі Літвы. Другі том пачынаецца з распаўсюджвання каталіцызму ў ВКЛ да Рэфармацыі. Трэці том аўтар прысвяціў дзейнасці ордэна езуітаў, раскрыў рэформы А.Тызенгаўза. Перыядызацыя Ярашэвіча для першай паловы ХІХ ст. была новай з’явай – амаль усе даследчыкі завяршалі асвятленне гісторыі ВКЛ Люблінскай уніяй або прывілеем Ягайлы аб хрышчэнні Літвы. Ярашэвіч давёў гэтую гісторыю да канца ХVІІІ ст.
Аўтар прызнаваў літоўцаў аўтахтонным насельніцтвам з ІІІ ст. н.э. Але ён памылкова адносіў іх да плямёнаў Паўночнай Еўропы. Ярашэвіч крытыкаваў польскага храніста В.Кадлубка і гісторыка А.Нарушэвіча за іх погляд на язычніцкую Літву як на варварскі перыяд. Ён адзначаў, што людзі, якія «займаюцца жывёлагадоўляй і земляробствам, не могуць быць на нізкім узроўні развіцця». Гісторык прааналізаваў спрэчныя думкі вакол асобы Крыва-Крывэйтэ. У гісторыка выклікаў скептычную ўсмешку факт беднасці старажытных літоўцаў, якія быццам бы нават даніну плацілі рускім князям бярозавымі венікамі.
Ярашэвіч вельмі асцярожна ставіўся да некаторых звестак «Хронікі Быхаўца». Паданне пра Палямона, яго сыноў і ўнукаў ён апусціў. Відаць, лічыў, што гэта легендарная частка летапіса. Гісторык не пагаджаецца з назвамі мясцінаў, дзе адбыліся бітвы літоўскіх войск на чале з князем літоўскім Міндоўгам з татарамі.
 Адным з першых у гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы Ярашэвіч выдвінуў канцэпцыю існавання феадальнага ладу ў ВКЛ. На яго думку, феномен феадалізму ў гэтым рэгіёне мае ўнутраныя прычыны, а не знешнія. Феадалізм аўтар вызначаў з ХІ ст. і звязываў яго з імем князя Эрдзвіла Манцівілавіча. На яго думку, узнікненне феадалізму выклікана ленным правам атрымання зямлі.
Аўтар вызначыў ролю праваслаўя ў гісторыі ВКЛ. Ён лічыў, што некаторыя літоўскія князі прымалі праваслаўную веру «дзеля сваіх палітычных інтарэсаў». Уключэнне беларускіх земляў у склад княства ацэньваецца ў развіцці літоўскай цывілізацыі станоўча, таму што яны знаходзіліся на больш высокай ступені развіцця. Прыняцце каталіцызму дапамагло стварыць бяспеку ад крыжацкай агрэсіі і захаваць раўнавагу паміж рознымі цывілізацыямі, якія аказывалі ўплыў на ВКЛ. Агульны канфесійны стан краіны да канца ХVI ст. ацэньваецца як талерантны, але з царкоўнай уніі пачынаюцца рэлігійныя ганенні.
Ярашэвічу належаць працы «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян» (1826 г.) і «Пра стан цывілізацыі Літвы перад і пасля заснавання акадэміі» (сяр. 40-х гг.). У апошняй ён негатыўна ставіцца да езуітаў – лічыць, што яны затрымалі развіццё культуры ў ВКЛ. На думку вучонага, для ордэна езуітаў асвета была «не мэтай, а сродкам правядзення сваіх рэакцыйных планаў у жыццё».
Гістарычную каштоўнасць мае кніга «Матэрыялы да статыстыкі і геаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет», выдадзеная ў 1848 г. У ёй даецца этнаграфічная характарыстыка розных групаў насельніцтва Бельскага павета, у якім назіралася надзвычай вялікая стракатасць яго па нацыянальным складзе. Беларусаў Бельскага павета аўтар называе «рускім племенем». Многа месца адводзіцца параўнанню побыту беларусаў і палякаў. У нарысе змешчаны каштоўны матэрыял аб размяшчэнні, занятках, жыллі, адзенні, ежы і фальклоры беларусаў.   
Міхаіл Кірылавіч Баброўскі (1784 – 1848 гг.) – вядомы славіст, багаслоў, палеограф, гісторык славянскай культуры, збіральнік славянскіх старажытнасцяў. Нарадзіўся ў в.Вулькі Бельскага павета ў шляхецкай сям’і уніяцкага святара. Скончыў Драгічынскае вучылішча, Беластоцкую гімназію, Галоўную Духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце. Атрымаў ступень магістра багаслоўя і высокіх мастацтваў, а ў 1814 г. магістра грамадзянскага і крымінальнага права Віленскага універсітэта. З 1816 г.  дацэнт Галоўнай Духоўнай семінарыі, выкладчык экзегетыкі. Пасля замежнай вандроўкі па Еўропе ўзначаліў кафедру Свяшчэннага Пісання і стаў выкладаць арабскую мову. У 1823 г. атрымаў ступень доктара багаслоўя і быў прызначаны ардзінарным прафесарам экзегетыкі і герменеўтыкі Віленскага універсітэта. Памёр ад халеры ў м.Шэрашава (Пружанскі раён).
На працягу ўсяго свайго жыцця Баброўскі займаўся пошукам гістарычных крыніцаў. У прыватнасці, падчас знаходжання ў Заходняй Еўропе ён вывучаў старажытнаславянскія рукапісы Ватыканскага архіва, рабіў іх копіі ў Парыжы. У сховішчах Еўропы было назапашана багата навуковых матэрыялаў. Камандзіроўкі прыводзілі да трывалых сувязяў з пэўным асяродкам еўрапейскіх вучоных, прызнаных аўтарытэтаў у галіне вывучэння крыніцаў. Падобныя паездкі патрабавалі значных сродкаў і былі немагчымы без падтрымкі мецэнатаў. Напрыклад, за дзейнасцю М.К.Баброўскага сачыў Адам Чартарыскі, папячыцель Віленскай навучальнай акругі.
Летам 1823 і 1824 гг. даследчык разам з Даніловічам зддзейсніў археаграфічныя экспедыцыі па манастырах і архівах Падляшша і Заходняй Беларусі. Менавіта тады быў знойдзены і атрыбутаваны «Хранограф» і Супрасльскі летапіс. У 1825 г. на старонках «Библиографических листов» з’явіўся «Супрасльскі рукапіс», палімпсест з Барберынскай бібліятэкі Ватыкана. Апошні быў укладам М.К.Баброўскага ў развіццё айчыннай археаграфіі, вынікам яго доўгіх археаграфічных шуканняў.
Матэрыялы часопісаў дазваляюць прасачыць метады навуковай працы. Баброўскі ў карчме вёскі Куніца рабіў «для памяці» запісы словаў, пачутых ім ад простых жанчын-прачак. У бібліятэцы ў Герліцы ён выпісваў загалоўкі рукапісаў і друкаваных крыніцаў, якія датычылі славянскай мовы лужыцкіх сербаў. Пры гэтым ён карыстаўся слоўнікам X.Генінга 1705 г. Даследчык цікавіўся саманазвай «славяне», вывучаў мясцовыя славянскія варыянты мовы, суадносіў граматыкі і слоўнікі. Усё гэта дапамагала арыентавацца ў бязмежным рукапісным багацці Ватыкана, Вены, Парыжа.
Высокі ўзровень адукацыі дазволіў М.К.Баброўскаму прыняць удзел у стварэнні каталога славянскіх рукапісаў А.Мее. У перапісцы Баброўскага і І.М.Лабойкі за 1825 г. выкарыстоўваецца тэрмін «гравіраваныя здымкі» старажытных славянскіх літараў. Гэта таксама крыніца тэрміналогіі археаграфічных даследаванняў. Такім чынам, у айчынную грамадскую думку паступова ўваходзіла новая галіна ведаў – славяназнаўства.
Пасля ссылкі ў Жыровіцкі манастыр (1824 – 1826 гг.) гісторык распрацаваў курсы біблейскай археалогіі, герменеўтыкі, славянскай бібліяграфіі, апісаў калекцыі медалёў і манетаў ВКЛ. З гэтых лекцыяў паступова склаўся «Курс славянскай бібліяграфіі» – фундаментальная праца (у рукапісу), у якой даваўся поўны разбор славянскіх помнікаў кірылічнага пісьма.
Працы і дзейнасць Баброўскага сталі пачаткам сусветнага славяназнаўства. Ён спрыяў узнікненню асобнага кірунку ў гуманітарных навуках – беларусазнаўства. Па сённяшні дзень не вывучаны лёс яго збору рукапісаў і кніг. Каля дзвюх тысяч кніг яшчэ ў 1824 г. набыла Галоўная Духоўная семінарыя, але найбольш каштоўныя рукапісы засталіся ў вучонага да смерці. У 1848 г. яны дасталіся вядомаму бібліёграфу Трэнбіцкаму, а праз яго – у кнігасховішчы графаў Замойскіх. Частка збору разыйшлася сярод мясцовых калекцыянераў. Аднак большая іх частка загінула ў гады Другой сусветнай вайны. Таму навуковая дзейнасць М.К.Баброўскага не знайшла адпаведнага гістарыяграфічнага вывучэння.
Шырокую дапамогу і матэрыяльную падтрымку мясцовым даследчыкам-гісторыкам аказаў граф Мікалай Пятровіч Румянцаў (1754 – 1826 гг.) – вядомы дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі – старшыня Дзяржаўнага Савета, міністр замежных справаў, канцлер. Пасля адстаўкі ў 1814 г. жыў у Гомелі. Румянцаў збіраў рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, дакументы, якія затым склалі аснову Румянцаўскага музея ў Пецярбургу, а з 1861 г. – «Маскоўскага публічнага музеума», а з 1926 г. – Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна СССР. Мецэнат арганізаваў гурток, у які ўвайшлі вядомыя гісторыкі, мовазнаўцы, археографы.
Членам Румянцаўскага гуртка з’яўляўся Ігнат Мікалаевіч Лабойка (1786 – 1861 гг.) – прафесар расійскай славеснасці Віленскага універсітэта. Ён перыядычна чытаў курсы гісторыі Расіі. Вучоны скончыў Харкаўскі універсітэт, быў добразычлівым, кантактным чалавекам. Лабойка хутка ўстанавіў сяброўскія адносіны з мясцовай інтэлігенцыяй, рэкамендаваў графу Румянцаву многіх знаўцаў «літоўскай» старыны. Акрамя сваёй выкладчыцкай дзейнасці, ён энергічна займаўся палеяграфіяй, археалогіяй, пошукам помнікаў славянскай пісьменнасці. Пад яго кіраўніцтвам студэнты універсітэта склалі апісанне 80 мястэчак і гарадоў Заходняй Беларусі і Літвы. Сам І.Лабойка пакінуў шэраг гістарычных працаў: «Апісанне польскіх і літоўскіх гарадоў», «Даследаванне аб Літве», «Аб важнейшых выданнях Герберштэйна».
Пансіянерам графа М.Румянцава з’яўляўся Іван Грыгаровіч.
Іван Іванавіч Грыгаровіч (1790 (1792) – 1852 гг.) нарадзіўся ў Прапойску (Слаўгарадзе) Магілёўскай губерні ў шматдзетнай сям’і праваслаўнага святара. Маці – пляменніца вядомага беларускага архіепіскапа Г.Каніскага. Пасля заканчэння Магілёўскай духоўнай семінарыі працаваў выкладчыкам у Магілёўскім духоўным вучылішчы. З 1820 г. саборны протаіерэй, рэктар Гомельскага духоўнага вучылішча. На сродкі графа М.Румянцава атрымаў адукацыю ў Духоўнай акадэміі Пецярбурга. У 1829 г. прызначаны рэктарам мясцовых навучальных установаў у Віцебску. З 1831 г. жыў у Пецярбургу і служыў пры царкве лейб-гвардыі Фінляндскага палка, з 1838 г. пры царкве Анічкава палаца. Пахаваны на Волкавых могілках у Пецярбургу.
Навуковай дзейнасцю Грыгаровіч пачаў займацца падчас вучобы ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Па даручэнні свайго апекуна ён шукаў у бібліятэках і архівах рэдкія творы, прапаноўваў іх да выдання, збіраў звесткі ў рукапісах, перакладаў дакументы з лацінскай і польскай моваў, апісваў рукапісныя кнігі з Румянцаўскай бібліятэкі. У прыватнасці, ім складзена апісанне Дабрылава евангелля 1164 г., Кормчай кнігі і Служэбніка ХІV ст., Лаўрышаўскага евангелля ХІІІ ст.
Знойдзеныя матэрыялы ляглі ў аснову зборніка «Беларускі архіў старажытных грамат» – першага ў беларускай навуцы археаграфічнага зборніка. Першая частка была выдадзена на сродкі Румянцава ў 1824 г. Выданне ўключала 57 старажытных актаў, у асноўным з гісторыі Магілёва ХV – XVIII ст. У прадмове аўтар падкрэсліваў, што гэтыя дакументы «з’яўляюцца крыніцай па гісторыі Беларусі, царкоўнай і грамадзянскай, і ў гэтых адносінах змяшчаюць у сабе шмат вартага і цікавага». Пры ўсім станоўчым значэнні гэтага выдання для развіцця айчыннай гістарыяграфіі нельга не адзначыць яго ідэалагічны характар. Зборнік «выяўляў», на думку гісторыка, «дух папізма» і той уціск ад яго, які прыйшлося вынесці праваслаўным у Беларусі. З гэтым згаджаўся і сам М.Румянцаў.
У Гомелі Грыгаровіч падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю пра наўгародскіх пасаднікаў («Исторический и хронологический опыт о Посадниках Новгородских: Из древних русских летописей»), за што атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. Знаходзячыся ў Віцебску, гісторык зрабіў першую спробу навуковага апісання Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку («Вести о древнем храме Христа Спасителя, построеннога в ХІІ в. преподобной Ефросиньей вблизи Полоцка»).
Пецярбургскі перыяд навуковай творчасці даследчыка звязаны з працай над другой і трэцяй часткамі «Беларускага архіва старажытных грамат». Збіраць дакументы яму дапамагалі супрацоўнікі графа М.Румянцава. Але другая частка зборніка засталася ў рукапісу. Спробы Грыгаровіча зацікавіць выданнем мітрапаліта Балхавіцінава, Акадэмію навук, прадаць права на публікацыю ці сабраць грошы праз падпіску не прынеслі поспеху. Частку матэрыялаў вучоны выкарыстаў пры падрыхтоўцы «Актов, относящихся к истории Западной России» Пецярбургскай археаграфічнай камісіяй, членам якой ён з’яўляўся з 1837 г.
У апошнія гады жыцця паводле прапановы міністра народнай асветы П.А.Шырынскага-Шахматава  Грыгаровіч займаўся складаннем слоўніка беларускай мовы. Свой падыход да гэтай грунтоўнай працы ён вызначыў наступным чынам: «Складальнік слоўніка, як праўдзівы летапісец, павінен запісаць усе словы, якія ўжывае народ у сваім хатнім побыце, у служэнні і ў сваіх малітвах да Бога і ў сваіх законах. Слоўнік ёсць летапіс мовы, і ў гэты летапіс павінны быць унесены ўсе факты, якія былі і ёсць». Але закончыць працу аўтар не паспеў. Захаваліся рукапісы толькі на літары А, Б, В.
Пра сэнс навуковай дзейнасці Грыгаровіч пісаў брату Васілю: «… і наша Беларусь не зусім знікне з твару зямлі, але хай ведае свет, што былі часы, калі яна была больш слаўная і дабрачынная, чым зараз». Дарэчы, дзеці напісалі на яго надмагіллі – «Ne frustra videar vixisse» («Мне здаецца, што недарэмна пражыў»).
Апякунствам Румянцава карыстаўся гродзенскі калекцыянер археаграфічных матэрыялаў Антоній Глябовіч, які пасля  і сам стаў вывучаць старажытнасці.
Антоній Баляслаў Глябовіч (1801 – 1847 гг.) скончыў Віленскі універсітэт са ступенню кандыдата філасофіі. Член таварыства філарэтаў. З 1823 г. працаваў у Пецярбургу ў Міністэрстве народнай адукацыі, быў сакратаром графа М.Румянцава. З 1830 г. займаўся педагагічнай дзейнасцю ў Варшаве.
У 1821 г. пад кіраўніцтвам Анацэвіча  ён напісаў «Кароткі нарыс жыцця Вітаўта» – першую навуковую біяграфію вялікага князя літоўскага, прысвечаную галоўным чынам яго знешнепалітычным акцыям. Кніга пабудавана на Хроніцы Быхаўца, хроніках Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.М.Карамзіна.  
Глябовіч займаўся сістэматызацыяй рукапісных матэрыялаў, сабраных Догелем, якія зберагліся ў бібліятэцы Віленскага універсітэта. Знойдзеныя там лісты персідскіх шахаў да Жыгімонта ІІІ Вазы і артыкул «Гісторыя булгараў» ён апублікаваў у газеце «Віленскі дзённік». На жаль, многае з яго збораў бясследна страчана.
Заснавальнікам навуковай археалогіі ў Беларусі лічыцца Адам Чарноцкі (Зарыян Даленга-Хадакоўскі).
Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі (1784 – 1825 гг.) нарадзіўся ў фальварку Падгайная на Лагойшчыне ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў слуцкім каталіцкім вучылішчы і Крамянецкім юрыдычным ліцэі. Працаваў хатнім настаўнікам, прыватным адвакатам, упраўляючым маёнтка графа Ю.Несялоўскага. За падтрымку Напалеона лішыўся шляхецтва, быў разжалаваны ў салдаты. Уцёк з планам Бабруйскай крэпасці ў Варшаву. Пасля 1812 г. узяў псеўданім «Даленга-Хадакоўскі». 
Вучоны падтрымліваў сувязі з «Таварыствам аматараў навук» у Варшаве, дасылаў туды свае нататкі па розных праблемах старажытнай гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Амаль адначасова ён прапанаваў свае паслугі пецярбургскаму «Вольнаму таварыству аматараў расійскай славеснасці». У 1819 г., калі кіраўніком таварыства стаў дзекабрыст Фёдар Мікалаевіч Глінка, Даленга-Хадакоўскі ўвайшоў у яго склад.
Падчас падарожжаў па Беларусі і Украіне даследчык адчуў цяжкасці ў зборы навуковага матэрыялу з-за адсутнасці адпаведных дакументаў. Таму ў снежні 1818 г. З.Даленга-Хадакоўскі (упершыню на Беларусі) атрымаў ад Віленскага універсітэта дазвол (адкрыты ліст) на правядзенне раскопак. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Брэста, Гомеля, Магілёва, рабіў запісы фальклору, абрадаў, мясцовых дыялектаў.
У найбольш значнай працы «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818 г.) ён упершыню зрабіў спробу паказаць старажытнаславянскі побыт, культуру і народную творчасць у дахрысціянскі перыяд. Таксама крытыкаваў некаторыя палажэнні Карамзіна і ўдакладняў факты з гісторыі Беларусі ў кнізе «Даследаванні адносна рускай гісторыі» (1819 г.). 
Ён склаў чатырохтомавы «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў» (1844 г.). Па звестках Г.А.Каханоўскага, у ім налічваецца каля 200 пунктаў на тэрыторыі Беларусі.
Даленга-Хадакоўскі лічыцца заснавальнікам гістарычнай геаграфіі ў Беларусі. Ён першым пачаў складаць «Славянскую геаграфію». Таксама даследчык першым узяўся за вывучэнне старажытных шляхоў зносінаў. Са спасылкай на гістарычныя крыніцы прасачыў на беларускіх землях перавалачныя дарогі з Кіева ў Полацк, Прыпяцкі водны шлях.
З.Даленга-Хадакоўскі ў працах «Праект вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820 г.), «Гістарычная сістэма Хадакоўскага» (1838 г.) абгрунтаваў археалагічную тэорыю гарадзішчаў, вызначыў прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, паказаў тэрыторыю пашырэння беларускай мовы, упершыню ў славістыцы прадэманстраваў ролю тапанімікі ў гістарычных даследаваннях. Л.А.Малаш-Аксамітава назвала даследчыка «першым беларускім мовазнаўцам, фалькларыстам, археолагам і этнографам». Фальклорны архіў З.Даленгі-Хадакоўскага паралельна са зборам серба Вука Караджыча – першы і самы багаты збор фальклору славянскіх народаў па колькасці запісаў і па велічыні ахопленай тэрыторыі.