3. Асноўныя кірункі гістарыяграфіі гісторыі Беларусі.
Мяжа ХХ – ХХІ стст. трактуецца метадолагамі гісторыі (АМ.Нечухрын) як перыяд крызісу гістарычнай навукі. Пад ім разумеецца не дэградацыя навуковых ведаў, а працэс пераасэнсавання тэарэтычных і метадалагічных асноў навукі. Праблемай для беларускай гістарыяграфіі стала абмежаванасць метадалагічнай падрыхтоўкі гісторыкаў, недастатковае валоданне імі сучаснымі метадамі гістарычных даследаванняў, слабая матэрыяльная база навукі. Назіраецца дыспрапорцыя ў падрыхтоўцы спецыялістаў па асобных галінах навукі і ў праблематыцы навуковых працаў.
Мяжа ХХ – ХХІ стст. трактуецца метадолагамі гісторыі (АМ.Нечухрын) як перыяд крызісу гістарычнай навукі. Пад ім разумеецца не дэградацыя навуковых ведаў, а працэс пераасэнсавання тэарэтычных і метадалагічных асноў навукі. Праблемай для беларускай гістарыяграфіі стала абмежаванасць метадалагічнай падрыхтоўкі гісторыкаў, недастатковае валоданне імі сучаснымі метадамі гістарычных даследаванняў, слабая матэрыяльная база навукі. Назіраецца дыспрапорцыя ў падрыхтоўцы спецыялістаў па асобных галінах навукі і ў праблематыцы навуковых працаў.
Вывучэнне першабытнага грамадства на Беларусі ў канцы XX – пачатку ХХІ ст. значна ўзбагацілася новымі археалагічнымі даследаваннямі перыядаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Грунтоўнае даследаванне атрымалі культуры фінальнага палеаліту і мезаліту: лінгбійская культура (М.М.Чарняўскі), свідэрская культура (У.П.Ксяндзоў), грэнская культура (В.Ф.Капыцін), кундская культура (У.П.Ксяндзоў), сожская культура (В.Ф.Капыцін, А.Г.Калечыц), яніславіцкая культура (М.М.Чарняўскі), кудлаеўская культура (Н.Н.Крывальцэвіч, В.Я.Кудрашоў), помнікі нарачанскага тыпу (У.П.Ксяндзоў, М.М.Чарняўскі).
З наступных археалагічных эпох абагульняльныя працы прадстаўлены па днепра-данецкай культуры (У.Ф.Ісаенка), нёманскай культуры (М.М.Чарняўскі, В.Л.Лакіза, У.Ф.Ісаенка), верхнедняпроўскай культуры (А.Г.Калечыц), нарвенскай культуры (М.М.Чарняўскі), культуры шарападобных амфараў (М.М.Чарняўскі, В.Я.Кудрашоў, В.Л.Ліпніцкая), помнікам тыпу Бабінавічаў (Э.М.Зайкоўскі) перыяду неаліту.
Эпоха бронзавага веку атрымала вывучэнне праз сярэднедняпроўскую культуру (А.Г.Калечыц, М.М.Крывальцэвіч), палескую шнуравой керамікі культуру (М.М.Крывальцэвіч), помнікі са шнуравой керамікай Панямоння (М.М.Чарняўскі), паўночна-беларускую культуру (М.М.Чарняўскі), культуру тшцінецкую (В.Л.Лакіза, М.М.Крывальцэвіч), помнікі сосніцкага тыпу (А.Г.Калечыц), сярэдняй і позняй бронзы культуру Паазер’я (Э.М.Зайкоўскі).
Вывучэнне археалагічных помнікаў жалезнага веку прадстаўлена ў працах А.А.Егарэйчанка, Л.М.Лашанкова, С.Я.Расадзіна, В.С.Вяргей, В.I.Шадыра, Г.В.Штыхава, А.А.Макушнікава.
У апошніх навуковых выданнях, асабліва ў чатырохтамовіку «Археалогія Беларусі» (выданне завершана ў 2001 г.), праводзіцца думка, што беларусы з’яўляюцца часткай славянскага свету. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ прытрымліваюцца індаеўрапейскай этнагенетычнай тэорыі (аўтахтоннае насельніцтва → старажытныя індаеўрапейцы → балты → усходнія славяне → беларусы). Праблемай застаецца пачатак фармавання беларускага этнасу, у прыватнасці, фармаванне «старажытнарускай народнасці», або «усходнеславянскай», як гэта прапануе беларускі даследчык М.Ф.Піліпенка. Новую дыскусійную манаграфію «Древнерусская народность» (1999 г.) выдаў адзін з заснавальнікаў тэорыі балцкага субстрату В.В.Сядоў.
Не страчвае актуальнасці тэма Кіеўскай Русі. Існуюць розныя пункты гледжання на храналагічныя рамкі існавання старажытнарускай дзяржавы. Так, Г.В.Штыхаў лічыць, што ўжо ў гады княжання Яраслава Мудрага Кіеўская Русь як адзіная дзяржава фактычна перастала існаваць. У другой палове XI ст., паводле яго сцвярджэння, Кіеўская Русь распалася на часткі, а пазней, у XII ст., на яе месцы ўтварылася пяць зямельных аб’яднанняў, у якіх адбывалася паступовае складванне элементаў рэгіянальнага дзяржаўнага ладу. На Любецкім з’ездзе князёў у 1107 г. юрыдычна была замацавана раздробленасць Русі. Гэты ж факт адзначае і расійскі гісторык А.М.Сахараў (дырэктар Інстытута расійскай гісторыі РАН).
У сувязі з гэтай праблемай узнікае пытанне, што ўяўляла старажытнаруская народнасць? Пазіцыі даследчыкаў зводзяцца да двух палажэнняў: 1) старажытнаруская народнасць была ўстойлівай этнічнай супольнасцю, якая перажыла Кіеўскую Русь і на яе аснове сфармаваліся тры народнасці – беларуская, руская, украінская; 2) старажытнаруская народнасць канчаткова не склалася, яе распад быў вызначаны распадам Кіеўскай Русі ў XII– XIII стст.
Грунтоўную распрацоўку атрымала гісторыя Беларусі ў вучэбным дапаможніку Э.М.Загарульскага «Заходняя Русь. IX – XIII стст.» (1998 г.). Аўтар прааналізаваў рассяленне ўсходніх славян, працэс узнікнення Старажытнарускай дзяржавы. У выданні грунтоўна падаецца палітычнае, эканамічнае, культурнае развіццё ўсходніх славян, раскрываецца фармаванне старажытнарускай народнасці.
У першай палове 90-х гг. у гістарычнай літаратуры замацавалася пазіцыя, сфармуляваная ў працах В.Ластоўскага, аб беларускім характары Полацкай зямлі ў ІХ – ХІІІ стст. Першым гэты тэзіс падаў М.І.Ермаловіч у кнізе «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды» (1990 г.). Затым канцэпцыя разам з постацямі Рагвалода, Рагнеды, Усяслава Брачыславіча, Еўфрасінні Полацкай увайшла ў навучальныя дапаможнікі. Але ў сярэдзіне 90-х гг. ацэнка мяняецца да вызначэнняў: «адно з феадальных княстваў на тэрыторыі Беларусі» (А.П.Ігнаценка), «самастойная дзяржава», «зыходны пункт беларускай дзяржаўнасці» (Г.В.Штыхаў).
Галоўным пытаннем беларускай гістарыяграфіі 90-х гг. становіцца гісторыя Беларусі ў кантэксце гісторыі ВКЛ. Аб гэтым сведчыць рост колькасці публікацыяў: у 1990 г. – 47, у 1991 г. – 100, у 1992 г. – 183. Адной з цэнтральных тэмаў навуковай дыскусіі стала праблема ўзнікнення ВКЛ.
Першым, хто ў 80-х – 90-х гг. прапанаваў уласную канцэпцыю ўзнікнення і развіцця ВКЛ як беларускай дзяржавы ХІІІ – ХV стст., быў беларускі даследчык М.І.Ермаловіч. Пастаноўка пытання была слушнай, і шэраг аспектаў яго працаў заслугоўваюць увагі. Аўтар падмацоўвае сваю пазіцыю вядучай роллю Навагародка, беларускім характарам Вільні і герба «Пагоні», дзяржаўным статусам беларускай мовы. Але канцэпцыя носіць гіпатэтычны характар. Даследчык не выкарыстаў набыткі літоўскай і польскай гістарыяграфіяў. А.Кыштымаў назваў Ермаловіча «нашым апошнім летапісцам», «першым інтуітывістам беларускай гістарыяграфіі».
Да праблемы фармавання ВКЛ звярнуліся беларускія прафесійныя гісторыкі В.Л.Насевіч («Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Падзеі і асобы») (1993 г.), А.К.Краўцевіч («Стварэнне Вялікага княства Літоўскага») (1998 г.). Паводле Краўцэвіча, ВКЛ складалася на аснове літоўска-славянскай супольнасці пры пераважнай палітычнай ролі Беларусі, бо Літва не мела яшчэ сваёй дзяржаўнасці. У святле пазнейшай гісторыі Беларусі і Літвы, у тым ліку Гарадзельскай уніі 1413 г., гэта канцэпцыя патрабуе дадатковага абгрунтавання. Больш рэалістычная выснова выкладзена ў працы Насевіча: на ранніх стадыях фармавання ВКЛ пэўнае палітычнае дамінаванне мела літоўская знаць, у той час як беларускія і украінскія землі адыгрывалі прыярытэтную ролю ў культурным і сацыяльным развіцці дзяржавы.
Па пытаннях фарміравання ВКЛ і яго гісторыі да Люблінскай уніі сярод сучасных літоўскіх і іншых замежных гісторыкаў пануе пункт гледжання, што гэта была літоўская дзяржава, якая паступова падначаліла землі Беларусі, Украіны і некаторыя княствы Паўночна-Усходняй Русі.
Супярэчліва асвятляецца дзяржаўны лад ВКЛ. У большасці працаў прынята, што да смерці Вітаўта панавала абсалютная манархія. Пасля прывілея 1492 г. стала зацвярджацца саслоўна-прадстаўнічая манархія. Пры гэтым не ўлічваецца дэцэнтралізацыя ВКЛ, што знайшло адлюстраванне ў тэрытарыяльна-адміністрацыйным падзеле, дэмаграфічных і тэрытарыяльных дыспрапорцыях паміж этнічна-літоўскім землямі і «рускім» арэалам ВКЛ. У сучасных даследаваннях звернута ўвага на гэтую акалічнасць, якая рабіла немагчымай рэалізацыю абсалютызму ў яго тыповым еўрапейскім варыянце. Паказальныя ў гэтым плане работы па гісторыі дзяржавы і права Беларусі: С.А.Падокшына і С.Ф.Сокала «Дзяржаўнасць і права Беларусі са старажытных часоў да канца ХVІ стагоддзя» (2000 г.), Г.В.Штыхава «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі» (1992 г.) і С.В.Тарасава «Полацк ІХ – ХVІІ ст.: Гісторыя і тапаграфія» (1998 г.) па гісторыі Полацкага княства, Л.Вайтовіча «Удільні князівства Рюриковичів і Гедиміновичів у ХІІ – ХVІ ст.» (1996 г.).
Недахопам айчыннай і замежнай гістарыяграфіі можна лічыць недастатковую распрацаванасць «рускай» праграмы вялікіх князёў літоўскіх, асабліва праблему ўдзелу беларускіх земляў ва ўмацаванні і абароне ВКЛ. Слаба даследуюцца змены ва ўнутрыпалітычнай сітуацыі ВКЛ у канцы ХV – сярэдзіне ХVІ ст., узрастанне ўплыву беларуска-ўкраінскай знаці і кансалідацыя шляхты.
Навукова-папулярны і абагульняльны характар па гісторыі дзяржаўнасці Беларусі ад старажытнасці да нашых часоў мае калектыўная праца, падрыхтаваная беларускім згуртаваннем «Бацькаўшчына», «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001 г.) і манаграфія гродзенскіх даследчыкаў М.У.Сільчанкі і І.А.Басюка «Беларуская дзяржаўнасць» (1997 г.).
Гістарыяграфія знешняй палітыкі ВКЛ – самая нявывучаная частка беларускай гістарычнай навукі. Яе адставанне абумоўлена метадалагічнымі цяжкасцямі, бо Беларусь (у сучасным сэнсе гэтага тэрміна) не праводзіла асобнай знешняй палітыкі, калі не лічыць ВКЛ монаэтнічнай беларускай дзяржавай. У савецкай гістарыяграфіі 30 – 80-х гг. у якасці адзінага цэнтра «збірання» земляў старажытнай Русі звычайна разглядалася толькі Вялікае княства Маскоўскае. З беларускіх гісторыкаў часткова закранулі гэтую тэму А.Янушкевіч, Г.М.Сагановіч. Інфлянцкай вайне прысвечаны манаграфіі С.В.Бахрушына, В.Д.Каралюка, В.Навадворскага і іншых даследчыкаў.
Істотна разышліся гісторыкі ў ацэнцы дзяржаўных уніяў ВКЛ з Польшчай. У працах польскіх гісторыкаў ХІХ – першай паловы ХХ ст. ідэалізавалася палітычная роля Кароны, не даследавалася сацыяльна-эканамічная аснова экспансіі. На думку большасці літоўскіх гісторыкаў, Крэўская ўнія не была актам рэальнага аб’яднання дзвюх дзяржаваў, пытанне аб ролі ўдзельных князёў і баярства ў яе заключэнні застаецца нявысветленым. Польскія гісторыкі, наадварот, падкрэслівалі раўнапраўны саюз дзвюх дзяржаваў і яго пазітыўныя вынікі. У беларускай гістарыяграфіі негатыўны кантэкст уніяў звязваецца з польскай феадальнай і каталіцкай экспансіяй і з унутранай палітыкай правячых колаў ВКЛ.
Недастаткова вывучаны адносіны з Крымскім ханствам. Даследчыкі адзначаюць слабую каардынацыю сумесных дзеянняў Польшчы і ВКЛ супраць паўднёвых суседзяў. Невывучанымі засталіся палітычныя сувязі Вялікага княства Літоўскага з Ноўгарадам і Псковам.
Вывучэнне эвалюцыі сялянства, яго гаспадарчай дзейнасці і працэсу яго запрыгоньвання зроблена М.Ф.Спірыдонавым у працы «Закрепощение крестьянства Беларуси (ХV – ХVІ вв.)» (1993 г.). Аўтар абапіраўся на актавыя матэрыялы Метрыкі ВКЛ і мясцовых судоў, што дазволіла яму параўнаць юрыдычныя нормы і рэальную сацыяльную практыку, паказаць паступовае зліццё сялянства ў адзінае залежнае саслоў’е. Асобным катэгорыям сялян прысвечаны працы П.А.Лойкі і В.Ф.Голубева.
Асобная ўвага надаецца гісторыі шляхты, пытанням генеалогіі і геральдыкі беларуска-літоўскіх шляхецкіх родаў у даследаваннях Н.У.Казлоўскай, Н.Сліж, А.І.Шаланды, Н.Гардзіенка і інш.
Глыбокае вывучэнне атрымала гісторыя праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў. Руская патрыярхія пачала выдаваць шматтомавую «Праваслаўную энцыклапедыю». Маскоўскі даследчык Я.Шчапаў напісаў курс лекцыяў па ранняй гісторыі праваслаўнай царквы і дзяржавы Х – ХІІІ стст. Рэктар Духоўнай акадэміі ў Львове Б.Гудзак выпусціў сінтэтычную працу па старажытнай гісторыі ўкраінскай царквы (з уключэннем значных матэрыялаў па гісторыі Беларусі) «Криза і реформа» (1999 г.). Гісторыяй праваслаў’я ў Падляшшы займаецца беластоцкі даследчык А.Мірановіч.
Павярхоўна вывучана гісторыя ордэнаў у Беларусі. Выключэнне складаюць езуіты, гісторыі якіх прысвечаны даследаванні Т.Б.Бліновай.
Эвалюцыю хрысціянскіх цэркваў на адпаведным кантынентальным узроўні вывучаюць супрацоўнікі Інстытута Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў Любліне пад кіраўніцтвам праф. Е.Клачоўскага, гістарыяграфічныя аспекты царкоўнай праблематыкі – заходнебеларускага Цэнтра гістарычных даследаванняў, які ўзначальвае прафесар Д.У.Караў.
Рэфармацыйная царква, якая заснавалася ў Беларусі у сярэдзіне ХVІ ст., даследавалася галоўным чынам у ХХ ст. Розныя аспекты рэфармацыйнага руху асвятляюцца ў публікацыях І.Саверчанкі, Л.Івановай, Я.Н.Парэцкага, М.Б.Дзмітрыева і іншых даследчыкаў. Фундаментальнае даследаванне па гісторыі Рэфармацыі ў Літве падрыхтавала літоўскі гісторык І.Лукшайтэ. Спрэчнымі застаюцца пытанні аб перадумовах Рэфармацыі ў Беларусі, яе сацыяльным уплыве на сялянства, мяшчан, секулярызацыі царкоўных уладанняў, гісторыі асобных кальвінісцкіх збораў.
Цікавасць да гісторыі уніяцтва ўзрасла ў 90-я гг. ХХ ст. у сувязі з 400-гадовым юбілеем ІІ-га Берасцейскага сабора. Новыя працы па гісторыі уніяцкай царквы ў Беларусі прадставілі С.В.Марозава «Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596 – 1839 гады)» (2001 г.), С.А.Падокшын «Унія, дзяржаўнасць, культура (Філасофска-гістарычны аналіз)» (1998 г.). Важнымі праблемамі застаюцца перадумовы Берасцейскай уніі, уплыў палітычных і царкоўных тэндэнцыяў на дзейнасць уніяцкай царквы, астаўленне каталіцкай іерархіі, правячых колаў Рэчы Паспалітай, розных пластоў беларускага насельніцтва да уніятаў.
У апошнія дзесяцігоддзі пашырыліся даследаванні па гісторыі нехрысціянскіх канфесіяў ў Беларусі, з’явіліся публікацыі па гісторыі татарскай абшчыны і мусульманства (I.Собчака, П.Бараўскага, С.Думіна).
Відавочныя дасягненні беларускіх даследчыкаў у вывучэнні матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі ХІV – ХV стст. і ХVІ стагоддзя. Першы этап не паддаецца больш шырокаму аналізу з прычыны недахопу пісьмовых і наратыўных крыніцаў. У сінтэтычнай працы Л.М.Лыча і У.І.Навіцкага «Гісторыя культуры Беларусі» (1996 г.) гісторыя культуры Беларусі ХІІІ – ХVІ стст. асвятляецца ў яе сувязях з развіццём культурна-гістарычных працэсаў у ВКЛ, асаблівасцямі фармаванныя беларускай народнасці і дзяржаўным статусам старабеларускай мовы.
Відавочны дыспрапорцыі ў развіцці айчыннай і замежнай гістарыяграфіі. Гісторыкі Беларусі распрацоўваюць асобныя праблемы культурнага, моўнага, этнічнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця ВКЛ. Дзяржаўна-прававыя інстытуты ВКЛ, сацыяльна-палітычныя рухі, знешнепалітычныя і царкоўна-канфесійныя адносіны Беларусі з Расіяй – тэмы рускай гістарыяграфіі канца ХІХ – ХХ стст. Але найбольшымі дасягненнямі адзначана польская гістарыяграфія. Асноўным недахопам замежнай гістарыяграфіі можна лічыць яе замкнёнасць у сваёй нацыянальнай гісторыі. На думку Г.Я.Галенчанкі, развіццю беларускай сярэдневяковай гістарыяграфіі перашкаджае адсутнасць моцных гістарыяграфічных традыцыяў, нераспрацаванасць шэрагу напрамкаў айчыннай гісторыі, распаўсюджанасць гістарычных стэрэатыпаў у навукова-папулярнай літаратуры і вучэбных дапаможніках.
У 90-я гады пачаўся паступовы адыход ад палітызаваных ацэнак праблемаў гісторыі грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў XIX ст. Менавіта гэтым вызначаецца манаграфія В.В.Шведа «Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772 – 1863 г.)». У ёй на падставе новых крыніцаў асвятляецца механізм далучэння земляў Беларусі да Расійскай імперыі, раскрыта палітыка адносна іх расійскага ўрада, паказаны роля і значэнне розных палітычных і рэвалюцыйных арганізацыяў, у тым ліку і масонскіх ложаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, у польскім і рускім апазіцыйных рухах. У гэтым кантэксце разглядаюцца польская і руская плыні грамадска-палітычнага жыцця на землях Беларусі, а таксама зараджэнне беларускага нацыянальнага руху.
Паралельна актывізуецца вывучэнне праблемы дваранства ў Беларусі. Па гісторыі гэтага саслоўя першай паловы ХІХ ст. былі абаронены кандыдацкія дысертацыі Г.Н.Туміловіч, С.Л.Лугаўцовай, С.У.Амелькай. Гістарычную ролю і месца дваранства ў сацыяльна-эканамічным жыцці Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. прасачыў А.П.Жытко ў манаграфіі «Дваранства Беларусі перыяду капталізму. 1861 – 1914 гг.» (2003 г.).
Вывучэнне праблемаў грамадска-палітычнага жыцця ў XIX – пачатку XX ст. стымулявала разгортванне даследаванняў па гісторыі палітычных партыяў, якія праявілі актыўнасць у Беларусі ў ходзе трох расійскіх рэвалюцыяў. Гэтыя праблемы занялі важнае месца ў беларускай гістарыяграфіі. У выдадзеных навуковых працах яскрава пераважалі мясцовыя сюжэты. П.І.Брыгадзін, напрыклад, даследаваў дзейнасць эсэраўскіх арганізацыяў на тэрыторыі Беларусі з канца XIX ст. да лютага 1917 г. у манаграфіі «Эсэры ў Беларусі (канец XIX – люты 1917 г.)» (1994 г.). У ёй даследуецца гісторыя ўзнікнення і дзейнасць мясцовых арганізацый партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у беларускіх губернях ад яе зараджэння да лютага 1917 г.
Адным з цэнтраў, дзе стваралася ПСР, была Беларусь. Эсэраўскія арганізацыі мелі моцныя пазіцыі ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, Мінску, Бабруйску, Пінску і іншых гарадах і мястэчках. Камітэты і групы ПСР ствараліся ў асноўным у гарадах і складаліся са служачых, рамеснікаў, моладзі. Па нацыянальным складзе ў пераважнай большасці гэта была яўрэйская моладзь.
Дзейнасць эсэраўскіх арганізацыяў у Беларусі П.I.Брыгадзін падзяляе на некалькі этапаў. Першым быў перыяд станаўлення, які завяршыўся стварэннем у 1904 г. Паўночна-Заходняга абласнога камітэта. Партыя эсэраў, зацвердзіўшы на І-м з’ездзе сваю праграму, прыняла актыўны ўдзел у рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. У Беларусі эсэраўскія арганізацыі значна павялічылі сваю колькасць, сфармавалі 12 мясцовых камітэтаў. З другой паловы 1907 г. пачаўся спад у дзейнасці ПСР. Адыход інтэлігенцыі ад партыйнай работы, масавыя арышты кіраўнікоў, разгром падпольных друкарняў, сенсацыйнае раскрыццё Е.Азэфа аслабілі ўплыў эсэраў у беларускіх губернях. Аднак іх арганізацыі існавалі да Першай сусветнай вайны.
Гэтай праблематыцы прысвечаны і працы А.А.Вараб'ёва. Ён даследаваў дзейнасць эсэраўскіх арганізацыяў у Беларусі ў перыяд рэвалюцыі 1917 г. і грамадзянскай вайны. У яго публікацыях на грунтоўнай дакументальнай аснове раскрыты палітычная стратэгія і тактыка партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Беларусі ў 1917 – 1920 гг., асэнсоўваецца яе палітыка ў аграрным і нацыянальным пытаннях. У арыгінальных працах М.М.Забаўскага, У.С.Пуціка раскрыты важныя аспекты тактыкі мясцовых арганізацый (кадэтаў), рэвалюцыйна-дэмакратычных партыяў (сацыял-дэмакратаў, эсэраў, БСГ) пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Дзяржаўную думу. Актуальныя аспекты гэтай тэмы атрымалі асвятленне ў публікацыях М.С.Сташкевіча. У іх дадзена новая інтэрпрэтацыя стратэгіі і тактыкі палітычных партыяў у рэвалюцыі 1905 – 1907 гг., раскрыта іх палітычная эвалюцыя ў пасляваенны перыяд.
Праблемы палітычнай стратэгіі і тактыкі кадэтаў і партыяў урадавага блока (Рускай манархічнай партыі, Усерасійскага саюза зямельных уласнікаў, Саюза рускага народа) у Беларусі на этапе дэмакратычнай рэвалюцыі атрымалі асвятленне ў працах К.М.Бандарэнкі і Д.С.Лаўрыновіча. У публікацыях У.У.Шардыкі прааналізавана ў шырокім кантэксце рэвалюцыйных падзеяў тактыка кадэтаў, беларускіх палітычных, ліберальных і рэвалюцыйна-дэмакратычных партый (меншавікоў, эсэраў, БСГ) у вырашэнні аграрнага пытання ў Беларусі ў 1905 – 1918 гг.
У першай палове 90-х гг. беларускія гісторыкі падрыхтавалі абагульняльныя працы па гісторыі палітычных партыяў Беларусі: «Политические партии и политическая оппозиция», «Октябрь 1917 г. и судьбы политической оппозиции» (у 3 ч.), «Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917 – 1991», «Палітычныя партыі Беларусі». У іх раскрыты працэс нараджэння і развіцця палітычных партыяў беларускай нацыянальнай арыентацыі, прааналізаваны ў шырокім гістарычным кантэксце палітычная стратэгія і тактыка як агульнарасійскіх, так і нацыянальных партыяў у Беларусі ў перыяд трох расійскіх рэвалюцыяў і гады грамадзянскай вайны, паказаны станаўленне і крушэнне аднапартыйнай сістэмы ў БССР.
Традыцыю вывучэння рабочага руху ў Беларусі ў перыяд паміж дзвюма рэвалюцыямі (1907 – 1917 гг.) працягваў Э.М.Савіцкі ў манаграфіі «Рабочы рух у Беларусі (чэрвень 1907 – люты 1917 г.)» (1995 г.). У ёй асвятляюцца змены ў эканоміцы Беларусі, прасочваецца ўплыў Першай сусветнай вайны на стан прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і фінансаў, аналізуецца прафесійны, сацыяльны і нацыянальны склад, колькасць, канцэнтрацыя рабочых на буйных прадпрыемствах, умовы іх працы і быту, палітыка-прававы статус і ўзровень заработнай платы. У манаграфіі ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі даецца поўная статыстыка стачачнага руху, складзеная на аснове архіўных і іншых матэрыялаў, у большасці сваёй раней невядомых, вызначана колькасць удзельнікаў стачак, паказаны іх характар, выніковасць, геаграфія, формы, маштаб, выяўлены месца і роля палітычных партыяў, прафсаюзаў і іншых арганізацыяў у рабочым руху.
Важны ўклад у распрацоўку праблемы развіцця культуры Беларусі ўнесла С.Я.Куль-Сяльверстава. Гэтай праблематыцы яна прысвяціла манаграфію «Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур. Фарміраванне культуры новага часу на беларускіх землях (другая палова XVII – 1820 гады)» (2000 г.).
Відавочна пэўнае аслабленне цікавасці даследчыкаў да сацыяльна-эканамічнай гісторыі ХІХ – пачатку ХХ ст. З апошніх працаў вылучаецца манаграфія У.А.Сосны «Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст.» (2000 г.). Аўтар раскрыў палітыку царскіх уладаў па фармаванні саслоўна-групавога складу земляробчага насельніцтва Беларусі, прааналізаваў сацыяльна-прававы статус асноўных і спецыяльных катэгорыяў сялянства. Таксама выданне ўтрымлівае каштоўны матэрыял аб канфіскацыі і падараваннях маёнткаў, секулярызацыі царкоўных уладанняў у канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст.
У 1996 г. была апублікавана манаграфія В.П.Панюціча «Наёмная праца ў сельскай гаспадарцы Беларусі. 1861—1914 гг.». Аўтар упершыню ў гістарычна-эканамічнай літаратуры ўсебакова разглядзеў перадумовы і крыніцы фармавання сельскагаспадарчых наёмных рабочых у Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст., іх колькасць, асноўныя катэгорыі, умовы найму, працы і побыту. Як падкрэсліваецца ў манаграфіі, асноўнымі сацыяльна-эканамічнымі перадумовамі фармавання сельскагаспадарчага пралетарыята з’явіліся рост гандлёвага капіталістычнага земляробства, разлажэнне сялянства як класа – саслоўя феадальнага грамадства, шырокае выкарыстанне наёмнай працы памешчыкамі і заможнай вярхушкай сялянства. Асноўнымі крыніцамі фармавання наёмных сельскагаспадарчых рабочых у Беларусі, як і ў Расіі ў цэлым, пасля адмены прыгоннага права былі дарэформенныя батракі, іх сем’і, былыя дваровыя людзі, збяднеўшыя сяляне, беззямельная і малазямельная шляхта, прышлыя сельскагаспадарчыя рабочыя, каланісты. Яны складалі ядро пастаянных наёмных сельскагаспадарчых рабочых. Іх фарміраванне ішло на працягу ўсёй эпохі капіталізму. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Беларусі ўжо налічвалася больш за 200 тыс. пастаянных наёмных сельскагаспадарчых рабочых. Для выканання работ, якія патрабавалі вялікай колькасці рабочых рук (касьба, пасадка і ўборка бульбы, малацьба і г.д.), памешчыкі і заможныя сяляне наймалі «срокавых» (сезонных) і асабліва падзённых рабочых, колькасць якіх намнога перавышала колькасць пастаянных наёмных рабочых – батракоў. Наём іх насіў больш прагрэсіўны, капіталістычны характар.
Складаным пытанням структурнай перабудовы сельскай гаспадаркі Беларусі пад уплывам аграрнага крызісу канца ХІХ ст. прысвечана манаграфія Х.Ю.Бейлькіна «Аграрный кризис и структурная реконструкция сельского хозяйства Беларуси» (2001 г.).
У манаграфіі З.В.Шыбекі, выдадзенай у 1997 г., прасочваецца дынаміка колькасці насельніцтва гарадоў і мястэчак Беларусі ў 60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст., паказана роля ў гэтым працэсе натуральнага і механічнага прыросту. Аўтар прааналізаваў нацыянальны склад гараджан, вызначыў месца і ролю сялянства ў структуры горада.
Новы для беларускай гістарыяграфіі погляд на падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі раскрыў І.М.Ігнаценка ў даследаванні «Октябрьская революция и самоопределение Беларуси» (1992 г.). Гісторык лічыў Кастрычніцкую рэвалюцыю другім этапам буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, распачатай у лютым 1917 г. На яго думку, а яна супадае з пазіцыяй У.І.Леніна, падзеі Кастрычніка 1917 г. насілі рабоча-сялянскі характар, а не сацыялістычны. Аўтар на падставе вынікаў выбараў ва Устаноўчы сход пераглядзеў астаўленне мясцовага «тутэйшага насельніцтва» да партыі бальшавікоў.
З падыходам І.М.Ігнаценкі пагадзілася большая частка даследчыкаў (М.Я.Сямёнчык, У.Н.Сідарцоў, У.У.Мянькоўскі і інш.). Яны прызналі, што вынікам Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. было афармленне новага грамадскага і эканамічнага ладу. Гэта была сацыяльная рэвалюцыя, якая аказала ўплыў на ўсё ХХ ст.
Найбольш актуальнай на мяжы стагоддзяў стала праблема беларускай дзяржаўнасці ў ХХ ст. Ёй прысвечаны праца В.А.Круталевіча «На путях национального самоопределения: БНР – БССР – РБ» (1995 г.). Станаўленне беларускай дзяржаўнасці і фармаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі разглядзеліП.І.Брыгадзін і У.Ф.Ладысеў у кнізе «Паміж Усходам і Захадам. Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917 – 1939 гг.)» (2003 г.). Паглыблена, з аналізам практыкі заходнерусізму ва ўмовах рэвалюцыі 1917 г. распрацавана праблема самавызначэння Беларусі С.С.Рудовічам у манаграфіі «Час выбару. Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе» (2001 г.). Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў праз дзейнасць партыяў, рухаў, арганізацый даследаваў М.Я.Сямёнчык. У.Я.Казлякоў у манаграфіі «Национальный вопрос и неонароднические партии. Начало ХХ в. – конец 20-х гг. (На материалах России, Беларуси, Украины)» (2001 г.) прааналізаваў праграмы і тактыку неанародніцкіх партыяў. У кнізе А.В.Ціхамірава «Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і савецка-польскай вайны (1918 – 1921 гг.)» (1999 г.) раскрываецца ўплыў міжнароднага фактара на фармаванне беларускай дзяржаўнасці.
Шырокая панарама гісторыі Беларусі 20 – 30-х гг. прадстаўлена ў працах Р.П.Платонава «Палітыкі, ідэі і лёсы. Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-х – 30-х гадоў» (1996 г.), «Лёсы. Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця Беларусі 20-х – 30-х гадоў» (1998 г.), «Беларусь у міжваенны перыяд. Старонкі палітычнай гісторыі ў святле архіўных крыніц» (2001 г.). У своеасаблівай манеры, спалучаючы навуковае даследаванне з публікацыяй невядомых архіўных крыніцаў, аўтар прадставіў карціну палітычнага жыцця рэспублікі ў 20 – 30-я гг. ХХ ст.
Няма адзінага падыходу да пытання грамадскага ладу 30 – пачатку 50-х гг. ХХ ст. У гістарычнай літаратуры замацаваўся тэрмін «дзяржаўны сацыялізм» (Я.М.Бабосаў, Р.П.Платонаў, А.М.Сідарэвіч, М.С.Сташкевіч). Абагульняльны характар мае манаграфія акадэміка М.П.Касцюка «Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі» (2000 г.). У ей аўтар вызначыў характар палітычнай сістэмы ў БССР як бальшавіцкі і таталітарны, падмацаваўшы свае высновы архіўным і дакументальным матэрыялам. Фармаванню таталітарызма ў Беларусі прысвяціла сваю кнігу Т.С.Процька «Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917 – 1941 гг.)» (2002 г.).
Неабаснаваным рэпрэсіям на Беларусі прысвяцілі свае працы У.І.Адамушка «Палітычныя рэпрэсіі 20 – 50-х гадоў на Беларусі» (1994 г.), А.П.Урублеўскі, Т.С.Процька «Из истории репрессий против белорусского крестьянства. 1929 – 1934».
З канца ХХ ст. адбываюцца пэўныя зрухі ў гістарыяграфіі гісторыі Заходняй Беларусі. Яны звязаны з увядзеннем у навуковы зварот новых архіўных крыніцаў і новых метадалагічных падыходаў. Гісторыя камуністычнага руху Заходняй Беларусі знайшла адлюстраванне ў даследаваннях У.Ф.Ладысева, беларускай асветы – А.Вабішчэвіча, клуба «Змаганне» – В.Даніловіча, рабочага руху – М.Б.Сямёнчыка, уніяцкай царквы – А.Свірыда і інш. Узрасла ўвага да гісторыі заходніх абласцей БССР у 1939 – 1941 гг., што знайшло адлюстраванне ў працах А.Вялікага, В.А.Белазаровіча і іншых даследчыкаў.
У 1990-я г. у беларускай гістарыяграфіі актуальнай заставалася тэма Другой сусветнай вайны. Галоўная ўвага надавалася праблемам, якія не атрымалі дастатковага асвятлення ў гістарычнай навуцы. Гэта тычылася асобных пытанняў функцыянавання акупацыйнага рэжыму, эканамічнай палітыкі нацысцкай Германіі ў Беларусі, праблемаў калабарацыянізму, укладу беларускай інтэлігенцыі ў супрацьстаянне фашызму, ролі праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла ў народным жыцці ў гады вайны, трагедыя мірнага насельніцтва, у тым ліку і яўрэйскага, дзейнасці на тэрыторыі Беларусі польскай Арміі Краёвай.
Зусім неапраўдана была спынена праца па далейшым вывучэнні розных формаў супраціву мірнага насельніцтва нямецка-фашысцкім акупантам, асабліва антыфашысцкіх арганізацыяў у заходніх рэгіёнах Беларусі, баявой дзейнасці партызанскіх фармаванняў, асаблівасцяў партызанскай стратэгіі і тактыкі, пытанняў стратаў Беларусі ў вайне.
У апошнія гады актывізавалася вывучэнне сацыяльна-эканамічных і палітычных працэсаў, якія адбываліся ў Рэспубліцы Беларусь пасля распаду СССР. Аднак у апублікаваных даследаваннях, найперш у вучэбнай літаратуры, аўтары толькі рэгіструюць асноўныя падзеі палітычнага ладу Рэспублікі Беларусь 90-х гг., не выяўляючы ключавыя тэндэнцыі яе эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага развіцця.