1. Арганізацыя гістарычнай навукі...
^ Вверх
1. Арганізацыя гістарычнай навукі Беларусі на мяжы ХХ – ХХІ стст.

Паварот у развіцці гістарычнай навукі Беларусі адбываецца ў другой палове 80-х гг. пад уплывам «перабудовы». Можна нагадаць петыцыю 28 беларускіх навукоўцаў да М.С.Гарбачова аб прыніжэнні статуса беларускай мовы (15 снежня 1985 г.), ліст-пратэст А.Адамовіча да М.С.Гарбачова аб няпоўным асвятленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у СМІ (1 чэрвеня 1986 г.), утварэнне аб’яднання «Мартыралог Беларусі» (1988 г.) і іншыя падзеі. Палітыка «галоснасці», дэмакратызацыя грамадства карэнным чынам паўплывалі на масавую самасвядомасць, выклікалі зацікаўленасць да т.зв. «белых плямаў» гісторыі, найперш савецкага перыяду. На думку У.М.Міхнюка, адбыўся «крызіс даверу да гістарычнай навукі». У другой палове 80-х гг. новыя падыходы да падзеяў савецкай гісторыі былі вызначаны расійскімі даследчыкамі (Валабуевым, Данілавым, Палікарпавым, Афанасьевым і інш.), што знайшло адлюстраванне ў калектыўных зборніках, напрыклад, «Страницы истории советского общества» (1989 г.). Аўтары пісалі аб дэфармуючым уплыве «сталінізму» і «таталітарызму» на ўсе сферы палітычнага, эканамічнага, культурнага і духоўнага жыцця савецкага грамадства пры захаванні сацыялістычнага ідэалу.
У гістарычнай навуцы БССР пачала нанава фармавацца нацыянальная гістарыяграфічная канцэпцыя, падмацаваная дзейнасцю палітычнай апазіцыі (БНФ) і літаратараў. Выступленні і публікацыі супраць дэнацыяналізацыі і саветызацыі ў БССР выклікалі дыскусію не толькі сярод адукаваных слаёў насельніцтва, але і ў навуковых колах рэспублікі.
М.С.Сташкевіч лічыць, што ў гістарычнай навуцы Беларусі ў канцы 80 – пачатку 90-х гг. склаліся тры падыходы даследчыкаў да праблемы абнаўлення гістарычнай навукі і гістарычнай свядомасці беларусаў. Першы – кансерватыўна-дагматычны – прадугледжваў нежаданне адмовіцца ад ранейшых ідэалагічных прынцыпаў, схільнасць да захавання класавага падыходу. За яго выступалі члены грамадскага аб’яднання «Гістарычныя веды», якое ўзнікла ў 1996 годзе. Другі падыход – нацыянал-патрыятычны – прадугледжваў поўны перагляд гістарыяграфічных канцэпцыяў з пазіцыяў этнацэнтрызму і «нацыяналізацыі гісторыі». Яго прыхільнікамі былі гісторыкі, якія тоесна супрацоўнічалі з палітычнай апазіцыяй. Трэці падыход – крытычны – вызначаўся грунтоўным аналізам папярэдняй савецкай гістарыяграфіі, выкарыстаннем новых метадалагічных падыходаў. Ён быў характэрны для большасці супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАНБ і выкладчыкаў ВНУ.
У першай палове 90-х гг. супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ распрацавалі нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі. Яе прадставіў у 1993 г. доктар гістарычных навук М.В.Біч у праекце «Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі». Канцэпцыя прадугледжвала дэпартызацыю і дэідэалагізацыю гістарыяграфіі, выкарыстанне плюралістычнай метадалогіі, прыярытэт прынцыпу аб’ектыўнасці і гуманістычных каштоўнасцяў.
На падставе праекту была распрацавана новая праграма гістарычнай адукацыі ў РБ. З 1993/1994 навучальнага года ў пачатковую школу ўведзены курс «Мая Радзіма – Беларусь», у базавую школу – курс «Гісторыя Беларусі» са старажытных часоў да сучаснасці, аналагічна і ў старэйшыя класы сярэдняй школы, але на праблемным узроўні. У вышэйшай школе замест курса «Гісторыя КПСС» для студэнтаў усіх ВНУ быў уведзены курс «Гісторыя Беларусі».
Для асвятлення ўсеагульнай гісторыі спачатку ўжываліся расійскія падручнікі. А для асвятлення савецкага перыяду айчыннай гісторыі быў падрыхтаваны дапаможнік для настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў «Актуальныя пытанні гісторыі БССР. Савецкі перыяд» (1991 г.). З мэтай поўнага забеспячэння вучэбнага працэсу беларускія навукоўцы (Г.В.Штыхаў, У.К.Пляшэвіч, П.А.Лойка, М.В.Біч, В.М.Фамін, У.Н.Сідарцоў і інш.) падрыхтавалі вучэбныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі для 5–6-га, 7-га, 8-га, 9-га, 10 і 11-га класаў школы. Выданні характарызуюцца высокім навуковым узроўнем, аўтарскім падыходам да праблемаў мінулага Беларусі, пэўнай палітызацыяй гісторыі, недастаткова распрацаваным метадычным апаратам.
Для настаўнікаў, студэнтаў і аматараў гісторыі выйшлі навукова-папулярныя выданні: «100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі» (укладальнікі І.Саверчанка і З.Санько), «История Беларуси: вопросы и ответы» (укладальнікі Г.Галенчанка і У.Асмалоўскі), «Крыжовы шлях» (укладальнікі Л.Лойка і Т.Лойка). Аўтары ў даступнай форме імкнуліся задаволіць патрэбу ў папулярнай літаратуры па асноўных аспектах гісторыі Беларусі. Выданні маюць слабы метадычны аппарат і аўтарскую інтэрпрэтацыю.
Упершыню айчынная гісторыя з нацыянальна-дзяржаўных пазіцыяў была прадстаўлена ў «Нарысах гісторыі Беларусі» (1994 – 1995 гг.), падрыхтаваных аўтарскім калектывам Інстытута гісторыі НАНБ пад кіраўніцтвам акадэміка М.П.Касцюка.
Распараджэннем Прэзідэнта РБ ад 16 жніўня 1995 г. была створана Дзяржаўная камісія па падрыхтоўцы і выданні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па сацыяльна-гуманітарным цыкле. У яе склад увайшлі вядомыя даследчыкі – Я.М.Бабосаў, І.Я.Навуменка, Э.М.Загарульскі, І.В.Аржахоўскі, У.С.Кошалеў, А.І.Падлужны, Г.Я.Галенчанка, П.Ц.Петрыкаў, П.Ф.Дзмітрачкоў. Пад кіраўніцтвам камісіі было падрыхтавана другое пакаленне дапаможнікаў па гісторыі Беларусі (5 – 11 класы), выдадзеных у 1997 – 1998 гг. Сярод аўтараў – Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, В.У.Ракуць, П.А.Лойка, М.В.Біч, У.Н.Сідарцоў, В.М.Фамін, С.В.Паноў, П.Ц.Петрыкаў, В.А.Мілаванаў, Г.Я.Галенчанка, І.А.Аўдзееў і інш.
Для студэнтаў ВНУ, найперш гістарычных факультэтаў, калектыў аўтараў пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Я.К.Новіка (Г.С.Марцуль, Э.А.Забродскі, У.К.Коршук, М.С.Сташкевіч, М.К.Сакалоў і інш.) выдаў у 1998 г. вучэбны дапаможнік па «Гісторыі Беларусі». У выніку супрацоўніцтва кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта і Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы пры БДУ ў 2000 – 2002 гг. быў апублікаваны курс лекцыяў (у 2-х частках) па айчыннай гісторыі. З аўтарскіх працаў заслугоўваюць увагі выданні Г.М.Сагановіча «Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ ст.» (2001 г.), З.В.Шыбекі «Нарыс гісторыі Беларусі (1795 – 2002)» (2003 г.), П.Г.Чыгрынава «Очерки истории Беларуси» (2000 г.) і інш.
Вядучым навуковым цэнтрам, які ажыццяўляе і каардынуе гістарычныя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца Інстытут гісторыі НАНБ (дырэктар – доктар гістарычных навук А.А.Каваленя).
Аляксандр Аляксандравіч Каваленя нарадзіўся ў 1946 г. у г.п.Капыль, беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (2000 г.), прафесар. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут, дзе і працаваў. З 1996 г. загадчык кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі. З 2005 г. дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ.З 2009 г. акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ. Даследуе пытанні барацьбы беларускага народа на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, маладзёжнага руху ў ХХ ст.
Структурна Інстытут гісторыі складаецца з дванадцаці аддзелаў, якія вызначаюць прыярытэтныя кірункі ў вывучэнні айчыннай гісторыі.
Супрацоўнікі інстытута праводзяць фундаментальныя даследаванні па пяцігадовых тэмах, якія зацвярджаюцца і фінансуюцца ўрадам краіны. У 1990 – 1995 гг. рапрацоўвалася тэма «Гісторыя станаўлення і развіцця беларускай народнасці і нацыі. Нацыянальныя працэсы і міжнацыянальныя адносіны на сучасным этапе», у 1996 – 2000 гг. – «Нацыянальная гісторыя Беларусі», у 2001 – 2005 гг. – «Беларусь у сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах ХХ стагоддзя». На 2006 – 2010 гг. запланавана тэма «Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры».
З абагульняльных акадэмічных працаў неабходна адзначыць выданне шасцітомавай «Гісторыі Беларусі» (у 2000 – 2006 гг. выйшлі чатыры тамы (1-ы, 3-і, 4-ы, 5-ы)), трохтомавай «Гісторыі сялянства Беларусі» (у 1997 – 2002 гг. выйшлі два тамы), «Канфесіі на Беларусі» (1998 г.) і інш.
Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі» ажыццявіла выданне «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (у 6-і тамах, 1993 – 2003 гг.), якому няма аналагаў на постсавецкай прасторы. У 1995 г. пад кіраўніцтвам Б.І.Сачанкі выйшлі аднатомныя энцыклапедычныя даведнікі «Мысліцелі і асветнікі Беларусі. ХІ – ХІХ стагоддзі» і «Беларусь». Апошняе выданне стала асновай для «Беларускай Энцыклапедыі» у 18 тамах, якія былі надрукаваны ў 1996 – 2004 гадах. У 2005 – 2006 гг. выйшлі двухтомавыя энцыклапедыі «Вялікае княства Літоўскае» і «Беларускі фальклор».
11 снежня 1991 г. на базе Інстытута гісторыка-палітычных даследаванняў быў арганізаваны Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Яго супрацоўнікі даследуюць пытанні дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, крыніцазнаўства. У структуры інстытута 5 аддзелаў: дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, аўтаматызацыі архіўных тэхналогіяў, редактарска-выдавецкі. У 1993 г. была праведзена навуковая канферэнцыя «Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы» (г.Мінск), у 1994 г. – «Армія Краёва на тэрыторыі заходняй Беларусі» (г.Гродна), у 1996 г. – «М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі» (г.Мінск). Таксама супрацоўнікі інстытута падрыхтавалі і выдалі зборнік дакументаў «Архіўная справа на Беларусі ў дакументах і матэрыялах (1921 – 1995 гг.)», шэраг манаграфіяў.
Плённа працуе калектыў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя К.Крапівы. Супрацоўнікі гэтай навуковай установы, якая структурна складаецца з 10 аддзелаў (тэатральнага мастацтва, выяўленчага мастацтва, гісторыі культуры, антрапалогіі, славістыкі і інш.), падрыхтавалі «Гісторыю кінамастацтва Беларусі» ў 4-х тамах, фундаментальнае выданне «Беларусы» ў 8 тамах.
Для арганізацыі святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны 15 жніўня 1990 г. па распараджэнні ўрада БССР быў створаны часовы творчы калектыў у складзе АН БССР. Праз год ён атрымаў статус Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны (першы дырэктар цэнтра – А.В.Мальдзіс).
Адам Восіпавіч Мальдзіс нарадзіўся ў 1932 г. у в.Расолы Астравецкага раёна, беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік-публіцыст, грамадскі дзеяч. Доктар філалагічных навук (1987 г.), прафесар (1990 г.). Скончыў БДУ. У 1963 – 1991 гг. працаваў у Інстытуце літаратуры імя Я.Купалы АН Беларусі. У 1991 – 1998 гг. – дырэктар Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны. Прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, старшыня камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры.
Супрацоўнікі цэнтра даследуюць гісторыю і тэорыю беларускай культуры, працэс фармавання сучаснай беларускай нацыі, ажыццяўляюць збор бібліяграфічнай інфармацыі, распрацоўваюць беларускую навуковую тэрміналогію, займаюцца праблемай рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў, вывучаюць беларускую дыяспару. За 1991 – 1997 гг. імі было праведзена 20 навуковых канферэнцыяў, у тым ліку два кангрэсы беларусістаў. Цэнтр падтрымлівае сувязі з 200 замежнымі беларусістамі ў 23 краінах свету.
З гістарычных грамадскіх арганізацыяў у постсавецкі час працягвае сваю дзейнасць Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (заснавана ў 1968 г.), якое мае свае аддзяленні ва ўсіх абласцях рэспублікі. Часопіс, які выдае таварыства, «Памятники истории и культуры Белоруссии», з 1989 г. стаў называцца «Спадчына». Артыкулы ў асноўным былі прысвечаны праблеме беларускай гістарычнай і культурнай спадчыны ў еўрапейскім кантэксце, а таксама гісторыі Беларусі, гісторыі філасофскай думкі, гісторыі мастацтва і рэлігіі, гісторыі нацыянальных меншасцяў, беалрускай дыяспары. Друкаваліся гістарычныя крыніцы.
5 лютага 1993 г. на Усебеларускім кангрэсе гісторыкаў у Мінску была створана грамадская навуковая арганізацыя «Беларуская асацыяцыя гісторыкаў» (ініцыятары – М.П.Касцюк, У.М.Міхнюк, П.А.Шупляк). Яе першым старшынёй выбралі тагачаснага дэкана гістфака БДУ П.А.Шупляка, якога ў 1997 г. змяніў акадэмік М.П.Касцюк. Пазней на аснове асацыяцыі быў арганізаваны Нацыянальны камітэт гісторыкаў Рэспублікі Беларусь. Ён у 1995 г. упершыню прадстаўляў рэспубліку на ХVІІІ Міжнародным кангрэсе гістарычных навук у Манрэалі, а праз два гады – у італьянскім Спалета афіцыйна прыняты ў склад гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі гісторыкаў.
Вясной 1996 г. пры Мінскім доме ветэранаў было арганізавана Беларускае рэспубліканскае аб'яднанне «Гістарычныя веды» (ініцыятар – прафесар А.І.Залескі) з гісторыкаў, якія стаялі на пазіцыях класавага падыходу і савецкай дзяржаўнасці. Яны заяўлялі, што будуць весці барацьбу супраць «фальсіфікацыі» падзеяў мінулага, «выкарыстоўваючы вопыт сусветнай рэвалюцыі і контррэвалюцыі». Члены гэтага аб’яднання востра крытыкавалі супрацоўнікаў Інстытута гісторыі, рэдакцыю «Беларускай Энцыклапедыі», шэраг пісьменнікаў у «маральна-палітычным заняпадзе», «нацыянал-экстрэмізме» і «прыслужніцтве капіталізму».
З 1996 г. пачала дзейнасць Беларуская асацыяцыя «Гісторыя і камп'ютар» пад кіраўніцтвам прафесара БДУ У.Н.Сідарцова. Яе мэта – прапаганда і распрацоўка найноўшых метадаў гістарычнага пазнання.
У Рэспубліцы Беларусь пашырылася кола навуковай гістарычнай перыёдыкі. Акрамя часопіса «Весці НАНБ» і «Веснікаў» універсітэтаў, з 1993 г. пачалося выданне «Беларускага гістарычнага часопіса» (гал. рэдактар – М.Н.Гальпяровіч). У часопісе абмяркоўваюцца праблемы айчыннай і сусветнай гісторыі, публікуюцца матэрыялы па методыцы выкладання гісторыі, праграмы, рэцэнзіі. З 1994 г. выходзіць «Беларускі гістарычны агляд», у якім друкуюцца арыгіналы і пераклады дакументаў, рэцэнзіі, артыкулы па пытаннях этнічнай гісторыі, метадалогіі гісторыі. Папулярнасць сярод настаўнікаў школаў і сярэдніх спецыяльных установаў рэспублікі набыў часопіс, які пачалі выдаваць з 1997 г., «Гісторыя: праблемы выкладання» (гал. рэдактар – М.І.Мініцкі). З 2011 г. часопіс змяніў назву – на «Гісторыя і грамадазнаўства».