2. Падрыхтоўка гістарычных кадраў вышэйшай...
^ Вверх
2. Падрыхтоўка гістарычных кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Па дадзеных Г.У.Карзенкі, за перыяд з 1991 па 2000 гг. колькасць спецыялістаў-гісторыкаў вышэйшай кваліфікацыі скарацілася ў Беларусі ў 2 разы. Напрыклад, у Інстытуце гісторыі НАНБ агульная колькасць супрацоўнікаў зменшылася са 189 да 125 чалавек, а ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору колькасць кандыдатаў навук – з 24 да 10 чалавек. На думку У.М.Міхнюка, гэты працэс быў абумоўлены спыненнем падрыхтоўкі гісторыкаў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці «Гісторыя КПСС», адсутнасцю гістарычных кафедраў у камерцыйных ВНУ, зніжэннем маральнай і матэрыяльнай матывацыі ў атрыманні вучонай ступені, крызісам гістарычнай навукі, карпаратыўнасцю і іншымі фактарамі.
Як вынік, адбываецца пераход вучоных з Нацыянальнай Акадэміі навук у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Набыла актуальнасць праблема старэння кадраў. У 2000 г. сярэдні ўзрост дактароў гістарычных навук складаў 64,3 года, кандыдатаў навук – 48,2 года. Ужо ў 2003 г. больш за 1/3 даследчыкаў мелі ўзрост больш за 50 гадоў, уключаючы 80 % дактароў і 25 % кандыдатаў навук. Гэтая акалічнасць выклікала праблему функцыянавання саветаў па абароне дысертацыяў, якіх у рэспубліцы налічваецца 6: пры Інстытуце гісторыі НАНБ, пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка, пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы, пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора НАНБ, пры Беларускім дзяржаўным універсітэце (два).
Асноўнымі формамі падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі з’яўляюцца аспірантура, дактарантура і суіскальніцтва. У 2002 г. колькасць аспірантаў па гістарычным профілі (спецыяльнасці 07.00.02 «айчынная гісторыя», 07.00.03 «усеагульная гісторыя», 07.00.05 «гісторыя міжнародных адносінаў і знешняй палітыкі», 07.00.06 «археалогія», 07.00.07 «этнаграфія», 07.00.09 «гістарыяграфія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага даследавання» і інш.) складала 253 чалавекі (4,2 % ад агульнай колькасці). Падрыхтоўка спецыялістаў гістарычнага профілю апярэджвае падрыхтоўку спецыялістаў па сельскагаспадарчых навуках, навуках аб Зямлі, мастацтвазнаўстве, псіхалогіі, сацыялогіі, культуралогіі, але адстае ад эканамічных, біялагічных, філалагічных, юрыдычных, педагагічных і медыцынскіх навук.
У 2002 г. аспірантуру скончылі 53 чалавека, з іх 94 % без абароны дысертацыі. Гэта сведчыць аб нізкай эфектыўнасці аспірантуры. Тое ж характэрна і для дактарантуры.
Што датычыцца дынамікі абароны дысертацыяў, то за 1991 – 2003 гг. было абаронена 323 дысертацыі: 63 доктарскіх і 260 кандыдацкіх. Іх доля ў агульнай колькасці абароненых дысертацыяў у РБ складае 4 %. Найбольш эфектыўным У.М.Міхнюк лічыў перыяд з 1986 па 1995 гг., калі ў рэспубліцы было абаронена 57 доктарскіх і 240 кандыдацкіх працаў.
Палова доктарскіх працаў і 60 % кандыдацкіх прысвечана праблемам айчыннай гісторыі, кожная шостая праца – сусветнай гісторыі. Напрыклад, з 34 доктарскіх дысертацыяў, абароненых у 1991 – 1996 гг., 16 – па гісторыі Беларусі, 7 – па ўсеагульнай гісторыі, 4 – па этнаграфіі, этналогіі і антрапалогіі, 4 – па гістарыяграфіі, крыніцазнаўстве і метадах гістарычнага даследавання, 3 – па археалогіі. З 136 кандыдацкіх дысертацыяў, абароненых у 90-я гг., 88 – па гісторыі Беларусі, 15 – па археалогіі, 14 – па ўсеагульнай гісторыі, 9 – па гістарыяграфіі, крыніцазнаўстве і метадах гістарычнага даследавання, 8 – па этнаграфіі, этналогіі, антрапалогіі, 2 – па гісторыі міжнародных адносінаў і знешняй палітыкі.