5. Тлумачэнне права
^ Вверх

5. Тлумачэнне права

 

Права – даволі складаная сацыяльная з’ява, таму рэалізацыя і прымяненне права, яго выкарыстанне, вывучэнне і выкладанне патрабуюць значных высілкаў з боку зацікаўленых сацыяльных суб’ектаў. Высвятленне зместу права асабіста для сябе, а таксама вытлумачэнне для іншых сацыяльных суб’ектаў называецца тлумачэннем права. Зразумела, што ў сацыяльным жыцці тлумачыцца не толькі права, але і іншыя сацыяльныя рэальнасці, іншыя рэчы, тэксты і г. д. Тлумачэнню падлягаюць усе незразумелыя ці мала­зразумелыя з’явы, падзеі, працэсы. Але змест і характар тлумачэння прадвызначаюцца ў кожным разе прыродай аб’екта (прадмета), які тлумачыцца, а таксама мэтамі і задачамі тлумачэння, асаблівасцямі суб’ектаў, якія тлумачаць аб’ект, і шэрагам іншых істотных момантаў. Усе яны даюць уяўленне аб тлумачэнні.

Права ў разгорнутым (поўным) выглядзе існуе, як вядома, у трох формах: у форме прававых адносін, у форме прававой свядомасці і ў форме нарматыўнага замацавання. Кожная з гэтых форм існавання права мае свае адметнасці і ўласцівыя ёй механізмы ўздзеяння на паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін. Акрамя гэтага, як вядома, права можа існаваць у скарочаным выглядзе і ў поўнай форме. Усе гэтыя абставіны не могуць не ўплываць на змест і характар тлумачэння права. Разгледзім варыянт тлумачэння права, калі яно існуе ў трох формах.

Па самых разнастайных прычынах і з самымі рознымі патрэбамі да права звяртаюцца сацыяльныя суб’екты. Кожны з нас можа сам вывучаць права даступнымі прыёмамі і сродкамі ў асабістых мэтах, а таксама ў мэтах вытлумачэння зместу дзеючага права для іншых асоб. Далёка не абавязкова тлумачэнне права будзе звязана пры гэтым з непасрэдным працэсам увасаблення права ў паводзінах людзей. Гэта тлумачэнне права ў самым шырокім сэнсе слова. Можна з пэўнай агаворкай сцвярджаць, што ў шырокім сэнсе слова тлумачэнне права звязана з рэалізацыяй права, з яго дзеяннем.

У больш вузкім сэнсе слова тлумачэнне права звязана з працэсам прымянення права. Часцей за ўсё менавіта ў дадзеным сэнсе слова тлумачэнне права азначаецца і асвятляецца ў юрыдычнай навуцы, хаця ў асобных вучэбных курсах тэма тлумачэння права разглядаецца ў якасці асобнай тэмы. У такім разе пад тлумачэннем права можна разумець дзейнасць, якая скіравана на поўнае і дакладнае асэнсаванне і ўсведамленне зместу права правапрымяняльнікам, а таксама на вытлумачэнне і давядзенне сапраўднага зместу права да ведама іншых правапрымяняльнікаў і карыстальнікаў права.

Такім чынам, да ліку суб’ектаў тлумачэння права ў вузкім сэнсе слова адносяцца толькі ўпаўнаважаныя на прымяненне права органы, установы дзяржавы, службовыя асобы і іншыя сацыяльныя структуры. У шырокім сэнсе слова ў склад суб’ектаў тлумачэння права ўключаюцца ўсе сацыяльныя суб’екты і арганізацыі, якія ў ходзе сваёй дзейнасці асэнсоўваюць прававыя з’явы і вытлумачваюць іх іншым сацыяльным суб’ектам і арганізацыям. У першым выпадку можна весці размову аб афіцыйным тлумачэнні права, таму што суб’екты такога тлумачэння дзейнічаюць ад імя дзяржавы, упаўнаважаны на ўладную дзейнасць па прымяненню права і іх думкі, іх разважанні, высновы аб сапраўдным змесце права звычайна кладуцца ў падмурак вынесеных рашэнняў па справе. У другім выпадку тлумачэнне будзе неафіцыйным. Такім чынам, па суб’ектах тлумачэння яно падзяляецца на афіцыйнае і неафіцыйнае. Неафіцыйнае тлумачэнне можа быць самым розным – пісьмовым і вусным, зыходзіць ад асоб і ад арганізацый. Разнавіднасцю неафіцыйнага тлумачэння права з’яўляецца навуковае (дактрынальнае) тлумачэнне.

У сваю чаргу, афіцыйнае тлумачэнне права падзяляецца на нарматыўнае і казуальнае. Казуальнае тлумачэнне вычэрпвае сябе канкрэтнай сітуацыяй, мае разавае значэнне для канкрэтнага выпадку прымянення права. Нарматыўнае тлумачэнне зместу права выходзіць за межы канкрэтнай справы. Яно з’яўляецца абавязковым і ў іншых выпадках, калі прымяняецца патлумачаная норма права. Іншымі словамі, патлумачаная норма права павінна будзе прымяняцца ў іншых выпадках у тым сэнсе і з тым зместам, якія яна атрымала пасля нарматыўнага тлумачэння. Такім чынам, казуальнае тлумачэнне – індывідуальна-прававое тлумачэнне, а нарматыўнае тлумачэнне – такое тлумачэнне, у выніку якога ствараецца правіла паводзін агульнага характару.

Казуальнае тлумачэнне заўсёды звязана з канкрэтнай справай. Нарматыўнае тлумачэнне можа быць звязана з разглядам канкрэтнай справы, але часцей за ўсё не звязана з нейкай асобнай справай па прымяненню права. Прыкладам нарматыўнага тлумачэння ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь з’яўляецца дзейнасць ВАК Рэспублікі Беларусь. Згодна з п. 4 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 560 ад 17 лістапада 2004 года «Аб зацвярджэнні Палажэння аб прысуджэнні вучоных ступеняў і прысваенні вучоных званняў у Рэспубліцы Беларусь» ВАК Беларусі надзелены правам даваць абавязковае афіцыйнае (нарматыўнае) тлумачэнне ўказа Прэзідэнта краіны.

Праблема тлумачэння права ўзнікла даўно. Можна сказаць, са з’яўленнем самаго права. Але набыла яна значную актуальнасць пасля таго, як само права набыло завершаную, «поўную» форму існавання, асабліва пасля таго, як значная частка дзеючых норм права стала стварацца шляхам «зверху–уніз». Пры эвалюцыйным шляху станаўлення права, пры паступовым фармаванні прававых эквівалентаў, іх асэнсаванні і наступным замацаванні ў дзеючых нормах права сапраўдны змест норм права звычайна быў добра зразумелы правапрымяняльнікам і карыстальнікам.

Праблема ўскладнілася пасля таго, як у выніку спецыялізацыі і дыферэнцыяцыі органаў і ўстаноў дзяржавы адны яе органы і структуры сталі спецыялізавацца пераважна на стварэнні права, а іншыя – на яго рэалізацыі і прымяненні.

Гісторыі развіцця права вядомы спробы забараніць увогуле ўсякае тлумачэнне права правапрымяняльнікамі. Так, пасля ўвя­дзення ў дзеянне знакамітага кодэкса Юсцініана суддзям была забаронена дзейнасць па тлумачэнню права. У спрэчных выпадках, калі для суддзі было не ўсё ясна і зразумела ў змесце норм права, ён павінен быў звяртацца да самаго імператара з хадайніцтвам аб тлумачэнні права. Знакаміты француз Ш. Мантэск’е – адзін з стваральнікаў тэорыі падзелу ўлад – лічыў, што суддзя заўсёды павінен быць вуснамі закону.

Адносіны да тлумачэння права кардынальна памяняліся пасля прыняцця французскага грамадзянскага кодэкса (кодэкса Напалеона) 1804 года, у арт. 4 якога было замацавана правіла аб тым, што суддзя не мог адмовіць у разглядзе справы на падставе незразумеласці зместу нормы права. Іншымі словамі, суддзя быў абавязаны самастойна высветліць (вытлумачыць) сапраўдны змест нормы права і вырашыць справу па сутнасці.

З ХIХ ст., з часоў знакамітага нямецкага юрыста Ф. Савіньі, у юрыдычнай навуцы ў розных мадыфікацыях разважаюць аб наступных спосабах высвятлення сапраўднага зместу норм права: граматычным, гістарычным, мэтавым і сістэмным.

Граматычны спосаб пабудаваны на выкарыстанні правіл граматыкі, лексікі і сінтаксісу для высвятлення сапраўднага зместу права. Сэнс гістарычнага спосабу заключаецца ў тым, што права­прымяняльнік высвятляе змест нормы права, вывучаючы тыя гістарычныя абставіны і ўмовы, гістарычныя падзеі і факты, якія пад­штурхнулі заканадаўцу (у шырокім сэнсе слова) на выданне той ці іншай нормы права, і спрабуе зразумець у гістарычным кантэксце яе змест.

Мэтавы спосаб – такі шлях высвятлення зместу нормы права, у якім правапрымяняльнік імкнецца найперш высветліць мэту прыняцця той ці іншай нормы права. Сістэмны спосаб уяўляе сабой такі шлях высвятлення зместу нормы права, які заснаваны на вывучэнні структурных і функцыянальных сувязей паміж нормамі права, суадносін розных тэрмінаў і паняццяў па іх аб’ёму і зместу, якія ўжываюцца ў розных нормах права, і г. д.