2. Паняцце, азначэнне і віды прымянення права
Далёка не заўсёды дзеючыя ў грамадстве нормы права добраахвотна і «аўтаматычна» захоўваюцца, выконваюцца і выкарыстоўваюцца ўдзельнікамі грамадскіх адносін. У гэтых выпадках існуе неабходнасць у актыўным умяшальніцтве дзяржавы, яе органаў, устаноў, службовых асоб, іншых сацыяльных суб’ектаў і арганізацый у працэс рэалізацыі норм права. Дадзенае ўмяшальніцтва ажыццяўляецца шляхам выкарыстання ўладных паўнамоцтваў, шляхам прымусу да выканання прадпісанняў норм права.
Існуе некалькі найбольш тыповых прычын (фактараў), якія абумоўліваюць неабходнасць уладнага ўмяшальніцтва ў працэс рэалізацыі права.
1. Дзяржава вымушана прымяняць нормы права ў выпадку, калі яны парушаны, калі яны не выконваюцца і нават тады, калі яны не выкарыстоўваюцца, напрыклад, уздзеянне на службовых асоб у мэтах належнага выканання імі сваіх службовых абавязкаў.
2. Дзяржава вымушана прымяняць нормы права ў выпадках, калі паміж рознымі суб’ектамі грамадскіх адносін узнікаюць спрэчкі наконт правоў, свабод і абавязкаў.
3. Дзяржава вымушана прымяняць нормы права ў выпадках, калі для нармальнага развіцця і функцыянавання грамадскіх адносін патрэбна зафіксаваць і пацвердзіць сапраўднасць тых ці іншых жыццёвых сітуацый, дзеянняў людзей, якія маюць юрыдычнае значэнне (напрыклад, дзейнасць натарыяльных кантор па рэгістрацыі грамадзянскіх здзелак).
4. Дзяржава актыўна ўмешваецца ў працэс рэалізацыі норм права і прымяняе іх у сітуацыях, калі размова ідзе аб выкарыстанні дзяржаўных матэрыяльна-фінансавых сродкаў і рэсурсаў (напрыклад, прызначэнне пенсій, стыпендый і іншых выплат).
Існуюць і іншыя выпадкі і тыповыя сітуацыі, якія прыводзяць да неабходнасці актыўнага і ўладнага ўмяшальніцтва ў працэс рэалізацыі права. Рэалізацыя права, якая адбываецца шляхам актыўнага і ўладнага ўмяшальніцтва ў працэс рэалізацыі права з боку дзяржавы, яе органаў, устаноў, службовых асоб, іншых сацыяльных суб’ектаў і арганізацый, называецца прымяненнем права.
Прымяняючы нормы права, дзяржава і іншыя сацыяльныя структуры як бы накладваюць (прыкладваюць) агульнае правіла паводзін, якое замацавана ў норме права, да канкрэтнай жыццёвай сітуацыі ці, наадварот, канкрэтную жыццёвую сітуацыю як бы падводзяць пад агульнае правіла паводзін. У выпадку прымянення права паміж правіламі паводзін і паводзінамі ўдзельнікаў грамадскіх адносін заўсёды прысутнічае надзеленая ўладнымі паўнамоцтвамі структура, без актыўных дзеянняў якой правіла паводзін не можа быць увасоблена ў жыццё.
Існуе шэраг універсальных патрабаванняў да прымянення права, якія былі сфармуляваны юрыдычнай навукай, выпрацаваны ў ходзе прымянення права і знайшлі нарматыўнае замацаванне практычна ва ўсіх нацыянальных прававых сістэмах.
1. Прымяненне права павінна быць здзейснена ў адпаведнасці з пэўнымі юрыдычнымі працэдурамі з захаваннем норм працэсуальнага права.
2. Прымяненне права павінна быць кампетэнтным: пэўная норма права павінна быць прыменена толькі ўпаўнаважаным на прымяненне органам, установай дзяржавы і службовай асобай ці іншай сацыяльнай структурай.
3. Прымяненне права павінна быць законным: яно павінна быць здзейснена на падставе закону і ў прадугледжаных законам формах.
4. Прымяненне права павінна быць абгрунтаваным: усе неабходныя матэрыяльныя і фармальныя патрабаванні і доказы павінны быць вытрыманы і сабраны
5. Прымяненне права павінна быць мэтазгодным: упаўнаважаная структура, якая прымяняе нормы права, павінна ў межах права знайсці найлепшы варыянт прымянення норм права.
Дзейнасць па прымяненню права можа быць класіфікавана па самых розных падставах, і такім чынам можна весці размову аб некалькіх відах прымянення права.
У залежнасці ад віду органаў улады, якія прымяняюць права, можна выдзеліць прымяненне права заканадаўчымі органамі, выканаўчымі, судовымі, кантрольна-надзорнымі і іншымі відамі органаў улады. Прыкладам прымянення права заканадаўчымі органамі з’яўляецца, напрыклад, прыняцце закону аб бюджэце на каляндарны год Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падставе норм Асноўнага закону Рэспублікі Беларусь.
У залежнасці ад сацыяльных суб’ектаў, якія прымяняюць права, можна выдзеліць дзяржаўнае, грамадскае і народнае прымяненне права. Калі прымяненне права зыходзіць ад дзяржавы (ажыццяўляецца дзяржавай), то мы маем справу з дзяржаўным правапрымяненнем. Калі прымяненне права ажыццяўляецца грамадскімі арганізацыямі, напрыклад, органамі і арганізацыямі прафесіянальных саюзаў ці кааператыўнымі органамі і арганізацыямі, то мы маем справу з грамадскім прымяненнем права. Калі норма права прымяняецца на сходзе працоўных ці на рэферэндуме (нацыянальным альбо мясцовым), то мы маем справу з народным прымяненнем права.