1. Паняцце, азначэнне рэалізацыі права, формы рэалізацыі права
^ Вверх

1. Паняцце, азначэнне рэалізацыі права,
формы рэалізацыі права

 

Рэалізацыя права – працэс, які па сваёй скіраванасці ў прававой прасторы адваротны працэсу праваўтварэння (стварэння права). І ў залежнасці ад таго, як разумеецца права, асэнсоўваецца працэс яго стварэння, будуюцца і разважанні аб рэалізацыі права, яго формах і г. д. Акрамя гэтага, як нам вядома, працэс праваўтварэння (стварэння права) можа быць поўным і ўсечаным. Права ў ходзе праваўтварэння (стварэння) можа прайсці поўны цыкл і існаваць у трох формах, але працэс яго стварэння можа быць скарочаным па самых розных прычынах. Працэс яго формавання можа быць завершаны на стадыі фармулявання прававых эквівалентаў, стандартаў, звычаёвых форм ці на стадыі асэнсавання прававых эквівалентаў – у форме правасвядомасці. Калі права ствараецца шляхам «зверху–уніз», то працэс яго стварэння таксама можа быць поўным і ўсечаным. Прыкладам апошняга можа быць стварэнне такіх норм, якія не знаходзяць свайго ўвасаблення ў паводзінах удзельнікаў грамадскіх адносін, так званага «кніжнага права».

Пры скарочаных, усечаных варыянтах стварэння права мы будзем мець адзін варыянт рэалізацыі права, а пры поўным, завершаным цыкле стварэння права атрымаем зусім іншую карціну.

Калі працэс стварэння права шляхам «знізу–уверх» завяршаецца адмысловай адбудовай яго нарматыўнай складанай часткі, яе форм, сістэматызацыяй усіх праяў права, то пасля гэтага пачынаецца працэс руху права «зверху–уніз». Створаныя і замацаваныя ў формах (крыніцах) права нормы права пачынаюць аказваць уздзеянне на паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін. Такое ўздзеянне ажыццяўляецца ў самых розных формах і шмат у чым прадвы­значаецца этапам адваротнага ўздзеяння права на грамадскія адносіны, той стадыяй (формай існавання права), на якой знаходзіцца працэс руху права «зверху–уніз».

На стадыі існавання права ў форме нарматыўнай складанай часткі, калі права існуе ў форме нарматыўных прававых прадпісанняў, яно ўздзейнічае на паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін у наступным парадку.

Частка норм права, у якіх усталяваны разнастайныя забароны на нейкія паводзіны, дзеянні і ўчынкі, стрымлівае ўдзельнікаў грамадскіх адносін ад іх здзяйснення. У гэтым выпадку можна гаварыць аб тым, што нормы права ўвасабляюцца ў жыццё, у паводзіны людзей шляхам іх захавання. Забарона рэалізуецца не тады, калі парушаецца, а тады, калі не парушаецца, а захоўваецца. Гэтаксама рэалізуюцца і такія нормы права, у якіх укладваюцца разнастайныя абавязкі пасіўнага характару.

Частка норм права, у якіх замацоўваюцца абавязкі актыўнага характару, г. зн. абавязкі на здзяйсненне актыўных знешніх дзеянняў і ўчынкаў, увасабляюцца ў жыццё, у паводзіны людзей і іншых удзельнікаў грамадскіх адносін праз актыўныя знешнія паводзіны ўдзельнікаў грамадскага жыцця.

Нормы права, у якіх замацоўваюцца разнастайныя правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, іншых фізічных асоб, а таксама іншых удзельнікаў грамадскіх адносін, рэалізуюцца пры ўмове, што ўдзельнікі грамадскіх адносін выкарыстоўваюць такія прававыя магчымасці ў сваім жыцці.

Акрэсленыя шляхі ўздзеяння норм права на паводзіны лю­дзей складаюць асобныя формы рэалізацыі права, а дакладней, асобныя формы рэалізацыі нарматыўнай формы існавання права – захаванне, выкананне і выкарыстанне. Для дадзеных форм рэалізацыі права характэрна тое, што яны ажыццяўляюцца без актыўнага ўмяшальніцтва дзяржавы і іншых сацыяльных суб’ектаў і арганізацый у дадзены працэс. Умоўна кажучы, паміж нормамі права, якія ўвасабляюцца ў паводзінах удзельнікаў грамадскага жыцця, і паводзінамі ўдзельнікаў грамадскіх адносін не існуе неабходнасці ў дапамозе з боку іншых арганізацый, органаў і ўстаноў. Працэс рэалізацыі права адбываецца амаль «аўтаматычна». Калі ў гэтай справе і прысутнічаюць іншыя сацыяльныя суб’екты і нават органы і ўстановы дзяржавы, то яны не ўжываюць пры гэтым уладных паўнамоцтваў.

Такім чынам, пад рэалізацыяй права пры поўным цыкле стварэння права можна разумець працэс увасаблення норм права, якія знайшлі замацаванне ў дзеючых крыніцах (формах) права, у паводзінах удзельнікаў грамадскіх адносін.

Акрэсленае разуменне рэалізацыі права называецца непасрэдным. Непасрэднасць азначае, што нормы права ўвасабляюцца ў паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін без узнікнення нейкіх прамежкавых прававых з’яў. Але непасрэдная рэалізацыя – далёка не адзіны шлях увасаблення прававых прадпісанняў у паводзіны людзей. На падставе дзеючых норм права ўдзельнікі грамадскіх адносін заключаюць паміж сабой разнастайныя пагадненні, здзяйсняюць іншыя ўчынкі (дзеянні) шляхам уступлення ў прававыя адносіны. Такі шлях рэалізацыі права называецца апасрэдаваным.